ХАМЕЛЕО́НЫ (Chamaeleontidae),

сямейства (па інш. класіфікацыі падатр.) яшчарак атр. лускаватых. 4 роды, каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ў Афрыцы і на в-ве Мадагаскар; трапляюцца ў Зах. і Паўд. Азіі, 1 від — у Паўд. Еўропе. Жывуць на дрэвах і кустах, маларухомыя.

Даўж. цела да 60 см. Тулава сціснутае з бакоў, укрытае рагавымі зярняткамі і бугаркамі. На галаве ў многіх відаў рагавыя і скурныя нарасці (бугаркі, грабяні, завостраныя рогі). Ногі доўгія, пяціпальцыя. Хвост доўгі, учэпісты. Вочы вял., з тоўстымі, зрослымі павекамі маленькай цэнтр. адтулінай для зрэнкі; рухі вачэй незалежныя. Афарбоўка цела здольна хутка мяняцца ў залежнасці ад умоў навакольнага асяроддзя, голаду, смагі, спалоху і інш. Кормяцца пераважна насякомымі, дробнымі пазваночнымі. Большасць яйцакладныя, ёсць яйцажывародныя.

Л.​В.​Кірыленка.

Хамелеон паўднёваафрыканскі.

т. 16, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ў электрахіміі,

адхіленне значэння электроднага патэнцыялу ад раўнаважнага пры праходжанні праз электрод знешняга эл. току. Велічыня П. можа мяняцца ад долей мілівольт да некалькіх вольт, залежыць ад матэрыялу электрода, характару электродных працэсаў, саставу раствору, т-ры і звычайна тым большая, чым большая шчыльнасць эл. току.

Адрозніваюць П. канцэнтрацыйную і электрахімічную. Канцэнтрацыйная П. абумоўлена адрозненнем, прыэлектроднай канцэнтрацыі рэчыва, што ўдзельнічае ў электродным працэсе, ад яго канцэнтрацыі ў аб’ёме, выкліканым малой скорасцю дыфузіі кампанентаў раствору. Электрахімічная П., ці перанапружанне, абумоўлена канечнай скорасцю працэсаў, што адбываюцца непасрэдна на паверхні электродаў: перанос электрона праз мяжу электрод/раствор, гетэрагенныя хім. рэакцыі, утварэнне новай фазы і інш. Звычайна П. непажаданая (павышае расход эл. энергіі пры электролізе, зніжае карыснае напружанне гальванічных элементаў), аднак у некаторых выпадках карысная: прыпыняе працяканне непажаданых пабочных працэсаў (напр., выклікае тармажэнне карозіі металаў).

А.​П.​Чарнякова.

т. 12, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭНАФА́ГІ (ад стэна... + грэч. phagein пажыраць),

арганізмы, якія жывяцца адным ці нешматлікімі відамі корму, блізкімі паводле саставу. Характарызуюцца анат., фізіял. і біяхім. адаптацыямі (напр., спецыфічнай будовай стрававальнай сістэмы, асаблівымі ферментамі). Ступень стэнафагіі можа мяняцца з узростам — дарослыя асобіны спажываюць больш разнастайны корм, чым маладняк. Спецыялізацыя жыўлення ў С. садзейнічае аслабленню іх канкурэнцыі з інш. відамі, пры памяншэнні кармавой базы іх колькасць можа рэзка зніжацца.

Сярод С. шмат беспазваночных жывёл, асабліва насякомых, напр., многія клапы, перапончатакрылыя і матылі існуюць за кошт сокаў, нектару і пылку абмежаванай колькасці відаў раслін; яблыневыя пладажэркі жывуць у асн. на яблынях і дрэвах грэцкага арэху, каларадскі жук — пераважна на бульбе. Сярод пазваночных С. трапляюцца радзей, з рыб — сігі, сінец (кормяцца пераважна планктонам), сазан, лешч, лінь (заабентасам) і інш. У птушак спецыялізаванае жыўленне характэрна для чарацянак (пераважна аўсянікамі і камарамі-хіранамідамі), крыжадзюбаў (насеннем хваёвых дрэў) і скапы (рыбай). З млекакормячых да С. належаць лятучыя мышы (кормяцца пераважна начнымі насякомымі). Проціпастаўляюць эўрыфагам.

т. 15, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВАРЫЯ́НТНАСЦЬ у фізіцы,

нязменнасць аб’екта (фіз. велічыні, матэм. суадносін, ураўненняў фіз. тэорыі і інш.) адносна пэўных пераўтварэнняў, якія адлюстроўваюць незалежнасць фіз. заканамернасцей ад канкрэтных сітуацый, у якіх яны ўстанаўліваюцца і ад спосабу апісання гэтых сітуацый. І. звязана з уласцівасцямі сіметрыі прасторы і часу, для матэм. апісання якіх у класічнай механіцы выкарыстоўваюцца Галілея пераўтварэнні, а ў рэлятывісцкай тэорыі — Лорэнца пераўтварэнні. Аднароднасць і ізатропнасць трохмернай (эўклідавай) прасторы і аднароднасць часу, як вынікае з Нётэр тэарэмы, прыводзяць да існавання фундаментальных законаў захавання энергіі, імпульсу і моманту імпульсу.

І. звязана з агульнымі і найб. глыбокімі ўласцівасцямі матэрыяльных аб’ектаў, прасторы і часу. Напр., рэлятывісцкая інварыянтнасць звязана з аднароднасцю і ізатропнасцю 4-мернай прасторы-часу, а ізатапічная інварыянтнасць — з незалежнасцю моцнага ўзаемадзеяння элементарных часціц ад іх эл. зарадаў. Пры стварэнні розных аб’яднаных тэорый (гл. Вялікае аб’яднанне, Электраслабае ўзаемадзеянне) выяўляюцца інш. віды І., напр. Калібровачная інварыянтнасць. З паняццем І. цесна звязана паняцце каварыянтнасці. Паводле яе патрабаванняў пры адпаведных пераўтварэннях сіметрыі захоўваецца толькі форма запісу матэм. суадносім фіз. тэорыі, а самі велічыні могуць мяняцца. Напр., 4-вектар энергіі-імпульсу P (P1; P2; P3; P4) P′ (P1′; P2′; P3′; P4′) — каварыянт, а яго квадрат P​2 = (P′)​2 = −m​2c​4 — інварыянт, дзе m — маса спакою рэлятывісцкай часціцы, c — скорасць святла ў вакууме. На прынцыпах каварыянтнасці грунтуецца т. зв. каварыянтны падыход, распрацаваны Ф.Л.Фёдаравым для рашэння задач тэарэт. фізікі (гл. Каварыянтныя метады, Праектыўных аператараў метад).

Літ.:

Вигнер Е. Этюды о симметрии: Пер. с англ. М., 1971;

Федоров Ф.И. Группа Лоренца. М., 1979.

А.​А.​Богуш.

т. 7, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КО́РПУС САМААХО́ВЫ (БКС), Беларуская самаахова,

ваенізаванае фарміраванне бел. калабарацыяністаў у Вял. Айч. вайну. Пачаў стварацца летам 1942 Беларускай народнай самапомаччу (БНС) з дазволу ням. улад. Гал. камендантам БКС быў прызначаны І.​Ермачэнка, пры ім створаны штаб БКС (нач. штаба падпалк. У.​Гуцька), у акругах — камісіі для арганізацыі самааховы. Меркавалася стварыць БКС у складзе 3 дывізій: адна ў напрамку на Мінск, Слуцк; 2-я — на Баранавічы, Навагрудак, Слонім; 3-я — на Вілейку, Ліду, Глыбокае. Паводле распараджэння ням. улад у кожным павеце дазвалялася мець адзінку самааховы (ад роты да батальёна). На з’ездзе акр. кіраўнікоў БНС (2-я пал. ліп. 1942) вырашана пачаць работу з вайсковай падрыхтоўкі кадраў. У пач. жн. 1942 у Мінску адкрыты афіцэрскія курсы (кіраўнік Ф.​Кушаль), на якіх прайшлі перападрыхтоўку каля 260 чал. Падафіцэры займаліся на курсах у акругах. Самаахова павінна была дапамагаць ням. і мясц. паліцыі ў барацьбе супраць партызанаў, забяспечваць спакой на Беларусі. Стварэнне БКС суправаджалася шырокай прапагандысцкай кампаніяй. Усяго было сфарміравана 20 батальёнаў і некалькі меншых адзінак БКС, якія, аднак, не выканалі ўскладзеных на іх задач. Адна з гал. прычын гэтага ў тым, што гітлераўцы не адважваліся ўзбройваць самаахову і ствараць на Беларусі нац. армію, нават і дружалюбную ім. Другая заключалася ў тым, што ў агульнай масе насельніцтва не ўспрыняло заклік калабарацыяністаў і падтрымлівала партызанаў. Члены БНС і іх сем’і пастаянна праследаваліся партызанамі, многія пераходзілі на бок апошніх разам з атрыманай зброяй. Таму з восені 1942 адносіны немцаў да самааховы пачалі мяняцца. Ермачэнка быў пазбаўлены тытула ген. каменданта, штаб БКС забаронены. Ермачэнку дазвалялася мець пры сабе вайсковага рэферэнта па справах самааховы, а таксама рэферэнтаў пры старшынях БНС у акругах, якія падпарадкоўваліся акр. начальнікам паліцыі. Былі забаронены афіцэрскія званні, замест іх уведзены назвы службовых пасад: камандзір звязу, камандзір роты і інш. Фарміраванне адзінак БКС было перададзена жандармерыі і паліцыі, што адмоўна ўспрымалася насельніцтвам і калабарацыяністамі. Вясной 1943 гітлераўцы вымушаны былі яго распусціць.

