ЗУ́БНІК (Crepis),

род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 9 відаў. Найб. распаўсюджаны З. балотны (C. paludosa), дахавы (C. tectorum), двухгадовы (C. biennis); зрэдку трапляюцца З. альпійскі (C. alpina), воласападобны (C. capillaris), макалісты (C. rhoeadifolia), мяккі (C. mollis), сібірскі (C. sibirica), тупакарэнішчавы, або абгрызены (C. praemorsa). Растуць у лясах, на лугах, балотах, на палях і інш.

Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя апушаныя або голыя травяністыя расліны з кароткім, тонкім, тупым карэнішчам і прамым, рабрыстым, пустым у сярэдзіне сцяблом, выш. да 1,5 м. Лісце чаргаванае, суцэльнае, надрэзанае або перыста-раздзельнае; іншы раз ёсць прыкаранёвая разетка. Кветкі жоўтыя, двухполыя, язычковыя, у шматкветкавых кошыках, сабраных у агульнае суквецце. Плод — сямянка з чубком. Лек. і кармавыя расліны; некат. віды — пустазелле.

Зубнік балотны.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́БЛАКІ,

сістэмы завіслых у атмасферы прадуктаў кандэнсацыі вадзяной пары — кропелек вады, крышталікаў лёду або іх сумесей. Сукупнасць воблакаў называецца воблачнасцю. Утвараюцца воблакі пры кандэнсацыі вадзяной пары ў стане насычэння на ядрах кандэнсацыі. Дыяметр кропель — каля некалькіх мікронаў, маса вады ў 1 м³ паветра воблакаў — ад долі грама да некалькіх грамаў. Каля зямной паверхні яны ўтвараюць туман. Узбуйненне прадуктаў кандэнсацыі выклікае ападкі атмасферныя (дождж, снег, град).

Узнікненне воблакаў — вынік адыябатычнага ахалоджвання паветра пры яго пад’ёме, радзей — вынік ахалоджвання ад подсцільнай зямной паверхні і турбулентнага перамешвання паветра. Пад’ём паветра, неабходны для ўтварэння воблакаў, адбываецца пры канвекцыі ў атмасферы (канвекцыйныя воблакі), пры ўзыходзячым слізгальным пад’ёме паветра на франтах атмасферных (франтальныя воблакі), пры хвалевых рухах у атмасферы і інш. Большая ч. воблакаў засяроджана ў трапасферы, але зрэдку назіраюцца ў стратасферы (пераважна перламутравыя воблакі) і ў мезасферы (серабрыстыя воблакі). Па міжнар. класіфікацыі воблакі ў залежнасці ад іх ніжняй мяжы адносяцца да аднаго з трох ярусаў — верхняга, сярэдняга або ніжняга. Паводле знешняй будовы і размяшчэння на ярусах воблакі маюць 10 асн. формаў: у верхнім ярусе перыстыя воблакі, перыста-слаістыя воблакі і перыста-кучавыя воблакі (на выш. больш за 6 км), у сярэднім — высокакучавыя воблакі і высокаслаістыя воблакі (на выш. 2—6 км), у ніжнім — слаіста-кучавыя воблакі, слаістыя воблакі і слаіста-дажджавыя воблакі (выш. іх ніжняй мяжы менш за 2 км). Вылучаюць таксама воблакі вертыкальнага развіцця — кучавыя воблакі і кучава-дажджавыя воблакі з вертыкальнымі памерамі аднаго парадку з гарызантальнымі, іх асновы звычайна знаходзяцца ў ніжнім ярусе, а верхнія ч. могуць дасягаць сярэдняга ці верхняга яруса. Воблакі ўкрываюць каля паловы нябеснай сферы на Зямлі і змяшчаюць каля 10​9 т вады. На працягу года розныя тыпы воблакаў маюць розную паўтаральнасць. Воблакі ўплываюць на фарміраванне надвор’я і ападкаў, на цеплавы рэжым паветра, сушы і мора, з’яўляюцца звяном кругавароту вады на Зямлі. Яны могуць перамяшчацца на тысячы кіламетраў, пераносіць і пераразмяркоўваць вялізныя масы вады. На Беларусі зімой пераважае нізкая воблачнасць слаістых формаў, у цёплае паўгоддзе — воблачнасць вертыкальнага развіцця.

