ДЭІ́ЗМ (ад лац. deus Бог),

рэлігійна-філасофскае вучэнне, паводле якога Бог з’яўляецца толькі першастваральнікам свету, які ў далейшым развіваецца па сваіх уласных законах. Д. адрозніваюць ад тэізму (прызнае боскую наканаванасць і пастаянную сувязь чалавека і Бога), пантэізму (атаясамлівае Бога і сусветнае цэлае) і атэізму (адмаўляе існаванне Бога наогул). Пачынальнік Д. англ. філосаф 17 ст. Э.Чэрберы, які развіваў ідэі натуральнай рэлігіі, або рэлігіі розуму. Найб. росквіту Д. дасягнуў у Вялікабрытаніі ў 1-й пал. 18 ст. (Дж.​Толанд, Дж.​А.​Колінз, А.​Шэфтсберы і інш.). Ідэі Д. праводзілі Вальтэр, Ж.​Ж.​Русо (Францыя), Г.​Лейбніц, Г.​Лесінг, І.​Кант (Германія), Т.​Джэферсан (ЗША), І.​П.​Пнін, А.​С.​Лубкін, А.​М.​Радзішчаў (Расія). У Беларусі элементы Д. характэрны для светапогляду філосафа і паэта 17 ст. Я.​Белабоцкага, прадстаўніка ранняга Асветніцтва К.​Нарбута. На пазіцыях Д. стаялі бел. асветнік І.​Страйноўскі, праф. Гал. школы ВКЛ К.​Багуслаўскі і інш. Д. садзейнічаў развіццю вальнадумства, з’яўляўся формай барацьбы з тэалогіяй і містыкай.

Т.​І.​Адула.

т. 6, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМУНІТЭ́Т РАСЛІ́Н,

неўспрыімлівасць раслін да ўзбуджальнікаў хвароб, шкоднікаў і прадуктаў іх жыццядзейнасці. Заснавальнік вучэння аб І.р. сав. біёлаг М.​І.​Вавілаў. Адрозніваюць І.р. структурны (мех.; залежыць ад марфал. асаблівасцей расліны-гаспадара, напр., густое апушэнне парасткаў) і хімічны (абумоўлены хім. асаблівасцямі, шкоднымі для паразіта). Вылучаюць 2 формы І.р.: сартавы і відавы (радавы), напр., гібрыд яравой пшаніцы № 21 устойлівы да большасці рас бурай іржы (сартавы), бульба наогул не пашкоджваецца ёй (відавы). Адрозніваюць таксама І.р. прыродны (прыроджаны) і набыты (штучны). Прыродны ўзнікае і замацоўваецца ў працэсе эвалюц. развіцця раслін; бывае пасіўны (існуе незалежна ад таго, трапляе ўзбуджальнік хваробы або паразіт на расліну ці не) і актыўны (уласцівасць расліны процістаяць узбуджальніку або шкодніку, якая выяўляецца і актывізуецца толькі пры пападанні на расліну). Набыты І.р. узнікае пасля перанясення раслінай хваробы ці ў выніку ўвядзення ў расліну аслабленай або знішчанай культуры ўзбуджальніка, пры ўжыванні антыбіётыкаў, інгібітараў росту. На выкарыстанні І.р. заснавана селекцыя раслін, устойлівых да хвароб і шкоднікаў.

т. 7, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВІЛЕ́Й 1506,

агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Жыгімонтам I Старым у Гродне 7.12.1506 пасля абрання яго на велікакняжацкі пасад. Складаецца з 7 артыкулаў. П. пацвердзіў «усе правы, вольнасці і граматы», выдадзеныя цэрквам, духоўным і свецкім феадалам, «гарадам, мяшчанам, жыхарам і наогул асобам усіх саслоўяў і стану». Такім чынам, былі замацаваны юрыд. нормы, запісаныя ў прывілеях асобным землям (княствам), валасцям і гарадам ВКЛ. П. 1506 пацвердзіў асн. палажэнні Прывілея 1492. Новым быў запіс аб праве падданых падаваць чалабітныя і скаргі на дзеянні адміністрацыі. Падкрэслівалася, што абранне вял. князя адбылося са згоды ўсіх падданых і жыхароў дзяржавы, хоць яно праводзілася на з’ездзе (сойме) баяр. П. адрасаваны ўсяму насельніцтву ВКЛ. Напісаны на лац. мове. Выданнем П. 1506 завяршыўся этап развіцця бел. дзярж. права ў выглядзе прывілеяў. Наступныя агульнадзярж. прывілеі 1529, 1547 і 1551 толькі паўтаралі і пацвярджалі палажэнні папярэдніх. На новым этапе развіцця бел. права адбывалася кадыфікацыя юрыд. норм у выглядзе Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 13, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РКЛІ ((Berkeley) Джордж) (12.3.1685, г. Кілкені, Ірландыя — 14.1.1753),