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГАВАРО́Т ВАДЫ́ на Зямлі, бесперапынны замкнёны працэс цыркуляцыі вады ў атмасферы, гідрасферы і зямной кары; частка кругавароту рэчываў на Зямлі. Разам з цеплаабаротам і агульнай цыркуляцыяй атмасферы — адзін з асн. кліматаўтваральных фактараў. Адбываецца пад уплывам сонечнай радыяцыі і дзеяннем сілы цяжару. Складваецца з выпарэння вады з паверхні водных аб’ектаў, глебы, расліннага покрыва, пераносу яе паветр. плынямі з месца выпарэння, кандэнсацыі пары і выпадзення атм. ападкаў, перамяшчэння вады па схілах і рэчышчах часовых вадацёкаў (паверхневы сцёк), а пасля інфільтрацыі — у тоўшчы глеб і грунтоў (падземны сцёк). Асн. маса вады выпараецца з паверхні Сусв. акіяна і на яго ж выпадае, а частка пераносіцца паветр. плынямі на сушу. К.в. бывае малы (толькі над акіянамі — акіянічны ці толькі над мацерыком — мацерыковы) і вялікі (уключае акіян і сушу). Колькаснае выяўленне К.в. — водны баланс Зямлі. Некаторыя элементы К.в. могуць мяняцца пад уплывам дзейнасці чалавека. Напр., утварэнне вадасховішчаў і арашэнне павялічвае выпарэнне, асушэнне балот і азёр памяншае яго, адбор падземных вод на водакарыстанне павялічвае паверхневы сцёк і гэтым паскарае К.в.; забруджванне атмасферы паскарае раставанне снегу вясной, наяўнасць ядраў кандэнсацыі садзейнічае выпадзенню ападкаў, каналізацыя рэк паскарае сцёк. Аказваюць уплыў штучнае папаўненне запасаў падземных вод, эрозія глеб і проціэразійныя мерапрыемствы, інтэнсіфікацыя с.-г. дзейнасці і інш.

Тэр. Беларусі ахоплена працэсамі вялікага К.в., якія ўвасабляюцца ў выпарэнні вады ў трапічных і субтрапічных шыротах Атлантычнага ак., зах. пераносе вільгаці на мацярык, кандэнсацыі і выпадзенні ападкаў і наступных этапах цыклічнага руху вады. Адначасова адбываюцца працэсы малога К.в. — частку ападкаў складае вільгаць, перанесеная з акіяна і тая, што ўжо выпадала ў Зах. Еўропе. Магчымы працэсы ўнутрырэгіянальнага выпарэння ападкаў на З Беларусі, пераносу іх у выглядзе вадзяной пары і выпадзення на У рэспублікі. На тэр. Беларусі выпадае прыкладна 146 км³ ападкаў, каля 112 км³ выпараецца, 34 км³ прыпадае на рачны сцёк.

Схема кругавароту вады на Зямлі: 1 — выпарэнне з паверхні акіяна; 2 — выпадзенне ападкаў на паверхню акіяна; 3 — выпадзенне ападкаў на паверхню сушы; 4 — выпарэнне з паверхні сушы; 5 — паверхневы і падземны сцёк у рэкі; 6 — рачны сцёк у акіян; 7 — падземны сцёк у акіян або бяссцёкавую вобласць.

т. 8, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕТРАПЛА́ВАННЕ, аэранаўтыка,

лятанне на апаратах, якія лягчэй за паветра — аэрастатах (у адрозненне ад авіяцыі, дзе выкарыстоўваюцца апараты, цяжэйшыя за паветра, — самалёты, верталёты, планёры і інш.). Да пач. 1920-х г. пад П. разумелі перамяшчэнне па паветры наогул. Тэарэт. асновай П. з’яўляюцца аэрамеханіка і аэрастатыка.

Першыя спробы падняцца ў паветра на шары, напоўненым нагрэтым паветрам (дымам), рабіліся ў пач. 18 ст. ў Францыі, Расіі і інш. краінах. У 1783 Л.​Эйлер вывеў формулы для разліку падымальнай сілы аэрастата. Франц. вынаходнікі браты Ж. і Э.Мангальф’е пабудавалі паветраны шар, на якім 21.11.1783 у Парыжы Пілатр дэ Разье і д’Арланд ажыццявілі першы 25-мінутны палёт. Франц. вучоны Ж.​Шарль прапанаваў напаўняць паветр. шары вадародам. Палёт на такім шары здзейснілі Шарль і Н.​Л.​Рабер 1.12.1783 (2,5 гадз, дасягнута выш. 3400 м). У Расіі першыя палёты на паветр. шары адбыліся ў 1803 у Пецярбургу і Маскве. Праект кіравальнага аэрастата (з паветраным вінтом, які круціўся ўручную) прапанаваў у 1784 франц. інжынер Ж.​Мёнье. Першы палёт на кіроўным апараце (дырыжаблі) з паравым рухавіком ажыццявіў у 1852 франц. інжынер А.​Жыфар. У сярэдзіне 19 ст. побач са свабоднымі знайшлі выкарыстанне прывязныя аэрастаты (для вывучэння атмасферы, геагр. даследаванняў, ваен. мэт). Працягласць палётаў свабодных аэрастатаў складала некалькі гадзін, выш. да 4 тыс. м. Скорасць кіравальных аэрастатаў да канца 19 ст. дасягнула 15 км/гадз. У 1875 Дз.​І.​Мендзялееў прапанаваў ідэю стратастата для правядзення навук. даследаванняў у метэаралогіі, аэралогіі, астраноміі. У 1887 К.​Э.​Цыялкоўскі распрацаваў праект цэльнаметал. бескаркаснага дырыжабля, аб’ём якога мог мяняцца ў час палёту. У 1900 у Германіі ажыццёўлены першы палёт дырыжабля жорсткай сістэмы канструкцыі Ф.Цэпеліна, які стаў асновай для дырыжабляў, што будаваліся ў Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША у ваен. мэтах. З пач. 20 ст. атрымалі пашырэнне больш дасканалыя змейкавыя аэрастаты (створаныя ў 1893 немцам А.​Парзевалем), выкарыстоўваліся для разведкі поля бою, карэкціроўкі артыл. стральбы, пазней і як загарода супраць самалётаў. У 1-ю сусв. вайну на ўзбраенні развітых краін былі розныя тыпы дырыжабляў для бамбардзіровак і далёкай разведкі (аб’ём ад 1500 да 68 тыс. м³, скорасць палёту 80—130 км/гадз, выш. да 5000 м). Пасля вайны ў ЗША, Францыі, Італіі, Германіі і інш. будаваліся дырыжаблі аб’ёмам да 184 тыс. м³ для перавозкі пасажыраў, грузаў і для ваен. мэт. У 1926 Р.Амундсен на дырыжаблі паўжорсткай сістэмы «Нарвегія» (канструкцыя італьян. інж. У.Нобіле) зрабіў беспасадачны пералёт з в-ва Зах. Шпіцберген праз Паўн. полюс на Аляску. У 1929 ням. дырыжабль «Граф Цэпелін» здзейсніў кругасветны пералёт за 21 сут з сярэдняй скорасцю 177 км/гадз. У 1931 бельгійцы А.​Пікар і М.​Кіпфер на стратастаце падняліся на выш. 15 780 м, сав. стратанаўты ў 1933 дасягнулі выш. 19 тыс. м, у 1934—22 тыс. м. У Вял. Айч. вайну шырока выкарыстоўваліся аэрастаты назірання і загараджэння. З 1950-х г. у многіх краінах створаны беспілотныя (аўтаматычныя) аэрастаты для вывучэння паветр. цячэнняў, геагр. і медыка-біял. даследаванняў, пад’ёму тэлескопаў і інш.

Літ.:

Жуковский Н.Е. Собр. соч. Т. 6. Теоретические основы воздухоплавания. М.; Л., 1950;

Анощенко Н.Д. Воздухоплаватели. М., 1960;

Броуде Б.Г. Воздухоплавательные летательные аппараты. М., 1976.

У.​М.​Сацута.

Да арт. Паветраплаванне: 1 — дырыжабль А.​Жыфара; 2, 3 — свабодны і прывязны аэрастаты (ЗША, 1980-я г.).

т. 11, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ,

прылады, з дапамогай якіх здабываюцца акрэсленыя (або недакладна акрэсленыя) па вышыні і рытмічна арганізаваныя (або неарганізаваныя) гукі, паслядоўнасці гукаў, а таксама шумы. Абавязковыя элементы М.і. — вібратар, ці крыніца гуку (струна, мембрана, слуп паветра), і генератар, што пабуджае вібратар да вагання (смычок, сістэма малаточкаў і інш.). Многія М.і. маюць і ампліфікатар для ўзмацнення ваганняў (рэзанансавыя корпус, дошка) з мэтай атрымання гукаў большай сілы. Кожнаму М.і. ўласцівы пэўны гукавы дыяпазон, комплекс тэмбрава-рэгістравых, дынамічных, выразных і тэхніка-выканальніцкіх магчымасцей. Якасць гучання залежыць ад матэрыялаў, з якіх яны зроблены, і нададзенай ім формы, можа мяняцца пры дапамозе дадатковых прыстасаванняў (напр., сурдзіны) і розных прыёмаў гуказдабывання.

М.і. выконваюць разнастайныя грамадскія (ад прыкладной да ўласна эстэтычнай) і маст. функцыі (М.і. сольныя і ансамблевыя, меладычныя і рытмічныя і інш.). Падзяляюцца на нар. і прафесійныя. Іх развіццё непасрэдна звязана з развіццём грамадства, яго культуры, муз. мастацтва, выканальніцтва і тэхнікі вырабу. Паводле прынятай у сучасным інструментазнаўстве класіфікацыі Э.М. фон Хорнбастэля — К.​Закса (прапанавана ў 1914), якая ўлічвае 2 вызначальныя прыметы — крыніцу гуку і спосаб яго здабывання, М.і. ўтвараюць 4 групы: ідыяфоны (самагучальныя), мембранафоны (мембранавыя), аэрафоны (духавыя) і хардафоны (струнныя); у 20 ст. і электрафоны (электрамузычныя інструменты). Крыніца гуку ў ідыяфонах — матэрыял, з якога зроблены інструмент або яго гучальная дэталь, у мембранафонах — нацягнутая перапонка (найчасцей са скуры жывёлы), у аэрафонах — заключаны ў трубцы слуп паветра, у хардафонах — нацягнутая струна. Залежна ад спосабу гуказдабывання ідыяфоны бываюць ударныя, саўдаральныя, патрэсвальныя, скрабковыя, шчыпковыя, аэрафоны — свабодныя, флейтавыя, язычковыя, амбушурныя; хардафоны — шчыпковыя, смычковыя, ударныя і фрыкцыйныя Улічваюць і канструкцыйныя асаблівасці (вядомы флейты адзіночныя падоўжныя — адкрытыя і закрытыя, парныя).

