БІ́НІГ (Binnig) Герд Карл (н. 20.7.1947, г. Франкфурт-на-Майне, Германія),
нямецкі фізік. Замежны чл.Нац.АН ЗША (1987). Скончыў Франкфурцкі ун-т (1978). З 1978 у Цюрыхскай н.-д. лабараторыі фірмы «Інтэрнэшанал бізнес мэшынс», адначасова ў 1987—95 у Мюнхенскім ун-це. Навук. працы па звышправоднасці, фізіцы паверхні, электроннай мікраскапіі, нанатэхналогіі. Вынайшаў і пабудаваў першы сканіруючы тунэльны электронны мікраскоп (1981; з Г.Рорэрам), які дазволіў атрымаць відарысы асобных атамаў на электраправодных паверхнях. Стварыў атамны сілавы мікраскоп (1986), які дазваляе вызначыць мікрарэльеф паверхняў любых рэчываў. Нобелеўская прэмія 1986 (з Рорэрам і Э.А.Ф.Рускам).
Тв.:
Рус.пер. — Растровый туннельный микроскоп (з Г.Рорэрам) // В мире науки. 1985. Вып. 10;
Сканирующая туннельная микроскопия — от рождения к юности (з ім жа) // Успехи физ. наук. 1988. Т. 154, вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРА... (ад грэч. mikros малы), 1) дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў дольных адзінак, роўных 10−6 зыходным адзінкам. Пазначаецца мк. Напр., 1 мкг (мікраграм) = 10−6г, 1 мкКл (мікракулон) = 10−6Кл.
2) Першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на малы памер чаго-небудзь (напр., мікраарганізм, мікрасхема), а таксама слоў, звязаных з вывучэннем або вымярэннем малых велічынь (напр., мікраскоп, мікрабіялогія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАМЮ́Р (Réaumur) Рэнэ Антуан (28.2.1683, г. Ла-Рашэль, Францыя — 17.10.1757),
французскі прыродазнавец. Чл. Парыжскай АН (1708). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1737). Навук. працы ў галіне матэматыкі, фізікі, хім. тэхналогіі, заалогіі і інш. Вынайшаў спіртавы тэрмометр (1730), шкала якога паміж пунктамі замярзання і кіпення вады падзялялася на 80° (гл.Рэамюра шкала). Выкарыстаў мікраскоп для металургічных даследаванняў, выказаў прапанову атрымання штучнага шоўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́НЕ (Skåne),
гістарычная вобласць на крайнім Пд Швецыі. Займае аднайм. паўвостраў, уразаецца ў мора на 100 км, на З абмываецца прал. Эрэсун, на Пд і У — Балт. морам. У рэльефе пераважаюць узгорыстыя раўніны, ёсць асобныя грады з гранітаў і гнейсаў (выш. да 226 м). Клімат умераны. Большая ч.тэр. разарана, участкі шыракалістых лясоў (дуб, бук), верасоўнікі. Гарады Мальмё, Лунд і інш.
...СКОП (ад грэч. skopeō назіраю), другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае назву прыбораў ці прылад для назірання (напр., мікраскоп, тэлескоп).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
сродкі вымярэння, якія даюць магчымасць непасрэдна адлічваць (рэгістраваць) значэнне велічыні, што вымяраецца.
Паводле прызначэння падзяляюцца на электравымяральныя прылады, цеплатэхнічныя прылады, метэаралагічныя прылады, гідралагічныя прылады, актынаметрычныя (актынометры, піргеліёметры, альбедометры, балансамеры), астранамічныя інструменты і прылады, геадэзічныя прылады і інструменты, акустычныя (фазометры, шумамеры, акустычныя інтэрферометры і інш.), метралагічныя (эталонныя) прылады для градуіроўкі і праверкі рабочых вымяральных прылад (напр., квантавы гадзіннік, гл. таксама Метралогія), прылады для вымярэння часу (гадзіннік, гадзіннік астранамічны), вуглавых і лінейных скарасцей і паскарэнняў (акселерометры, тахометры, спідометры), радыётэхн. вымяральныя прылады (асцылограф, частатамер і інш.), спец. прылады (авіяцыйныя, карабельныя і інш., напр., вышынямер, гіракомпас). Пашыраны і камбінаваныя вымяральныя прылады, якія вымяраюць некалькі велічынь (ампервальтомметр і інш.). Паводле формы атрымання інфармацыі вымяральныя прылады бываюць аналагавыя (значэнне велічыні паказваецца на шкале) і лічбавыя (на спец.