СТА́РШЫ СЯРЖА́НТ,
воінскае званне сяржанцкага саставу. Ва Узбр. Сілах СССР існавала з 1940; у ВМФ адпавядала званне гал. старшына. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь надаецца лепшым сяржантам, якія праслужылі на сяржанцкіх пасадах не менш за 3 месяцы і пры прызначэнні на пасады, на якіх штатам прадугледжана званне С.с. Званне С.с. існуе і ў шэрагу інш. сілавых структур. Гл. Званні воінскія.
В.А.Сергіенка.
т. 15, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНАЕ ПРАВАПАРУШЭ́ННЕ,
правіннасць, проціпраўнае наўмыснае або неасцярожнае дзеянне (або бяздзеянне), замах на дзярж. або грамадскі парадак, уласнасць, правы і свабоды грамадзян і інш. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь да адміністрацыйнага правапарушэння адносяцца: парушэнні грамадскага парадку, правілаў дарожнага руху, проціпажарных, сан.-эпідэміялагічных, мытных правілаў, пагранічнага рэжыму, парушэнні правілаў палявання, рыбнай лоўлі і аховы рыбных запасаў і інш. За адміністрацыйнае правапарушэнне прадугледжана адм. адказнасць (калі правапарушэнні не цягнуць за сабой крымін. адказнасці).
т. 1, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАПАРУШЭ́ННЕ,
антысацыяльнае дзеянне (або бяздзеянне), якое парушае якія-н. нормы права і прычыняе грамадству шкоду. Падзяляюцца на: цывільныя (прычыненне шкоды асобе, маёмасці грамадзяніна або арг-цыі), адміністрацыйныя (напр., парушэнне правіл дарожнага руху і інш.), дысцыплінарныя і інш. правіннасці (напр., прагул). Найб. небяспечны від П. — злачынства. За П. законам прадугледжана адпаведная цывільная, адм., дысцыплінарная і крымін. адказнасць. П. бывае і міжнародным (парушэнне дзяржавай або інш. суб’ектам міжнар. права сваіх міжнар. абавязкаў).
т. 12, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́РШЫ МАТРО́С,
воінскае званне ў ВМФ (ВМС) шэрагу дзяржаў, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. У ВМФ і марскіх часцях пагран. войск СССР існавала з 1946. Ва Узбр. Сілах Беларусі ўведзена для карабельнага саставу пагран. войск і інш. (адпавядае званню яфрэйтар) і надаецца матросам, якія ўзорна выконваюць абавязкі па службе, маюць высокую воінскую дысцыпліну, а таксама пры прызначэнні на пасады, для якіх прадугледжана такое званне.
В.А.Сергіенка.
т. 15, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРАКТА́ЦЫЯ,
заключэнне кантракта—дагавора паміж прадпрыемствамі, якія выпускаюць прадукцыю, і арг-цыямі, што ажыццяўляюць нарыхтоўку і збыт гэтай прадукцыі. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь па дагаворы вытворца с.-г. прадукцыі абавязваецца перадаць нарыхтоўшчыку гэтай прадукцыі (кантрактанту) ва ўласнасць вырабленую ім прадукцыю ў тэрміны, колькасці і асартыменце, прадугледжаных дагаворам, а кантрактант абавязваецца аказаць вытворцу садзейнічанне ў вытв-сці с.-г. прадукцыі, прыняць яе і выплаціць за яе пэўную цану. На кантрактанта ўскладваецца таксама абавязак вывазу прадукцыі, калі інш. не прадугледжана дагаворам.
т. 8, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМЯРО́ТНАЯ КА́РА,
у заканадаўствах многіх краін свету вышэйшая мера крымінальнага пакарання. У крымінальным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь — выключная мера пакарання расстрэл). Прадугледжана за некаторыя асабліва цяжкія злачынствы, спалучальныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых акалічнасцях (арт. 59 КК). С.к. не можа быць прызначана: асобам, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў; жанчынам; мужчынам, якія дасягнулі да дня пастанаўлення прыгавору 65 гадоў. С.к. ў парадку памілавання можа быць заменена пажыццёвым зняволеннем. Альтэрнатывай С.к. па справах той жа катэгорыі з’яўляецца пажыццёвае зняволенне.