Нар. М.і. беларусаў вызначаюцца разнастайнасцю тыпаў і іх лакальных разнавіднасцей. Група ідыяфонаў уключае талеркі, лыжкі, вугольнік, трашчотку, калотку, брусочкі, звон, бразготкі, званок, шархуны, кляшчоткі, драбінку, шмыгала, рагульку; у мінулым былі яшчэ варган і біла (калатушка); група мембранафонаў — бубен, барабан і грэбень (мірлітон); група аэрафонаў: свабодныя аэрафоны — лісты дрэў і травы, карынка, берасцянка, пуга, дудка шчылінная, гармонік і яго разнавіднасці — баян і акардэон; флейтавыя — свісцёлка, акарына, дудка, салавейка, парныя дудкі (раней, верагодна, і шматствольныя); язычковыя — жалейка, кларнет, дуда, дудачка з падвойным язычком; амбушурныя — рог і труба; група хардафонаў: смыкавыя — скрыпка, басэтля, ліра колавая, шчыпковабрынкальныя — балалайка, мандаліна, гітара, раней і цытра; ударныя — цымбалы. Паводле спосабу вырабу бел. нар. М.і. падзяляюцца на спецыяльна вырабленыя і прыстасаваныя для гукаўтварэння прадметы навакольнай прыроды і побыту. Вырабляюць М.і. музыканты-выканаўцы і муз. майстры-прафесіяналы. У 2-й пал. 20 ст. ў нар. муз. побыце ўсё часцей выкарыстоўваюць інструменты фабрычнай вытв-сці (скрыпка, цымбалы, гармонік, баян, кларнет; гл. Музычных інструментаў вытворчасць). Спрадвеку нар. М.і. звязаны з традыц. каляндарна-земляробчымі і сямейнымі абрадамі, пастухоўскім, паляўнічым і ваен. побытам, рознымі святамі. У вясковай практыцы М.і. выкарыстоўваюць як сольныя і ансамблевыя (гл. Народныя інструментальныя ансамблі). Амаль усе прафес. М.і. паявіліся ў выніку ўдасканалення народных. Да прафесійных адносяцца інструменты сімф. (опернага), духавога і эстр. аркестраў, а таксама электра- і мех. інструменты, сінтэзатары, камп’ютэры і інш. Гл. таксама Аркестр, Інструментоўка, Партытура.

Літ.:

Закс К. Современные оркестровые музыкальные инструменты: Пер. с нем. М., 1932;

Чулаки М.И. Инструменты симфонического оркесгра. 4 изд. М., 1983;

Вертков К., Благодатов Г., Язовицкая Э. Атлас музыкальных инструментов народов СССР. 2 изд. М., 1975;

Назіна І.Д. Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997;

Sachs K. The History of musical Instruments. New York, 1940.

І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТУРА 1990 — пач. 2000-х гадоў.

Моцнае ўздзеянне на сучасную архітэктуру зрабіў постмадэрнізм, у якім знайшло ўвасабленне спалучэнне рэалістычнага і авангарднага кірункаў. Першы звязаны з развіццём нац. традыцый, аснова другога — рэтраспектывізм. Новыя аб’екты набылі больш выразныя сілуэтныя кампазіцыі. Як сродак маст. выразнасці важную ролю адыгрываюць колер і святло. Паскоранымі тэмпамі ішло фарміраванне агульнагарадскіх цэнтраў. Поліцэнтрычную структуру набылі Пінск, Полацк і Наваполацк. Іх развіццё прадугледжвае выхад іх да водна-зялёных зон і лясных масіваў. У вялікіх гарадах большая ўвага аддаецца захаванню гіст. забудовы. У шэрагу выпадкаў гіст. цэнтры ператвораны ў пешаходныя зоны (Пінск, Ліда). Пры гэтым новыя транспартныя лініі фарміруюцца ў абыход гар. ядра. У 1990-я г. пачала мяняцца горадабудаўнічая канцэпцыя. Калі папярэднія генпланы гарадоў арыентаваліся на высакашчыльную шматпавярховую забудову жылых раёнаў, то новая стратэгія прадугледжвае і індывідуальнае малапавярховае буд-ва (Мінск). Атрымала развіццё ідэя захавання прыродна-ландшафтных зон, асабліва каля водных зон ці сістэм (Лошыцкая і Сляпянская сістэмы, зялёныя зоны вакол рэк Свіслач, Вяча, Волма, Пціч і інш.). Далейшае развіццё гарадоў патрабавала стварэння новых транспартна-камунікацыйных восей і вузлоў, якія мелі на мэце аб’яднанне цэнтральных і перыферыйных раёнаў горада планіровачным каркасам. Змяніўся характар забудовы жылых раёнаў. Калі ў 1970—80-я г. будынкі былі дакладна скаардынаваны з магістральнымі вуліцамі (размяшчаліся ўздоўж іх ці тарцовым бокам), то ў 1990-я г. іх узводзяць пад розным вуглом адносна вуліц. Пашырэнне атрымалі спартыўныя збудаванні, банкаўскія комплексы, маст. выразнасць якіх дасягаецца і канструкцыяй, і выкарыстаннем сучасных матэрыялаў. У такіх пабудовах падкрэсліваецца структура нясучых элементаў, вонкавыя сцены маюць частковае і суцэльнае шкленне: аўтавакзал «Маскоўскі» (арх. М.​Навумаў, інж. Л.​Валчэцкі), новы чыгуначны вакзал (В.​Крамарэнка, М.​Вінаградаў, І.​Вінаградаў) у Мінску; лядовыя палацы ў Мінску (арх. Ю.​Патапаў, І.​Боўт, А.​Шафрановіч), Віцебску (арх. І.​Боўт, А.​Шафрановіч), Гродне (арх. М.​Жучко, У.​Еўдакімаў, А.​Пархута, А.​Тараненка), Гомелі (арх. І.​Боўт, С.​Міцько з удзелам Л.​Смольскай, Н.​Шамелавай, А.​Грачова); будынкі Мінсккомплексбанка, Масбізнесбанка ў Мінску (абодва арх. А.​Вараб’ёў), банкі па вул. Міцкевіча ў Гродне (арх. Н.​Чуйко, М.​Жучко, А.​Тараненка), у г. Шчучын (арх. А.​Штэн, Э.​Марцінчык, С.​Мужэйка, Т.​Чорная) і інш. Тэндэнцыі постмадэрнізму яскрава адбіліся на грамадскай і жыллёвай архітэктуры. Ускладнілася аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя, якая найчасцей грунтуецца на прынцыпе блакіроўкі аб’ёмаў розных маштабаў і форм: паліклініка па праспекце Машэрава (арх. В.​Крусь), рэканструяваны будынак ЦУМа (арх. С.​Неўмывакін, В.​Счыслёнак, І.​Бялешчанка), жылыя дамы на скрыжаванні вуліц М.​Багдановіча і Някрасава (арх. Э.​Левіна), па вул. Грыбаедава (арх. Д.​Сакалоў, А.​Чадовіч) у Мінску; па вул. Кірава ў Брэсце (арх. У.​Чайкоўскі, А.​Чайкоўская) і інш. Атрымалі распаўсюджанне вежавыя формы: ЗАГС Кастрычніцкага раёна (арх. А.​Цэйтлін, А.​Трусаў), жылыя дамы на скрыжаванні вуліц Л.​Бяды і Някрасава (арх. Л.​Маскалевіч), па вул. Варвашэні (арх. В.​Галкоўскі, Т.​Лабінская) у Мінску; дзіцячы парк па вул. З.​Касмадзям’янскай у Пінску (арх. А.​Васіленка), катэджы ў Бараўлянах, Гарадзішчы пад Мінскам. Для ўзмацнення маст.-эстэтычнай выразнасці ў новых пабудовах выкарыстоўваюцца гіст.-арх. элементы, разлічаныя на дэкар. эфект: зубчастыя ці крывалінейныя завяршэнні сцен (замежны гандлёвы дом «Кантыненталь» у Брэсце, арх. В.​Кескевіч, Ю.​Прудзялюк), паўцыркульныя нішы і аконныя праёмы, трохвугольныя ці фігурныя франтоны з матывамі барока, арачныя галерэі, дэкар. калоны, рызаліты і інш. У сучаснай архітэктуры маюць месца матывы мадэрна (крывалінейныя формы ў спалучэнні з двухсхільнымі дахамі, мансардныя надбудовы): праект карчмы для музейна-вытворчага комплексу «Дудуткі» (у Пухавіцкім р-не; арх. А.​Базевіч, С.​Сергачоў), індывідуальны чатырохпакаёвы жылы дом (арх. В.​Кескевіч), жылыя дамы па вул. Леваноўскага (арх. А.​Янушка) у Брэсце, на Лагойскім тракце ў Мінску (арх. П.​Кракалёў, Л.​Карначык).

Найб. яскрава рэтраспектыўная тэндэнцыя ў сучаснай архітэктуры выявілася ў культавым дойлідстве. Пра распаўсюджанне ў сакральным дойлідстве гатычных матываў сведчаць буйнамаштабныя формы базілікальных храмаў са сціплым выкарыстаннем дэкар. элементаў, шчытавыя дахі, вузкія выцягнутыя вокны стральчатых абрысаў, контрфорсы (касцёл і праваслаўная царква ў Мастах, касцёл Узвіжання Святога Крыжа ў Светлагорску). У праваслаўнай царкоўнай архітэктуры знайшлі адлюстраванне візантыйскія і руска-візантыйскія матывы. Кампактныя крыжова-купальныя ў плане пабудовы маюць характэрнае закамарнае перакрыццё; сферычны, шлемападобны ці цыбулепадобны купал на высокім цыліндрычным барабане з шэрагам вузкіх аконных праёмаў (храмы Успення Прасвятой Багародзіцы ў Маладзечне, у імя Прападобнай Ефрасінні княжны Полацкай у Мінску; цэрквы Серафіма-Сароўская ў г. Белаазерск, Святога Пакутніка Валянціна ў в. Наваспаск Смаргонскага раёна і інш.). Часам для аздаблення выкарыстоўваліся какошнікі (капліца па вул. Карастаянавай у Мінску). На аснове пераасэнсавання традыцый дойлідства ў новых пабудовах знайшло адлюстраванне ўзаемадзеянне гіст. і сучаснага (аднаўленне будынка ратушы ў Мінску, 2002). Адной з істотных заканамернасцей архітэктуры стала рэтраспектыўная тэндэнцыя, што была вынікам постмадэрнізму. Аднак пэўнай стылістычнай накіраванасці 1990-я — пач. 2000-х г. не прынеслі. Для архітэктуры гэтага перыяду характэрна адраджэнне гіст. і нац. традыцый. Вынікам пошукаў выразнасці стала своеасаблівая шматстылёвасць архітэктуры.

т. 18, кн. 2, с. 647

Сляпянскае водна-паркавае паўкальцо ў Мінску. Фрагмент.
Замежны гандлёвы дом «Кантыненталь» у Брэсце. 1995—97.
Ратуша ў Мінску. Фота 2004.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ І ПАЛІТЫЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСІ Ў 1950-х — СЯРЭДЗІНЕ 1980-х г.

