рачны маніторсав. Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях на Беларусі і Украіне на пач.Вял.Айч. вайны. Пабудаваны ў 1920 у г. Гданьск. Да 24.10.1939 наз. «Pinsk» («Пінск»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—25) і Пінскай (1926—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Паднятысав. маракамі са дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. З ліп. 1941 вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). Узарваны экіпажам 1.9.1941 каля в. Чэрні Кіеўскай вобл. ў сувязі з адступленнем сав. войск.
Літ.:
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАРА́Г»,
расійскі браняпалубны крэйсер 1-й Ціхаакіянскай эскадры, які вызначыўся на пач.рус.-японскай вайны 1904—05. Пабудаваны ў 1899 у Філадэльфіі (ЗША), дзейнічаў з 1901. Блакіраваны ў нейтральным карэйскім порце Чэмульпо (Інчхон), «Вараг» (камандзір — капітан 1-га рангу У.Ф.Руднеў) разам з кананерскай лодкай «Карэец» 9.2.1904 спрабаваў прарвацца ў Порт-Артур; у баі з эскадрай яп. контр-адмірала С.Урыу (6 крэйсераў, 8 мінаносцаў) патапіў мінаносец і пашкодзіў 2 крэйсеры. Затоплены экіпажам (з 570 маракоў загінулі 34 і паранены 188). У 1905 падняты і залічаны ў яп. флот як «Соя». У 1916 выкуплены рас. урадам і ўключаны ў склад Флатыліі Паўн. Ледавітага ак. У 1918 патануў у Ірландскім м. Імем «Вараг» ў 1965 названы ракетны крэйсер сав. Ціхаакіянскага флоту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ЦЕБСК»,
рачны манітор сав. Пінскай ваен. флатыліі, які вызначыўся ў абарончых баях на Беларусі і Украіне летам — восенню 1941 у Вял.Айч. вайну. Пабудаваны ў 1920 у Гданьску, прайшоў некалькі мадэрнізацый. Да 24.10.1939 наз. «Warszawa» («Варшава»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—22) і Пінскай (1922—39) флатылій ВФМ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу часцей Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Паднятысав. маракамі з дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. Вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска і в. Новая Беліца Светлагорскага р-на), Дзясне (каля г. Асцёр Чарнігаўскай вобл.), Дняпры (каля нас. пунктаў Дамантава і Сухалучча Кіеўскай вобл. і каля Кіева). Летам 1941 карабель прадстаўлены ваен. саветам Паўд.-Зах. фронту да ўзнагароды ордэнам Чырв. Сцяга. Узарваны экіпажам 18.9.1941 у сувязі з адыходам сав. часцей на У ад Дняпра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАРАДЗІ́ШЧА»
(«Horodyszcze»; з 1939 «Бабруйск»),
рачны манітор, які вызначыўся ў абарончых баях на Беларусі і Украіне летам 1941 у Вял.Айч. вайну. Пабудаваны ў 1920 у Гданьску пад назвай «Гарадзішча», прайшоў некалькі мадэрнізацый, уваходзіў у склад Віслінскай (1920—26) і Пінскай (1926—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены камандай у час паходу часцей Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь (1939). Пасля падняцця з дна Прыпяці сав. маракамі ўключаны ў склад Дняпроўскай ваен. флатыліі (1939—40), перайменаваны 24.10.1939 у «Бабруйск», затым у Пінскай ваен. флатыліі (1940—41). Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. У пач. вайны вёў баі на Прыпяці (у Давыд-Гарадку ноччу 11—12.7.1941 знішчыў да 200 ням.-фаш. салдат і афіцэраў, больш за 50 аўтамашын, 4 гарматы) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). 31.8.1941 патануў. Падняты 12.6.1944. Далейшы лёс карабля невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРБ ДЗЯРЖА́ЎНЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
сімвал дзярж. суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Быў устаноўлены Законам Рэспублікі Беларусь ад 19.9.1991. Эталон герба і Палажэнне аб ім зацверджаны Пастановай Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 10.12.1991. Уяўляў сабой узбр. конніка ў руху, які трымае ў правай руцэ гарызантальна падняты меч, у левай — шчыт з шасціканцовым залатым крыжам (гл. таксама «Пагоня»), Аўтары эталона герба У.Крукоўскі і Я.Кулік. Па выніках праведзенага 14.5.1995 рэсп. рэферэндуму, адным з пытанняў якога было ўстанаўленне новых Герба дзяржаўнага і Сцяга дзяржаўнага Рэспублікі Беларусь, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7.6.1995 зацверджаны новы эталон герба і Палажэнне аб ім. Уяўляе сабой геагр. контур Рэспублікі Беларусь у прамянях сонца над зямным шарам. Зверху пяціканцовая чырв. зорка. Выяву абрамляе вянок з каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева — лёну. Каласы абвіты чырвона-зялёнай стружкай, на якой надпіс золатам: «Рэспубліка Беларусь».