англійскі тэолаг і філосаф. Атрымаў адукацыю ў Дублінскім ун-це. З 1734 епіскап англіканскай царквы ў Клойне (Ірландыя). Паводле яго вучэння, усе прадметы аб’ектыўнай рэальнасці існуюць толькі таму, што ўспрымаюцца суб’ектам; наогул няма нічога, што рэальна існуе, акрамя субстанцыі духу, душы і «майго Я». Выступаў з крытыкай атэізму, уяўлення аб матэрыі як прадметнай аснове (субстанцыі) целаў і іх якасцяў, а таксама вучэння Дж.​Лока і Ньютана аб матэрыі і прасторы. Лічыў немагчымым утварыць агульныя ідэі прасторы і матэрыі, абстрагаваўшыся ад уласцівасцяў асобных рэчаў, паколькі ў чалавека няма пачуццёвага ўспрымання матэрыі. Зыходзячы з канцэпцыі суб’ектыўнага ідэалізму сцвярджаў, што нават калі б усе суб’екты ўспрымання зніклі, рэч працягвала б існаваць як сума «ідэй» у розуме Бога — суб’екта, які не можа знікнуць, і таму не можа знікнуць і створаны ім свет зорак, планет і Зямля з усім, што існуе на ёй. Асн. працы: «Спроба новай тэорыі погляду» (1709), «Трактат пра пачаткі чалавечых ведаў» (1710), «Тры размовы паміж Гіласам і Філонусам» (1713), «Алсіфрон, ці Дробны філосаф» (т. 1—2, 1732) і інш.

Дж.Берклі.

т. 3, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСКАНЕ́ЧНАЕ І КАНЕ́ЧНАЕ,

філасофскія катэгорыі, якія выражаюць непарыўна звязаныя паміж сабой процілеглыя бакі аб’ектыўнага свету. Бесканечнае характарызуе неабмежаваную разнастайнасць прасторавых структур матэрыі, яе ўласцівасцяў і ўзаемасувязяў, колькасную невычарпальнасць у глыбіню, існаванне бясконцага мноства якасна адрозных узроўняў яе структурнай арганізацыі. У гісторыі навукі напачатку ўвага канцэнтравалася на колькасных аспектах бесканечнага, якія вывучаліся матэматыкай (гл. Бесканечна вялікая, Бесканечна малая, Бесканечнасць у матэматыцы). Ідэі бесканечнасці сустракаліся ўжо ў выказваннях стараж. індыйцаў. Большасць стараж.-грэч. філосафаў лічыла, што свет канечны і абмежаваны цвёрдым нябесным купалам. Такога ж пункту погляду прытрымліваецца хрысціянства. Толькі Нікалай Кузанскі і Дж.​Бруна ў 15—16 ст. зноў загаварылі пра бесканечнасць свету. Канечнае з’яўляецца адмаўленнем бесканечнага і ўяўляе сабой усякі абмежаваны ў прасторы і часе аб’ект. Усякая канкрэтная якасць у свеце канечная, існуе ў пэўных межах меры. Канечнае азначае таксама абмежаванасць і часовасць зямнога быцця наогул, у гэтым значэнні яно дапускае прынцыповую магчымасць далейшага, незямнога быцця.

Літ.:

Кармин А.С. Познание бесконечного. М., 1981;

Бурова И.Н. Развитие проблемы бесконечности в истории науки. М., 1987;

Жуков Н.И. Философские основания математики 2 изд. Мн., 1990.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАЙНІКАВА́ННЕ,

утварэнне ў монакрышталі абласцей з заканамерна змененай арыентацыяй крышт. структуры. Структуры двайніковых утварэнняў з’яўляюцца люстраным адбіткам атамнай структуры зыходнага крышталя (матрыцы) у пэўнай плоскасці (плоскасці Д.) ці ўтвараюцца паваротам структуры матрыцы вакол крышталеграфічнай восі (восі Д.) на пастаянны для дадзенага рэчыва вугал або іншым пераўтварэннем сіметрыі крышталёў. Матрыца з двайніковым утварэннем наз. двайніком.