Прамысловасць, транспарт, сувязь. У развіцці прамысловасці, транспарту і сувязі было шмат супярэчнасцей. З аднаго боку, назіраўся рост прамысл. вытворчасці на базе пашырэння капітальнага будаўніцтва, стварэння новых і расшырэння дзеючых прадпрыемстваў. Новы характар набывала сама вытворчасць, якая пераходзіла ад машынна-індустрыяльнага тыпу да навукова-індустрыяльнага. Навука станавілася непасрэдным удзельнікам комплексна-механізаванай і аўтаматызаванай вытворчасці. Уводзіліся ў дзеянне новыя буйныя прамысл. прадпрыемствы, у т. л. Бел. аўтамабільны з-д у Жодзіне, з-д аўтаматычных ліній у Мінску, 3 салігорскія калійныя камбінаты, Полацкі і Мазырскі нафтаперапрацоўчыя, Гомельскі суперфасфатны, Мінскі маторны з-ды, Васілевіцкая і Бярозаўская ДРЭС, Магілёўскі шынны камбінат, з-д сінтэтычнага валакна ў Гродне, 4-ы Салігорскі калійны камбінат, Бел. металургічны з-д у Жлобіне, Маладзечанскі з-д парашковай металургіі і інш. Значныя вынікі дасягнуты ў павышэнні тэхн. ўзроўню вытворчасці — здаваліся ў эксплуатацыю паточныя лініі, спец. станкі і аўтаматы. Калі ў 1965 на прамысл. прадпрыемствах рэспублікі дзейнічала 2,7 тыс. паточных і механізаваных паточных і 189 аўтаматызаваных ліній, то ў 1985 іх колькасць вырасла адпаведна да 8131 і 1749. Новым кірункам у аўтаматызацыі вытворчасці з’явілася робататэхніка. У сярэдзіне 1980-х г. прамысл. робаты сталі выкарыстоўвацца на мінскіх заводах трактарным і «Тэрмапласт». Павышаная ўвага аддавалася развіццю тых галін прамысловасці, якія вызначалі навукова-тэхн. прагрэс (НТП). Адзначалася нарошчванне вытворчасці энергетычнай прамысловасці, машынабудавання, металаапрацоўкі. Паскоранымі тэмпамі ішло развіццё прыборабудаўніцтва, электронікі і радыёэлектронікі, вытворчасці ЭВМ і аўтам. ліній, хім. і нафтахім. прамысловасці. Істотныя змены адбываліся і ў развіцці тых галін прамысловасці, якія выпускалі тавары нар. спажывання — лёгкай, харчовай і дрэваапрацоўчай. Пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю дывановы камбінат у Брэсце, Гродзенская абутковая ф-ка, Бабруйскі гарбарны з-д, значна павялічаны магутнасці Мінскага камвольнага камбіната, Гродзенскай швейнай ф-кі, Магілёўскага з-да штучнага валакна і інш. У выніку да 1985 прадукцыя прамысловасці павялічылася ў параўнанні з 1970 больш чым у 3 разы, у т. л. вытворчасць сродкаў вытворчасці — у 3,3 раза, вытворчасць прадметаў спажывання — у 2,6 раза; валавы грамадскі прадукт вырас амаль у 2,5 раза, нац. даход — больш чым у 2,5 раза. Прыярытэтнымі ў рэспубліцы сталі энергетыка (вытворчасць электраэнергіі ў 1985 склала 33,2 млрд. кВт∙гадз), машынабудаванне (апераджальнымі тэмпамі развіваліся прыладабудаванне і радыёэлектроніка, выпуск прадукцыі якіх толькі ў 1985 павялічыўся больш чым у 1,9 раза), хімія і нафтахімія (яе прадукцыя павялічылася амаль у 3,5 раза), лёгкая, дрэваапрацоўчая, харчовая, мяса-малочная і інш. галіны.

Эфектыўнасць нар. гаспадаркі ў многім залежала ад зладжанай работы транспарту і дакладна наладжанай сувязі. Далейшае развіццё атрымалі чыгуначны, аўтамабільны, трубаправодны, рачны і паветраны транспарт. Гал. цяжар перавозак прыпадаў на чыгунку. У 1-й пал. 1980-х г. на яе долю прыпадала 52% усяго грузаабароту і 40% пасаж. абароту. Будаўніцтва новых чыг. ліній у рэспубліцы не вялося з 1950-х г. Іх даўжыня і ў 1985 амаль не змянілася і складала 5,5 тыс. км, у т. л. 830 км электрыфікаваных (першы электрыфікаваны ўчастак Мінск—Аляхновічы здадзены ў эксплуатацыю ў 1963). Рост перавозак забяспечваўся за кошт тэхн. ўдасканалення чыгункі і рухомага саставу, паляпшэння арганізацыі працы на транспарце, укаранення аўтаматызацыі вытв. і кіраўніцкіх працэсаў. У выніку аб’ём грузавых перавозак на чыг. транспарце ў 1985 перавысіў узровень 1960 амаль у 3 разы, у 4 разы выраслі перавозкі пасажыраў. Усё большае значэнне набываў аўтамабільны транспарт. Грузаабарот яго ў 1985 перавысіў узровень 1960 амаль у 6 разоў. Доля аўтамабільнага транспарту ў перавозках усіх відаў транспарту вырасла з 9,4% у 1960 да 18,5% у 1985. Удасканальваўся ўнутрыгарадскі транспарт. Побач з традыцыйнымі (трамвай, аўтобус, тралейбус) з’явіўся новы від сучаснага транспарту — метро. У 1984 у эксплуатацыю здадзена 1-я чарга Мінскага метрапалітэна. Для перавозкі грузаў і пасажыраў выкарыстоўваўся і рачны транспарт. У 1985 на яго долю прыпадала 2,4% грузаабароту ўсіх відаў транспарту. Паступова пашыраліся перавозкі пасажыраў і грузаў паветраным транспартам і выраслі ў 3 разы. У 1985 перавозкі пасажыраў авіятранспартам склалі больш за 1,8 млн. чалавек. Працягвалася будаўніцтва трубаправоднага транспарту. Уведзены ў дзеянне газаправоды Дашава—Мінск, Шчорс—Гомель, Таржок—Івацэвічы, адгалінаванне ад газаправода з Дашавы на Гродна; нафтаправод з Полацка на нафтабазы Віцебскай і Мінскай абл., па якім паступалі дызельнае паліва і бензін.

Пашыралася сетка тэлефоннай і радыёсувязі, тэлебачання. У 1985 у параўнанні з 1965 колькасць прадпрыемстваў пошты, тэлеграфа і тэлефона павялічылася на 37% і дасягнула амаль 4,5 тыс. З 130,6 тыс. да 1112 тыс. павялічылася колькасць устаноўленых тэлефонных апаратаў. З пач. 1970-х г. у рэспубліцы пачалі дзейнічаць міжнар. тэлефонныя аўтаматы. За гэтыя гады больш як у 3 разы павялічылася колькасць радыёпрыёмнікаў, а тэлевізараў — амаль у 8 разоў. Радыёсувязь і тэлебачанне ўсё шырэй выкарыстоўваліся ў кіраўніцтве ўнутрызаводскімі працэсамі, у вучэбным працэсе, укараняліся аўтаматызаваныя сістэмы (АСК). Калі ў 1970 у рэспубліцы функцыянавалі 6 АСК, то ў 1985—330. Крок наперад зроблены і па тэлефанізацыі вёскі. Да 1975 практычна па ўсёй тэр. Беларусі ажыццяўляўся прыём тэлевізійных перадач.

Такім чынам, у прамысловасці, сувязі, на транспарце Беларусі адбыліся колькасныя і якасныя змены. На карце рэспублікі з’явіліся новыя прадпрыемствы, аснашчаныя сучасным абсталяваннем, адбылося тэхн. перааснашчэнне шэрагу дзеючых прадпрыемстваў, павысілася якасць некаторых відаў прадукцыі. У 1960-я г. Беларусь удзельнічала больш чым у 200 міжнар. выстаўках і кірмашах, 30 вырабаў яе прамысл. прадпрыемстваў, н.-д. і канструктарскіх арг-цый былі адзначаны на іх 37 залатымі медалямі і ганаровымі дыпломамі. Залатымі прызамі, напр., былі адзначаны аўтасамазвалы БелАЗ-540 і БелАЗ-548, трактар «Беларусь-52», сіласаўборачныя камбайны з-да «Гомсельмаш», універсальная паўаўтаматычная прылада па мікразварцы і інш. вырабы, якія адпавядалі высокім патрабаванням сусв. стандартаў. Узаемнае азнаямленне на выстаўках з экспартна-імпартнымі партнёрамі садзейнічала расшырэнню колькасці прамысл. прадпрыемстваў і арг-цый Беларусі, што выраблялі экспартную прадукцыю. Калі ў 1964 іх было 140, то ў 1970 — больш за 300, пры гэтым больш за 100 з’яўляліся галаўнымі ў СССР па вытворчасці адпаведных відаў вырабаў.

Нягледзячы на значны рост аб’ёмаў прамысл. вытворчасці ў гэтыя гады, перавод прамысловасці на новы тэхн. ўзровень на базе навейшых дасягненняў навукі і тэхнікі ажыццяўляўся марудна. У шэрагу галін індустрыяльныя працэсы вельмі зацягваліся, а пераважным ва ўсіх галінах прамысловасці заставалася экстэнсіўнае развіццё. Гэта азначала, што ў эканоміцы дзейнічалі сілы тармажэння, звязаныя з захаваннем адм.-каманднай сістэмы. Спробаў 1957 стварыць інш. сістэму кіравання нар. гаспадаркай і перайсці ад галіновага (праз міністэрствы) да тэр.-галіновага (праз саўнаргасы) метаду істотных змен не прынесла. На гэтай аснове адбылося некаторае аслабленне ўплыву цэнтра, што аблегчыла развіццё мясц. прамысловасці, але ўскладніла развіццё цяжкай, таму што саўнаргасная сістэма ўскладняла правядзенне адзінай тэхн. палітыкі ў прамысловасці і была прычынай парушэння гасп. сувязей паміж прадпрыемствамі асобных эканам. раёнаў. Камандныя метады кіраўніцтва перашкаджалі радыкальным пераўтварэнням у эканоміцы, а недастатковая ўвага да НТП з’яўлялася прычынай яе развіцця без уліку найноўшых дасягненняў навукі. У выніку сталі зніжацца сярэднегадавыя тэмпы прыросту прадукцыйнасці працы ў прамысловасці, фонда- і капіталааддачы, рэнтабельнасці прадпрыемстваў, даходаў насельніцтва.

