СІДЭРЫ́ЧНЫ МЕ́СЯЦ, Зорны месяц,

прамежак часу паміж 2 паслядоўнымі вяртаннямі Месяца, пры яго бачным месячным руху, у адно і тое ж (адносна зорак) месца нябеснай сферы. Працягласць непастаянная, можа мяняцца на некалькі гадзін. Сярэдняе значэнне С.м. 27,321661 сярэдніх сонечных сутак. С.м. роўны перыяду поўнага абарачэння Месяца вакол Зямлі (адносна зорак).

т. 14, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́РАС (грэч. saros),

прамежак часу, цераз які паўтараюцца ў адной і той жа паслядоўнасці сонечныя і месяцавыя зацьменні. Быў вядомы ў Егіпце і Грэцыі ўжо за некалькі стагоддзяў да н.э. Абумоўлены перыядычным паўтарэннем узаемнага размяшчэння Сонца, Месяца і вузлоў месяцавай арбіты на нябеснай сферы. Прыблізна роўны 6585 ​1/3 сут. На працягу аднаго С. бываюць 43 зацьменні Сонца і 28 зацьменняў Месяца (у розныя перыяды іх колькасць можа некалькі мяняцца).

т. 14, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЭПАНЕ́МА (Treponema),

род бактэрый сям. трэпанем парадку спірахет. Найб. вядомая Т. бледная, або спірахета бледная (T. pallidum) — узбуджальнік сіфілісу.

Даўж. Т. бледнай 4—14 мкм, дыяметр 0,2—0,5 мкм. Форма пераважна спіралепадобная з раўнамернымі завіткамі (колькасць завіткоў у час руху можа мяняцца). Рухаецца павольна з дапамогай фібрыл хвалепадобна, вярчэннем, паступальна. Анаэроб. Афарбоўваецца слаба (адсюль назва Т. бледнай). Размнажаецца папярочным дзяленнем. Гіне ад ультрафіялетавага святла. высушвання (т-ра больш за 48 °C), дэзінфіцыруючых рэчываў, антыбіётыкаў.

т. 16, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАПАДЗЕ́Л,

лінія на мясцовасці, якая падзяляе сумежныя басейны рэк, мораў, акіянаў і падземных вод. Ад водападзелу сцёк накіраваны ў процілеглыя бакі.

Найб. выразны водападзел у гарах, дзе звычайна супадае з грабянямі хрыбтоў. На раўнінах нярэдка пераходзіць у водападзельную прастору. Водападзел можа мяняцца. Адрозніваюць водападзелы: галоўны — паміж сумежнымі рачнымі сістэмамі (на тэр. Беларусі частка гал. водападзелу паміж рачнымі сістэмамі Балтыйскага і Чорнага мораў); бакавы — падзяляе басейны прытокаў ракі; галоўны (сусветны) Зямлі — паміж рэкамі Ціхаакіянска-Індыйскай і Атлантыка-Ледавітай пакатасцей вобласці вонкавага сцёку кантынентаў.

т. 4, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛОЙ у геалогіі,

геалагічнае цела плоскай формы, складзенае з аднаўзроставых парод (пераважна з асадкавых і вулканагенна-асадкавых, радзей метамарфічных) і абмежаваных з бакоў рознаўзроставымі паверхнямі; стратыграфічная адзінка гарызонту, світы. Плошча пашырэння С. значна перавышае яго таўшчыню (магутнасць). С. з’яўляецца асноўным элементам слаістай структуры асадкавых тоўшчаў. Літалагічны склад яго можа мяняцца па плошчы. С. бываюць кантрастныя (напр., тэкстура адкладаў), паступова зменлівыя ці малапрыкметныя (напр., колер, ажалязненне, акрамяненне, зярністасць, уключэнні арган. рэшткаў і інш.). Гл. таксама Слаістасць горных парод.

В.​І.​Ярцаў.

т. 15, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЯТРО́ПНЫЯ РАДЫ́,

рады іонаў, размешчаных у парадку ўзмацнення або аслаблення іх уплыву на ўласцівасці растваральніку, а таксама на скорасць і глыбіню хім. рэакцый і фіз.-хім. працэсаў, што адбываюцца ў ім.

Уплыў іонаў растворанага рэчыва на растваральнік наз. ліятропным дзеяннем іонаў. Вядомы Л.р. іонаў, састаўленыя, напр., па іх здольнасці адсарбіравацца з водных раствораў на адсарбентах, па ўплыве на растваральнасць і набуханне палімераў. Паслядоўнасць іонаў у Л.р. вызначаецца зарадам і памерам іонаў, іх здольнасцю звязваць малекулы растваральніку (гл. Сальватацыя) і мяняцца пры змене саставу растваральніку, канцэнтрацыі вадародных іонаў, т-ры.

