польскі празаік і публіцыст. У 1927—31 вучыўся ў Варшаўскім ун-це. Першае апавяданне «Хлусня» (1932). Вядомасць прынесла аповесць «Лад сэрца» (1938). У зб.апавяд. «Ноч» (1945) адлюстраваў жыццё суайчыннікаў у час ням. акупацыі. Раман «Попел і дыямент» (1948; экранізацыя А.Вайды, 1958) пра супярэчлівую грамадска-паліт. і маральную атмасферу ў пасляваеннай Польшчы. У метафарычных аповесцях «Цемра ахінае зямлю» (1957), «Брама раю» (1960) праблемы быцця чалавека ў складанай гіст. плыні часу, пошукі справядлівасці, веры, сэнсу існавання. У аповесці «Ужо амаль нічога» (1976) даследуе душэўны стан і памкненні мастака, у аповесці «Ніхто» (1983) праз міфалагічную прызму спрабуе асэнсаваць месца і прызначэнне чалавека ў Сусвеце. Яго творам уласцівы філасафічнасць, нетрадыцыйнае светаўспрамынне, экзістэнцыяльная праблематыка.
Тв.:
Popiół i diament. Warszawa, 1964;
Trzy opowieści: Ciemnści kryją ziemię. Bramy raju. Idzie skacząc po górach. Warszawa, 1973: Nikt. Warszawa, 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАНЕ́ЎСКІ (Даманоўскі) Язэп
(2-я пал. 16 ст. — 1-я пал. 17 ст.),
бел. мысліцель і гуманіст, паэт эпохі позняга Адраджэння і барока. Сын Ф.Даманеўскага. З пазіцый сацыніянства (гл.Сацыніяне) удзельнічаў у 1594 у Навагрудку ў дыспуце з філосафам-схаластам М.Сміглецкім пра спрадвечнасць Хрыста. У канцы 1590-х г. схіляўся да атэізму, адмаўляў бессмяротнасць душы, існаванне замагільнага свету, за што быў выключаны з сацыніянскай абшчыны. Займаўся паэт. творчасцю, пісаў на польск. і лац. мовах. Свае філас.-этычныя погляды адлюстраваў у вершаваных творах «Жыццё сельскае і гарадское», «Перасцярога і заахвочванне тым, хто многа гаворыць і думае, але нічога не робіць», «Суцяшэнне тым, каму мужы перашкаджаюць паводзіць сябе з годнасцю», «Некаторыя эмблемы», «Афарызмы Саламона ў паэтычным выкладанні» і інш. (1620—23). Апяваў працавітасць, памяркоўнасць, сумленнасць, імкненне да ведаў, чалавечы розум. Ідэалізаваў вясковае жыццё як увасабленне «натуральнага стану» чалавека. Каларытна апісаў жыццё бел. горада пач. 17 ст.
