ФО́КУС (ад лац. focus ачаг, агонь) у оптыцы, пункт, у якім пасля праходжання паралельным пучком прамянёў аптычнай сістэмы перасякаюцца прамяні пучка (ці іх прадаўжэнні, калі сістэма ператварае паралельны пучок у разыходны). У 1-м выпадку Ф. — сапраўдны, у 2-м — уяўны. Калі прамяні праходзяць паралельна аптычнай восі сістэмы, Ф. знаходзіцца на гэтай восі і наз. галоўным. У ідэальнай аптычнай сістэме ўсе Ф. размешчаны на плоскасці, перпендыкулярнай восі сістэмы, — факальнай плоскасці. У рэальнай сістэме Ф. знаходзяцца на факальнай паверхні, форма якой залежыць, у прыватнасці. ад аберацый аптычнай сістэмы.
т. 16, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)