І́ХАРА Сайкаку (сапр.Хіраяма Тога; 1642, г. Осака, Японія — 10.8.1693),
японскі пісьменнік. Паэт.зб-кі «Тысяча строф хайкай, складзеных у адзіноце на працягу аднаго дня» (1675), «Вялікае мноства строф хайкай» (1677) напісаны ў жанры жартоўнага рэнга, вылучаюцца прастатой паэт. імправізацыі. Першы ў яп. л-ры адлюстраваў жыццё горада: раманы «Гісторыя любоўных прыгод адзінокага мужчыны» (1682), «Гісторыя любоўных прыгод адзінокай жанчыны» (1686), зб. навел «Апавяданні Сайкаку з усіх правінцый» (1685), у якіх сцвярджаецца свабода асобы і неабходнасць саслоўнай роўнасці. Узбагаціў яп.літ. мову — увёў гутарковы, прастамоўны элемент насуперак строгай упарадкаванасці і іерархічнасці сярэдневяковай традыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІКО́Н (лац. Rubico),
рака, якая сцякала са схілаў Апенін і ўпадала ў Адрыятычнае м. на Пн ад г. Арымін (цяпер г. Рыміні). Да 42 да н.э. па Р. праходзіла мяжа паміж Італіяй і рым. правінцыяй Цызальпінская Галія. Атрымала вядомасць пасля таго, як 10.1.49 да н.э. Юлій Цэзарнасуперак закону (як праконсул мог узначальваць войска толькі па-за межамі Італіі) перайшоў цераз Р. і пачаў гэтым грамадз. вайну. Адсюль крылаты выраз «перайсці Р.» — прыняць беспаваротнае рашэнне. Дакладная ідэнтыфікацыя Р. з якой-н. з сучасных рэчак ускладнена тым, што з часоў антычнасці напрамкі цячэння рэк у гэтай мясцовасці значна змяніліся. У 1932 р. Ф’юмічына афіц. атрымала назву Рубікон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВЯШЧЭ́ННАЯ ЛІ́ГА» 1684—98, саюз Аўстрыі, Рэчы Паспалітай, Венецыі, некаторых германскіх княстваў, пры актыўным удзеле рым. курыі, накіраваны супраць Турцыі. У 1686 да «С.л.» далучылася Расія, якая перад тым заключыла «Вечны мір» 1686 з Рэччу Паспалітай з умовай сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крыма. Выконваючы саюзніцкія абавязацельствы, Расія здзейсніла паходы сваёй арміі ў 1687 і 1689 супраць Крымскага ханства і ў 1695 і 1696 на Азоў, чым адцягнула значную частку тур. сіл з інш. напрамкаў дзеянняў супраць войск лігі. Аднак саюзнікі, баючыся ўзмацнення Расіі на ўзбярэжжы Чорнага м. і выхаду яе ў паўд. моры, не былі зацікаўлены ў моцы «С.л.». Таму яна, насуперак пажаданням Расіі, канчаткова распалася ў ходзе Карлавіцкага кангрэса 1698—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕСНЬ НА БО́ЖЫ ЧАС»,
«Паўстанцкая песня», бел. агітацыйны вершаваны твор перыяду паўстання 1863—64. Магчыма, напісаны Ф.Ражанскім. Надрукаваны лацінкай у падп. друкарні ў выглядзе лістоўкі; распаўсюджваўся таксама ў рукапісе. Задуманы як масавая песня, мае памету «На матыў: I шуміць, і гудзіць». Складаецца з 24 радкоў; у творы выкарыстоўваюцца традыц. для фалькл. песеннай паэтыкі воклічы і паўторы, у змесце прасочваецца ўплыў ідэй К.Каліноўскага. Насуперак пашыраным тады ў вызв. руху салідарысцкім тэндэнцыям «П.п.» заклікала да барацьбы не толькі з царызмам, але і з памешчыкамі. Твор прасякнуты гіст. аптымізмам, верай у бязмежныя сілы ўзбр. народа, у шчаслівы зыход паўстання.
Публ.:
У кн. — Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971.
Літ.:
Кісялёў Г. Стары сшытак // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́ (Gary) Рамэн [другі псеўд.Ажар
(Ajar) Эміль; сапр.Касеў (Kassew) Раман; 8.5.1914, Вільня — 2.12.1980], французскі пісьменнік расійскага паходжання. У Францыі жыў з 1927. Атрымаў вышэйшую юрыд. адукацыю. З 1945 на дыпламат. службе. Аўтар раманаў «Еўрапейскае выхаванне» (1945),
«Карані неба» (1956, Ганкураўская прэмія 1956), трылогіі «Амерыканская камедыя» (1966—69), цыкла «Браты Акіян» (1965—68), «Паветраныя змеі» (1980), эсэ «Жыцё і смерць Эміля Ажара» (апубл. ў 1981). Пад імем Э.Ажара апублікаваў раманы «Галубок» (1974), «Жыццё наперадзе» (1975, Ганкураўская прэмія 1975, экранізаваны ў 1978), «Трывога цара Саламона» (1979). Насуперак правілам атрымаў Ганкураўскую прэмію двойчы як два розныя пісьменнікі (містыфікацыя раскрылася толькі пасля яго смерці). Перавагу аддаваў экзістэнцыяльнай праблематыцы. Творы Гары адметныя глыбокім псіхалагізмам, спалучэннем трагізму і тонкага гумару, канкрэтна-рэальнага і ўмоўнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБІЗО́НСКАЯ ШКО́ЛА,
група франц. жывапісцаў — майстроў рэаліст. пейзажа 1830—60-х г. Назва ад вёскі Барбізон каля Фантэнбло, дзе працавалі мастакі гэтай групы (Т.Русо, Ж.Дзюпрэ, Н.Дзіяз, Ш.Ф.Дабіньі, К.Труаён, Ш.Жак, Р.Банёр і інш.).