І.Я.Афнагель.

т. 4, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ЎКА (Potentilla),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Больш за 300 відаў. Пашырана пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі больш за 20 дзікарослых і 3 інтрадукаваныя віды. Найб. вядомыя Д. гусіная, або гусіная лапка (P. anserina), прамастойная, або калган (P. erecta), серабрыстая (P. argentea), нарвежская (P. norvegica), паўзучая (P. reptans), радзей трапляюцца Д. белая (P. alba), прамая (P. recta), пясчаная (P. arenaria); Д. скальная (P. rupestris) занесена ў Чырв. кнігу Беларусі. Растуць на сухіх сонечных мясцінах, у лясах, на балотах, каля жылля, як пустазелле. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны Д. цёмна-крывава-чырвоная (P. atrosanguinea), пурпуровая (P. purpurea) і непальская (P. nepalensis).

Шмат-, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны, паўкусты і паўкусцікі. Сцяблы прамастойныя, прыўзнятыя або сцелюцца. Лісце пальчата- або перыста-складанае. Кветкі жоўтыя або пурпуровыя, з 5—4 пялёсткамі, адзіночныя або ў шчыткападобнамяцёлчатых суквеццях. Плод — шматарэшак. Лек., меданосныя, дубільныя, фарбавальныя, харч. і дэкар. расліны.

Г.У.Вынаеў.

т. 6, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РКВА (Daucus),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Паўд. Еўропе, Зах. і Сярэдняй Азіі, Амерыцы, Афрыцы і Аўстраліі. У культуры вядома з 2 ст. да н.э., у Еўропе — з 14 ст. н.э. На Беларусі 1 дзікарослы від (D. carota) з тонкім неядомым караняплодам зрэдку трапляецца ў хмызняках, на схілах, каля дарог. Культывуецца М. пасяўная (D. sativus).

Двух-, зрэдку адна- і шматгадовыя травы з галінастым сцяблом выш. да 100 см. Караняплоды рознай формы і колеру. Лісце перыста-рассечанае. Дробныя кветкі ў складаным парасоніку. Плод — віслаплоднік. Насенне, асабліва дзікіх відаў, мае спецыфічны пах і багатае эфірнымі алеямі. М. пасяўная — адна з асн. агароднінных раслін, вырошчваецца таксама на корм. У культуры двухгадовая расліна, з патоўшчаным сакавітым караняплодам аранжавага, жоўтага, белага, ружовага і фіялетавага колеру. Аранжавыя карані багатыя правітамінам Акарацінам. Лек., харч., кармавая, меданосная расліна.

Літ.:

Переднев В.П. Как вырастить и сохранить морковь. Мн., 1986;

Переднев В.П., Макаревич А.И. Морковь на грядке, на столе и в народной медицине. Мн., 1998.

У.П.Пярэднеў.

Морква: 1 — часткі расліны; 2 — сорт Шантэнэ; 3 — сорт Парыжская карацель 443, 4 — сорт Валерыя; 5 — падвіды ўсходняй (азіяцкай) морквы.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТ у біялогіі,

