Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАСКО́П (ад мікра... + ...скоп),
аптычная прылада для атрымання павялічанай выявы дробных аб’ектаў або дэталей іх структуры, не бачных простым вокам. Павелічэнне М. дасягае 1500—2000 (яно абмежавана дыфракцыйнымі з’явамі); раздзяляльная здольнасць 0,25 мкм (чалавечае вока не адрознівае дэталей аб’екта, размешчаных бліжэй за 0,08 мм). Большага павелічэння дасягаюць у М., дзе выкарыстоўваецца святло з меншай (<390 нм) даўжынёй хвалі ці імерсійная сістэма (мяжа раздзялення электронных мікраскопаў 0,01—0,1 нм).
М. з’яўляецца камбінацыяй 2 аптычных сістэм — аб’ектыва і акуляра, кожная з якіх складаецца з адной ці некалькіх лінзаў. М. бываюць: палярызацыйныя (для назірання аб’ектаў у палярызаваным святле), люмінесцэнтныя (для аб’ектаў, якія выпраменьваюць люмінесцэнтнае святло), інтэрферэнцыйныя і фазава-кантрастныя (выкарыстоўваюць метады, заснаваныя на інтэрферэнцыі святла), акустычныя (выяву аб’екта даюць у працэсе сканіравання яго пучком акустычных хваль сінхронна з растравай разгорткай праменя электронна-прамянёвай прылады), галаграфічныя (прызначаны для запісу інфармацыі пра дынамічныя аб’екты з выкарыстаннем лазера з паўтаральным імпульсным выпрамяненнем), тэрмахвалевыя (дзеянне заснавана на розных тэрмааптычных эфектах), інфрачырвоныя, металаграфічныя, стэрэаскапічныя, праекцыйныя, рэнтгенаўскія, тэлевізійныя і інш. Першы двухлінзавы М. пабудаваў З.Янсен (Нідэрланды, каля 1590), больш дасканалы, падобны на сучасны, сканструяваў Р.Гук (Вялікабрытанія, 1665). У 1673—77 А.Левенгук (Нідэрланды) з дапамогай М. адкрыў свет мікраарганізмаў. Тэарэт. разлік складаных М. даў ням. фізік Э.Абе ў 1872. У пач. 1930-х г. пабудаваны першы электронны М.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Мікраскоп палярызацыйны 8/70
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Мікраскоп праекцыйны, гл. Мікрапраектар
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Мікраскоп электронны 7/195—19611/440
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННЫ МІКРАСКО́П,
вакуумная электронна-аптычная прылада для атрымання павялічанага відарыса аб’екта, у якой замест светлавых прамянёў выкарыстоўваюцца пучкі электронаў, паскораных да высокіх энергій. Прынцып дзеяння Э.м. заснаваны на законах электроннай і іоннай оптыкі. Па раздзяляльнай здольнасці (да 0,1 нм) пераўзыходзіць аптычны мікраскоп у некалькі тысяч разоў, што дазваляе вывучаць атамную і малекулярную структуру даследуемых аб’ектаў. Паводле характару даследаванняў аб’ектаў адрозніваюць прасвечвальныя, адбівальныя, растравыя, эмісійныя, ценявыя і люстраныя Э.м.
У прасвечвальных Э.м. відарыс аб’екта ствараецца з дапамогай электронных лінзаў электронамі, якія прайшлі праз даследаваны аб’ект. У адбівальных — рассеянымі (адбітымі) электронамі. У растравых электронны пучок факусіруецца лінзамі ў тонкі прамень-зонд, які сканіруе паверхню аб’екта. Такімі мікраскопамі даследуюцца празрыстыя і непразрыстыя (для электронаў) аб’екты, відарыс якіх звычайна назіраецца на экране электронна-прамянёвай трубкі. У эмісійных Э.м. аб’ект сам за кошт награвання, асвятлення, бамбардзіроўкі яго электронамі ці іонамі і інш. выпрамяняе электроны, якія паскараюцца і праходзяць праз лінзы. У ценявых Э.м. электронныя лінзы ствараюць электронны зонд, які на аддаленым ад аб’екта экране ці на фотапласцінцы стварае ценявы відарыс. З дапамогай люстраных Э.м. вызначаюць размеркаванне эл. патэнцыялу паблізу паверхні даследуемага ўзору (электроны адбіваюцца ад эквіпатэнцыяльнай паверхні, якая ўтварылася перад узорам). Э.м. выкарыстоўваюцца ў навук. даследаваннях, у тэхнал. мэтах, напр., для вырабу мікрасхем метадам электроналітаграфіі, а таксама для кантролю ў розных галінах мікраэлектронікі, паўправадніковай тэхнікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛЬТРАМІКРАСКО́П (ад ультра... + мікраскоп),
аптычная прылада для выяўлення часцінак памерамі да 2∙10′9м, якія нельга назіраць пры дапамозе звычайнага мікраскопа. Вынайдзены ў 1903 аўстр. вучонымі Р.А.Зігмандзі і Г.Зідэнтопфам.
Дзеянне У. заснавана на знаходжанні часцінак па дыфракцыі святла на іх. Асн. частка У. — звычайны мікраскоп са спец. асвятляльнай сістэмай (надзвычай моцныя крыніцы святла) для назірання паводле метаду цёмнага поля (даследуемы аб’ект асвятляецца так, што ў аб’ектыў мікраскопа трапляюць толькі рассеяныя ім прамяні, якія ўтвараюць дыфракцыйныя плямы). У. не дае аптычнага відарыса даследуемых аб’ектаў (сапраўдныя памеры і форму па дыфракцыйных плямах вызначыць немагчыма), але дазваляе вызначыць іх канцэнтрацыю і сярэдні памер. Выкарыстоўваецца пры даследаванні дысперсных сістэм, для кантролю чысціні паветра, вады і інш.