У залежнасці ад колькасці зрошчаных двайніковых утварэнняў структуры наз. трайнікамі, чацвернікамі ці наогул полісінт. двайнікамі. Д. можа адбывацца пры крышталізацыі, мех. дэфармацыі, зрастанні суседніх зародкаў (двайнікі росту), хуткім цеплавым расшырэнні ці сцісканні, награванні дэфармаваных крышталёў (двайнікі рэкрышталізацыі), пры пераходзе ад адной крышт мадыфікацыі да другой. Напр., у крышталях сегнетавай солі двайнікі ўтвараюцца пры пераходзе крышталя ад рамбічнай структуры да монакліннай (пры т-ры Кюры). Д. ўплывае на мех. (трываласць, пластычнасць, крохкасць), м., магн., аптычныя ўласцівасці крышталёў, пагаршае якасць паўправадніковых прылад. Заканамернасці Д. выкарыстоўваюцца для дыягностыкі мінералаў, устанаўлення паходжання і ацэнкі некат. мінералаў як прамысл. сыравіны.

Літ.:

Современная кристаллография. Т. 2. М., 1979;

Т. 4. М., 1981.

Р.​М.​Шахлевіч.

Да арт. Двайнікаванне. Двайнікі росту: а — пірыт; б — кальцыт; в — полісінтэтычны двайнік альбіту.

т. 6, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУЛЬНАЗЕ́МСКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,

заканадаўчыя акты ВКЛ, якія дзейнічалі на тэр. ўсёй дзяржавы і замацоўвалі правы розных сац. груп, найперш шляхты. Найб. вядомыя тры прывілеі 1387 вял. князя ВКЛ Ягайлы, два з іх (ад 20 і 22 лют.) вызначалі льготы феадалам за пераход у каталіцтва, вызвалялі каталіцкае духавенства ад дзярж. павіннасцяў і падаткаў. Гарадзельскі прывілей 1413 замацоўваў унію ВКЛ з Польшчай, пашыраў правы феадалаў-католікаў і абмяжоўваў правы правасл. феадалаў. Прывілеямі 1432 і 1434 правасл. феадалам даваліся такія ж правы, як і католікам. Апошні прывілей гарантаваў асабістую свабоду і недатыкальнасць шляхты. Прывілеем 1447 вял. кн. Казімір забараняў надзяляць чужынцаў, у т. л. палякаў, пасадамі, маёнткамі, землямі і чынамі ў ВКЛ, абмяжоўваў права пераходу сялян ад аднаго феадала да другога. Прывілеем 1492 вял. кн. Аляксандр пацвердзіў ранейшыя правы шляхты, вызначыў асновы адм., цывільнага і крымін. права. У 1506 Жыгімонт I Стары выдаў прывілей, які пацвердзіў усе папярэднія прывілеі, дадзеныя духоўным і свецкім феадалам, гарадам, мяшчанам і наогул асобам усякага стану. Ім завяршыўся першы этап развіцця пісанага права ў форме агульназемскіх прывілеяў, потым асн. законамі краіны сталі Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588 (пра кожны гл. асобны арт.).

Я.​А.​Юхо.

т. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУРЫ́ЗМ (франц. purisme ад лац. purus чысты),

імкненне ачысціць літаратурную мову ад іншамоўных запазычанняў, неалагізмаў, а таксама ад ненарматыўных лексічных і граматычных элементаў (напр., народна-размоўных, прастамоўных, дыялектычных). У шырокім сэнсе — залішне строгія, непрымірымыя адносіны да любых запазычанняў, навізны і наогул да ўсіх выпадкаў скажэння і вольнага выкарыстання мовы. Характэрны для перыядаў найб. актыўнага фарміравання і станаўлення нац. літ. моў; звязаны з сац.-гіст., паліт. і культ. працэсамі, з бурным фарміраваннем нацый або перыядамі нац. адраджэння. У бел. мове тэндэнцыі П. найб. выразна праявіліся ў 1920-я г., калі адбывалася актыўнае фарміраванне лексічных, арфаграфічных, грамат. норм сучаснай бел. літ. мовы. Яны выражаліся ў выкарыстанні замест іншамоўных запазычанняў і інтэрнацыяналізмаў шырока вядомых агульнаслав., усх.-слав. і рус. лексем дыялектнай і вузкарэгіянальнай лексікі, у стварэнні некат. штучных неалагізмаў на бел. моўным матэрыяле. Значнае выражэнне атрымалі ў тагачаснай распрацоўцы бел. навук. тэрміналогіі: «красленне» (чарчэнне), «кругадрэз» (сегмент), «пэўнік» (аксіёма). Падобныя тэрміны звычайна прапаноўваліся ў якасці варыянтаў і выносіліся на суд грамадскасці і часу. Імкненне найб. поўна выкарыстаць нац. моўныя сродкі не прыводзіла да якіх-н. крайнасцей. Асобныя выпадкі П. ў тэрмінатворчасці, што вялі да абмежаванасці моўных сродкаў, ізаляванасці бел. мовы, перашкаджалі яе ўзбагачэнню сродкамі інш. моў, не зацвердзіліся і не паўплывалі на фарміраванне бел. тэрміналогіі і сучаснай бел. мовы ў цэлым.

