ВІ́ЛЕНСКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ПАЎСТА́НЦКІ КАМІТЭ́Т, Галоўны камітэт, Польскі часовы ўрад у Літве,

орган паўстання 1830—31. Арганізаваны ў канцы 1830 — пач. 1831 для каардынацыі дзеянняў паўстанцаў на Беларусі і ў Літве. У к-т увайшлі пераважна кансерватары, якія выражалі інтарэсы заможнай шляхты: С.​Шумскі, М.Балінскі, А.​Гарэцкі, Л.​Замбжыцкі, Э.​Ромер, Ю.​Храбніцкі, Л.​Рагальскі, В.​Пяткевіч. К-т падтрымліваў сувязі з варшаўскім нар. урадам і пав. ўрадамі (к-тамі). Аднак ён не адыграў значнай ролі і па сутнасці не стаў кіруючым цэнтрам паўстання на Беларусі і ў Літве. Кансерватыўная частка адцягвала тэрмін паўстання, чакаючы дапамогі і загадаў ад варшаўскага ўрада. Бяздзейнасць к-та паскорыла разгром паўстання 1830—31 царскімі войскамі.

В.​В.​Швед.

т. 4, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЎРАД (Rząd Narodowy),

найвышэйшы орган выканаўчай улады на тэр. Польшчы ў час паўстанняў 19 ст. У час паўстання 1830—31 створаны сеймам (30.1.1831) у складзе: А.Чартарыйскі (старшыня), С.​Бажыкоўскі, В.​Немаёўскі, Т.​Мараўскі, Х.Лялевель. Н.ў. падпарадкоўваліся прызначаныя ім і адказныя перад сенатам міністры. У выніку нар. выступленняў у Варшаве 15.8.1831 Н.ў. скінуты, сейм перадаў дыктатарскую ўладу Я.​Крукавецкаму як старшыні Савета міністраў. З 7 вер. і да канца паўстання функцыі старшыні ўрада выконваў Б.​Немаёўскі. У час Кракаўскага паўстання 1846 22 лют. створаны Н.ў., у які ўвайшлі Л.​Гажкоўскі, Я.​Тысоўскі, А.​Гжэгажэўскі. Урад скінуты праз 2 дні пасля абвяшчэння дыктатуры Тысоўскага. У час паўстання 1863—64 канспіратыўны орган «чырвоных» Цэнтральны нац. к-т 22.1.1863 абвясціў сябе Часовым Н.у., пасля далучэння да паўстання «белых» 10.5.1863 меў фармальную назву Н.ў. Яго склад мяняўся ў залежнасці ад вынікаў барацьбы паміж «чырвонымі» і «белымі». З 17.10.1863 і да арышту (11.4.1864) адзіным членам Н.ў. быў Р.Траўгут, якому належала неабмежаваная ўлада.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Залескі А. І. (удзельнік паўстання 1863—64) 4/481—482; 6/407

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСЛАВУ́Х (Фелікс Аўгусцінавіч) (23.9.1833, Рэчыцкі пав. Мінскай губ. — ?),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве. З 1856 вучыўся ў Маскоўскім, з 1858 у Кіеўскім ун-тах. У 1861 праходзіў вайск. падрыхтоўку ў польск. ваен. школе ў Італіі. Прыхільнік партыі «чырвоных». У пач. паўстання паводле загаду Літ. правінцыяльнага к-та на чале атрада вёў баявыя дзеянні ў Свянцянскім і Ашмянскім пав. 15.2.1863 яго атрад разбіты непадалёку ад мяст. Солы. З канца мая 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Трокскага пав., аб’ядноўваў дзеянні 3 атрадаў. Некалькі месяцаў вёў партыз. барацьбу супраць царскіх карнікаў на Віленшчыне, быў паранены. Паводле некат. звестак, у апошні перыяд паўстання кіраўнік паўстанцкіх узбр. сіл усёй Віленскай губ. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў. У 1869 жыў у Парыжы.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 4, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСЯЛО́ЎСКІ (Юзаф) (1728—8.3.1814),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Пасол на соймы 1756, 1764, 1766, падкаморы навагрудскі, чашнік ВКЛ у 1765, навагрудскі кашталян у 1765—73 і ваявода з 1773, член Скарбовай і Вайсковай камісій ВКЛ, старшыня Вайсковай камісіі абодвух народаў у час вайны 1792 з Расіяй, член Пастаяннай рады. Паліт. праціўнік падскарбія А.Тызенгаўза. Удзельнік падрыхтоўкі паўстання 1794. Віленскім актам паўстання 24.4.1794 прызначаны старшынёй Найвышэйшай літоўскай рады. Пасля яе роспуску старшыня скарбовага аддзела Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. Пасля задушэння паўстання амнісціраваны Кацярынай II, жыў у сваіх маёнтках (Новая Мыш, Варонча і інш.).

