патокі атамных ядраў і элементарных часціц у космасе і атмасферы. К.п. ў космасе наз. першаснымі (ПКП); прамяні, якія ўзнікаюць ад узаемадзеяння ПКП з рэчывам атмасферы ці міжзорнага газу, наз. другаснымі (ДКП).
У склад ПКП уваходзяць пратоны (92%), α-часціцы (7%), інш. ядры і электроны (1%). Большасць ПКП з энергіямі ад 1 да 108 ГэВ прыходзяць на Зямлю з Галактыкі і толькі невял. іх колькасць звязана з актыўнасцю Сонца. ПКП з энергіяй большай за 108 ГэВ, але меншай за 5∙1010 ГэВ, магчыма, прыходзяць з Метагалактыкі. Найб. верагодныя крыніцы галактычных ПКП — успышкі звышновых зорак і пульсары, якія пры гэтым утвараюцца. Поўная энергія, што пераносіцца ПКП на Зямлю, невял. і параўнальная з энергіяй бачнага святла зорак. Узаемадзеянне ПКП (большасць іх часціц зараджана дадатна) з магн. полем Зямлі выклікае шэраг т.зв. геамагнітных з’яў, напр., залежнасць інтэнсіўнасці К.п. з энергіяй ~1 ГэВ ад геамагнітнай шыраты і даўгаты. У склад ДКП уваходзяць усе вядомыя элементарныя часціцы. На ўзроўні мора ДКП падзяляюць на жорсткія (μ-мезоны) і мяккія (электроны, пазітроны і фатоны) кампаненты. Мяккія кампаненты ДКП разам з ядз. каскадам утвараюць шырокія атмасферныя ліўні (магутныя патокі другасных часціц), папярочнік якіх дасягае соцень метраў. К.п. выкарыстоўваюцца для вывучэння працэсаў узаемадзеяння элементарных часціц і іх структуры, а таксама для выяўлення і вывучэння астрафіз. працэсаў, што адбываюцца ў нетрах Сусвету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ АКУ́СТЫКА,
раздзел акустыкі, які вывучае законы распаўсюджвання гуку на аснове ўяўленняў пра гукавыя прамяні (лініі, уздоўж якіх распаўсюджваецца гукавая энергія). Найб. просты выгляд (прамыя лініі) прамяні маюць у аднародным ізатропным асяроддзі. Геаметрычная акустыка — гранічны выпадак хвалевай акустыкі пры пераходзе да бясконца малой даўжыні хвалі; законы геаметрычнай акустыкі выконваюцца ў тых выпадках, калі можна не ўлічваць дыфракцыю хваль. Для гукавых прамянёў справядлівы тыя ж законы адбіцця і пераламлення, што і для светлавых. Ураўненні геаметрычнай акустыкі падобныя да ўраўненняў геаметрычнай оптыкі. Выкарыстоўваецца ў арх. акустыцы, гідралакацыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФО́КУС (ад лац. focus ачаг, агонь) у оптыцы, пункт, у якім пасля праходжання паралельным пучком прамянёў аптычнай сістэмы перасякаюцца прамяні пучка (ці іх прадаўжэнні, калі сістэма ператварае паралельны пучок у разыходны). У 1-м выпадку Ф. — сапраўдны, у 2-м — уяўны. Калі прамяні праходзяць паралельна аптычнай восі сістэмы, Ф. знаходзіцца на гэтай восі і наз. галоўным. У ідэальнай аптычнай сістэме ўсе Ф. размешчаны на плоскасці, перпендыкулярнай восі сістэмы, — факальнай плоскасці. У рэальнай сістэме Ф. знаходзяцца на факальнай паверхні, форма якой залежыць, у прыватнасці. ад аберацый аптычнай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАРА́Д ПЛАНЕ́Т»,
уяўнае збліжэнне планет па прамяні зроку. Бачны з Зямлі, калі здаецца, што большасць планет знаходзяцца блізка адна да адной (напр., у адным задыякальным сузор’і); на самай справе планеты аддалены адна ад адной на вял. адлегласці. Адбываецца прыблізна 1 раз у некалькі гадоў. Не аказвае адчувальнага гравітацыйнага ўздзеяння на Зямлю з прычыны малой агульнай масы планет у параўнанні з масай Сонца. Апошні «П.п.» адбыўся 6.4—17.5.2000, калі Марс, Юпітэр, Меркурый, Сатурн, Сонца і Венера знаходзіліся блізка па прамяні зроку (з прычыны блізкага вуглавога размяшчэння планет ад Сонца, гэта з’ява практычна не назіралася).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСЁЛКА, радуга,
