старажытны горад Русі (цяпер с. Стары Ізборск у Пячорскім р-не Пскоўскай вобл.). Упершыню згадваецца пад 862. Паводле легенды, у І. пасяліўся Трувор (адсюль назва першага стараж. паселішча — Труворава гарадзішча, што ўзнікла ў 8 ст.). У 1313—1320-я г. неаднаразова асаджваўся крыжакамі. У 1329 крэпасць перанесена на т.зв. Жэраўю Гару, а ў канцы 14 — пач. 15 ст. вакол крэпасці фарміравалася новая гар. структура з пасадамі і могільнік. На думку некат. даследчыкаў, летапісны І. знаходзіўся ў сутоках рэк Пскава і Вялікая, дзе ў сярэдзіне 11 ст. быў знішчаны і потым адноўлены пад назваю Пскоў. Частка жыхароў зруйнаванага горада пасялілася на Труворавым гарадзішчы, якое з таго часу пачалі называць І.
А.В.Іоў.
Да арт.Ізборск. Сцяна Ізборскай крэпасці з вежамі. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́Л ЦЭ́РКВАЎ,
падзел хрысціянскай царквы на каталіцкую і праваслаўную. Асн. прычынай падзелу з’явілася саперніцтва паміж папамі Рыма і патрыярхамі Канстанцінопаля ў выніку Taro, што пасля падзелу Рымскай імперыі ў гэтых гарадах склаліся 2 рэліг. цэнтры, паміж якімі да 7 ст. выявіліся пэўныя адрозненні ў дагматыцы, арганізацыі і абрадах. Традыцыйна падзел датуецца 1054, калі паглыбленыя рознагалоссі прывялі да таго, што папа Леў IX і патрыярх Кіруларый абвясцілі адзін аднаму анафему. Завяршыўся П.д. пасля заваёвы ў 1204 Канстанцінопаля крыжакамі. Прыхільнікі П.ц. пасля расколу пачалі называць сваіх праціўнікаў з другой канфесіі хрысц. царквы схізматыкамі. У 1965 на 2-м Ватыканскім саборы папа Павел VI і канстанцінопальскі патрыярх Афінагор I вырашылі «аддаць забыццю» анафему 1054. Гэта рашэнне з’явілася вынікам сучаснага экуменічнага руху да аб’яднання хрысц. канфесій. Гл. таксама Каталіцызм, Праваслаўе, Хрысціянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́КРЫФЫ (ад грэч. apokryphos таемны, запаветны),
мастацкія аповесці ў сярэдневяковых л-рах, сюжэтна звязаныя з Бібліяй, жыціямі святых, легендамі пра рай, пекла, канец свету. Забараняліся царквой як некананічныя. У дахрысц. і раннехрысц. часы апокрыфы лічылі кнігамі вял. мудрасці, глыбокі і патаемны сэнс якіх быў даступны не кожнаму. З пашырэннем ерасяў апокрыфамі сталі называць творы з ерэтычным ухілам. Царк. цэнзура складала індэксы «фальшывых» кніг, якія падлягалі знішчэнню. У перыяд Кіеўскай Русі на ўсх.-слав. землях шырокую вядомасць набылі апокрыфы пра стварэнне Богам Адама, пра цара Саламона, «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах» (у бел. апрацоўцы 15—16 ст. — «Аб дванаццаці пакутах»), «Страцім-птушка», апакрыфічныя евангеллі Іакава, Фамы, Нікадзіма. У апокрыфах адлюстраваліся нар. ўяўленні эпохі феадалізму пра светаўладкаванне, пошукі праўды і дабра. Апокрыфы паўплывалі на некаторыя жанры бел. фальклору (казкі, духоўныя вершы). Матывы апокрыфаў выкарыстоўваў М.Багдановіч («Апокрыф», «Страцім-лебедзь»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ТНЫЯ БАЯ́РЫ, путныя слугі,
катэгорыя сялян-слуг у ВКЛ у 15—18 ст. Былі ў дзярж., прыватных і царк. уладаннях. У 15—1-й пал. 16 ст.асн. павіннасцямі П.б. былі нясенне ваеннай і кур’ерскай службы, выкананне талок у час жніва і інш. У гэты час дзяржава раздавала П.б. прыватным асобам, а стан П.б. купляўся цяглымі сялянамі (баяры выкупныя). У 18 ст. П.б., якія неслі ваенную і кур’ерскую службы, наз.баярамі, баярамі ліставымі і, асабліва з 2-й пал. 18 ст., зямянамі. Назва «П.б.» замацавалася за баярамі, асн. павіннасцю якіх, дадаткова да чыншу, стала перавозка грузаў унутры і па-за межамі маёнткаў. У сувязі з тым, што ў 17—18 ст.асн. павіннасцю П.б. быў чынш, баярамі сталі называць і інш. катэгорыі сялян, якія плацілі чынш і не выконвалі паншчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРЫ́Д (ад лац. hibrida помесь),
арганізм (або клетка), атрыманы ў выніку скрыжавання разнародных у генетычных адносінах бацькоўскіх форм (відаў, парод, ліній і інш.). Паводле паходжання гібрыды бываюць спантанныя, якія ўзніклі пры выпадковым скрыжаванні, і штучныя, атрыманыя шляхам мэтанакіраванага скрыжавання з падборам бацькоўскіх пар у залежнасці ад задач селекцыі. Гібрыды могуць быць 1, 2, 3-га і г.д. пакаленняў і абазначаюцца лац. літарай F з індэксамі (F1, F2, F3...). Атрыманне гібрыда ляжыць у аснове гібрыдалагічнага аналізу. Прыкметы і ўласцівасці гібрыда перадаюцца ў спадчыну і расшчапляюцца (пераразмяркоўваюцца) у наступных пакаленнях паводле пэўных генет. законаў.
