1) самы нізкі мужчынскі голас. Вылучаюць высокі, або пявучы, і нізкі, або глыбокі, у оперы таксама характарны, камічны буфонны бас. Высокі бас бывае лірычны, больш мяккі, з дыяпазонам G—f1, і драматычны, больш моцны, з дыяпазонам F—e1. Для высокага баса характэрныя сіла і моц на верхніх гуках і больш слабае гучанне нізкіх гукаў. Нізкі (цэнтральны) бас вылучаецца глыбокім, поўным гучаннем у нізкім рэгістры і напружаным — у верхнім, дыяпазон (C, D) E — d1 (e1). Самы нізкі від баса — т.зв. бас-актавіст, дыяпазон (A1) B1 — a (c1).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРА́ЎЦАЎ (Анатоль Іванавіч) (н. 1.1.1947, в. Усць-Дзёміна Ельнінскага р-на Смаленскай вобл., Расія),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у прэсе (у 1972—77 адказны сакратар газ. «Вячэрні Мінск»), з 1977 гал. рэдактар творчага аб’яднання «Летапіс», у 1982—85 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1964. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар зб. публіцыстыкі «Мінск і мінчане» (1973), кніг апавяд. і аповесцей «Бяссонніца» (1990), дарожных нататак «Марскі дзённік сухапутнага чалавека» (1992), п’ес «Іван» (1982), «Іван і Мадонна» (паст. 1985), «Мар’я» (паст. 1986), «Як цары жылі» (паст. 1989), «Суд» (паст. 1990), «Донаці прамазала» (1990) і інш., у якіх тэма нар. памяці, моцнар. маралі, праблемы ўзаемаадносін людзей, добразычлівы гумар і іронія. Аўтар сцэнарыяў маст. і дакумент. фільмаў.
Тв.:
Иван и другие жители деревни Сос: Избранное. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕР НА СВАБО́ДНЫХ ЭЛЕКТРО́НАХ (ЛСЭ),
генератар эл.-магн. ваганняў, што выпрамяняюцца электронамі, якія вагаюцца пад уздзеяннем эл. або магн. поля і рухаюцца з рэлятывісцкімі скарасцямі ў напрамку распаўсюджвання хвалі. Прынцып работы ЛСЭ прапанавалі ў канцы 1940 — пач. 1950-х г. В.Л.Гінзбург і амер. фізік Г.Моц; такі лазер у інфрачырвоным дыяпазоне створаны ў 1976—77 у ЗША.
Пучок рэлятывісцкіх электронаў ствараецца з дапамогай паскаральнікаў зараджаных часціц і накіроўваецца ў прасторава-перыядычнае статычнае эл. ці магн., поле або магутнае поле нізкачастотнай хвалі; таксама ЛСЭ могуць быць заснаваны на розных варыянтах Чаранкова—Вавілава выпрамянення. З-за Доплера эфекту частата выпрамянення ў шмат разоў перавышае частату ваганняў электронаў. Пры зменах кінетычнай энергіі электронаў адбываюцца адпаведныя змены частаты выпрамянення ў дыяпазонах ад ЗВЧ да ультрафіялетавага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЭРЛІ́ФТЫНГ (англ. powerlifting ад power сіла, моц + lift падымаць),
трохбор’е сілавое, сілавы від спорту па падыманні цяжару. Уключае 3 практыкаванні: прысяданні са штангай, жым штангі лежачы, станавую цягу.
Узнік у 1950-я г. ў Вялікабрытаніі, Аўстраліі і ЗША Еўрап. федэрацыя П. існуе з 1978. Мужчыны выступаюць у 11, жанчыны ў 10 вагавых катэгорыях. Штогод праводзяцца чэмпіянаты свету і Еўропы сярод мужчын і жанчын, ветэранаў і юніёраў, сярод інвалідаў — у жыме лежачы. Першы чэмпіянат свету (адкрыты нац. чэмпіянат ЗША) адбыўся ў 1964.