Аснова іх метаду — пейзаж з натуры. Насуперакакад. тэорыям яны адлюстроўвалі не мясціны, слынныя прыгажосцю, а звычайныя куткі роднага краю ў розныя поры года і сутак. Распрацавалі методыку танальнага жывапісу тонкімі валёрамі, светлавымі і колеравымі нюансамі (гл.Пленэр). Каларыт пейзажаў Барбізонскай школы няяркі, змякчаны карычневымі і шэрымі тонамі. На жывапісныя прыёмы Барбізонскай школы ўплывалі галанд. мастакі 17 ст. і англ. пейзажысты Дж.Констэбл і Р.Бонінгтан. Традыцыі Барбізонскай школы ў сваю чаргу паўплывалі на развіццё рэаліст. кірунку ў жывапісе інш.еўрап. краін.
Літ.:
Яворская Н.В. Пейзаж Барбизонской школы. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1615,
антыфеадальнае выступленне гараджан Мазыра, выкліканае ўзмацненнем эксплуатацыі, самавольствам і ўціскам старосты, замкавай адміністрацыі і арандатараў. Насуперак магдэбургскаму праву з часткі мяшчан, якіх падпарадкавалі замку, спагналі незаконныя падаткі. У адказ на гэта 3.10.1615 некалькі соцень узбр. гараджан на чале з бурмістрамі Ж.Мушам, І.Крыцкім, мяшчанамі І.Ваўчком, А.Лаўрыновічам і інш. асадзілі замак. Яны расправіліся з некат. прадстаўнікамі замкавай адміністрацыі, арыштавалі мяшчан, якія падтрымлівалі ўлады, канфіскавалі іх маёмасць. Паўстанцы выбралі войта, пашырылі льготы магдэбургскага права на ўсіх мяшчан і інш. У выніку паўстання ўлада ў Мазыры перайшла да гар. магістрата. У 1622 каралеўскі суд мусіў прызнаць асобныя пераўтварэнні паўстанцаў.
Літ.:
Копысский З.Ю. Из истории общественно-политической жизни городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII вв. // Тр. Ин-та истории АНБССР. Мн., 1958. Вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ГАР (?—945),
вялікі князь кіеўскі ў 912—945. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», сын Рурыка (гл.Рурык—Сінявус—Трувор). У 913 прымусіў драўлян і улічаў плаціць даніну Кіеву. У 915 заключыў мір з печанегамі, у 920 ваяваў з імі. У 941 здзейсніў з войскам марскі паход супраць візант. правінцый у М. Азіі, але пацярпеў паражэнне ад візант. палкаводца Феафана. У 944 з дапамогай варагаў і печанегаў ажыццявіў на лодках і конным строем вял. паход да нізоўяў Дуная, чым прымусіў візант. ўрад прапанаваць яму даніну ў абмен на мір. Паводле рус.-візант. дагавора 944 гарантавалася бяспека рус. паслам, купцам і воінам, якія прыбывалі ў Візантыю. У 945 1. пры спробе (насуперак звычаю) узяць другі раз за год даніну з драўлян забіты імі.
Літ.:
Сахаров А.Н. «Мы от рода русского...»: Рождение рус. дипломатии. Л., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬТЭР ФОН ДЭР ФО́ГЕЛЬВАЙДЭ (Walther von der Vogelweide; каля 1170 — каля 1230),
нямецкі і аўстрыйскі паэт-мінезінгер. Паводле розных версій, нарадзіўся або ў Ціролі (Аўстрыя), або ў Швейцарыі, або ў Сярэдняй Германіі. Вёў жыццё вандроўнага паэта, жыў пры дварах Філіпа Швабскага, Германа Цюрынгскага, Фрыдрыха II. Пісаў лірычныя песні (у асн. пра каханне, часта з маральна-дыдактычным адценнем) і шпрухі — песні-павучанні. Насуперак традыцыі меланхалічнага мінезангу, што панавала пры Венскім двары, апяваў радасці жыцця і кахання, сцвярджаў права чалавека на зямное шчасце. Пераадольваючы схематызм мінезангу, узбагаціў яго каларытнымі жывапіснымі дэталямі і новымі матывамі (гал. гераіня верша «Каханая, хай Бог...» не высакародная дама, а простая дзяўчына са шчырым сэрцам). Упершыню ўвёў у куртуазную паэзію нар. песенныя структуры («У гаі, пад ліпкай...» — славутая песня з вясёлым нар. рэфрэнам «тандарадай» і інш.). Яго песні адметныя прастадушнасцю, дэмакратычнасцю, шчырасцю інтанацыі і вытанчанасцю.