Нарастанне цяжкасцей у развіцці прамысловасці, бясконцыя перабудовы і непрадуманыя рэарганізацыі выклікалі неабходнасць гасп. рэформы 1965, якая ў прамысловасці змяняла сістэму планавання, пашырала гасп. самастойнасць прадпрыемстваў на аснове гасп. разліку; былі ліквідаваны саўнаргасы і адноўлены міністэрствы па галінах прамысловасці. Першыя крокі гасп. рэформы падавалі надзеі. 8-я пяцігодка (1966—70) па шэрагу важных эканам. паказчыкаў была выканана. Валавая прадукцыя прамысловасці Беларусі ў параўнальных цэнах павялічылася за пяцігодку на 19% пры плане 10%. Агульны аб’ём капіталаўкладанняў у нар. гаспадарку рэспублікі ў 1966—70 склаў 10,8 млрд. руб., што было больш, чым за 2 папярэднія пяцігодкі, разам узятыя. За пяцігодку ў Беларусі ўведзена ў дзеянне 18 буйных прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. электралямпавы з-д у Брэсце, маторарамонтны з-д у Гомелі, ф-ка верхняга трыкатажу і панчошна-шкарпэтачны камбінат у Брэсце, бавоўнапрадзільная ф-ка ў Гродне, малочныя з-ды ў Бабруйску і Гродне, мясакамбінат у Барысаве і інш. Але поспех пачатковага этапа эканам. рэформы быў непрацяглы. Ужо ў першыя гады яе ажыццяўлення пачаліся шматлікія карэкціроўкі, папраўкі, дапаўненні, у выніку якіх яна з буйнамаштабнай ператварылася ў касметычную, а да пач. 1970-х г. фактычна перастала дзейнічаць. Рэформа была наборам супярэчлівых мер, бо немагчыма было, напр., спалучаць пашырэнне самастойнасці прадпрыемстваў і ўзмацненне паўнамоцтваў міністэрстваў і ведамстваў.

У 1970—80-я г. эканоміка Беларусі, як і ўсяго СССР, страціла былы дынамізм, нарасталі негатыўныя з’явы, якія сведчылі, што эканам. рэформа 1965 не дала жаданых вынікаў. Асабліва істотным у гэтых адносінах з’яўлялася адставанне тэмпаў паскарэння НТП і ўкаранення ў вытворчасць дасягненняў навукі і тэхнікі. НТП закранаў не ўсе, а толькі асобныя галіны вытворчасці. У прамысловасці Беларусі за кошт навукова-тэхн. мерапрыемстваў забяспечвалася толькі 50% прыросту прадукцыйнасці працы. Штогод 5—7% прадпрыемстваў і аб’яднанняў не спраўляліся з планамі па рэалізацыі прадукцыі і прадукцыйнасці працы, амаль кожнае 6-е парушала дагаворную дысцыпліну. Усё гэта стрымлівала пераход прамысл. вытворчасці на якасна новае, інтэнсіўнае развіццё ўсіх яе галін. Не адбылося радыкальных змен у прамысловасці і ў выніку рэформы 1979, паводле якой дэкларавалася імкненне пакончыць з «валам», увесці такі паказчык, як нарматыўна чыстая прадукцыя. Рэформа не дала станоўчых вынікаў, таму што ажыццяўлялася ў рамках адм.-каманднай сістэмы, пры якой ігнараваліся таварна-грашовыя адносіны, закон вартасці, рыначныя адносіны, панавалі суб’ектывізм і валюнтарызм у эканоміцы. Гэтыя негатыўныя з’явы прывялі да рэзкага зніжэння тэмпаў эканам. росту, эканоміка БССР апынулася ў перадкрызісным стане (гл. табліцу).


Сярэднегадавыя тэмпы прыросту, %
Паказчыкі Гады
1970—75 1976—80 1981—85
Валавы грамадскі прадукт 8,3 5,5 5,0
Нацыянальны даход 8,3 5,2 5,6
Прадукцыя прамысловасці 10,4 7,2 5,4
Прадукцыйнасць грамадскай працы ў прамысловасці 7,4 4,6 4,0

Сельская гаспадарка. У выніку ажыццёўленых у пач. 1950-х г. мер удалося аслабіць вастрыню крызісу сельскай гаспадаркі, а пазней дамагчыся яе росту. Гэтаму садзейнічалі нармалізацыя цэнавых прапорцый і павышэнне матэрыяльнай зацікаўленасці калгаснікаў у выніках сваёй працы. З 1956 калгаснікі пачалі кожны месяц атрымліваць грашовыя авансы на працадні. У калгасах ствараліся грашовыя і прадуктовыя фонды з тым, каб у нейкай меры гарантаваць рэгулярную аплату працы. Але гал. ролю ў паспяховым развіцці сельскай гаспадаркі Беларусі адыграла ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы калгасаў і саўгасаў. Калі ў 1950 у сельскай гаспадарцы Беларусі працавала 11,6 тыс. трактароў, то ў 1960—34 тыс., а ў 1965—55,4 тыс., збожжаўборачных камбайнаў адпаведна 1,7 тыс., 10,6 тыс. і 13,5 тыс. Грузавых аўтамабіляў у 1950 налічвалася 6,6 тыс., у 1965—43,1 тыс. З мэтай лепшага выкарыстання тэхнікі ў 1958 адбылася рэарганізацыя МТС і перадача с.-г. тэхнікі непасрэдна калгасам. Але гэта паставіла ў вельмі цяжкае фін. становішча бяднейшыя калгасы, якія былі вымушаны набываць за высокі кошт часам даволі зношаную тэхніку. ВНУ і сярэднія спецыяльныя ўстановы рэспублікі ўсё больш рыхтавалі спецыялістаў для сельскай гаспадаркі. Калі ў 1950 яны выпусцілі 1550 такіх спецыялістаў, то ў 1965—7350. Новы курс у галіне сельскай гаспадаркі прывёў да таго, што з сярэдзіны 1950-х г. яна ўпершыню за пасляваен. гады стала рэнтабельнай. Пачаўся рост с.-г. вытворчасці. У 1958 валавая прадукцыя калгасаў і саўгасаў вырасла ў параўнанні з 1953 у 2,2 раза, у т. л. прадукцыя жывёлагадоўлі — у 3,1 раза. У 1960 валавы збор збожжа ў рэспубліцы перавысіў узровень 1953 на 36%; на 70% павялічылася вытворчасць мяса, малака, на 50% — яек. У наступныя гады рост працягваўся. У 1965 валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі перасягнула ўзровень 1950 на 10%. У 1960-я г. разгарнулася шырокае будаўніцтва жывёлагадоўчых ферм і комплексаў, механізацыя работ у паляводстве і жывёлагадоўлі. З 1966 пачалася шырокая меліярацыя зямель. Да 1970 асушана больш за 900 тыс. га забалочаных зямель, а на сярэдзіну 1980-х г. агульная плошча асушаных зямель у рэспубліцы дасягнула 2,7 млн. га. Усё гэта спрыяла пашырэнню пасяўных плошчаў, а ў цэлым — росту вытворчасці с.-г. прадукцыі. Аднак работы па меліярацыі мелі нярэдка сур’ёзныя адступленні ад першапачатковых праектаў. У прыватнасці, створаныя меліярацыйныя сістэмы часта не прадугледжвалі двухбаковага воднага рэгулявання, многія з іх давялося дарабляць, а часам і перарабляць. Акрамя таго, як паказаў час, меліярацыя мела і адмоўныя экалагічныя вынікі. У 1960-я г. ў рэспубліцы зроблены крок і ў павышэнні ўраджайнасці збожжавых, якая доўгі час складала 7—8 ц з га. У сярэдзіне 1960-х г. яна перасягнула 10 ц, а ў 1970 у цэлым па рэспубліцы склала 17 ц з га.

Паспяховаму развіццю сельскай гаспадаркі ў 1950—60-я г. садзейнічалі дэмаграфічнае становішча ў вёсцы і ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы сельскай гаспадаркі. Нарошчванне с.-г. вытворчасці адбывалася ва ўмовах поўнай дастатковасці, а па шэрагу раёнаў і з лішкам рабочай сілы на сяле. У наступныя гады дэмаграфічнае становішча на вёсцы стала мяняцца. Хуткімі тэмпамі пачаўся адток сялян у горад, у інш. галіны гаспадаркі. Калі ў 1966 у БССР сельскае насельніцтва складала 61%, а гарадское 39%, то ў 1985 — адпаведна 38% і 62%. Новыя пакаленні сялян сфарміраваліся як простая рабочая сіла, якая поўнасцю была адлучана ад сродкаў вытворчасці і распараджэння прадметамі сваёй працы. Сельская гаспадарка, хоць і развівалася, але ў яе развіцці было шмат супярэчнасцей, якія не дазвалялі ёй стаць высокаэфектыўнай галіной вытворчасці.

Паскарэнне НТП у прамысловасці ў 1960—70-я г. адкрыла новыя магчымасці для пашырэння ў 1970—85 матэрыяльна-тэхн. базы сельскай гаспадаркі. Капіталаўкладанні дзяржавы і калгасаў выраслі з 5,7 млрд. руб. у гады 9-й пяцігодкі да 8,8 млрд. руб. у гады 11-й.

Павялічыліся пастаўкі вёсцы тэхнікі, мінеральных угнаенняў. Штогод калгасы і саўгасы атрымлівалі прыкладна 15 тыс. трактароў, 10 тыс. аўтамабіляў, 5 тыс. збожжаўборачных камбайнаў і інш. сельгасмашын. На гэты час па сутнасці ўсе калгасы і саўгасы былі электрыфікаваны. Усё гэта дазволіла механізаваць значную частку работ у паляводстве і жывёлагадоўлі. Паскорана развівалася хімізацыя. Калі ў 1970 сельскай гаспадарцы пастаўлена 925 тыс. т мінеральных угнаенняў, то ў 1985—1867 тыс. т. У развіцці сельскай гаспадаркі ўсё большую значнасць набывалі прамысловасць, інш. галіны, што абслугоўвалі і былі звязаны з ёю. У рэспубліцы быў створаны аграпрамысл. комплекс (АПК). Ён павінен быў звязаць у адзін вузел, у адну тэхнал. лінію як сельскую гаспадарку, так і адпаведныя галіны прамысловасці, транспарту, гандлю і накіраваць іх на дасягненне агульнай мэты — вытворчасць прадуктаў харчавання і інш. прадметаў спажывання. Аднак з-за ведамаснай раз’яднанасці і пераваг у нар. гаспадарцы ведамасных інтарэсаў так і не адбылося аб’яднання ў адзіны арганізм сельскай гаспадаркі і абслуговых яе структур, што адмоўна адбілася на павышэнні эфектыўнасці с.-г. вытворчасці. Нягледзячы на гэта, колькасныя паказчыкі развіцця сельскай гаспадаркі павялічваліся. У 1980 валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі перавысіла ўзровень 1960 амаль у 1,5 раза, прадукцыйнасць працы вырасла ў 2,5 раза; амаль у 2 разы павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, у 1,4 — свіней, больш чым у 2 разы — птушкі і г.д. Аднак дасягнуты ўзровень вытворчасці с.-г. прадукцыі не задавальняў попыт насельніцтва ў прадуктах харчавання. Найперш таму, што нязначным было павелічэнне прадукцыі сельскай гаспадаркі ў разліку на душу насельніцтва. Тэмпы росту прадукцыі сельскай гаспадаркі ні ў якое параўнанне не ішлі з тэмпамі развіцця прамысловасці і не адпавядалі патрэбам рэспублікі. Таму на пач. 1980-х г. харчовае забеспячэнне рэспублікі пагоршылася. Сельская гаспадарка апынулася ў перадкрызісным стане.