У раслінаводстве адрозніваюць гібрыды: міжродавыя, міжвідавыя, унутрывідавыя, міжлінейныя, міжсартавыя, сорталінейныя, трыплоідныя, несапраўдныя (псеўдагібрыды). Шырока выкарыстоўваюцца міжродавыя гібрыды пшанічна-пырнікавыя і трыцікале, міжлінейныя гібрыды кукурузы, шматлікія міжсартавыя гібрыды культурных раслін, што служаць таксама крыніцай зыходнага матэрыялу для селекцыі. У жывёлагадоўлі гібрыдам прынята называць толькі патомкаў, атрыманых ад скрыжавання розных родаў і відаў. Гл.Гібрыдызацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́Й ХРА́БРЫ (Mihai Viteazu; 1558—9.8.1601),
гаспадар (князь) Валахіі [1593—1600]. Вёў барацьбу супраць тур. панавання і за стварэнне цэнтралізаванай рум. дзяржавы. У 1595 у бітвах каля с. Кэлугэрэнь і на р. Дунай разбіў тур. войскі і прымусіў іх пакінуць Валахію. У 1599 ваен. шляхам падпарадкаваў Трансільванію, у 1600 — Малдаўскае княства і пачаў называць сябе «гаспадаром Валахіі, Трансільваніі і ўсёй Малд. зямлі». Аднак у выніку паўстання мясц. знаці ў вер. 1600 страціў Трансільванію. У той жа час Малдову акупіравалі войскі Рэчы Паспалітай, якія потым разам з малд. войскамі ўварваліся ў Валахію. У выніку здрады сваіх баяр, што падтрымалі малд. прэтэндэнта на валашскі прастол С.Мавілу (Магілу), М.Х. пацярпеў паражэнне і ў касір. 1600 уцёк у Аўстрыю. У 1601 на чале наёмнага войска, набранага на сродкі аўстр. Габсбургаў, уварваўся ў Трансільванію і 3 жн. разбіў там войска мясц. знаці. Забіты паліт. праціўнікамі, якія апасаліся яго вяртання на валашскі прастол.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1240,
бітва паміж наўгародскім і шведскім войскамі 15 ліп. ў сутоках р. Нява і Іжора. Шведы планавалі захапіць вусце Нявы і г. Ладага, каб мець магчымасць авалодаць важным участкам шляху з «варагаў у грэкі», які знаходзіўся пад кантролем Ноўгарада. Разам са шведамі ў паходзе ўдзельнічалі нарвежцы і фіны. Войска ўзначальваў ярл (князь) Біргер (зяць караля Эрыка XI, фактычны правіцель Швецыі). Наўгародскі князь Аляксандр Яраславіч на чале невял. коннага войска з наўгародцаў, іжорцаў і ладажан рушыў да Нявы, раптоўна і нечакана напаў на праціўніка. У выніку шведскае войска было разгромлена. Наўгародцы, іжорцы і ладажане страцілі 20 чал. Вядомы імёны 6 найб. храбрых воінаў, сярод якіх Якаў Палачанін, лоўчы князя, які з мячом уварваўся ў шэрагі праціўніка і «мужествовав крепко». Пасля Н.б. Аляксандра Яраславіча сталі называць Неўскім (гл.Аляксандр Неўскі).
