Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДЗЯНЫ́Я ВО́БЛАКІ, крышталічныя воблакі,
усе воблакі верхняга яруса (перыстыя, перыста-слаістыя, перыста-кучавыя, а таксама вяршыні кучава-дажджавых), якія складаюцца з дробных ледзяных крышталёў. Пры пераламленні святла ў тонкіх слаях такіх воблакаў могуць узнікаць аптычныя з’явы тыпу гало.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ (франц. halo ад грэч. halōs круг, дыск),
адна з аптычных з’яў у атмасферы. Узнікаюць гало ў перыстых, перыста-слаістых і перыста-кучавых воблаках (знаходзяцца на вышыні больш за 6 км) у выніку пераламлення святла ў ледзяных крышталях або адбіцця святла ад іх граней. Назіраюцца вакол Сонца і Месяца, маюць вуглавы радыус 22° і 46° і форму каляровых (як слабая вясёлка) ці белых кругоў, дугаў, слупоў, крыжоў, плям. Гало адрозніваюцца ад вянцоў, што ўтвараюцца пры дыфракцыі святла на дробных кроплях празрыстых, пераважна высокакучавых воблакаў і маюць меншы дыяметр. Ва ўмовах Беларусі (Мінск) гало назіраюцца каля 30 разоў за год.
Асноўныя формы гало: 1 — кругі з вуглавым радыусам 22° і 46°; 2 — слупы вышэй і ніжэй свяціла; 3 — несапраўдныя Сонцы ці Месяцы на гарызантальным крузе; 4 — датычныя дугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛОГ (Crataegus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 1000 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца 2 дзікарослыя віды: глог адагнутачашалісцікавы (C. curvisepala), глог аднапесцікавы (C. monogyna). Растуць на схілах у далінах рэк і катлавінах азёр, у хмызняках, мяшаных лясах і на ўзлесках. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукавана каля 140 відаў, 25 формаў і сартоў. На азеляненне выкарыстоўваюцца каля 20 відаў.
Лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя кусты і невял. дрэвы выш. да 15 м, з парасткамі, укрытымі калючкамі даўж. 0,5—15 см. Лісце ад суцэльнага да перыста-лопасцевага і перыста-рассечанага. Кветкі двухполыя, пераважна белыя або ружова-белыя (у садовых формаў іншы раз ружовыя або чырвоныя), у паўпарасонікавых або шчыткападобных суквеццях. Цвітуць у канцы мая — пачатку чэрвеня. Плады яблыкападобныя, чырв., амаль чорныя, жоўтыя або зеленавата-жоўтыя, выспяваюць у вер. — кастрычніку. Дэкар., фітамеліярац., вітамінаносныя, харч., тэхн., меданосныя і лек. (экстракт з пладоў або настой з кветак выкарыстоўваюць пры сасудзістых захворваннях) расліны. Плады многіх відаў ядомыя, корм для птушак і звяроў. Размнажаюцца насеннем і атожылкамі. Выкарыстоўваецца як дэкар. ў адзіночных і групавых пасадках, для стварэння жывых агароджаў, узлескаў, падлеску, замацавання яроў і адхонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАМІ́ТКІ, тагетэс (Tagetes),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. астравых. Каля 35 відаў, пашыраных у субтропіках Амерыкі. На Беларусі інтрадукаваны аксаміткі прамастойныя (T. erectus), аксаміткі адхіленыя (T. patula) і аксаміткі танкалістыя, або пасечаныя (T. tenuifolia); выкарыстоўваюцца ў кветкаводстве.
Выш. да 1,5 м. Сцябло прамастойнае, галінастае. Лісце перыста-рассечанае. Кветкі жоўтыя, жоўта-аранжавыя або карычнева-чорныя, у кошыках, з моцным пахам. Плод — сямянка. Размнажаюцца насеннем. Святла- і цеплалюбныя. Дэкар. і лек. расліны (мачагонны, патагонны і проціглісны сродак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКАРВІ́ЛЕЯ (Incarvillea),
род кветкавых раслін сям. бігноніевых. 14 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. і Цэнтр. Азіі. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны 2 віды і 1 форма: І. Дэлавэя (I. delavayi), І. шчыльная (I. compacta), І. буйнакветкавая (I. grandiflora).
Адна- і шматгадовыя травяністыя або паўкустовыя расліны з прамастойнымі простымі або галінастымі сцёбламі. Лісце перыста-рассечанае ў прыкаранёвай разетцы. Кветкі буйныя трубчастыя з 5-лопасцевым адгінам у канцавых гронках або мяцёлках. Цвіце ў чэрвені. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТРА́Н (Crambe) крамбе, род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Трапляюцца ў стэпах, паўпустынях, на сухіх горных схілах. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны 6 відаў: кактэбельскі (C. koktebelica), Коча (C. kotschyana), прутападобны (C. juncea), прыморскі, або марская капуста (C. maritima), татарскі (C. tatarica), сэрцалісты (C. cordifolia).
Адна- ці шматгадовыя травы з развітым сцяблом, апушаным або голым. Лісце буйное, цэльнае, перыста-раздзельнае або выемчата-лопасцевае. Кветкі белыя. Плод — двухчленны струк. Некат. віды К. выкарыстоўваюцца як харч., маслічныя, крухмаланосныя, меданосныя і кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎНІК (Teucrium),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях зямнога шара, асабліва ў Міжземнамор’і. На Беларусі пераважна ў паўд. раёнах (у далінах рэк Дняпро, Прыпяць, Сож) трапляецца Д. часночны (T. scordium). Расце ў прыбярэжных хмызняках, утварае зараснікі. Як дэкар. расліна ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны Д. усходні (T. orientale).
Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны і паўкусты. Лісце кароткачаранковае, суцэльнае або перыста-расчлянёнае. Кветкі дробныя, сінія, пурпуровыя, радзей белыя і жоўтыя, у несапраўдных кальчаках, сабраных у гронка-, коласападобныя ці галоўчатыя суквецці. Плод — чатырохарэшак. Меданосныя, эфіраалейныя, таніданосныя, харч. (вострапрыпраўныя) і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНАГАНО́ЖКА (Polypodium),
род папарацей сям. мнаганожкавых. 75 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі М. звычайная, або папараць салодкая (P. vulgare). Занесена ў Чырв. кнігу, знаходзіцца ў астраўных і асобных лакалітэтах паблізу ўсх. мяжы еўрап. фрагмента арэала. Трапляецца невял. групамі па схілах грунтавых агаленняў берагоў рэк, азёр, радзей на пнях, паваленых дрэвах і інш.
Мнаганожка звычайная.
Шматгадовыя травяністыя эпіфітныя і наземныя расліны з доўгім галінастым карэнішчам, густа ўкрытым бурымі ланцэтнымі лускавінкамі. Скурыстае чаранковае лісце адыходзіць ад яго радамі (адсюль назва). Лісцевыя пласцінкі падоўжана-ланцэтныя, перыста-раздзельныя. Сорусы (кучкі спарангіяў) круглаватыя або авальныя, размешчаны пасярэдзіне ці па краі сегментаў ніжняга боку пласцінкі. Дэкар., лек., дубільныя расліны.