У 1-й пал. 1980-х г. стала відавочнай неабходнасць карэннай перабудовы с.-г. вытворчасці, якая ўжо не задавальняла ўзрастаючыя патрэбы ў прадуктах харчавання. Ураджайнасць збожжавых у Беларусі на працягу 1971—85 заставалася на адным узроўні (21 ц/га), а значыць пагаршалася забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання. Становішча ўскладнялася вялікімі стратамі ўжо вырабленай сельгаспрадукцыі ў час яе транспарціроўкі, перапрацоўкі і захоўвання. Але гал. прычыны, якія патрабавалі кардынальнай эканам. рэформы, былі ў тым, што сельская гаспадарка развівалася як сыравінны прыдатак горада, працягвалася ўшчамленне эканам. інтарэсаў сялянства, адлучэнне яго ад зямлі і вынікаў працы. Усё гэта ўзмацняла безгаспадарчасць на аснове росту апатыі і абыякавасці да вынікаў працы ў асн. масы работнікаў, што зводзіла на нішто затраты дзяржавы і грамадства на развіццё сельскай гаспадаркі.

Грамадска-палітычнае і сацыяльнае развіццё. З сярэдзіны 1950-х г. пачаўся новы этап развіцця сав. грамадства, які быў складаны і супярэчлівы. 5.3.1953 памёр І.​В.​Сталін. Сумеснае пасяджэнне ЦК КПСС, Савета Міністраў і Прэзідыума Вярх. Савета СССР 6.3.1953 зацвердзіла на пасадзе Старшыні Савета Міністраў краіны Г.​М.​Малянкова; сакратарыят ЦК, апарат ЦК КПСС узначаліў М.​С.​Хрушчоў. Але гэтыя прызначэнні не задавальнялі 1-га нам. Старшыні Савета Міністраў Л.​П.​Берыю, які дамагаўся ажыццяўлення кантролю над партыяй, рыхтаваўся да захопу ўлады. Каб апярэдзіць сваіх канкурэнтаў, ён нават выступаў за «неабходнасць дэмакратызацыі жыцця, аднаўленне ленінскіх прынцыпаў нацыянальнай палітыкі, аб’яднанне Германіі» і інш. У чэрв. 1953 Берыя зрабіў спробу змясціць з пасады 1-га сакратара ЦК КПБ М.​С.​Патолічава. Аднак на пленуме ЦК КПБ (25—27.6.1953) бел. камуністы не далі згоды на такую кадравую змену. Па ініцыятыве Хрушчова 26.6.1953 у час пасяджэння Прэзідыума ЦК КПСС Берыя быў арыштаваны. 2—7.7.1953 пленум ЦК разгледзеў пытанне аб «злачынных антыпартыйных і антыдзяржаўных» дзеяннях Берыі. Ён быў выключаны з партыі, зняты з усіх пасад і паводле прыгавору суда расстраляны ў снеж. 1953.

Пасля смерці Сталіна пачаўся некаторы паварот да калектыўнага вырашэння парт., дзярж. і нар.-гасп. пытанняў. У вер. 1953 1-м сакратаром ЦК КПСС абраны Хрушчоў. Адносная дэмакратызацыя назіралася ў дзейнасці кампартыі і дзярж. органаў Беларусі, прымаліся меры па ўмацаванні законнасці і правапарадку. Гэтаму садзейнічала скасаванне ў вер. 1953 Асобай нарады пры МУС СССР, якая фактычна без суда выносіла ў масавым парадку такія пакаранні, як высылка, зняволенне, расстрэл. Былі скасаваны вайсковыя пракуратуры і трыбуналы войск МДБ.

Аднаўляўся парадак, паводле якога грамадзяне пазбаўляліся волі толькі ў адпаведнасці з прыгаворам суда. У сувязі з указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР «Аб амністыі» (27.3.1953) разам з крымінальнымі элементамі пачалася кампанія па вызваленні вязняў, асуджаных па паліт. матывах тэрмінам да 5 гадоў. Іх працаўладкаваннем займаліся мясц. парт. і сав. органы.

Новым крокам у спробах дэмакратызацыі грамадска-паліт. жыцця з’явіўся XX з’езд КПСС (14—25.2.1956). Разам з разглядам пытанняў, скіраваных на паляпшэнне спраў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, культуры, навуцы, з пашырэннем дэмакратыі, абгрунтаваннем прынцыпаў мірнага суіснавання дзяржаў з розным грамадска-паліт. ладам з’езд вымушаны быў звярнуць увагу на нечуваныя парушэнні законнасці ў гады сталінскага праўлення. У канцы работы з’езда на яго закрытым пасяджэнні дэлегаты заслухалі даклад «Аб кульце асобы і яго выніках», з якім выступіў Хрушчоў. Гэта прамова стала для іх вялікай нечаканасцю. 1 хоць даклад не быў апублікаваны да пач. 1990-х г., яго агульная скіраванасць паступова стала вядома грамадству. Тым больш што 30.6.1956 ЦК КПСС прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў», у якой была зроблена спроба выявіць прычыны гэтай заганнай з’явы, паказаны яе сутнасць і наступствы. Хаця гэта рабілася на ўзроўні таго часу, сам факт вынясення пытання на парт. форум, а потым прыняцце ЦК адпаведнай пастановы мелі надзвычай вялікае значэнне для паляпшэння грамадска-паліт. сітуацыі ў краіне.

Пачалася рэабілітацыя ахвяр паліт. рэпрэсій. На працягу 1956—62 у БССР было рэабілітавана больш за 29 тыс. чал., а ў парт. парадку — каля 200. I хоць гэта з’яўлялася зусім нязначнай часткай ад шматлікай колькасці неабгрунтавана асуджаных і бязвінна закатаваных людзей, для далейшага грамадска-паліт. развіцця такі зрух быў вельмі важным. Але нават спроба крыху прыўзняць заслону патаемнасці над паліт. рэпрэсіямі сустрэла моцнае супрацьдзеянне ў вышэйшых эшалонах улады. У чэрв. 1957 на пасяджэнні Прэзідыума ЦК КПСС, якое працягвалася 3 дні, была зроблена спроба зняць з пасады Хрушчова за тое, што ён нібыта вельмі далёка зайшоў у справе крытыкі культу асобы, чым нанёс моцны ўрон прэстыжу камуніст. партыі і СССР як у вачах сав. народа, так і сусв. супольнасці. Аднак. гэта спроба правалілася, і чэрвеньскі пленум ЦК КПСС пацвердзіў курс XX з’езда партыі, асудзіў дзеянні антыпарт. групы Малянкова, Молатава, Кагановіча і Шапілава, які прымкнуў да іх. Адметнасцю першай паліт. «адлігі» з’яўлялася тое, што гэтыя дзеячы не былі рэпрэсіраваны. Адначасова зроблены крокі па дэмакратызацыі партыі. Наладжана рэгулярнае скліканне парт. з’ездаў і пленумаў ЦК КПСС і саюзных рэспублік. Стала шырока практыкавацца абмеркаванне парт. і дзярж. дакументаў у друку і на сходах працоўных калектываў. Па найважнейшых пытаннях развіцця розных галін нар. гаспадаркі пачалі склікацца нарады з залучэннем шырокага кола спецыялістаў.

У дзейнасці Кампартыі Беларусі, Саветаў, прафсаюзаў, камсамола паглыблялася калегіяльнасць і рабіліся пэўныя захады па пашырэнні ўдзелу насельніцтва ў іх рабоце. У 1957—58 Вярх. Савета БССР зацвердзіў палажэнне аб сельскіх, пасялковых, раённых, гар. Саветах дэпутатаў, скіраванае на паляпшэнне дзейнасці Саветаў у эканоміцы і грамадска-паліт. жыцці. У выніку Саветы атрымалі больш шырокія правы. Але істотных змен у іх дзейнасці не адбылося, яны па-ранейшаму рэальнай уладай не валодалі. Пашыраліся гасп. правы саюзных рэспублік шляхам перадачы ім пытанняў, якія раней вырашаліся ў саюзным цэнтры. Толькі ў 1956 у распараджэнне ўрада БССР перададзена 356 прадпрыемстваў, а ў 1957 — больш за 500. 11.3.1957 Вярх. Савет СССР прыняў закон, паводле якога рэспублікі самі маглі вырашаць пытанні абл. і краявога адм.-тэр. будаўніцтва. Пашыраліся заканадаўчыя правы саюзных рэспублік. У іх кампетэнцыю ўвайшло прыняцце грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага кодэксаў. У 1962 праведзена рэарганізацыя кіруючых органаў Кампартыі Беларусі. Яны падзяляліся на прамысл. і сельскія. Былі створаны Прэзідыум ЦК КПБ, Бюро ЦК па кіраўніцтве прамысловасцю і будаўніцтвам, Бюро ЦК па кіраўніцтве сельскай гаспадаркай, а таксама адзіны кантрольны орган — К-т парт.-дзярж. кантролю ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР. Сельскія райкомы партыі былі скасаваны, а замест іх утвораны парт. к-ты калгасна-саўгасных упраўленняў. Аднак такая структура не апраўдала сябе і ў 1964 была ліквідавана.