Федэрацыя П. Беларусі засн. ў 1994. Сярод бел. спартсменаў — чэмпіёны свету ў трохбор’і У.Мінаў (1998), А.Пашалюк (сярод юніёраў, 2000), у жыме лежачы — 3-разовая чэмпіёнка свету, 2-разовая чэмпіёнка Еўропы Л.Бялова, чэмпіёны свету Э.Грынкевіч (1994), Ю.Жыльская (1999), У.Бубен (сярод інвалідаў, 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НЮХ (Пётр Васілевіч) (8.3.1910, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 14.7.1994),
бел. спявак (бас). Скончыў курсы льнаводства ў Вілейцы, да 1939 працаваў на Баранавіцкім ільнокамбінаце. У 2-ю сусв. вайну ў арміі Андэрса. З 1945 як стыпендыят 2-га корпуса Войска Польскага вучыўся ў АМ у Рыме. Незвычайная шырыня дыяпазону голасу, яго моц і тэмбравая афарбоўка дазвалялі яму па-майстэрску выконваць вядучыя басовыя партыі ў операх «Дон Карлас» Дж.Вердзі, «Фауст» Ш.Гуно, «Мефістофель» А.Бойта, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага і інш. Выступаў у Італіі, здзейсніў турнэ па Еўропе. З 1950 у ЗША, потым у Канадзе. У 1958—85 саліст хору данскіх казакоў пад кіраўніцтвам С.Жарава (ЗША). Выкладаў спевы ва ўласнай школе ў Нью-Йорку, у Гамбургу (Германія). Лаўрэат Міжнар. конкурсу вакалістаў у Рыме (1957). У 1975 наведаў Беларусь. Сябраваў з Р.Шырмай, Я.Брылём, А.Бажко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НЕРГЕЙМ ((Mannerheim) Карл Густаў Эміль) (16.6.1867, Вільняс, каля г. Турку, Фінляндыя — 28.1.1951),
фінскі дзярж. і ваен. дзеяч. Маршал Фінляндыі (1933), барон. Скончыў Гельсінгфорскі ун-т (1887) і Мікалаеўскае кав. вучылішча (Пецярбург). У 1889—1917 на службе ў рас. арміі, ген.-лейт. (1917). Удзельнік рус.-яп. і 1-й сусв. войнаў. У снеж. 1918 — ліп. 1919 рэгент Фінляндыі. З 1931 старшыня Савета абароны краіны, намагаўся ўзмацніць абарончую моц Фінляндыі, у т. л. з дапамогай фартыфікацыйных збудаванняў і загарод (гл.«Манергейма лінія»). З 1939 галоўнакамандуючы фін. арміяй, дзеяннямі якой кіраваў у савецка-фінляндскую вайну 1939—40, а таксама ў 1941—44 у 2-ю сусв. вайну як саюзнік фаш. Германіі. У 1944—46 прэзідэнт Фінляндыі. У вер. 1944 прыняў рашэнне аб выхадзе краіны з Берлінскага пакта 1940 і з вайны. Аўтар кн. «Праз Азію з Захаду на Усход» (1940), мемуараў (1951).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́ХЭН ((Mahan) Альфрэд Таер) (27.9.1840, г. Уэст-Пойнт, штат Нью-Йорк, ЗША — 1.12.1914),
амерыканскі ваен.марскі тэарэтык і гісторык. Контр-адмірал (1906). Скончыў ваен.-марскую акадэмію ЗША (1859). Удзельнік грамадз. вайны 1861—65 на баку федэральных сіл (паўночнікаў). У 1886—89 і 1892—93 прэзідэнт ваен.-марскога каледжа ў г. Ньюпарт. З 1893 камандаваў крэйсерам, з 1896 у адстаўцы. У час ісп.-амер. вайны 1898 чл. Марскога к-та па стратэгіі. У 1899 член амер. дэлегацыі на 1-й Гаагскай канферэнцыі (гл.Гаагскія канвенцыі). У сваіх творах, у т. л. «Уплыў марской магутнасці на гісторыю, 1660—1783» (1890), «Марская моц у яе адносінах да вайны 1812» (т. 1—2, 1905), даказваў вырашальнае значэнне перавышаючай марской магутнасці ў сусв.-паліт. канфліктах новага часу, выказваўся за ўзмацненне марскіх узбраенняў ЗША і набыццё імі ваен.-марскіх баз. Тэорыя М. значна паўплывала на знешнюю палітыку і стратэгію ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі і Японіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭНЦЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. potentia сіла, моц + ...метрыя),
адзін з электрахім. метадаў даследавання і колькаснага аналізу рэчываў. Засн. на залежнасці значэння (ЭП) раўнаважнага электроднага патэнцыялу ад тэрмадынамічнай актыўнасці (канцэнтрацыі) кампанентаў электрахім. рэакцыі (апісваецца ўраўн. Нернста).