аптычная з’ява ў атмасферы ў выглядзе адной, дзвюх або некалькіх рознакаляровых дуг на небасхіле. Назіраецца, калі Сонца (радзей Месяц) асвятляе дажджавую заслону на процілеглым баку неба. Абумоўлена пераламленнем, адбіццём і дыфракцыяй святла ў кроплях вады. Колеры вясёлкі — гэта колеры сонечнага спектра. Вуглавы радыус дугі асн. вясёлкі каля 42°, яна афарбавана па вонкавым краі ў чырвоны, па ўнутраным у фіялетавы колеры. У дадатковых вясёлках, якія могуць быць вышэй ці ніжэй, паслядоўнасць колераў адваротная. Вясёлкі назіраюцца таксама ў пырсках вадаспадаў, фантанаў і інш. На Беларусі бываюць у любую пару года, акрамя зімы, найб. у маі і жніўні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛОКУЛЬТУ́РАраслін,
вырошчванне раслін пры штучным асвятленні. Выкарыстоўваецца ў цяплічных гаспадарках для атрымання ранняй расады, зімовага вырошчвання агародніны, у аранжарэях для зімовай выганкі дэкар. раслін, у фітатронах з навук. мэтамі. У якасці крыніцы святла выкарыстоўваюць лямпы дастатковай магутнасці, выпраменьванне якіх сканцэнтравана ў фізіял.ч. спектра (даўж. хвалі 400—710 мкм), пры невял. колькасці інфрачырв. і адсутнасці шкодных для раслін кароткахвалевых ультрафіялетавых прамянёў. Найб. эфектыўныя аранжава-чырв.прамяні (выклікаюць інтэнсіўны фотасінтэз), таму крыніцы святла, багатыя імі, выкарыстоўваюцца для паскарэння цвіцення, атрымання ранняга ўраджаю насення і пладоў. Сіне-фіялетавыя прамяні затрымліваюць развіццё раслін, іх выкарыстоўваюць пры неабходнасці затрымаць цвіценне або атрымаць ураджай лісця (напр., у салаты) ці караняплодаў (напр., у радысу радыску*).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯТРО́П (ад гелія... + грэч. tropos паварот, напрамак),
геадэзічная прылада для дакладных вымярэнняў гарызантальных вуглоў у трыянгуляцыі. Асн. частка — плоскае люстэрка, якое адбівае сонечныя прамяні ад аднаго геадэзічнага пункта да другога, дзе выконваюцца вугламерныя вымярэнні тэадалітам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАКАПІ́РАВАННЕ,
атрыманне копій дакументаў на тэрмаадчувальных матэрыялах, якія пад уздзеяннем цяпла (інфрачырвонага выпрамянення) мяняюць свой стан. Копіі вырабляюць у тэрмакапіравальных апаратах з графічных і тэкставых арыгіналаў, выкананых тушшу, чорным алоўкам, надрукаваных на пішучай машынцы або друкарскім спосабам.
Пры прамым Т. светлыя ўчасткі арыгінала (прабелы) адбіваюць большую частку інфрачырвоных прамянёў, якімі абпраменьваецца арыгінал, а цёмныя ўчасткі (элементы відарыса) паглынаюць прамяні і награваюцца. Цяпло нагрэтых элементаў выклікае ў прыкладзенай да арыгінала тэрмаадчувальнай паперы хім. рэакцыю, у выніку якой папера цямнее ў месцах, адпаведных відарысу (утвараецца кантрастнае цёмнае рэчыва). Пры ўскосным Т. адчувальны слой тэрмапластычнай плёнкі (ці тэрмакапіравальнай паперы) пад уздзеяннем цяпла расплаўляецца і пераносіцца на носьбіт копіі. Т. вызначаецца хуткасцю (працягласць капіравання каля 5 с) і прастатой працэсу; недахопы — недастатковыя выразнасць і працягласць захоўвання копій.