Літ.:
Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ВІН (Барыс Міхайлавіч) (29.6.1914, г. Віцебск — 22.11.1990),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Бел. студыю пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). У 1931—38 працаваў у Віцебскім ТРАМе, БДТ-3, Бел. т-ры юнага гледача імя Крупскай, у 1938—83 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Выканаўца вострахарактарных і камед. роляў. Валодаў майстэрствам стварэння падкрэслена вонкавага малюнка ролі з выкарыстаннем розных камед. сродкаў (гратэск, буфанада і інш.). Найб. значныя ролі ў т-ры імя Я.Коласа ў нац. драматургіі: Паніч («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), пан Бараноўскі («Несцерка» В.Вольскага), Рабінін («Святло з Усходу» П.Глебкі), Дзед («Зацюканы апостал» А.Макаёнка), Альховік («Трывога» А.Петрашкевіча). Сярод інш. роляў: Карэнін («Жывы труп» Л.Талстога), князь Валкоўскі («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), Прапацей і Бабаедаў («Ягор Булычоў і іншыя» і «Ворагі» М.Горкага), герцаг Албанскі і Кісель («Кароль Лір» і «Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Вурм («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Благое («Докгар філасофіі» Б.Нушыча) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НСКІ (сапр.Вервіцыёці) Аляксандр Паўлавіч
(13.10.1847, Кішынёў — 26.10.1908),
расійскі акцёр, рэжысёр, педагог і тэарэтык т-ра. На прафес. сцэне з 1865. У 1876—1908 у маскоўскім Малым т-ры (у 1882—84 у Александрынскім т-ры). З 1888 выкладаў у Маскоўскім тэатр. вучылішчы. Адзін з заснавальнікаў Новага т-ра (філіял Малога т-ра), у 1898—1903 узначальваў у ім драм. трупу. Імкнуўся да перадачы рэаліст. шматграннасці і гіст. дакладнасці характарыстыкі персанажа, да спалучэння творчага натхнення з высокай сцэн. тэхнікай. Сярод роляў: Петручыо, Гамлет, Атэла, Бенядзікт («Утаймаванне свавольніцы», «Гамлет», «Атэла», «Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Урыэль Акоста («Урыэль Акоста» К.Гуцкава), Чацкі і Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Паратаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Сталбцоў, Дзямурын («Новая справа» і «Цана жыцця» У.Неміровіча-Данчанкі). У Новым т-ры паставіў спектаклі: «Рэвізор» М.Гогаля, «Казьма Захар’іч Мінін-Сухарук» і «Снягурка» Астроўскага; у Малым т-ры — «Рамэо і Джульета», «Бура» Шэкспіра, «Без віны вінаватыя» Астроўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКІНА (Галіна Пятроўна) (23.11.1931, г. Варонеж, Расія — 27.10.1985),
бел. актрыса. Дачка П.А.Маркіна. Нар. арт.
Беларусі (1976). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1956, педагог Дз.Арлоў) і адначасова Варонежскі ун-т. З 1956 працавала ў Брэсцкім абл.драм. т-ры, з 1959 у Бел. т-ры імя Я.Купалы, з 1961 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Яе майстэрству былі ўласцівы высокая акцёрская тэхніка, глыбокае спасціжэнне аўтарскай задумы, выразны пластычны малюнак. Сярод роляў: Маці («Зацюканы апостал» А.Макаёнка), Зубрыч («Трывога» А.Петрашкевіча), Зося Савіч, Яўгенія, Марозава («Сэрца на далоні», «Выгнанне блудніцы», «Крыніцы» паводле І.Шамякіна), Корзун («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Соф’я, Варвара («Зыкавы», «Дачнікі» М.Горкага), Анісся («Улада цемры» Л.Талстога), Зана («Ветрык, вей!» Я.Райніса), Кузькіна («Энергічныя людзі» В.Шукшына), Беатрычэ, Ганерылья («Многа шуму з нічога», «Кароль Лір» У.Шэкспіра), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), матухна Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта). Выступала ў друку з артыкуламі пра акцёрскае майстэрства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РКЛІ ((Berkeley) Джордж) (12.3.1685, г. Кілкені, Ірландыя — 14.1.1753),
