Э́РЫ (Erie),

возера ў Паўн. Амерыцы, у сістэме Вялікіх азёр; паўн. бераг належыць Канадзе, паўд. — ЗША. Пл. 25,7 тыс. км². Глыб. да 64 м. Выш. ўзроўню 174 м. У Э. ўпадае р. Дэтройт, выцякае р. Ніягара. Злучана р. Сент-Клэр з воз. Гурон, Ніягарай і каналам Уэленд (у абход Ніягарскага вадаспада) з воз. Антарыо; сістэма Эры-канала злучае Э. з р. Гудзон. Суднаходства. Гал. парты: Таліда, Кліўленд, Буфала, Эры (ЗША), Порт-Колбарн (Канада). На паўн. беразе нац. парк Пойнт-Пілі, правінцыяльны парк Ронда (Канада).

т. 18, кн. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Сцяг свабоды» (газ., Літоўскі правінцыяльны к-т) 6/407

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЛГО́НКІН (Algonquin),

правінцыяльны парк у Канадзе, на правабярэжжы р. Атава, правінцыя Антарыо. Засн. ў 1893. Пл. 765,3 тыс. га. Размешчаны на невысокім узвышшы — Лаўрэнційскім крышталічным шчыце. Захоўваюцца ландшафты драбналістых і мяшаных лясоў з азёрамі і балотамі. Сярод прадстаўнікоў 15 асн. парод раслін некалькі відаў клёнаў, веймутава сасна, тсуга канадская, асінападобная таполя, вяз, ясень, жоўтая бяроза, шызая елка і інш. У фауне воўк, бабёр, чорны мядзведзь, лось, белахвосты (віргінскі) алень; з птушак звычайныя лысуха, каўнерыкавы рабчык, аўсянка-юнка, белабрывая аўсянка, некалькі відаў амер. валасянак і інш. Развіты турызм, працуюць інфармацыйны цэнтр і музей.

т. 1, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯЖДО́ЎСКІ Людвік Міхайлавіч (снеж. 1829, Вільня — 27.2.1864),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Скончыў Акадэмію Генштаба (1859). З 1845 у арміі. Разам з З.​Серакоўскім і Я.​Дамброўскім уваходзіў у кіраўніцтва польскай рэв. арг-цыі ў Пецярбургу. З 1860 у Вільні, узначальваў К-т руху і Літоўскі правінцыяльны камітэт, меў уплыў на К-т рускіх афіцэраў у Польшчы. У крас. 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Магілёўшчыны, кіраваў дзеяннямі Горацкага паўстанцкага атрада. З пач. 1864 паўстанцкі ваен. начальнік Сандамірскага ваяв. ў Польшчы і камандзір Кракаўскай дывізіі. Схоплены ўладамі і павешаны.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 7, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНА́НСКАЕ ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА,

створана ў 1815 паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 у зах. ч. Варшаўскага герцагства, што адышло да Прусіі. Пл. 28,9 тыс. км.​2, нас. ў 1815 каля 776 тыс. чал., у 1871 — больш за 1,5 млн. чал. Цэнтр — г. Познань. Падзялялася на 2 рэгенцтвы, мела пэўную аўтаномію ў складзе Прусіі. Прускага караля прадстаўляў намеснік (да 1831). Дарадчым органам быў правінцыяльны сейм. Пасля паражэння паўстання 1830—31 аўтаномія П.в.к. абмежавана, а ў 1849 скасавана. Пачаўся працэс германізацыі, які ўзмацніўся ў 1880-я г. (гл. «Культуркампф»). Насельніцтва княства прымала ўдзел у Пазнанскім паўстанні 1848, падтрымала паўстанне 1863—64, што выклікала ўзмацненне рэпрэсій прускіх улад. Пасля 1-й сусв. вайны ў выніку Пазнанскага паўстання 1918—19 і паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 увайшло ў склад адноўленай Польскай дзяржавы.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМО́ЙЛАЎ Уладзімір Якаўлевіч (15.3.1924, г. Адэса, Украіна — 8.9.1999),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Адэскае тэатр. вучылішча (1948). На сцэне з 1949. З 1969 у Маскоўскім т-ры імя У.​Маякоўскага, з 1994 — у т-ры імя М.​Гогаля. Ролі драм. плана: Ермалаеў («Ляцяць пералётныя птушкі» А.​Галіна, 1986) і інш. З 1959 здымаўся ў кіно: «Сакратар абкома» (1964), «Дваццаць шэсць бакінскіх камісараў» (1966), «Вяселле ў Малінаўцы» (1968), «Зімародак» (1972), «Прэмія» (1974, Дзярж. прэмія СССР 1976), «Любоў зямная» (1975), «Лёс» (1978), «Сібірыяда» (1979), «Бацькі і дзеці» (1983, Дзярж. прэмія СССР 1986), «Серафім Палубес і іншыя жыхары зямлі» (1984), «Візіт да Мінатаўра» (1987), «Працэс» (1989), «...Па мянушцы «Звер» (1990), «Клан» (1991), «Правінцыяльны бенефіс» (1993), «Бульварны раман» (1994) і інш. Адна з цэнтр. тэм творчасці С. — тэма пазнання героем ісціны праз напружаную барацьбу з самім сабой. Дзярж. прэмія Расіі 1972.