індыкатары), з візуальным адлічваннем і самапісныя (барографы, тэрмографы, індыкатары ціску, лічбавыя друкавальныя хранографы). Пашыраны інтэгральныя вымяральныя прылады, якія даюць сумарнае значэнне велічыні за пэўны час (напр., лічыльнікі электрычныя, расхадамеры). Адрозніваюць таксама вымяральныя прылады аўтаматычныя і ручнога кіравання. Найб. пашыраны вымяральныя прылады прамога дзеяння (прамога пераўтварэння) і прылады параўнання, у якіх велічыня, што вымяраецца, параўноўваецца з адпаведнай мерай (вагі, патэнцыёметры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1633—1832 у Гродне. Засн.літ. падкаморыем Фрыдрыхам Сапегам і яго жонкай Крысцінай. Мураваны, з 2-вежавым фасадам, касцёл Дзевы Марыі Ружанцавай асвячоны ў 1726. У храме было 8 разьбяных алтароў, арган на 10 галасоў, бронзавы бюст караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У мураваным 2-павярховым корпусе кляштара размяшчаліся школы. Сярод прыбораў кабінетаў былі 5 электрычных машын, магнітныя вагі, тэлескоп, мікраскоп, барометры і інш. Мелася хімічная лабараторыя, у б-цы было больш за 10 тыс. тамоў. У 1832 кляштар закрыты, будынкі не захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЕЎ Аляксандр Аляксеевіч (26.11.1893, г. Паневяжыс, Літва — 15.3.1969),
расійскі фізік. Акад.АНСССР (1943). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Петраградскі ун-т (1916). З 1919 у Дзярж. аптычным ін-це (Ленінград), адначасова з 1922 у Ленінградскім ун-це. Навук. працы па тэхн., дастасавальнай і электроннай оптыцы. Распрацаваў тэорыю адпалу аптычнага шкла, стварыў (разам з інш.) першы ў СССР электронны мікраскоп, прапанаваў канструкцыю здымачнай камеры для фатаграфавання хуткабежных працэсаў, сканструяваў шэраг прыёмнікаў эл.-магн. выпрамянення. Ленінская прэмія 1959. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́РНІКЕ (Zernicke) Фрыц (сапр. імя Фрэдэрык; 16.7.1888, Амстэрдам — 10.3.1966),
галандскі фізік. Чл.Нідэрл. каралеўскай АН (1946), замежны чл.
Лонданскага каралеўскага т-ва (1956). Скончыў Амстэрдамскі ун-т (1912). У 1913—58 у Гронінгенскім ун-це (з 1920 праф.). Навук. працы па стат. механіцы, тэорыі вадкасцей, электрамагнетызме, оптыцы і матэм. статыстыцы. Прапанаваў метад фазавага кантрасту (1934) і вынайшаў фазава-кантрастны мікраскоп (1935), што зрабіла магчымым назіранне з дапамогай мікраскопа празрыстых бясколерных аб’ектаў, Яго імем названы кратэр на адваротным баку Месяца. Нобелеўская прэмія 1953.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́ЎСКІ Дзмітрый Іосіфавіч (9.11.1864, c. Ніз Ленінградскай вобл., Расія — 20.4.1920),
расійскі вучоны ў галіне фізіялогіі раслін і мікрабіялогіі, адзін з заснавальнікаў вірусалогіі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1888). З 1890 у Бат. лабараторыі Пецярбургскай АН, з 1895 у Пецярбургскім, з 1901 праф. у Варшаўскім, з 1915 — у Данскім ун-тах. Навук. працы па фізіялогіі хворых раслін, уплыве кіслароду на спіртавое браджэнне ў дражджэй, стане хларафілу ў раслінах, значэнні караціну і ксантафілу, устойлівасці хларафілу да святла; па глебавай мікрабіялогіі. Эксперыментальна даказаў існаванне нябачнага ў мікраскоп узбуджальніка тытунёвай мазаікі, які праходзіў праз бактэрыяльныя фільтры. Гэтая праца стала пачаткам вучэння пра вірусы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМЕРСІ́ЙНЫ МЕ́ТАД,
метад вызначэння паказчыкаў пераламлення (ПП) святла дробных зярнят (каля 1—2 мкм) цвёрдых празрыстых рэчываў пад мікраскопам. Зярняты рэчыва апускаюць у нанесеныя на прадметнае шкло мікраскопа кроплі розных вадкасцей з вядомымі ПП. Разглядаючы зярняты ў мікраскоп, падбіраюць вадкасць, найб. блізкую па ПП ад дадзенага рэчыва. У І.м. выкарыстоўваюць імерсійны набор з 98 вадкасцей (з ПП ад 1,408 да 1,780), а таксама наборы высокапераламляльных вадкасцей (з ПП да 2,15) і празрыстых сплаваў (да 2,7). Метад выкарыстоўваюць для вызначэння чыстаты злучэнняў і суадносін кампанентаў у сумесях, пры вывучэнні мінералаў, горных парод і тэхн. камянёў, у хім. тэхналогіях.