МАЛАХІ́Т [франц. malaehite ад грэч. malache мальва (ад падабенства з колерам яе лісця)],

мінерал, гідраксілкарбанат медзі, Cu2(OH)2[CO3]. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі (ігольчастыя або прызматычныя) трапляюцца зрэдку, звычайна радыяльна-прамяністыя канцэнтрычна-занальныя «ныркі», сферакрышталі, зямлістыя выдаленні, налёты, псеўдамарфозы і інш. Колер ад травяна- і бірузова-зялёнага да чорна-зялёнага. Бляск шаўкавісты ў агрэгатаў, алмазны ў крышталёў. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3,9—4,1 г/см³ (у агрэгатаў). Утвараецца ў зоне акіслення медных або жалезарудных і поліметал. сульфідных радовішчаў, якія маюць у сабе медзь. Медная руда. Каштоўны вырабны камень. Зямлісты М. — сыравіна для фарбаў («малахітавая зелень»).

Радовішчы ў Расіі, Казахстане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Замбіі, ЗША і інш.

Малахіт.

т. 10, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧКІ́ (Bidens),

род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 230 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ў Амерыцы. На Беларусі па берагах вадаёмаў, на тарфяніках, у сырых лясах і хмызняках звычайна трапляюцца мясцовыя ваўчкі паніклыя (Bidens cernua) і трохраздзельныя (Bidens tripartita), рэдка — прамяністыя (Bidens radiata), а таксама занесеныя з Паўн. Амерыкі ваўчкі аблісцелыя (Bidens frondosa).

Аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным ці ўзыходным сцяблом. Лісце супраціўнае (верхняе рэдка чаргаванае), простае, цэласнае, 3—5-раздзельнае або рассечанае. Кветкі дробныя, жоўтыя, двухполыя, сабраныя ў гама- або гетэрагамныя кошыкі. Кошыкі адзіночныя або сабраныя ў гронка- ці шчытападобныя агульныя суквецці. Плод — сямянка з 2—4 учэпістымі шчацінкамі. Лек. (мачагонны, патагонны, вітамінны і інш. сродак) і тэхн. (фарбавальныя) расліны; некаторыя віды — пустазелле.

Ваўчкі: 1 — паніклыя, 2 — трохраздзельныя.

т. 4, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)