т. 15, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРУЧЭ́ННЕ,
цывільна-прававое пагадненне, паводле якога адзін бок (давераны) абавязваецца здзейсніць ад імя і за кошт другога боку (даверніка) пэўныя юрыд. дзеянні (набыццё або адчужэнне маёмасці, правядзенне плацяжоў і да т.п.). Давераны абавязаны выканаць Д. асабіста. Ён можа перадаць выкананне Д. інш. асобе толькі ў тым выпадку, калі гэта абумоўлена пагадненнем або калі да гэтага вымушаюць абставіны абароны інтарэсаў даверніка. Давернік абавязаны аплаціць даверанаму ўзнагароджанне, калі гэта прадугледжана законам або дагаворам. Парадак выканання Д., правы і абавязкі яго ўдзельнікаў рэгламентуюцца цывільным заканадаўствам.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 6, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАНЖЫРО́ЎКА (франц. arranger літар. прыводзіць у парадак),
1) пералажэнне муз. твора для інш. складу выканаўцаў або для выканання на іншым, чым прадугледжана арыгіналам, інструменце (інструментах). Існуюць пералажэнні опер, сімфоній, камерных ансамбляў для фартэпіяна, радзей вакальных і інстр. твораў для аркестра.
2) Палегчанае пералажэнне муз. твора для выканання на тым самым інструменце.
3) У джазавай музыцы аранжыроўка, як правіла, элемент імправізацыі. Пад аранжыроўку для аркестра разумеюць апрацоўку муз. тэматызму, зафіксаваную ў нотным тэксце. Для невял. ансамбляў характэрна «вусная» аранжыроўка, без нотнага запісу, заснаваная на імгненнай каардынацыі намаганняў асобных выканаўцаў.
І.Дз.Назіна.
т. 1, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УХІЛЕ́ННЕ АД УПЛА́ТЫ ПАДА́ТКАЎ,
правапарушэнне супраць парадку ажыццяўлення эканам. дзейнасці дзяржавы. Учыняецца шляхам угойвання ці наўмыснага заніжэння прыбыткаў, даходаў, аб’ектаў падаткаабкладання або шляхам ухілення ад падачы дэкларацыі пра даходы і маёмасць, што пацягнула за сабой прычыненне шкоды ў буйных памерах. У Рэспубліцы Беларусь крымін. адказнасць за такія дзеянні прадугледжана арт. 243 КК: вінаваты ў іх можа быць пазбаўлены права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, прыцягнуты да арышту і абмежаванню свабоды, а ў выключных выпадках асуджаны да доўгатэрміновага пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Ю.Я.Савельеў.
т. 16, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМЕ́НТЫ,
сродкі, якія ва ўстаноўленых законам выпадках адны члены сям’і абавязаны выплачваць другім. Склад суб’ектаў і асновы ўзнікнення аліментных абавязацельстваў, памер і тэрміны выплаты вызначаюцца заканадаўствам. На Беларусі асн. крыніца прававых нормаў рэгулявання гэтых пытанняў — Кодэкс аб шлюбе і сям’і. Паводле суб’ектнага складу адрозніваюць аліментныя абавязацельствы паміж мужам і жонкай; бацькамі і дзецьмі; айчымам, мачахай і пасынкамі (падчарыцамі); братамі і сёстрамі; дзедам, бабкай і ўнукамі. Пры адмаўленні ад добраахвотнай выплаты аліменты могуць быць спагнаны праз суд. За наўмыснае ўхіленне ад выплаты прысуджаных аліментаў на карысць непрацаздольных дзяцей або бацькоў прадугледжана крымін. адказнасць.
т. 1, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)