У.Я.Самойлаў.

т. 14, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ВЫ (грэч. Thēbai, стараж.-егіп. Уасет),

адзін з найбуйнейшых гарадоў, паліт., рэліг. і культ. цэнтр Стараж. Егіпта. Вядомы з 3-га тыс. да н.э. У 22—20—10—8 ст. да н.э. сталіца Егіпта, потым рэліг. цэнтр. Каля 730 да н.э. захоплены царствам Куш, у 663 да н.э. разбураны царом Асірыі Ашурбаніпалам, у 88 да н.э. — Пталамеем IX Сатэрам.

Паступова ператварыліся ў правінцыяльны горад. З пач. 19 ст. н.э. вядуцца археал. раскопкі, у т. л. рэстаўрацыйныя работы ў храмах. На тэр. Ф. знаходзяцца грандыёзныя храмавыя ансамблі (на ўсх. беразе Ніла ў Карнаку, Луксоры). На зах. беразе захаваліся некропалі і руіны памінальных храмаў фараонаў. Каля Ф. знаходзіцца стараж.-егіпецкі комплекс Дэйр-эль-Бахры.

Літ.:

Ливрага Х.А. Фивы: Пер. с исп. 3 изд. М., 2002.

Да арт. Фівы. Паляванне фараона. Фрагмент размалёўкі з грабніцы ў Фівах. XVIII дынастыя. Канец 15 ст. да н.э.

т. 16, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЕ́НА (Priēnē),

старажытнагрэчаскі горад на р. Меандр, на мысе Мікале ў М. Азіі. Засн. ў сярэдзіне 11 ст. да н.э.; уваходзіла ў саюз 12 іанійскіх гарадоў. У канцы 6 ст. да н.э. трапіла пад уладу Персіі. У 5 ст. да н.э. ў Складзе Дэлоскага саюза, потым — дзяржавы Аляксандра Македонскага. У 3—2 ст. да н.э. належала Селеўкідам, пазней увайшла ў Пергамскае царства, потым — правінцыяльны горад Рым. імперыі і Візантыі. Росквіту дасягнула ў 4—1 ст. да н.э., калі была буйным гандл. і рамесніцкім цэнтрам.

П. мела прамавугольную сетку вуліц (сістэма Гіпадама). Падоўжныя вуліцы ішлі ўступамі; іх перасякалі 16 папярочных вуліц-лесвіц, што вялі ад падэшвы да вяршыні г. Мікале і падзялялі П. на роўныя прамавугольныя кварталы. У час раскопак адкрыты руіны будынкаў 4—2 ст. да н.э., размешчаных на тэрасах і ўмацаваных падпорнымі сценамі, у т. л. храмы Афіны (4 ст. да н.э., арх. Піфей) і Зеўса, эклесіястэрый (зала пасяджэнняў нар. сходу), тэатр, стадыён, 2 гімнасіі, рынкі, жылыя дамы перыстыльнага тыпу.

Прыена. Калоны храма Афіны. 4 ст. да н.э. Арх. Піфей.