Літ.:
Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь. 2 выд.Мн., 1994;
Дзяржаўны герб і Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКАЕ ВО́ЗЕРА, Лепель,
у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ула (выцякае з возера), на паўн. ускраіне г. Лепель. Пл. 10,18 км², даўж. 7,6 км, найб.шыр. больш за 2 км, найб.глыб. 33,7 м, даўж. берагавой лініі 39,6 км. Пл. вадазбору 1280 км². Катлавіна падзяляецца на З часткі, якія маюць мясц. назвы: паўн. — Кусцінскае воз. (глыб. 23 м), паўд. — Гарадское воз. (глыб. 19,5 м), усх. — Белае воз. (глыб. 33,7 м). Схілы катлавіны на Пд і ПдУ і месцамі на Звыш. да 25 м, з асыпкамі і апоўзнямі, месцамі задзернаваныя; астатнія выш. каля 10 м, над пасевамі, на У пад лесам. Шмат заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, задзернаваныя, месцамі пад хмызняком, на Пд і ПдУ зліваюцца са схіламі, месцамі абразійныя. У 1958, калі на р. Ула пабудавана Лепельская ГЭС, узровень возера падняты прыкладна на 4 м, што істотна змяніла яго гідралагічны рэжым і канфігурацыю берагавой лініі. Падводная ч. катлавіны ўскладнена шматлікімі мелямі на месцы былых астравоў і ўпадзінамі. Дно да глыб. 7—7,5 м выслана пяскамі, глыбей — сапрапелямі. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці да 300 м. Упадаюць рэкі Эса (на Пд) і Зеха (на Пн). Выкарыстоўваецца для адпачынку і ў аздараўленчых мэтах (на беразе дзіцячы санаторый).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІУ́Э (Niue),
уладанне Новай Зеландыі на аднайм. востраве ў паўд.ч. Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 262,6 км². Нас. 1,8 тыс.чал. (1995); жывуць ніуэанцы, або ніуэ — адзін з палінезійскіх народаў. Афіц. мова — англійская, але большасць жыхароў карыстаецца мясц. мовай. Вернікі пераважна пратэстанты. Насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы, рыбалоўстве, абслугоўванні турыстаў. Значная эміграцыя ў Новую Зеландыю. Адм. ц. і порт — пасёлак Алофі. В-аў Н. — каралавага паходжання, падняты атол. Паверхня плоская, найб.выш. 66 м. Клімат трапічны, гарачы. Сярэднямесячныя т-ры каля 24 °C, выпадае 2200 мм ападкаў за год. Каля 5,4 тыс.га занята лесам з каштоўнымі пародамі дрэў, астатняя тэр. пад пасадкамі какосавай пальмы і лімонаў, палямі і агародамі (ямс, тара, батат, бананы, агародніна, вострапрыпраўныя расліны), лугамі і пашай. Жывёлагадоўля (свінні, козы). Птушкагадоўля. Пчалярства. Рыбалоўства. Прадпрыемствы харч. прам-сці і па перапрацоўцы какосавых арэхаў. Саматужныя маст. промыслы (цыноўкі, капелюшы, сумкі і інш.). Абслугоўванне турыстаў (пераважна з Новай Зеландыі). Марскія і авіяц. сувязі з Новай Зеландыяй. Аэрапорт. Аснова экспарту — копра, лімоны, драўніна, вострапрыпраўныя расліны, бананы, маст. вырабы, мёд. Востраў атрымлівае фін. дапамогу ад Новай Зеландыі. Грашовая адзінка — новазеландскі долар.