Адм.-камандная сістэма, нягледзячы на некаторыя змены, заставалася непахіснай. Але яна не магла функцыянаваць без штодзённых рэгулярных мабілізацый сваіх грамадзян для дасягнення розных мэт. Вось чаму на XXII з’ездзе КПСС (17—31.10.1961) была прынята новая парт. праграма, якая паставіла мэту за 20 гадоў пабудаваць камуніст. грамадства і «забяспечыць самы высокі жыццёвы ўзровень у параўнанні з любой іншай краінай капіталізму». Пастаноўка непрадуманых, ілюзорных, навукова не абгрунтаваных задач прыводзіла да расчаравання ў грамадстве. Нарастанне цяжкасцей у развіцці прамысловасці і сельскай гаспадаркі, бясконцыя перабудовы, непрадуманыя рэарганізацыі і, як вынік, — абвастрэнне сац. напружанасці ў сав. грамадстве сталі гал. прычынамі змены паліт. кіраўніцтва СССР. У кастр. 1964 на пленуме ЦК КПСС Хрушчоў быў вызвалены ад займаемых пасад. 1-м сакратаром ЦК КПСС абраны Л.​І.​Брэжнеў, Старшынёй Савета Міністраў СССР назначаны А.​М.​Касыгін.

Аднак змена кіраўніцтва не прынесла істотных вынікаў. Універсальным сродкам вырашэння ўсіх сац.-эканам. праблем абвешчана павышэнне кіруючай ролі партыі. XXIV з’езд КПСС (30.3—9.4.1971) унёс у статут палажэнне аб праве кантролю парт. арг-цыямі дзейнасці адміністрацыі. Парт. органы дубліравалі органы гасп. кіраўніцтва. Вянчала гэту палітыку замацаванне ў арт. 6 Канстытуцыі СССР (1977) палажэння аб кіруючай ролі партыі ў грамадстве. У 1978 прынята Канстытуцыя Беларускай ССР, якая была пабудавана ў поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР. Абвешчаны курс на стабільнасць набываў рысы палітыкі стагнацыі. У паліт. лексікон тых часоў увайшло паняцце «развіты сацыялізм», афіц. выснову аб якім зрабіў Брэжнеў у юбілейным дакладзе да 50-годдзя Кастр. рэвалюцыі (1967) і вызначэнне якому дадзена ў Канстытуцыі СССР (1977). Новая канцэпцыя павінна была вырашыць супярэчнасці паміж дэкларацыяй аб блізкай перамозе камунізму і нерэалізаваным яго ўвасабленнем у жыццё. У грамадстве складваўся кантраст паміж лозунгамі і рэальнымі справамі.

У пач. 1980-х г. крызісныя з’явы набылі канкрэтныя рысы. Гал. іх прычына заключалася ў абвастрэнні супярэчнасцей «дзяржаўнага сацыялізму», найперш паміж сав. бюракратыяй і працоўным народам. Узнік своеасаблівы механізм тармажэння, які ўяўляў сабой сукупнасць антыдэмакр. уладкаванняў і застылых эканам. адносін, пры якіх не ўлічваліся інтарэсы канкрэтнага вытворцы — чалавека працы. Праблема заключалася яшчэ і ў тым, што кіраўніцтва вялікай шматнац. краіны не здолела аб’ектыўна ацаніць узніклыя праблемы і своечасова прымаць адпаведныя захады.

4-ы пяцігадовы план аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі БССР (1945—50) прадугледжваў шэраг сац. мерапрыемстваў па разгортванні тавараабароту, павышэнні расходаў на жыллёвае і культ.-быт. абслугоўванне насельніцтва, павелічэнні заработнай платы і інш. Аднак рэалізацыя гэтых задач стрымлівалася шматлікімі складанасцямі. У першыя пасляваен. гады матэрыяльнае становішча насельніцтва Беларусі было цяжкім. На аднаўленне нар. гаспадаркі ішла большая частка сродкаў, фонд тавараў нар. спажывання значна скараціўся. З 1946 урад краіны праводзіў палітыку збліжэння цэн на тавары, якія прадаваліся па картках (пайкавыя цэны) і праз камерцыйны гандаль, шляхам павышэння першых і зніжэння другіх. У снеж. 1947 у краіне адменена картачная сістэма на харчовыя і прамысл. тавары і ажыццёўлены пераход да продажу іх у парадку гандлю без картак па адзіных дзярж. цэнах. Разам з адменай картачнай сістэмы праведзена грашовая рэформа. Замена старых грошай на новыя праводзілася ў разліку 10 руб. старых на 1 руб. новых.

Характэрнай рысай першых пасляваен. гадоў было тое, што павышэнне рэальных даходаў насельніцтва ажыццяўлялася як за кошт павышэння зарплаты рабочых і служачых, так і шляхам пэўнага зніжэння цэн. У 1950 фонд заработнай платы ў нар. гаспадарцы рэспублікі ў 2,5 раза перавысіў яго ў 1945, а ў параўнанні з 1940 заработная плата рабочых і служачых у гэты час была павялічана амаль у 2 разы. У выніку трох паслядоўных паніжэнняў цэн у сак. 1950 яны сталі на 43% ніжэйшыя за сярэдні ўзровень цэн 4-га квартала 1947. Разам з тым узровень рэальнай заработнай платы так і не дасягнуў даваен. ўзроўню. Гэта тлумачылася тым, што, нягледзячы на неаднаразовыя паніжэнні цэн у 2-й пал. 1940-х г., яны па-ранейшаму былі значна вышэйшыя за даваенныя. Да таго ж у тыя гады адбыўся рост падаткаў, якія збіраліся непасрэдна з зарплаты. Яшчэ ў гады вайны былі ўведзены падаткі на халасцякоў, адзінокіх і маласямейных грамадзян. Цяжарам на плечы людзей клаліся штогадовыя дзярж. пазыкі, якія праводзіліся пад націскам парт. і адм. органаў. Так званая падпіска на аблігацыі вызначалася на суму, не меншую за месячны аклад работніка ў год. І без таго невялікая заработная плата яшчэ памяншалася, а пры ўзроўні існуючых цэн не забяспечвала неабходных сродкаў для сапраўднага матэрыяльнага дастатку. Больш цяжкім было жыццё вясковага насельніцтва. Аднаўленне сельскай гаспадаркі Беларусі некалькі палепшыла матэрыяльнае становішча сялянства. Але ў сярэднім на адзін працадзень выдавалася збожжавых і інш. прадуктаў яшчэ менш, чым да вайны. Да таго ж асабістая гаспадарка селяніна знаходзілася пад магутным падатковым прэсам. На ўсё, што ён меў на сваім падворку, накладаўся такі вялікі падатак, што трымаць жывёлу, вырошчваць садавіну і агародніну было нявыгадна.

У пасляваен. гады ў рэспубліцы ў значных памерах ажыццяўлялася жыллёвае будаўніцтва. У выніку ням.-фаш. акупацыі жыллёва-камунальны фонд гарадоў Беларусі быў знішчаны на 80—90%. Найб. інтэнсіўна будаўніцтва вялося ў буйных гарадах рэспублікі, дзе адноўлены разбураныя і ўведзена нямала новых шматпавярховых дамоў. Аднак жыллёвы фонд за гады 4-й пяцігодкі ўдалося аднавіць толькі на 74,5% і патрэбы насельніцтва ў жыллі яшчэ далёка не былі забяспечаны. Цяжкасць сац. праблем была абумоўлена і тым, што на першы план ставіліся задачы прамысловасці. Сац. праблемы адсоўваліся на задні план. На іх вырашэнне вылучаліся толькі тыя рэсурсы, якія заставаліся пасля вытв. затрат. На жаль, такі тэхн. склад думак кіруючых органаў захаваўся да канца 20 ст.

Тым не менш, 1950—60-я г. былі адметныя павышэннем матэрыяльнага і культ. ўзроўню жыцця бел. народа і значнымі тэмпамі развіцця сац. сферы. Пэўныя змены адбыліся ў падатковай сферы. Сістэматычна змяншаліся падаткі з рабочых і служачых, якія атрымлівалі мінімальную зарплату, і з калгаснікаў; адменены падаткі на халасцякоў і маласямейных, уведзеныя ў Вял. Айч. вайну. З 1957 была адменена абавязковая падпіска на дзярж. пазыкі. На працягу 1953—64 зарплата рабочых павялічылася на 44,5%, служачых — на 32,9%. У 1967 у краіне ўведзены 5-дзённы працоўны дзень з двума выхаднымі днямі пры захаванні існаваўшага ўзроўню зарплаты. Рэальнае павышэнне даходаў насельніцтва адбывалася і за кошт грамадскіх фондаў спажывання. З іх дзяржава аплачвала ​2/3 расходаў на жыллё, пенсіі, адукацыю, мед. абслугоўванне, утрыманне дзіцячых дашкольных устаноў, бібліятэк, клубаў, дамоў адпачынку, санаторыяў і інш. У 1967 выплаты з гэтых фондаў працоўным Беларусі ў параўнанні з 1958 падвоіліся. Павялічваліся і рэальныя даходы калгаснікаў. Неаднаразова павышаліся стаўкі аплаты працы механізатараў, жывёлаводаў, спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Выраслі і рэальныя даходы пенсіянераў. У 1965 прыняты закон аб пенсіях калгаснікам. 500 тыс. калгаснікаў Беларусі сталі атрымліваць пенсію, у той час як у 1963 яе атрымлівалі толькі 60 тыс. чал. У галіне жыллёва-камунальнага будаўніцтва задача будаваць больш, хутчэй і танней вырашалася за кошт шырокага выкарыстання тыпавых праектаў дамоў з жалезабетону і панэльных блочных канструкцый, укаранення індустрыяльных метадаў будаўніцтва. У выніку тэмпы здачы ў эксплуатацыю жылой плошчы значна выраслі. За 1959—65 пабудавана ў 2,2 раза больш, чым за папярэднія 7 гадоў. Гэта дазволіла палепшыць жыллёвыя ўмовы 2675 тыс. чал. У 1958 на ахову здароўя людзей расходавана сродкаў амаль удвая больш, чым у 1950.