т. 13, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧЫРВО́НЫЯ»,

дэмакратычная плынь у нац.-вызв. руху Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны напярэдадні і ў час паўстання 1863—64. У адрозненне ад «белых» імкнуліся вызваліцца ад царскага ярма шляхам узбр. паўстання; нац. вызваленне звязвалі з дэмакр. пераўтварэннямі. Асн. кантынгент «Ч.» — афіцэры, студэнты, дробныя чыноўнікі, рамеснікі, дробнамаянтковая і безмаянтковая шляхта. У ідэалаг. адносінах «Ч.» былі неаднародныя і падзяляліся на 2 крылы. Левае крыло — рэвалюцыянеры-дэмакраты, якія выступалі супраць памешчыцкага землеўладання, за правы народаў на самавызначэнне, за рэв. саюз народаў у барацьбе з самадзяржаўем. Паслядоўныя рэвалюцыянеры ў Польшчы Я.Дамброўскі, З.Падлеўскі, І.​Хмяленскі, Б.Шварцэ, на Беларусі — К.Каліноўскі, А.Трусаў, В.Урублеўскі; у Літве А.Мацкявічус, З.Серакоўскі. Правае крыло (лідэры А.​Авейдэ, А.​Гілер) — шляхецкія рэвалюцыянеры, якія выступалі з палавінчатай сац. і нац. праграмай: адстойвалі кампенсацыю памешчыкам за зямлю ў выпадку перадачы яе сялянам, вагаліся паміж прызнаннем права Беларусі, Літвы і Украіны на самаст. развіццё і патрабаваннем аднаўлення Польшчы ў межах 1772. Асобнае месца сярод іх займалі паслядоўнікі ген. Л.​Мераслаўскага, якія прыкрывалі рэв. фразай шавінізм і нацыяналізм і адмоўна ставіліся да рэв. саюзу з рус. народам. Арганізац. цэнтры «Ч.»: у Польшчы — з кастр. 1861 Гарадскі к-т (К-т руху) У Варшаве, пазней Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве; на Беларусі і ў Літве — з восені 1861 — Камітэт руху ў Вільні, пазней Літоўскі правінцыяльны камітэт.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 17, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАГО́СА (Zaragoza),

горад на ПнУ Іспаніі, на р. Эбра. Адм. ц. аўтаномнай вобласці Арагон і прав. Сарагоса. Каля 650 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. прылада- і аўтамабілебудаўнічая, вытв-сць чыгуначнага, с.-г., эл.-тэхн. абсталявання; харч., хім., тэкст., дрэваапр., коркавая, цэм., гарбарна-абутковая. Канцавы пункт нафтаправода Рота — С. Ун-т. Штогадовыя прамысл. кірмашы.

Засн. ў 27 да н.э. на месцы іберыйскага паселішча як рым. калонія пад назвай Цэзарэя-Аўгуста. У 452 н.э. захоплена свевамі, у 476 — вестготамі. У 714—1118 пад уладай арабаў, у 11 — пач. 12 ст. цэнтр Сарагоскага эмірата. У 1118 горад адваяваны ў арабаў войскамі караля Арагона Альфонса 1, з 1119 сталіца Арагонскага каралеўства, атрымала права самакіравання і інш. прывілеі. У 14—16 ст. адзін з важнейшых эканам. (вытв-сць сукна) і культ. (у 1474 засн. ун-т) цэнтраў Арагона. У 17—18 ст. эканамічна заняпала. У 1-ю ісп. рэвалюцыю 1808—14 (гл. ў арт. Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя) двойчы ўзята ў аблогу франц. войскамі (1808, 1808—09). У Іспанскую рэвалюцыю 1931—39 месца баёў паміж рэсп. войскамі і франкістамі.

У структуры цэнтра горада захаваліся рысы рэгулярнай планіроўкі стараж.-рым. калоніі. Сярод помнікаў: рэшткі стараж.-рым. пабудоў, маўрытанскіх будынкаў (10—12 ст.) з узорыстай цаглянай муроўкай, дэкар. купаламі, абліцоўкай шматколернай кафляй, сабор Ла-Сеа (1119—1550; фасад канца 17 ст. ў стылі эрэрэска; вежа 1685), касцёлы ў стылі мудэхар (Санта-Марыя Магдалена і інш.), біржа («лонха», 1551, готыка і платэрэска), палацы 16 ст. ў стылі платэрэска. У С. — правінцыяльны музей прыгожых мастацтваў.

т. 14, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)