т. 11, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЦЕЛ (Юзаф) (20.9.1764—18.7.1810),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. З роду Катлоў, сын Т.​Коцела, генерал-маёра войск ВКЛ, старосты ашмянскага і Г.​Тышкевіч. Валодаў Гарадзілавам і Юзафполем у Ашмянскім пав., быў старостам больніцкім і яліцкім. Пасол ад Ашмянскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, прыхільнік Канстытуцыі 3 мая 1791. З пачаткам паўстання 1794 увайшоў у Найвышэйшую літоўскую раду, чл. Дэпутацыі публічнай бяспекі. 3.5.1794 рада абрала яго прадстаўніком пры камандуючым паўстанцкімі войскамі ВКЛ Я.Ясінскім. У маі 1794 пасланы радай да Т.​Касцюшкі, каб пераканаць паўстанцкія ўлады ў Варшаве ў лаяльнасці, што не прадухіліла роспуск рады. 8.6.1794 Найвышэйшая нацыянальная рада ў Варшаве прызначыла яго сваім упаўнаважаным у ВКЛ, 30.6.1794 Касцюшка ўвёў яго ў склад гэтай рады (намеснікам радцы). Належаў да памяркоўнага крыла паўстання, быў паліт. праціўнікам «якабінцаў», Ясінскага. Радыкальныя колы паўстання абвінавачвалі яго ў бяздзейнасці ў час штурму рас. войскамі Вільні, у нежаданні ўзбройваць сялян. Пасля падаўлення паўстання жыў у Венецыі, Парыжы, зблізіўся з радыкальнымі коламі эміграцыі. Пахаваны ў Беніцы (Маладзечанскі р-н).

т. 8, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕ́ЙДЭ (Аскар) (1837, г. Марыямпале, Літва — 20.8.1897),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 і яго гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т са ступенню канд. права (1858). З восені 1862 чл. Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Варшаве па падрыхтоўцы паўстання 1863—64. Прымыкаў да правага крыла «чырвоных», змагаўся з «сепаратызмам» К.Каліноўскага. Як камісар варшаўскага ўрада ў Літве і Беларусі ў ліп. 1863 прыехаў у Вільню, дзе 22.8.1863 арыштаваны. Выдаў многіх удзельнікаў паўстання. Аўтар запісак пра паўстанне (1866), у якіх ёсць звесткі пра Каліноўскага і яго акружэнне. У 1866 высланы на пасяленне ў Вяцкую губ., дзе і памёр.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Спартак,

правадыр паўстання рабоў у Старажытным Рыме.

т. 15, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРУ́Й,

кіраўнік паўстання бяднейшых слаёў насельніцтва ў 6 ст. ў Согдзе супраць мясц. арыстакратыі. Удзельнікі паўстання (вядома таксама як тыранія Абруя) захапілі г. Пайкенд. Многія прадстаўнікі вышэйшай знаці і купецтва ўцяклі ў Сямірэчча і папрасілі дапамогі ў правіцеля цюркаў Кара-Чурына, войскі якога разграмілі паўстанне каля 585. Абруй пакараны смерцю.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАШЭ́ВІЧ Іван, арганізатар і кіраўнік аднаго з найбольш буйных на Беларусі Давыд-Гарадоцкага паўстання 1648—50 у час антыфеадальнай вайны 1648—51. Быў войтам Давыд-Гарадка. У час паўстання выбраны палкоўнікам войска, якое складалася з некалькіх тысяч чалавек. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы больш як 2 гады кантралявалі ўсю тэр. Давыд-Гарадоцкай вол.

т. 2, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)