англійскі тэолаг і філосаф. Атрымаў адукацыю ў Дублінскім ун-це. З 1734 епіскап англіканскай царквы ў Клойне (Ірландыя). Паводле яго вучэння, усе прадметы аб’ектыўнай рэальнасці існуюць толькі таму, што ўспрымаюцца суб’ектам; наогул няма нічога, што рэальна існуе, акрамя субстанцыі духу, душы і «майго Я». Выступаў з крытыкай атэізму, уяўлення аб матэрыі як прадметнай аснове (субстанцыі) целаў і іх якасцяў, а таксама вучэння Дж.Лока і Ньютана аб матэрыі і прасторы. Лічыў немагчымым утварыць агульныя ідэі прасторы і матэрыі, абстрагаваўшыся ад уласцівасцяў асобных рэчаў, паколькі ў чалавека няма пачуццёвага ўспрымання матэрыі. Зыходзячы з канцэпцыі суб’ектыўнага ідэалізму сцвярджаў, што нават калі б усе суб’екты ўспрымання зніклі, рэч працягвала б існаваць як сума «ідэй» у розуме Бога — суб’екта, які не можа знікнуць, і таму не можа знікнуць і створаны ім свет зорак, планет і Зямля з усім, што існуе на ёй. Асн. працы: «Спроба новай тэорыі погляду» (1709), «Трактат пра пачаткі чалавечых ведаў» (1710), «Тры размовы паміж Гіласам і Філонусам» (1713), «Алсіфрон, ці Дробны філосаф» (т. 1—2, 1732) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЙКА (Уладзімір Андрэевіч) (9.4.1932, Мінск — 2.4.1996),
бел. мастацтвазнавец, літаратурны крытык, паэт, мастак. Скончыў БДУ (1955). У 1956—93 працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Родная прырода». Аўтар кніг пра выяўл. мастацтва, літ. партрэтаў мастакоў А.Глебава, В.Грамыкі, А.Кашкурэвіча, М.Савіцкага, У.Стальмашонка, А.Тычыны, пісьменніка А.Адамовіча і інш. У 1970—90-я г. аўтар і вядучы радыёцыкла «Выхавай у сабе прыгожае», тэлевізійнага цыкла «Роздум», тэлевізійных партрэтаў А.Бембеля, С.Катковай і інш. Сцэнарыст фільмаў «Паэзія графікі» (1971), «Прафесар прыгажосці» (1972, з А.Белавусавым), «Мастак Арлен Кашкурэвіч» (1976), «Васіль Быкаў. Праўдай адзінай» (1992). Аформіў і праілюстраваў літ.-маст. і навук. выданні: «Шляхі вялі праз Беларусь» В.Грыцкевіча і А.Мальдзіса (1980), «Народ і вайна» М.Тычыны (1985), Збор твораў у 5 тамах З.Бядулі (1985—89), «Нічога важней» (1987) і Выбраныя творы ў 4 тамах (т. 1, 1995) А.Адамовіча, і інш. Акварэлі, манатыпіі, малюнкі, калажы ўтвараюць цыклы «Міншчына», «Вільня», «Рыбачае (Крым)», «Калабрыйскія імгненні (Італія)» і інш.
Тв.:
Маўклівая размова. Мн., 1964;
Глебаў А.К. Мн., 1974;
Беларуская палітра дваццатага стагоддзя: Эцюды. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУШЭ́Ц (Tetrao urogallus),
птушка сям. цецеруковых атр. курападобных. 2 падвіды. Пашыраны ў лясах Еўразіі. На Беларусі нешматлікі аселы від. Водзіцца ў хваёвых і мяшаных сухадольных лясах, радзей — на мохавых балотах Бел. Паазер’я, Прыпяцкага Палесся, у Белавежскай пушчы. Нар. назва на Палессі когут. У Бярэзінскім і Дарвінскім запаведніках вывучаецца вальернае ўтрыманне і развядзенне ў няволі.