Літ.:
Пашуто В.Т. Героическая борьба русского народа за независимость (XIII в.). М., 1956;
Тихомиров М.Н. Борьба русского народа с немецкими интервентами в XII—XV вв. // Тихомиров М.Н. Древняя Русь. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІМЕ́Д (Archimēdēs; каля 287, Сіракузы — 212 да н.э.), старажытнагрэчаскі вучоны; адзін з заснавальнікаў матэматыкі і механікі. Распрацаваў матэм. метады вызначэння плошчаў паверхняў і аб’ёмаў розных фігур і целаў, на аснове якіх створаны дыферэнцыяльнае і інтэгральнае злічэнні. Вызначыў суму бесканечнай геам. прагрэсіі з назоўнікам ¼ (першы прыклад бесканечнага шэрагу ў матэматыцы); даследаваў уласцівасці архімедавай спіралі, стварыў тэорыю паўправільных выпуклых мнагаграннікаў (целы Архімеда); пабудаваў злічэнне, якое дазваляла запісваць і называць даволі вял. лікі; з вял. дакладнасцю вызначыў лік π і межы яго памылкі:
; даў вызначэнне цэнтра цяжару цела; сфармуляваў Архімеда аксіёму. Архімед заклаў асновы гідрастатыкі і сфармуляваў яе асн. палажэнні (гл.Архімеда закон). Вынайшаў сістэму рычагоў, блокаў, паліспастаў і вінтоў для падымання цяжкіх прадметаў, машыну для абваднення палёў (архімедаў вінт), ваенную кідальную машыну, прыладу для вызначэння бачнага (вуглавога) дыяметра Сонца, мех. мадэль нябеснай сферы, якая дазваляла назіраць рух планет, фазы Месяца, зацьменні Сонца і Месяца, і інш. Архімед быў блізкі да сіракузскага цара Гіерона II, у час вайны супраць Рыма кіраваў абаронай Сіракузаў і быў забіты рымлянамі.
Літ.:
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ ПАГО́СТ,
вёска ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Міёры—Шаркаўшчына. Цэнтр сельсавета. За 18 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Міёры, 198 км ад Віцебска. 580 ж., 288 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл (1989). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.).
У пісьмовых крыніцах у ВКЛ вядома з канца 15 ст. пад назвай Пагост як месца збору даніны. У 15—18 ст. належаў І.Сапегу, Клоту, М.Сіняўскаму, Л.Сапегу, С.Бужынскаму і Ф.Юндзілу. З 1795 мястэчка ў складзе Рас. імперыі. У 1818 з маёнтка Пагост вылучылася частка пад назвай Стары Пагост (за 7 км ад яго, мела 284 ж., 31 двор); мястэчка сталі называць Н.П. У 1859 у Н.П. 119 ж., 32 двары. З 1862 працавала школа, цэнтр воласці Дзісенскага пав. У 1878—79 пабудавана Мікалаеўская царква. У 1897—607 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр воласці Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Новапагосцкага с/с Міёрскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́СТ (ад стараж.-рус. погостити — пабываць у гасцях),
пашыраны ў стараж.-рус., рас. і бел. крыніцах тэрмін, які на працягу 10—20 ст. меў рознае значэнне. Першапачаткова П. называлі сельскія абшчыны на перыферыі Кіеўскай Русі, а таксама цэнтры гэтых абшчын, дзе часова спыняліся князі з дружынамі і вялася «гасцьба» (гандаль). Першае ўпамінанне адносіцца да 947, калі кн.Вольга «устави погосты» ў Наўгародскай зямлі. Паступова П. сталі называцьадм.-тэр. адзінкі, якія складаліся з некалькіх паселішчаў, а таксама цэнтр. паселішча гэтай акругі. На чале П. ставілі спец. службовых асоб, што адказвалі за рэгулярны збор даніны. З пашырэннем на Русі хрысціянства ў П. будавалі цэрквы, пры якіх знаходзіліся могілкі. У Рас. дзяржаве падзел на 11. даўжэй за ўсё (да 1775) захоўваўся на ПнЗ краіны. У 15—16 ст. у цэнтр. паветах Расіі П. называлі невял. паселішчы з царквой і могілкамі На Беларусі П. у гэтым значэнні існавалі да пач. 16 ст., потым ператварыліся ў вёскі і мястэчкі, многія з якіх захавалі ў назвах слова «П.» (напр., вёскі Пагост ў Аршанскім, Бярэзінскім, Вілейскім і інш. раёнах, Пагост-Загародскі Пінскага р-на і інш.). У 19—20 ст. слова «П.» ужывалася ў значэнні сельскага прыхода, участка шляху і асабліва часта могілак.