БЁРДА,

адно з асноўных рабочых прыстасаванняў ткацкага станка. Мае выгляд грэбеня з вузкімі метал. пласцінкамі, замацаванымі ў драўляных або металічных планках. Служыць для раўнамернага размеркавання ніткі асновы, якая праходзіць паміж пласцінкамі па шырыні тканіны.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПІТА́ЛЬ ((L’Hospital) Гіём Франсуа Антуан дэ) (1661, Парыж — 1704),

французскі матэматык. Аўтар першага друкаванага падручніка па дыферэнцыяльным злічэнні (1696), у аснову якога пакладзены лекцыі Х.Бернулі. Даследаваў шэраг складаных задач матэм. аналізу, даў адно з рашэнняў задачы аб брахістахроне.

Тв.:

Рус. пер. — Анализ бесконечно малых. М.; Л., 1935.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЛО́БІНСКАЯ ФА́БРЫКА ШТУ́ЧНАГА ФУ́ТРА Дзейнічае з 1978 у г. Жлобін Гомельскай вобл. З 1984 вытв. аб’яднанне. Уключала швейную ф-ку. З 1996 адкрытае акц. т-ва «Белфа» (без швейнай ф-кі). Адно з найб. у Еўропе прадпрыемстваў па вытв-сці трыкат. штучнага футра для адзення, абутку, галаўных убораў, цацак, галантарэйных і інш. вырабаў.

т. 6, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХЛЯ́РСТВА,

завалоданне чужой маёмасцю ці набыццё права на маёмасць шляхам падману або злоўжывання даверам; у бел. крымінальным праве адно са злачынстваў супраць уласнасці. Кваліфікаваным з’яўляецца М., учыненае паўторна, па папярэдняй змове групай асоб, а таксама ўчыненае ў асабліва буйных памерах, асабліва небяспечным рэцыдывістам, якое нанесла асабліва вял. страты. Караецца доўгатэрміновым пазбаўленнем волі і канфіскацыяй маёмасці.

т. 10, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГІ́Н у супраціўленні матэрыялаў,

вертыкальнае перамяшчэнне пункта, што ляжыць на восі бэлькі (аркі, рамы і да т.п.) або на сярэдзіннай паверхні абалонкі (пласціны), пад уздзеяннем сілавой нагрузкі, т-ры і інш. фактараў. Па лікавым значэнні найб. П. вызначаюць адно з гранічна дапушчальных станаў канструкцый. Макс. П. для розных збудаванняў звычайна нармуюцца. Пры выпрабаванні канструкцый П. вызначаюць спец. прагінамерамі.

т. 12, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІ́ЧНЫЯ СЯЧЭ́ННІ,

лініі, якія атрымліваюцца пры перасячэнні прамога кругавога конуса з плоскасцямі, што не праходзяць праз яго вяршыню. Пры розных становішчах сякучай плоскасці адносна конуса атрымліваюцца эліпс, парабала, гіпербала.

Калі ў плоскасці выбрана дэкартава сістэма каардынат, то кожнае з К.с. вызначаецца ўраўн. 2-й ступені: Ax​2 + 2Bxy + Cy​2 + 2Dx + 2Ey + F = 0. Наадварот, калі такое ўраўн. мае хоць адно сапраўднае рашэнне і левая частка ўраўн. не распадаецца на 2 лінейныя множнікі, то гэтае ўраўн. задае адно з К.с. Такім чынам, К.с. вызначаюцца яшчэ як крывыя 2-га парадку, якія не распадаюцца. К.с. пашыраны ў з’явах прыроды і ў розных галінах навукі. Напр., планеты сонечнай сістэмы і ШСЗ рухаюцца па эліпсах; траекторыя цела, кінутага нахілена да гарызонту, падобна на парабалу.

Да арт. Канічныя сячэнні: а — эліпс; б — парабала; в — гіпербала.

т. 7, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХМА́НЫ,

1) група вышэйшых кастаў у Індыі. У Стараж. Індыі — выканаўцы ахвярапрынашэнняў, знаўцы і тлумачальнікі Ведаў, адно з двух пануючых саслоўяў (варн). У перыяд феадалізму крыніца існавання брахманаў — служба ў апараце кіравання, судзе, землеўладанне.

2) Стараж.-інд. кнігі, якія належаць да літаратуры Ведаў. Створаны ў 8—6 ст. да н.э., уключаюць міфы і паданні, падрабязныя апісанні рытуалаў ведыйскай рэлігіі, звесткі па сац. і культ. гісторыі Стараж. Індыі.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НЦЕР, жак,

традыцыйная рыбалоўная снасць. Вядомая бел., рус. і інш. слав. народам. Венцер — сеткавы мяшок (куль) на абручах з адной або дзвюма перагародкамі (горламі) унутры. Рыба заплывала ў куль праз адтуліну ў горле. Да мяшка пры ўваходзе прывязвалі адно (аднакрылы венцер) ці два (двухкрылы венцер) сеткавыя крылы (нацягнутыя па вертыкалі на драўляныя планкі), што перагароджвалі шлях рыбе і накіроўвалі яе ў куль. У глухім канцы куль сцягваўся шнурком. Венцер устанаўліваўся ў вадаёме пры дапамозе калкоў. Аднакрылымі венцерамі лавілі рыбу пераважна ў азёрах, двухкрылымі — па цячэнні.

А.​І.​Браім.

Венцер двухкрылы.

т. 4, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎ (Іван Цімафеевіч) (6.7.1806, с. Глебава Гарадзішча Разанскай вобл., Расія — 22.11.1884),

рускі фізіёлаг і анатам. Скончыў Маскоўскую мед.-хірург. акадэмію (1830). З 1841 праф. гэтай акадэміі, з 1842 Маскоўскага ун-та, з 1857 Пецярбургскай мед.-хірург. акадэміі. Навук. працы па развіцці і прапагандзе эксперым. фізіялогіі ў Расіі, фізіялогіі апетыту і голаду, пра з’явы тармажэння ў нерв. сістэме. Увёў выкладанне мікраскапічнай анатоміі (1842). Правёў адно з першых палеагісталагічных даследаванняў маманта (1846).

т. 5, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЬЦЫ САТУ́РНА,

яркія плоскія канцэнтрычныя кольцы вакол планеты Сатурн, утвораныя мноствам цвёрдых ледзяных ці пакрытых лёдам цел, якія адбіваюць сонечнае святло. Цвёрдыя целы, што ўтвараюць К.С., маюць памеры ад некалькіх міліметраў да 15 м, рухаюцца па кругавых і эліптычных арбітах і пастаянна сутыкаюцца адно з адным. Таўшчыня К.С. 1,5 км, знешні дыяметр каля 250 тыс. км. У кольцах назіраюцца цёмныя шчыліны, самыя буйныя з якіх наз. шчылінамі Касіні і Эйнке.

т. 8, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)