ФІЛАРЭ́ТЫ (ад грэч. philaretos аматар дабрачыннасці),

канспіратыўнае т-ва студэнцкай моладзі ў Вільні ў 1820—23; найб. буйное маладзёжнае аб’яднанне ў складзе філаматаў (215 чал. у жн. 1822). Прэзідэнт — Т.Зан. Іх мэты: раскрыццё сапраўднага прызначэння навук. дзейнасці, барацьба з адсталымі поглядамі ў розных слаях грамадства, фарміраванне школы паўнацэннага духоўнага выхавання моладзі. Паводле статута Ф. падзяляліся на 4 групы: фіз.-матэматычную, маральную, літ. і медыцынскую. Кожная група аб’ядноўвала каля 20 чал., для астатніх ствараліся гурткі — ружовы, зялёны, малінавы, белы, блакітны, сіні. Навук. дзейнасць Ф. заключалася ў перакладах, напісанні ўласных твораў, перапісцы з сябрамі, якая мела тайны змест. Паводзіны ўдзельнікаў т-ва рэгуляваліся 15 правіламі, напісанымі Ю.Яжоўскім для т-ва «Прамяністыя». У 1823 т-ва Ф. раскрыта ўладамі, яго члены падвергліся ганенням.

М.​Я.​Рыбко.

т. 16, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)