МАНІ́ФА,

адно з буйнейшых марскіх нафтавых радовішчаў свету, на шэльфе Персідскага зал., у тэрытарыяльных водах Саудаўскай Аравіі (гл. Персідскага заліва нафтагазаносны басейн). Адкрыта ў 1957. Распрацоўваецца з 1964. Пач. запасы 1,22 млрд. т. Паклады пластавыя скляпенневыя ў карбанатных адкладах ніжнемелавога і верхняюрскага ўзросту на глыб. 2,4—2,75 км. Шчыльн. нафты 0,88 г/см³, уключае серу 3%. Нафта з фантануючых свідравін перапампоўваецца па нафтаправодзе ў порт Рас-Танура (Персідскі зал.).

т. 10, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЛУД,

аднанасенны плод, часткова або цалкам заключаны ў чашападобную дзеравяністую плюску, якая ўтвараецца са зрослых восей прыкветнікаў рэдукаванага суквецця. Характэрны для раслін сям. букавых: дуба (змяшчае ў плюсцы толькі 1 Ж.), бука і каштана (у плюсцы па 2—3 Ж.). У кожным Ж. адно семя, якое складаецца з зародка. 2 мясістых семядолей і абалонкі. Мае ў сабе вугляводы (пераважна крухмал), пратэін, дубільныя рэчывы. Выспяваюць восенню. Выкарыстоўваюць як корм для жывёлы, сурагат кавы.

т. 6, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАК-ГРОЎ-ХІЛ КО́МПАНІ ІНКАРПАРЭ́ЙТЭД (Mc Graw-Hill Company Incorporated),

адно з буйнейшых выдавецтваў ЗША. Засн. ў 1809 у Нью-Йорку. Выдае навукова-тэхн. л-ру — энцыклапедыі, энцыклапедычныя даведнікі, падручнікі, кнігі па прыродазнаўчых, дакладных, грамадска-паліт. навуках, медыцыне, тэхніцы, а таксама па пытаннях арганізацыі і кіравання вытворчасцю. Найб. значныя выданні — «Штогоднік навукі і тэхнікі» (т. 1—9, 1982—90), «Энцыклапедыя навукі і тэхнікі» (т. 1—15, 7-е выд. 1992). Выпускае магнітафонныя і відэакасеты, кампакт-дыскі. Мае фірмы ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, Еўропе, Азіі, Аўстраліі. З 1980-х г. дзейнічае ў складзе амер. медыя-канцэрна «Мак-Гроў-Хіл».

т. 9, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ГУ ((Pigou) Артур Сесіл) (18.11.1877, г. Райд, Вялікабрытанія — 7.3.1959),

англійскі эканаміст, прадстаўнік кембрыджскай школы паліт. эканоміі. Скончыў Кембрыджскі ун-т. У 1908—43 кіраваў у ім кафедрай. З 1918 чл. валютнага К-та, у 1919 чл. каралеўскай камісіі па падаходных падатках, у 1924—25 чл. кабінета міністраў па пытаннях грашовага абарачэння. Даследаваў праблемы тарыфнай палітыкі, цыклічных ваганняў у прам-сці, занятасці, дзярж. фінансаў («Прамысловыя ваганні», 1929; «Даследаванне грамадскіх фінансаў», 3-е выд. 1947), распрацоўваў канцэпцыю «эканомікі дабрабыту». У кн. «Эканоміка дабрабыту» (1920) выклаў пачаткі тэорыі дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту, адно з палажэнняў якой — неабходнасць умяшання дзяржавы ў эканам. жыццё.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГРЫ,

адно з плямён палабскіх славян. Каля 600 г. н.э. засялілі тэр. сучаснай зямлі Шлезвіг-Гольштэйн (Германія) паміж Кільскай і Любекскай бухтамі — т.зв. Вагрыю (цэнтр — Старград). Уваходзілі ў склад дзяржавы бодрычаў. У час экспансіі на У герм. кароль Атон I