Для патэнцыяметрычных вымярэнняў выкарыстоўваюць гальванічны элемент з індыкатарным электродам (яго патэнцыял залежыць ад канцэнтрацыі рэчыва ў растворы) і электродам параўнання. Эрс элемента вымяраюць з дапамогай патэнцыяметра. Адрозніваюць прамую П. і патэнцыяметрычнае цітраванне. Прамая П. дазваляе вызначаць канцэнтрацыю іонаў непасрэдна па значэнні эрс індыкатарнага электрода пры ўмове, што электродны працэс абарачальны (напр., pH-метрыя — метады вызначэння вадароднага паказчыка). Найб. пашырана патэнцыяметрычнае цітраванне, якое ажыццяўляюць у водным і няводным асяроддзях. Пры цітраванні рэгіструюць змяненне ЭП індыкатарнага электрода (напр., шклянога пры кіслотна-асноўным цітраванні); каля пункту эквівалентнасці назіраецца рэзкае змяненне (скачок) ЭП. Выкарыстоўваюць у аналіт. і фіз. хіміі, прам-сці для кантролю тэхнал. працэсаў у хім., нафтахім., харч. і інш. галінах, а таксама для кантролю забруджанасці навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РВЕЙ, Харві (Harvey) Уільям (1.4.1578, г. Фолкстан, Вялікабрытанія — 3.6.1657), англійскі ўрач, заснавальнік сучаснай фізіялогіі і эмбрыялогіі. Д-р медыцыны (1602), праф. (1616). Чл. Каралеўскай калегіі ўрачоў (1607). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1597). Працаваў у Падуі (Італія). З 1609 гал. ўрач і хірург у Бальніцы св. Варфаламея, праф. анатоміі, фізіялогіі і хірургіі ў Каралеўскім ун-це ў Лондане. Навук. працы па эксперым. фізіялогіі, стварыў вучэнне пра кровазварот (1628), вызначыў функцыян. значэнне розных аддзелаў сэрца і буйных сасудаў, апісаў малы (лёгачны) і вял. кругі кровазвароту, выявіў памылковасць поглядаў Галена, што ў артэрыях знаходзіцца асаблівая «жыццёвая моц», якая забяспечвае пульсацыю сасудаў, за што трапіў пад жорсткія нападкі вучоных-схаластаў і царквы. Выявіў матэрыяльную аснову паходжання жывёльнага свету ў процівагу вучэнню Арыстоцеля аб самазараджэнні; сфармуляваў асновы тэорыі эпігенезу (аўтар формулы: «ўсё жывое — з яйца»), прадугадаў ідэю біягенетычнага закону.
Тв.:
Рус.пер. — Анатомическое исследование о движении сердца и крови у животных.
нац.Л., 1948.
Літ.:
Быков К.М. Уильям Гарвей и открытие кровообращения. М., 1957;
История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ВІН (Гаўрыла Раманавіч) (14.7.1743, в. Кармачы ці в. Сакуры Лаішаўскага р-на, Татарстан — 20.7.1816),
рускі паэт. Вучыўся ў Казанскай гімназіі (1759—62). Друкаваўся з 1773. З пазіцый асветнага абсалютызму ўслаўляў веліч і дзярж.моц Расіі, рус. палкаводцаў, гераізм салдат (оды «На ўзяцце Ізмаіла», «На пераход Альпійскіх гор»). Выказваў спачуванне народу, выкрываў злоўжыванні царскай адміністрацыі, саноўных вяльможаў (оды «Феліца», 1783, «Уладарам і суддзям», 3-я рэд. 1787, «Вяльможа», 1798). У вершах — аўтабіяграфізм, канкрэтнасць і пластычнасць вобразаў, быт. і пейзажныя замалёўкі (оды «На смерць князя Мяшчэрскага», 1779, «Бог», 1784, «Вадаспад», 1798). Дыяпазон оды пашырыў ад дыфірамба да песні, спалучаў у адным творы элементы оды і сатыры, філас. роздумы і асабістыя прызнанні («Ручай», «Ластаўка», «Яўгену. Жыццё званскае»). У 1790-я г. пераважала анакрэантычная лірыка (зб. «Анакрэантычныя песні», 1801). У апошнія гады жыцця звяртаўся да драматургіі. Паэзія Дз. — пераходная ступень у развіцці рус. л-ры ад класіцызму М.Ламаносава да рэалізму А.Пушкіна. У 1793—94, 1799 і 1800 быў на Беларусі (Віцебск, Шклоў, Лёзна).