адзін з асноўных органаў вышэйшых раслін, займае бакавое становішча па восі парастка і выконвае функцыі фотасінтэзу, транспірацыі і газаабмену. Складаецца з ліставой пласцінкі і чаранка (калі яго няма, Л. наз. сядзячым). Зверху і знізу пакрыты эпідэрмай з кутыкулай, часам з разнастайнымі валаскамі. Пад эпідэрмай знаходзіцца некалькі слаёў зялёнай тканкі (хларэнхімы), дзе адбываюцца асн. фізіял. працэсы — фотасінтэз і дыханне раслін. Праводзячыя пучкі праходзяць па жылках Л.: па драўніне (ксілеме) ад каранёў паступае вада і раствораныя ў ёй пажыўныя рэчывы, па лубе (флаэме) у інш. органы адцякаюць прадукты фотасінтэзу. Памеры Л. пераважна 3—10 см, але бываюць да 20 м (некат. пальмы). Часам відазмяняюцца ў калючкі, вусікі, лускавінкі або рэдукуюцца. Адрозніваюць простыя (з адной пласцінкай) і складаныя (з некалькімі пласцінкамі, што размешчаны перыста ці пальчата на агульнай восі). Форма Л. — характэрная адзнака віду і адлюстроўвае прыстасаванасць да пэўных экалагічных умоў — вільготнасці, асвятлення і інш. Працяг жыцця — ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў (напр., у лаўра 3—4, у елкі Шрэнка да 30 гадоў). Лістапад бывае паступовым ці амаль адначасовым.

Да арт. Ліст. 1. Простае лісце: 1 — ігольчасты; 2 — лінейны; 3 — ланцэтны; 4 — эліптычны; 5 — сэрцападобны; 6 — ныркападобны; 7 — коп’епадобны; 8 — стрэлападобны; II. Лісце з раздзеленай пласцінкай: 9 — перысталопасцевы; 10 — трохлопасцевы; 11 — пальчатараздзельны; 12 — пальчатарассечаны; 13 — перыстарассечаны; 14 — лірападобны; 15 — стругападобны. III. Складанае лісце: 16 — няпарнаперыстаскладаны; 17 — трайчасты; 18 — парнаперыстаскладаны; 19 — пальчатаскладаны.

т. 9, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБ (Quercus),

род кветкавых раслін сям. букавых. Каля 600 відаў; адна з гал. лесаўтваральных парод. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і і гарах Паўд. Амерыкі. На Беларусі 2 дзікарослыя і 13 інтрадукаваных відаў. Д. звычайны, або летні, ці чарэшчаты (Q. robur), расце ўсюды, асабліва на Пд, утварае дубовыя лясы; асобныя дрэвы ахоўваюцца як помнікі прыроды. Д. скальны, або зімовы, ці сядзячакветны (Q. petraea) — атлантычна-еўрап. рэліктавы від, трапляецца рэдка (вядома адзінае месца росту на тэр. нац. парку «Белавежская пушча», дзе ён утварае чыстыя і мяшаныя з грабам і елкай насаджэнні), занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Сярод інтрадукаваных найб. вядомыя Д. балотны (Q. palustris), паўночны (Q. borealis), каштаналісты (Q. castanefolia), шарлахавы (Q. coccinea), грузінскі (Q. iberica), буйнапыльнікавы (Q. macranthera), аксамітны (Q. velutina), мангольскі (Q. mongolica), Гартвіса (Q. hartwissiana).

Аднадомныя шматгадовазялёныя і лістападныя дрэвы і кусты з шатра- ці калонападобнай, пірамідальнай, ніцай або раскідзістай кронай. Жывуць 400—500, іншы раз да 2000 і больш гадоў. Лісце простае, чаргаванае, перыста-лопасцевае, суцэльнакрайняе, зубчастае, на чаранках. Кветкі дробныя, непрыкметныя, раздзельнаполыя, з зачаткавым калякветнікам. Плады — аднагнездавыя арэхі (жалуды), у ніжняй ч. з чашападобнай плюскай. Драўніна мае высокія фізіка-мех. і тэхн. ўласцівасці, прыгожую тэкстуру (асабліва цэніцца драўніна Д., якая доўга знаходзіцца пад вадой, т. зв. «мораны дуб»); выкарыстоўваецца ў мэблевай і сталярнай вытв-сці, вагона-, авія- і суднабудаванні, буд-ве і інш. Кара мае да 12% танінаў, добры дубільнік і вяжучы сродак, ідзе на выраб коркаў, жалуды — на прыгатаванне сурагату кавы, а таксама на корм жывёле. Дэкар. віды Д. выкарыстоўваюць у зялёным буд-ве.

Г.У.Вынаеў.

Дуб звычайны.

т. 6, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)