КУЛІНА́РЫЯ (ад лац. culina кухня),
1) мастацтва прыгатавання ежы з сырых раслінных або жывёльных прадуктаў. Наогул — зборная назва страў, прадуктаў харчавання.
2) Крама гатовых страў і паўфабрыкатаў.
т. 9, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЕТРЫ́СТЫКА (ад франц. belleslettres мастацкая літаратура),
у шырокім сэнсе слова — маст. л-ра наогул, у больш вузкім і ўжывальным — мастацкая проза (у адрозненне ад паэзіі і драматургіі). У сучасным разуменні — нескладаныя празаічныя творы займальнага характару, якія проціпастаўляюцца сур’ёзнай л-ры.
т. 3, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВАРО́ТНАЯ СІ́ЛА ЗАКО́НУ,
пашырэнне дзеяння закону на факты і юрыд. вынікі, якія ўзніклі да набыцця ім сілы. У бел. праве паводле агульнага правіла закон адваротнай сілы не мае. Выключэнне складае крымін. закон, нормы якога ўстараняюць наогул пакаранне за адпаведнае дзеянне (бяздзеянне) ці змякчаюць пакаранне ў параўнанні з раней дзеючым законам.
т. 1, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАТА́РА [санскр. літар. сыходжанне, сашэсце (Бога)],
у індуізме ўвасабленне бога Вішну ў вобразах інш. багоў, людзей або жывёл. Звязана з верай у перасяленне душы, пашырана з 4—6 ст. н.э. У міфах найб. вядомы 10 аватараў Вішну (у т. л. ў выглядзе герояў Крышны, Рамы, вепра, карліка), якія здзяйсняюць подзвігі на зямлі. У будызме аватара — наогул увасабленне бажаства.
т. 1, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫДАРВІНІ́ЗМ,
тэорыі, накіраваныя супраць дарвінізму. Антыдарвінізм або наогул адмаўляе развіццё ў прыродзе (крэацыянізм), або яго гал. фактары, у першую чаргу натуральны адбор як вядучы ў арган. эвалюцыі. Асн. цячэнні антыдарвінізму склаліся ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Да іх належаць розныя формы неаламаркізму, батмагенез, номагенез, трансфармізм і інш. Сучасныя антыдарвінісцкія канцэпцыі звычайна прэтэндуюць на вырашэнне праблемы макраэвалюцыі, недаступнай для прамой эксперым. праверкі. Шэраг канцэпцый антыдарвінізму ўключае ўяўленні аб наследаванні набытых прыкмет і інш.
т. 1, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТРА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,
песні батракоў, парабкаў, наймітаў у памешчыцкіх або кулацкіх гаспадарках; сацыяльна-бытавая нар. пазаабрадавая лірыка. Змест іх — скарга на гаротнае жыццё, цяжкую працу, здзекі гаспадара, сац. пратэст. Глыбінёй пачуцця вылучаюцца песні парабчанкі-сіраты, вымушанай жыць на «служэбным хлебе», што ела «ў сенцах за дзвярмі, аблівалася слязьмі», і наогул найміткі, бо яе хлеб таксама горкі («хто яго ўкусіць, той плакаці мусіць»). Батрацкія песні ўвабралі ў сябе больш раннія бурлацкія і некаторыя прымацкія песні, блізкія да іх сац. гучаннем.
Літ.:
Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982.
т. 2, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬІ́НСКІ (Рыгор Андрэевіч) (23.3.1876, С.-Пецярбург — 1937),
рускі мовазнавец-славіст. Чл.-кар. АН СССР (1925, чл.-кар. Рас. АН з 1921), Балг. (1929) і Польск. (1930) АН. Праф. Нежынскага гіст.-філал. ін-та (1909—15), Юр’еўскага (г. Тарту, з 1916), Саратаўскага (1920—24), Маскоўскага (з 1927) ун-таў. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. Даследаваў параўнальную граматыку слав. моў, праславянскую мову, гісторыю і паходжанне слав. пісьменства. Вывучаў і выдаваў помнікі слав. пісьменства («Граматы балгарскіх цароў», 1911, і інш.). Шэраг артыкулаў прысвяціў з’явам бел. мовы: «Блр. нетра = рас. «болото» трасина, дебри» (1928), «Аб канчатку -эй назоўнага склону адзіночнага ліку мужчынскага роду прыметнікаў і назоўнікаў ва ўсходнеславянскіх мовах наогул і беларускай паасобку» (1929) і інш.
Тв.:
Праславянская грамматика. Нежин, 1916.
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн., 1977. Т. 2. С. 229—236;
Журавлев В.К. Г.А.Ильинский. М., 1962.
М.Г.Булахаў.