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАФЕРМЕ́НТЫ (ад іза... + ферменты), ізаэнзімы,

ферменты, што маюць каталітычную актыўнасць аднаго тыпу, але адрозніваюцца структурай, фізіка-хімічнымі і імуналагічнымі ўласцівасцямі. Выяўлены ў тканках жывёл, раслін, мікраарганізмаў. Бываюць у арганізмах аднаго тыпу (ці ў адной тканцы). Напр., з арганізма кураняці выдзелены 2 формы ферменту лактатдэгідрагеназы, адна з якіх характэрна для шкілетных мышцаў, другая — для сардэчнай мышцы. Усяго выяўлена 5 ізаформ гэтага ферменту. Набор І. (ізаферментны спектр) узнікае з прычыны генетычна абумоўленых адрозненняў для розных тканак і органаў, можа мяняцца ў працэсе антагенезу, пры паталаг. зменах тканак. Аналіз ізаферментнага спектра выкарыстоўваецца ў хемасістэматыцы і ў медыцыне для дыягностыкі некат. хвароб.

т. 7, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́КШЫ (Hylidae),

сям. бясхвостых земнаводных. 35 родаў, каля 580 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках Амерыкі і Аўстраліі. Жывуць у асн. на дрэвах. Актыўныя ўначы. Большасць відаў мае на канцах пальцаў расшыраныя дыскі-прысоскі, якія садзейнічаюць перамяшчэнню па верт. паверхнях. Найб. вял. род — сапраўдныя К. (род Hyla), 450 відаў. На Беларусі 1 від — К. звычайная (H. arborea).

Даўж. цела 2—13,5 см (К. звычайнай — да 5 см). Афарбоўка можа мяняцца ў залежнасці ад навакольнага фону. Кормяцца ў асн. дробнымі насякомымі і іх лічынкамі. Здабычу захопліваюць доўгім языком. Самкі адкладваюць да 1000 ікрынак. Жывуць у няволі.

Квакша звычайная.

т. 8, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛЭМБРЫЯГЕНЕ́З (ад грэч. phylē племя, род, від + эмбрыягенез),

эвалюцыйная змена ходу індывід. развіцця (эмбрыягенезу) арганізмаў. Тэрмін увёў А.М.Северцаў (1910).

Асн. палажэнне Ф. — уяўленне аб першаснасці антагенет. змен у адносінах да філагенет. (эвалюцыйных). Дзякуючы Ф. можа мяняцца ход антагенезу арганізма, асобных яго органаў, тканак і клетак. Шляхам Ф. адбываюцца філагенет. змены дарослага арганізма і прамежкавых стадый яго развіцця. Адрозніваюць модусы (спосабы) Ф.: анабалію, архалаксіс, дэвіяцыю. Праз модусы Ф. можа адбывацца развіццё прагрэсіўнае (шляхам ускладнення будовы і функцый арганізма) і рэгрэсіўнае (шляхам спрашчэння будовы і функцый). Карысныя арганізму змены застаюцца ў нашчадкаў дзякуючы натуральнаму адбору.

т. 16, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ВАЛЬНЫ ПУЗЫ́Р (лац. vesica natatoria),

няпарны або парны орган рыб. Развіваецца як выраст пярэдняй ч. кішэчніка. Выконвае гідрастатычную, у некат. рыб — дыхальную (дваякадыхальныя, касцявыя ганоіды, мнагапёры), гукавыдаючую і гукаўспрымальную функцыі, а таксама ролю рэзанатара і пераўтваральніка гукавых хваль. У адных рыб П.п. звязаны з кішэчнікам (т.зв. адкрытапузырныя), у другіх поўнасцю ізаляваны (закрытапузырныя), і рэгуляванне ўтрымлівання газаў у ім ажыццяўляецца пры дапамозе т.зв. чырв. цела, або авала (густое спляценне крывяносных капіляраў на ўнутр. сценцы); рэгуляцыя ажыццяўляецца рэфлекторна. Аб’ём П.п. і суадносіны газаў у ім адрозніваюцца ад саставу атм. паветра і могуць мяняцца. У некат. рыб П.п. адсутнічае (напр., акулы, месяц-рыба і рыбы, якія вядуць прыдонны спосаб жыцця: камбалы і інш.).

т. 12, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)