заснаваў тут у 948—968 місіянерскае епіскапства Ольдэнбург (знішчана паўстанцамі-ваграмі ў 983). У 1138—39 Вагрыя заваявана ням. графствам Гольштэйн; вагры былі вынішчаны ці анямечаны. Крыніца па гісторыі ваграў — «Славянская хроніка» свяшчэнніка Гельмальда з Босаў.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫ МАНЕ́Ж,

крытае спарт. збудаванне для спаборніцтваў і трэніровак па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, цяжкай атлетыцы і інш. Пабудаваны ў 1980 у Гомелі (інж. Б.​Максімовіч, арх. В.​Саенка). Адно з першых такога тыпу збудаванняў на Беларусі. Мае простую і лаканічную архітэктуру, абумоўленую планіровачным і канстр. вырашэннем; перакрытае клеедраўлянымі 3-шарнірнымі аркамі пралётам 49 м. Прамавугольны ў плане (126×49 м) будынак з прыбудаваным аднапавярховым блокам адм. і дапаможных памяшканняў.

С.​Дз.​Філімонаў.

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ТЭР (ад грэч. kratēr вял. чаша) вулканічны, чаша- ці лейкападобнае паглыбленне на вяршыні ці схіле вулканічнага конуса (гл. Вулкан) дыяметрам ад дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў і глыб. ад некалькіх да соцень метраў. На яго дне адно або некалькі жаролаў, праз якія на паверхню з магматычнага ачага па вывадным канале паступаюць лава і інш. вулканічныя прадукты. Дно бывае запоўнена лававым возерам або другасным вулканічным конусам.

Кратэр з выявамі кентаўрамахіі і амазонамахіі. 2-я чвэрць 5 ст. да н.э.

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНО́СТВА ў матэматыцы,

набор, сукупнасць, збор якіх-н. аб’ектаў (элементаў), што маюць агульную для ўсіх характарыстычную ўласцівасць. Каб задаць М., неабходна зрабіць пералік усіх яго элементаў або назваць правілы, па якіх вызначаецца прыналежнасць дадзенага элемента да пэўнага М. Паняцце М. — адно з пачатковых фундаментальных паняццяў, якое нельга выразіць праз інш. больш простыя паняцці, а можна толькі патлумачыць з дапамогай прыкладаў. Напр., М. кніг дадзенай бібліятэкі, М. пунктаў дадзенай лініі, М. рашэнняў дадзенага ўраўнення.

А.​А.​Гусак.

т. 10, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙТ (англ. byte) у вылічальнай тэхніцы, 1) частка машыннага слова, што складаецца са стандартнай колькасці (звычайна 8) двайковых разрадаў (бітаў) і апрацоўваецца як адно цэлае.

2) Запамінальнае прыстасаванне для захоўвання такой колькасці інфармацыі.

3) Адзінка колькасці інфармацыі пры яе перадачы, захоўванні і апрацоўцы на ЭВМ (у т. л. як частка больш буйной лагічна непадзельнай адзінкі інфармацыі, напрыклад выяўлення ліку з плавальнай коскай). Байт служыць для вызначэння літар або інш. сімвалаў, якія цалкам займаюць байт, або дзесятковых лічбаў (па 2 лічбы на 1 байт).

т. 2, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ШКЛОЗАВО́Д.

Уведзены ў эксплуатацыю ў 1933. Размешчаны за 9 км ад Гомеля ў р.п. Касцюкоўка. У Вял. Айч. вайну часткова эвакуіраваны ў Башкірыю. Адноўлены ў 1943—45. Пазней рэканструяваны. З 1994 Гомельскае акц. т-ва «Гомельшкло». Адно з буйнейшых прадпрыемстваў па выпуску аконнага паліраванага шкла, пенашкла, шкляных тэрмаўстойлівых труб, загартаванага шкла для аўтатрактарнай прам-сці і інш. 75% паліраванага шкла ідзе на экспарт у Галандыю, Італію, Францыю, Вялікабрытанію, краіны СНД. Працуе цэх прамысл. перапрацоўкі і вытв-сці бутэлек еўрап. стандарту.

т. 5, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)