т. 7, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫЧАСЦІ́ЦА,
адна з аднолькавых па масе, часе жыцця, значэннях спіна і цотнасці элементарных часціц, якія маюць роўныя па модулі, але процілеглыя па знаку квантавыя лікі (зарады). Напр., электрон (e−) і пазітрон (e+) адрозніваюцца знакам эл. і лептоннага зарадаў і спіральнасці (палярызацыі); нейтрон (n) і антынейтрон (n̄) — барыённага зараду і магн. моманту. У адпаведнасці з квантава-рэлятывісцкай прыродай элементарных часціц кожнай з іх адпавядае свая антычасціца, акрамя сапраўды нейтральных (не маюць ніякіх зарадаў) фатона, π0-мезона, ρ0-мезона, η0-мезона і j/ψ-часціцы. Характэрная асаблівасць пары часціца — антычасціца — здольнасць да анігіляцыі. Кожнаму працэсу эл.-магн. і моцнага ўзаемадзеянняў адпавядае аналагічны працэс, у якім усе часціцы заменены антычасціцамі, і наадварот. Эксперыментальна даказана існаванне антычасціц для ўсіх вядомых часціц. Зарэгістраваны найпрасцейшыя пасля антыпратона антыядры (антыдэйтрон, антытытрытый, антыгелій). Прынцыпова магчыма існаванне антыатамаў, антымалекул і наогул антырэчыва з антыпратонамі, антынейтронамі і пазітронамі.
А.А.Богуш.
т. 1, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РКЛІ ((Berkeley) Джордж) (12.3.1685, г. Кілкені, Ірландыя — 14.1.1753),
англійскі тэолаг і філосаф. Атрымаў адукацыю ў Дублінскім ун-це. З 1734 епіскап англіканскай царквы ў Клойне (Ірландыя). Паводле яго вучэння, усе прадметы аб’ектыўнай рэальнасці існуюць толькі таму, што ўспрымаюцца суб’ектам; наогул няма нічога, што рэальна існуе, акрамя субстанцыі духу, душы і «майго Я». Выступаў з крытыкай атэізму, уяўлення аб матэрыі як прадметнай аснове (субстанцыі) целаў і іх якасцяў, а таксама вучэння Дж.Лока і Ньютана аб матэрыі і прасторы. Лічыў немагчымым утварыць агульныя ідэі прасторы і матэрыі, абстрагаваўшыся ад уласцівасцяў асобных рэчаў, паколькі ў чалавека няма пачуццёвага ўспрымання матэрыі. Зыходзячы з канцэпцыі суб’ектыўнага ідэалізму сцвярджаў, што нават калі б усе суб’екты ўспрымання зніклі, рэч працягвала б існаваць як сума «ідэй» у розуме Бога — суб’екта, які не можа знікнуць, і таму не можа знікнуць і створаны ім свет зорак, планет і Зямля з усім, што існуе на ёй. Асн. працы: «Спроба новай тэорыі погляду» (1709), «Трактат пра пачаткі чалавечых ведаў» (1710), «Тры размовы паміж Гіласам і Філонусам» (1713), «Алсіфрон, ці Дробны філосаф» (т. 1—2, 1732) і інш.
т. 3, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСКАНЕ́ЧНАЕ І КАНЕ́ЧНАЕ,
філасофскія катэгорыі, якія выражаюць непарыўна звязаныя паміж сабой процілеглыя бакі аб’ектыўнага свету. Бесканечнае характарызуе неабмежаваную разнастайнасць прасторавых структур матэрыі, яе ўласцівасцяў і ўзаемасувязяў, колькасную невычарпальнасць у глыбіню, існаванне бясконцага мноства якасна адрозных узроўняў яе структурнай арганізацыі. У гісторыі навукі напачатку ўвага канцэнтравалася на колькасных аспектах бесканечнага, якія вывучаліся матэматыкай (гл. Бесканечна вялікая, Бесканечна малая, Бесканечнасць у матэматыцы). Ідэі бесканечнасці сустракаліся ўжо ў выказваннях стараж. індыйцаў. Большасць стараж.-грэч. філосафаў лічыла, што свет канечны і абмежаваны цвёрдым нябесным купалам. Такога ж пункту погляду прытрымліваецца хрысціянства. Толькі Нікалай Кузанскі і Дж.Бруна ў 15—16 ст. зноў загаварылі пра бесканечнасць свету. Канечнае з’яўляецца адмаўленнем бесканечнага і ўяўляе сабой усякі абмежаваны ў прасторы і часе аб’ект. Усякая канкрэтная якасць у свеце канечная, існуе ў пэўных межах меры. Канечнае азначае таксама абмежаванасць і часовасць зямнога быцця наогул, у гэтым значэнні яно дапускае прынцыповую магчымасць далейшага, незямнога быцця.
Літ.:
Кармин А.С. Познание бесконечного. М., 1981;
Бурова И.Н. Развитие проблемы бесконечности в истории науки. М., 1987;
Жуков Н.И. Философские основания математики 2 изд. Мн., 1990.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 3, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)