Экстэнсіўны характар развіцця сав. эканомікі ў 1970—80-я г., нарастанне эканам. цяжкасцей, далейшая канцэнтрацыя сродкаў у цяжкай і ваен. прамысловасці абмяжоўвалі магчымасці вырашэння сац. задач. У 1970-я г. ў вытв. галінах нар. гаспадаркі ўстаноўлены новыя стаўкі і аклады. У выніку заработная плата рабочых і служачых Беларусі павысілася на 63% і склала 173 руб. за месяц (па СССР — 190 руб.), аплата працы калгаснікаў — больш чым у 2,7 раза і склала 154 руб. (па СССР — 153 руб.). У 1970-я г. ўведзены дадатковыя льготы інвалідам Вял. Айч. вайны і сем’ям ваеннаслужачых, што загінулі; устаноўлена 100-працэнтная аплата па цяжарнасці і родах працуючым жанчынам незалежна ад іх працоўнага стажу; павялічана колькасць аплачваемых дзён па доглядзе за хворым дзіцем; павялічана дапамога інвалідам з маленства I і II групы, палепшаны матэрыяльна-быт. ўмовы ўдзельнікаў Вял. Айч. вайны і інш. Аднак рост агульных намінальных даходаў не адлюстроўваў сапраўднае становішча спраў, бо рэальная (фактычная) зарплата не павышалася, а зніжалася. Памяншалася і доля фонду зарплаты ў нац. даходзе. Так, у 1985 доля фонду зарплаты ў нац. даходзе СССР, які быў створаны ў прамысловасці, склала толькі 36,5%, у той час як у ЗША — 64%, а ў краінах Зах. Еўропы — 60—80%.

Разам з тым на мяжы 1980-х г. у эканоміцы актыўна выявіліся інфляцыйныя тэндэнцыі. На працягу 10-й (1976—80) і 11-й (1981—85) пяцігодак істотна павышаны рознічныя цэны не толькі на прэстыжныя тавары (ювелірныя вырабы, хрусталь, дываны і інш.), але і на многія тавары масавага попыту (мэбля, некаторыя швейныя вырабы, шарсцяныя хусткі, бензін, буд. матэрыялы, многія гасп. тавары, кандытарскія вырабы і інш.). Акрамя таго, павялічыліся тарыфы на паслугі сувязі, быт. і інш. камунальныя паслугі. Нягледзячы на павышэнне цэн на шэраг тавараў і паслуг, у канцы 1970 — пач. 1980-х г. узрос агульны дэфіцыт прадметаў спажывання. Павелічэнне грашовых даходаў ва ўмовах зніжэння тэмпаў эканам. развіцця прывяло да павелічэння грашовай масы, рост якой стаў апярэджваць вытворчасць тавараў. Гэтаму садзейнічала падцягванне акладаў нізкааплатных слаёў насельніцтва да акладаў сярэднеаплатных. Нарастала незбалансаванасць рынку. А па ўзроўні спажывання СССР у 1985 займаў 77-е месца ў свеце. Вострай заставалася жыллёвая праблема. Тэмпы ўводу жылля ў карыстанне зніжаліся. У выніку на пач. 1989 амаль 30% сем’яў і адзінокіх грамадзян чакалі вырашэння кватэрнага пытання. З-за недахопу кватэр на многіх прадпрыемствах не хапала рабочых, захоўвалася высокая цякучасць кадраў, вытв. магутнасці прадпрыемстваў поўнасцю не выкарыстоўваліся. Не адпавядала сучаснаму стану ахова здароўя. Устарэла яе матэрыяльна-тэхн. база. З 1970 пачала расці дзіцячая смяротнасць. Да пач. 1980-х г. сав. грамадства апынулася на 35-м месцы ў свеце па працягласці жыцця. Амаль 50 краін мелі больш нізкую дзіцячую смяротнасць.

Вялікай трагедыяй у жыцці бел. народа стала аварыя на Чарнобыльскай АЭС (крас. 1986). Пад уздзеянне радыяцыі на Беларусі трапілі 54 раёны? Эканоміка рэспублікі панесла велізарныя матэрыяльныя страты: з абароту выведзена больш за 20% с.-г. угоддзяў, амаль 15% лясоў. Агульныя выдаткі склалі больш за 100 млрд. руб., або 16 нац. гадавых бюджэтаў Беларусі. Ліквідацыя наступстваў Чарнобыльскай катастрофы стала надзённай праблемай для Беларусі. Вярх. Савет БССР прыняў шэраг законаў па сац. падтрымцы людзей, што пацярпелі ад аварыі. У ходзе іх выканання толькі ў 1991 было асвоена капіталаўкладанняў на 500 млн. руб. больш, чым за папярэднія 4 гады.

У канцы 1980-х матэрыяльнае становішча народа пачало яшчэ больш пагаршацца, эканам. крызіс ахапіў сац. сферу, абвастрыўся дэфіцыт прадуктаў і спажывецкіх тавараў. Гэта садзейнічала ўзнікненню сац. напружанасці ў грамадстве.

Адукацыя, навука. Распачатая ў 1959 школьная рэформа прадугледжвала ўвядзенне ўсеаг. 8-гадовага навучання, рэарганізацыю 10-класных сярэдніх школ у 11-класныя працоўныя політэхн. навуч. ўстановы з абавязковай прафесійнай падрыхтоўкай вучняў. Пашыралася сетка завочнага і вячэрняга навучання. Узяты курс на масавае стварэнне школ-інтэрнатаў (у 1970 іх было 115). У той жа час у айч. сістэме асветы вывучэнне бел. мовы пераведзена на добраахвотную аснову. У сярэдзіне 1960-х г. школьная рэформа адкарэкціравана — вырашана вярнуцца да 10-гадовага тэрміну навучання. Неабавязковым стала і вытв. навучанне — у далейшым яно ажыццяўлялася ў вучэбна-вытв. камбінатах (да 1981 іх адкрыта 191). Паступова скарачалася колькасць 3-класных пач. школ. Да 1980 у рэспубліцы дасягнута ўсеаг. сярэдняя адукацыя ў дзённых агульнаадук. і спецыялізаваных школах. Колькасць сярэднеспецыяльных тэхнікумаў і вучылішчаў пры гэтым вырасла за 1960—85 са 102 да 139. У 1978/79 навуч. г. ў Беларусі працавала каля 7,7 тыс. школ усіх тыпаў (больш за 1,7 млн. навучэнцаў), 23,1% з іх мелі бел. мову выкладання (пераважна ў сельскай мясцовасці).

З улікам далейшага развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі адбывалася эвалюцыя вышэйшай школы. За 1960—85 колькасць ВНУ у рэспубліцы вырасла з 24 да 33. Адметнымі падзеямі сталі арганізацыя новых універсітэтаў у Гомелі (1969) і Гродне (1977), адкрыццё ў Мінску радыётэхнічнага (1964) і культуры (1975) ін-таў, у Брэсце — інж.-будаўнічага ін-та (1966), у Віцебску — тэхнал. ін-та лёгкай прамысловасці (1965), у Магілёве — машынабудаўнічага (1961) і тэхнал. (1973) ін-таў, у Наваполацку — політэхн. ін-та (1974). Колькасць студэнтаў у ВНУ на канец 1970-х г. дасягнула 171 тыс. чал.

Цэнтрам айч. вышэйшай адукацыі заставаўся Мінск, дзе працавала 17 ВНУ (100 тыс. студэнтаў). Разам з тым хуткі колькасны рост ВНУ абвастрыў праблему падрыхтоўкі выкладчыцкіх кадраў — нават у Мінску ступені дактароў навук мелі каля 3% выкладчыкаў, а кандыдатаў навук — 34%.

Новая хваля НТР патрабавала навуковых даследаванняў і абумовіла нарастаючую ролю навукі. За 1956—85 колькасць навук. устаноў у Беларусі павялічылася з 76 да 167. Да таго ж на прамысл. аб’ектах дзейнічала больш за 1 тыс. праектна-тэхнал. арг-цый і канструктарскіх бюро. Апрача фундаментальных даследаванняў, што вяліся ў ВНУ, у 1970-я г. пры іх дзейнічалі 12 н.-д. сектараў, 12 праблемных і 20 галіновых лабараторый, шэраг НДІ (пры БДУ і Бел. політэхн. ін-це). Вядучую ролю ў навук. даследаваннях па-ранейшаму адыгрываў Мінск, дзе працавала больш за 40 НДІ. Акрамя Акадэміі навук буйныя даследчыя цэнтры былі створаны пры Дзяржплане БССР, мін-вах сельскай гаспадаркі, аховы здароўя. Для каардынацыі дзейнасці навук. устаноў у с.-г. галіне ў 1971 у Мінску арганізавана Зах. аддзяленне Усесаюзнай акадэміі с.-г. навук. У 1960-я г. пры Ін-це ядзернай энергетыкі пабудаваны першы ў рэспубліцы атамны рэактар (пад Мінскам). З Расіі ў Беларусь на працу запрошаны вядучыя вучоныя: фізікі М.​А.​Ельяшэвіч, Б.​І.​Сцяпанаў; матэматыкі М.​П.​Яругін, А.​К.​Красін, А.​В.​Лыкаў. Сусв. вядомасць атрымалі даследаванні айч. навукоўцаў А.​А.​Ахрэма, М.​А.​Барысевіча, Я.​Р.​Канавалава, М.​Я.​Мацапуры, У.​П.​Платонава, А.​Н.​Сеўчанкі, Ф.​І.​Фёдарава, Б.​Л.​Шапашніка і інш. У 1985 на Беларусі працавала 1011 дактароў навук і 13,1 тыс. кандыдатаў навук. На працягу 1956—85 бел. вучоныя атрымалі 26 Дзярж. прэмій СССР і 57 Дзярж. прэмій Беларусі.

Літ.:

Сельское хозяйство СССР: Стат. сб. М., 1971;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 5. Мн., 1975;

Гісторыя Беларускай ССР. Мн., 1977;

Белорусская Советская Социалистическая Республика. Мн., 1978;

Гиоргиадзе З.И., Геращенко Л.Ф. Белоруссия за десять пятилеток. Мн., 1982;

Короткевич А.Т. Наука в Белоруссии на современном этапе. Мн., 1986;

Матэрыялы XXX з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1986;

Народное хозяйство Белорусской ССР: Стат. ежегодник. Мн., 1987;

На пороге кризиса: нарастание застойных явлений в партии и обществе. М., 1990;

Грыгор’ева В.В., Марчанка І.Я. Сацыяльна-эканамічнае развіццё БССР (сярэдзіна 50-х — сярэдзіна 80-х гг.) // Актуальныя пытанні гісторыі БССР Мн., 1991;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;

Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1999;

Сарокін А.М. На ростанях айчыннай гісторыі: Бел. веска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб Зямлі (1917—1990-я гг.). Мн., 1999;

БССР в цифрах, 1986 г. Мн., 1987;

Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии Мн., 2001;

Нонканфармізм у Беларусі: 1953—1985: Давед. Т. 1. Мн., 2004.

І.​І.​Гвардзееў (прамысловасць, транспарт, сувязь, сельская гаспадарка), У.​Я.​Казлякоў (грамадска-палітычнае і сацыяльнае развіццё), А.​Ф.​Самусік (адукацыя, навука).

т. 18, кн. 2, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)