Востраў заселены палінезійцамі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Адкрыты брыт. мараплаўцам Дж.Кукам у 1774. У 1900 абвешчаны пратэктаратам Вялікабрытаніі, з 1901 пад кіраваннем Новай Зеландыі. У 1901—03 — частка пратэктарата Астравы Кука, з 1903 асобнае ўладанне. У 1966 створана Заканад. асамблея, якая выбіраецца ўсеагульным галасаваннем. З 1974 мае статус «самакіравальная тэрыторыя ў свабоднай асацыяцыі» з Новай Зеландыяй, якая пакінула за сабой пытанні знешніх зносін і абароны Н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВА-КУ́ПАЛЬНЫ ХРАМ,
тып хрысціянскага храма. Узнік у 6 ст., канчаткова сфарміраваўся ў 9—12 ст. у Візантыі. У класічным варыянце мае 4 злучаныя аркамі верт. апоры, на якія з дапамогай ветразяў апіраецца барабан, перакрыты купалам. Прасторавыя ячэйкі паміж апорамі і сценамі размешчаны па ўзаемна перпендыкулярных восях, перакрываюцца паўцыркульнымі і крыжападобнымі скляпеннямі. Вуглавыя ячэйкі перакрываюцца больш нізкімі скляпеннямі ці купаламі. Гэта ўстойлівая сістэма ўзаемазвязаных прасторавых ячэек абумоўлівае стройную кампазіцыю храма. Гал. ролю ў ёй адыгрывае цэнтр. купал, высока падняты на барабане. Ярусам ніжэй размяшчаюцца скляпеністыя рукавы крыжа, яшчэ ніжэй — вуглавыя памяшканні. Арх. аблічча стварае пластычная выразнасць масіўных сцен і апор. У кампазіцыю інтэр’ера з вял. паверхнямі сцен і скляпенняў арганічна ўваходзіла храмавая размалёўка. У бел. культавай архітэктуры ў залежнасці ад форм крыжа (падоўжаны лац. ці роўнаканцовы грэчаскі) адчуваецца зах.-еўрап. ці грэка-візант. ўплыў. Храмы ў верхнім сячэнні накшталт грэч. крыжа паявіліся ў 11 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку і інш.). Пазней гэты тып выкарыстоўваўся пры буд-ве правасл. драўляных сабораў (Богаяўленскі сабор Куцеінскага манастыра ў Оршы, Троіцкі сабор Маркава манастыра ў Віцебску). У 16—18 ст. у архітэктуры барока пашырыўся тып К.-к.х. з базілікальнай структурай (з планам у верхнім сячэнні накшталт лац. крыжа), які выкарыстоўваўся пры буд-ве найб. значных культавых пабудоў усіх кірункаў хрысц. веравызнання на Беларусі (касцёлы езуітаў у Нясвіжы, Гродне, Полацку, саборы Жыровіцкага і Быценскага уніяцкіх манастыроў, правасл. храмы Магілёва), а таксама ў драўляным дойлідстве (сабор Ляшчынскага манастыра ў Пінску, Ільінская царква ў Віцебску). Прыклады К.-к.х. перыяду класіцызму — Іосіфаўскі сабор у Магілёве, Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, драўляная Троіцкая царква ў г. Ельск Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІНСК»,
1) лідэр эскадраных мінаносцаў Балт. флоту, экіпаж якога вызначыўся ў Вял.Айч. вайну. Пабудаваны ў 1934—39 на Балт. з-дзе ў Ленінградзе; спушчаны на ваду ў 1935 у прысутнасці дэлегацыі з Мінска, якая ўзяла шэфства над караблём. Меў на ўзбраенні гарматы розных калібраў, зеніткі, кулямёты, тарпедныя апараты, бомбакідальнікі, міны; экіпаж 343 чал. Удзельнічаў у баях у сав.-фінл. вайну 1939—40, у абароне Таліна ў пач.Вял.Айч. вайны. 28—29.8.1941 пры прарыве караблёў Балт. флоту з Таліна ў Кранштат быў флагманскім караблём атрада прыкрыцця, адбіў некалькі атак герм. тарпедных катэраў, падарваўся на міне, але экіпаж ліквідаваў пашкоджанні і дайшоў да Кранштата. 23.9.1941 патоплены ням. авіяцыяй. У 1942 падняты і зноў уведзены ў строй. З 1959 быў вучэбным караблём.
