ПЕЛАРГО́НІЯ (Pelargonium),

род кветкавых раслін сям. гераніевых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Афрыцы, таксама ў Аўстраліі і М. Азіі. Як эфіраалейную расліну культывуюць П. ружовую (P. roseum) — складаны гібрыд многіх відаў, пад назвай «герань» вырошчваюць у пакоях і аранжарэях. На Беларусі інтрадукаваны 4 віды П.: буйнакветная (P. grandiflorum), духмяная (P. graveolens), занальная (P. zonale), паўзучая (P. peltatum).

Травы або паўкусты, часта з крухмаланоснымі клубнямі. Лісце супраціўнае з прылісткамі, лопасцевае або перыста-рассечанае, звычайна з залозістым апушэннем. Кветкі няправільныя, белыя, ліловыя, чырв., ружовыя, фіялетавыя, простыя ці махрыстыя, у пазушных парасонападобных суквеццях. Плод — каробачка. Эфіраалейныя, дэкар. расліны.

Пеларгонія (герань) ружовая.

т. 12, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)