Л.​А.​Антапюк.

т. 13, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КОНТРРЭФО́РМЫ»,

заканадаўчыя пераўтварэнні ў Расійскай імперыі ў 1880 — пач. 1890-х г., накіраваныя на абмежаванне і перагляд бурж. рэформ 1860—70-х г., на ўмацаванне ўлады самадзяржаўя і дваран. 27.8.1882 прыняты часовыя правілы аб друку, якія ўводзілі т. зв. «карную цэнзуру». У 1884 новы універсітэцкі статут скасаваў аўтаномію ВНУ. У 1885 заснаваны Дваранскі зямельны банк з мэтай падтрымкі дваранскага землеўладання. У 1886 уведзены абмежаванні сямейных падзелаў для сялян і закон аб найме с.-г. рабочых. У 1887 павышаны цэнз для выбрання прысяжных засядацеляў у судзе. Цыркуляр ад 18.7.1887 аднавіў у пачатковых і сярэдніх школах саслоўныя прынцыпы. 12.7.1889 прыняты закон аб земскіх начальніках, скасаванні ін-та міравых судоў і ўстанаўленні кантролю павятовых прадвадзіцеляў дваранства над павятовымі з’ездамі земскіх начальнікаў. У 1889 з вядзення суда прысяжных забраны шэраг судовых спраў (асабліва тых, якія датычылі супраціўлення ўладам) і абмежавана публічнасць судоў. 12.6.1890 ўведзены саслоўныя курыі для выбаршчыкаў, сяляне былі пазбаўлены права непасрэднага выбару земскіх гласных. Законам ад 11.6.1892 ніжэйшыя слаі выключаны з гарадскіх выбаршчыкаў. На Беларусі, дзе ў сувязі з паўстаннем 1863—64 дзейнічаў рэжым выключных законаў, «К.» ўводзіліся пазней і з істотнымі адступленнямі. Напр., суд прысяжных і судовыя статуты тут ўведзены ў 1883, ін-т земскіх начальнікаў — у 1900 і толькі ў Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губ. Земскае палажэнне 1890 наогул не было пашырана На Беларусь.

М.​А.​Сакалова.

т. 8, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКВІЗІ́ЦЫЯ (ад лац. requisitio патрабаванне),

1) у міжнародным праве — прымусовае аплатнае адабранне розных відаў маёмасці для выкарыстання арміяй варожай дзяржавы. Паводле Гаагскай канвенцыі аб законах і звычаях сухапутнай вайны 1907, Р. могуць рабіцца толькі для патрэб акупацыйнай арміі і не павінны ажыццяўляцца для забеспячэння патрэб ваюючай дзяржавы наогул. Яны павінны адпавядаць сродкам краіны і быць такімі, каб не накладаць на насельніцтва абавязку ўдзельнічаць у ваен. дзеяннях супраць сваёй айчыны. Р. могуць рабіцца выключна камандаваннем акупіраванай мясцовасці (асобныя салдаты і афіцэры неправамоцныя іх патрабаваць) толькі ў той меры, у якой гэта выклікана ваен. неабходнасцю. Усе Р. павінны быць аплачаны наяўнымі грашамі, а ў выпадку, калі гэта зрабіць немагчыма, адабранне належыць засведчыць распіскай, і аплата належнай сумы павінна быць ажыццёўлена па магчымасці ў найхутчэйшы тэрмін.

2) У цывільным праве Рэспублікі Беларусь Р. — адна з падстаў спынення права ўласнасці. Паводле арт. 243 Цывільнага кодэкса ў выпадках стыхійных бедстваў, аварый, эпідэмій, эпізаотый і пры інш. акалічнасцях, што маюць надзвычайны характар, маёмасць у інтарэсах грамадства паводле рашэння дзярж. органаў можа быць забрана ад уласніка ў парадку і на ўмовах, устаноўленых законам, з выплатай яму кошту маёмасці. Ацэнка, па якой уласніку кампенсуецца вартасць рэквізаванай маёмасці, можа быць аспрэчана ім у судзе. Асоба, маёмасць якой рэквізавана, мае права пры спыненні дзеяння акалічнасцей, у сувязі з якімі адбылася Р., патрабаваць праз суд вяртання маёмасці, што захавалася.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)