2) Былы авіянясучы процілодачны крэйсер Ціхаакіянскага флоту, адзін з найбуйнейшых сав. баявых караблёў. Пабудаваны на верфі ў г. Мікалаеў (Украіна), уступіў у строй у 1978.
Меў на ўзбраенні 21 карабельны верталёт, 12 самалётаў-штурмавікоў з верт. узлётам і пасадкай, процікарабельныя і зенітныя ракеты, водазмяшчэнне каля 40 тыс.т, экіпаж каля 1 тыс.чал. (разам з лётным персаналам; значную ч. экіпажа складалі ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Мінска). З сак. 1989 у рамонце.
У 1993 карабель выключаны са складу флоту, потым з яго знята баявое і навігацыйнае абсталяванне, у 1999 ён прададзены Расіяй Кітаю. Былі аднатыпныя з «М.» крэйсеры «Кіеў» (на Паўн. флоце) і «Новарасійск» (на Чарнаморскім флоце). Іл.гл. пры арт.Крэйсер.
Літ.:
Розанов М. Лидер «Минск»: (Материалы к истории лидера «Минск» эскадры КБФ). Таллин, 1946;
Тыцких В. На крейсере «Минск»: Заметки из дальнего похода // Звезда. 1985. №5;
Полюхов А. Авианосный металлолом // Новое время. 1993. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІТО́Р (англ. monitor),
клас нізкабортных браніраваных ваен. караблёў з малой асадкай, прызначаных для нанясення артыл. удараў па берагавых аб’ектах праціўніка, знішчэння яго караблёў у прыбярэжных раёнах мора і на рэках.
Назва ад аднайм. карабля, пабудаванага ў пач.грамадз. вайны 1861—65 у ЗША Пазней падобныя марскія М. з’явіліся ў Вялікабрытаніі, Расіі, Францыі і інш. З канца 19 ст. яны замяняліся браняносцамі берагавой абароны, з пач. 20 ст. — лінейнымі караблямі. Рачныя М. (будаваліся з канца 1860-х г., упершыню з’явіліся на Дунаі) выкарыстоўваліся для артыл. падтрымкі сухап. войск, высадкі дэсанта, аховы ўласных і парушэння варожых рачных камунікацый. У СССР (Кіеў) у 1934—37 пабудаваны 7 рачных М., у т. л.«Жалезнякоў», для Дняпроўскай ваеннай флатыліі (ДВФ; з 1940 частка ў Дунайскай флатыліі). Буд-ва марскіх і рачных М. спынена пасля 2-й сусв. вайны.
З вясны 1922 у Пінску (Зах. Беларусь), дзе пасля польска-сав. вайны 1919—20 была адноўлена польск. Пінская флатылія (ПФ), базіраваліся рачныя М. «Мазыр» (у 1923 перайменаваны ў «Торунь») і «Варшава», з 1926 (пасля расфарміравання польск. Віслінскай флатыліі) — М. «Пінск» і «Гарадзішча». Яны пабудаваны ў 1920 у Данцыгу (Гданьску, у гіст. л-ры часам наз. «гданьскія М.»). У 1924—26 у Кракаве для ПФ пабудаваны і больш лёгкія М. «Кракаў» і «Вільна». 17—21.9.1939 у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь усе М. затоплены («Вільна» сеў на мель на Прыпяці і 18 вер. ўзарваны экіпажам). У вер.—кастр. 1939 караблі падняты і адрамантаваны сав. маракамі. Пасля пераўзбраення і перайменавання («Варшава» ў «Віцебск», «Гарадзішча» ў «Бабруйск», «Торунь» у «Вінніцу», «Кракаў» у «Смаленск», «Пінск» у «Жытомір») яны ўключаны ў ДВФ з гал. базай у Пінску, а пасля расфарміравання флатыліі (чэрв. 1940) — у Пінскую ваенную флатылію. Летам—восенню 1941 у ходзе абарончых баёў на Прыпяці, Бярэзіне, Дняпры М. знішчаны.
Літ.:
Павлович Р. Пинские мониторы // Армия. 1998. № 3;
Яго ж. Мониторы польской Пинской флотилии: история и судьба // Старонкі ваеннай гісторыі Беларусі. Мн., 1998. Вып. 2.