Самы буйны з баравой дзічыны. Даўж. самцоў да 110 см, маса да 6,5 кг, самкі ўдвая меншыя. У самцоў верх галавы, шыя, спіна шэрыя з цёмным малюнкам, крылы карычнева-бурыя, валлё чорнае з метал. бляскам, брушка цёмнае з буйнымі белымі плямамі. Мае доўгае пер’е на падбародку і гарляку. Самка стракатая: буравата-рыжая з чорнымі пярэсцінкамі. Палігам. Вясной глушцы збіраюцца на шлюбныя гульні, самцы пяюць, б’юцца паміж сабой (такуюць). У час спеваў («скіркання») глушэц нічога не чуе (адсюль назва). Гняздуецца на зямлі. Нясе 5—10 (зрэдку да 12) яец. Корміцца ігліцай хвоі, елкі, ягадамі, кветкамі, пупышкамі, насякомымі. Каштоўны прамысл. від. Колькасць скарачаецца, у шэрагу месцаў, у т. л. на Беларусі, пад аховай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЕШ ((Illyés) Дзьюла) (2.11.1902, г. Мадзвяратад, Венгрыя — 15.4.1983),
венгерскі пісьменнік. У 1919—26 у эміграцыі. Вучыўся ў Сарбоне (Францыя). Як паэт пачынаў пад уплывам экспрэсіянізму і сюррэалізму, паступова пераходзячы да рэаліст. метаду. У 1950—60-я г. ў яго паэзіі ўзмацніліся экзістэнцыялісцкія тэндэнцыі. У творах І. праблемы нац. памяці, узаемадачынення гісторыі і сучаснасці, асобы і ўлады, індывід. і нар. быцця: паэт.зб-кі «Цяжкая зямля» (1928), «Скошаныя шэрагі» (1930), «Пад лятучымі нябёсамі» (1935), «Гармонія сярод руін» (1937), «Гледзячы ў вочы» (1947), «Поціскі рук» (1956), «Нахілены ветразь» (1965), «Незакончаныя вершы» (1971), «Дзіўны тэстамент» (1977), шматлікія паэмы. Аўтар раманаў «Людзі пушты» (1936), «У ладдзі Харона, або Сімптомы старасці» (1969), «Пажы Беатрычэ» (1979); драм «Псіхааналітык» (1948), «Прыклад Азоры», «Полымя паходні» (абедзве 1952), «Фаварыт» (1963), «Чыстыя» (1969), «Усё ці нічога, або Два жыцці ці ніводнага» (1974) і інш.; дарожных нататак «Расія» (1935), біягр.кн. «Пецёфі» (1936), крытычных артыкулаў і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Петёфи. М., 1972;
Избранное. М., 1975;
Избр. лирика. М., 1979;
Пьесы. М., 1982.
Літ.:
Россиянов О.К. Реализм в новой венгерской прозе, 60—70-е гг. XX века. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХАРЭ́ВІЧ (Марыя Георгіеўна) (н. 28.11.1936, в. Навасёлкі Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1977). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1957, курс К.Саннікава). Працуе ў Нац. т-ры імя Я. Купалы. Актрыса яркаакрэсленага лірыка-драм. плана. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца логікай унутр. жыцця, душэўнай прыгажосцю, шчодрасцю, чысцінёй. Па-мастацку пераканаўча з творчым асэнсаваннем драматургічнага матэрыялу выканала ролі ў нац. рэпертуары: Ганны («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Зосі Савіч («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Наталлі Фадзееўны («І змоўклі птушкі» І.Шамякіна), Ганны («Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава), Паліны Іванаўны («Апошні шанц» В.Быкава), Галі Жураўкі («Пакуль вы маладыя» І.Мележа), Ганулі Зношчыхі, Альжбеты («Тутэйшыя», «Паўлінка» Я.Купалы); а таксама ў творах сав., рас., замежнай драматургіі: Камісара («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Браент («Праўду! Нічога, акрамя праўды!!!» Д. Аля), Танкабіке («У ноч зацьмення месяца» М. Карыма), Варвары, Гурмыжскай («Навальніца», «Лес» А.Астроўскага), Незнаёмай («Безыменная зорка» М.Себасцьяна), Алены («Дзеці сонца» М.Горкага), Марыі («Закон вечнасці» Н.Думбадзе). Знялася ў кінафільмах «Чужая бацькаўшчына», «Я, Францыск Скрына», «Людзі на балоце», «Нядзельная ноч», тэлефільмах «Руіны страляюць», «Тартак», «Ясь і Яніна», «Хам» і інш. Удзельнічае ў тэлепастаноўках і радыёспектаклях («Рыбакова хата» паводле Я.Коласа і «Хамуціус» А.Куляшова), Дзярж. прэмія Беларусі 1984.