ДЭЛІ́КТ (ад лац. delictum парушэнне, віна),

правапарушэнне, незаконнае дзеянне, правіннасць, злачынства. У больш вузкім сэнсе — супярэчнае нормам цывільнага заканадаўства дзеянне, за якое прадугледжана пакаранне ў форме матэрыяльнай адказнасці.

т. 6, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНА́ЦЫЯ (лац. sanatio лячэнне, аздараўленне) у праве, працэдура конкурснага вядзення справы, якая прадугледжвае пераход права ўласнасці, змену дагаворных і інш. абавязацельстваў, рэарганізацыю, рэструктурызацыю або аказанне фін. падтрымкі даўжніку. Ажыццяўляецца для аднаўлення яго ўстойлівай плацежаздольнасці і ўрэгулявання ўзаемаадносін даўжніка і крэдытораў ва ўстаноўленыя тэрміны. На Беларусі прадугледжана законам «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)» ад 18.7.2000. Уводзіцца гасп. судом на падставе рашэння сходу крэдытораў ці па ўласнай ініцыятыве ў выпадках, прадугледжаных законам. Рашэнне гасп. суда аб С. падлягае неадкладнаму выкананню. Уводзіцца на тэрмін да 18 месяцаў з дня вынясення рашэння аб яе правядзенні, калі інш. не прадугледжана законам. Пасля заканчэння С. эканам. санкцыі за невыкананне плацежных абавязацельстваў, а таксама сумы прычыненых страт, якія даўжнік абавязаны выплаціць крэдытору, могуць быць прад’яўлены да выплаты ў памерах, што існавалі на дату адкрыцця працэдуры банкруцтва.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМЕЖАВА́НАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,

1) абмежаванне выплат страхавой кампенсацыі і страхавых сум з мэтай забеспячэння фін. устойлівасці страхавых аперацый; прадугледжана ўмовамі асобных відаў страхавання і, як правіла, закладзена ў тарыфах.

2) Абмежаванне кампенсацыі страт ад гасп. дзейнасці сумай укладзенага капіталу ў таварыствах з абмежаванай адказнасцю.

т. 1, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАЧЫ́ННАСЦЬ,

сукупнасць усіх фактычна ўчыненых проціпраўных дзеянняў (злачынстваў), за кожнае з якіх прадугледжана крымін. пакаранне; масавая негатыўная сацыяльна-прававая з’ява. Аналіз каранёў, прычын, характару і структуры З. дае магчымасць выпрацоўваць і ажыццяўляць меры па яе папярэджанні. Гл. таксама Адказнасць юрыдычная, Арганізаваная злачыннасць.

т. 7, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДО́ВЫ ПРЫ́СТАЎ,

службовая асоба судовага выканаўчага вядзення, у абавязкі якой уваходзяць ажыццяўленне прымусовага выканання суд. рашэнняў па цывільных і гасп. справах, а таксама назіранне за захаваннем парадку ў час суд. пасяджэнняў. Пасада С.п. ў Рэспубліцы Беларусь прадугледжана Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995.

т. 15, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СОРТААБНАЎЛЕ́ННЕ,

перыядычная замена сартавога насення, якасць якога пагоршылася, насеннем таго ж сорту больш высокіх рэпрадукцый. Асн. задачы С. — захаванне каштоўных гасп. і біял. якасцей сорту, пры якіх ён быў раянаваны, аздараўленне насення, захаванне высокай чыстасортнасці, папярэджванне біял. і мех. засмечанасці пасеваў. Для большасці культур С. прадугледжана кожныя 2—5 гадоў.

т. 15, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПАГА́НДА ВАЙНЫ́,

распаўсюджанне ў любой форме поглядаў, ідэй, адкрытых заклікаў з мэтай выклікаць агрэсію адной краіны супраць другой. П.в. з’яўляецца міжнародным злачынствам. Яна забаронена спец. рэзалюцыяй Ген. Асамблеі ААН у 1947 пад пагрозай крымінальнага пакарання. У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсць спец. артыкул, у якім прадугледжана таксама адказнасць асоб, што займаюць вышэйшыя дзярж. пасады, за П.в.

т. 13, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСВАЕ́ННЕ АБО РАСТРА́ТА,

крымінальнае злачынства супраць уласнасці, якое заключаецца ў крадзяжы чужой маёмасці, даверанай вінаватаму. Адказнасць за П. або р. прадугледжана арт. 211 КК Рэспублікі Беларусь. З аб’ектыўнага боку прысваенне — неправамернае ўтрыманне (невяртанне) чужой маёмасці, якая даверана вінаватаму для пэўнай мэты, а растрата — адчужэнне і спажыванне такой маёмасці. Часам у тэорыі крымін. права растрата разглядаецца як прыватны выпадак прысваення.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЧЫ́НАК у праве,

правіннасць, за якую прадугледжана адм. адказнасць. У. можа быць здзейснены наўмысна і па неасцярожнасці. Паводле адм. заканадаўства Рэспублікі Беларусь адказнасці за У. падлягаюць асобы, якія на момант яго здзяйснення дасягнулі 16-гадовага ўзросту. Пры малазначнасці У. орган (службовая асоба), які правамоцны вырашаць справу, можа вызваліць парушальніка ад адм. адказнасці і абмежавацца вуснай заўвагай, папярэджаннем.

т. 16, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́ПТЭР,

1) у вылічальнай тэхніцы электроннае прыстасаванне для ўзгаднення параметраў уваходных і выхадных сігналаў працэсара ЭВМ і перыферыйных прылад з мэтай іх спалучэння. Напр., адаптэр падтрымкі клавіятуры, дысплея, друкавальнага прыстасавання.

2) У фатаграфіі прыстасаванне для спалучэння фотаапарата са зменным абсталяваннем, якое не прадугледжана канструкцыяй гэтага апарата, напр. аб’ектыва, дадатковай зменнай касеты са святлоадчувальным матэрыялам інш. фармату.

3) У радыётэхніцы тое, што гуказдымальнік.

т. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)