ГЕАКРА́ТЫЯ (ад геа... + грэч. kratos сіла, моц),

улада прыроды (Зямлі) над чалавецтвам; ідэаліст. філас. канцэпцыя фаталістаў.

т. 5, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІКЁР (франц. liqueur),

моцны салодкі алкагольны напітак; сумесь водна-спіртавых раствораў экстрактаў пахучых і смакавых рэчываў рознай расліннай сыравіны, а таксама рафінаванага цукру, лімоннай к-ты, памякчанай вады.

Паводле колькасці спірту (у аб’ёмных працэнтах — моц) і цукру (у грамах на 100 мл напітку — цукрыстасць) адрозніваюць Л. моцныя (моц 35—45, цукрыстасць 32—50) і дэсертныя (адпаведна 25—30, 39—47), крэмы (20—23, 39—43), пуншы (15—20, 34—43), аперытывы (15—35, 5—30). У краінах Зах. Еўропы і ЗША усе Л. часта наз. кардыяламі.

К.​В.​Фамічэнка.

т. 9, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУТАКРА́ТЫЯ (ад грэч. plutos багацце + kratos улада, моц),

1) улада багатых.

2) Паліт. лад, пры якім прадстаўнікі найб. багатых слаёў карыстаюцца ўсёй паўнатой дзярж. улады.

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРСТЭ́Н (ад гіпер... + грэч. sthenos сіла, моц),

мінерал з групы піраксенаў, сілікат магнію і двухвалентнага жалеза (Mg, Fe)2[Si2O6]. Прамежкавы член ізаморфнага рада энстатыт — гіперстэн. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі прызматычныя, падоўжаныя. Агрэгаты зярністыя, суцэльныя масы. Колер цёмна-зялёны, карычневы, шэры, жаўтаваты. Бляск перламутравы. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Пародаўтваральны мінерал ультраасноўных і асноўных магматычных парод. Знойдзены таксама ў каменных метэарытах.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАТО́Н (ад грэч. kratos сіла, моц),

кансалідаваны ўчастак зямной кары, няздольны да пераўтварэння пад уплывам альпінатыпнай складкавасці. Вылучаюць паднятыя К. — масівы пераважна сіялічнага (Si, Al) складу (стараж. платформы), і апушчаныя К. — масівы з сіматычнай (Si, Fe, Mg) асновай (пераважна вобласці дна акіянаў). Тэрмін уведзены ням. геолагам Г.​Штыле ў 1940 (замест прапанаванага ў 1928 аўстр. геолагам Л.​Коберам «кратаген») і шырока ўжываецца ў замежнай геал. і геагр. літаратуры.

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДО́ХРЫШЧА, Хрышчэнне Гасподне, Богаяўленне,

адно з дванадзесятых свят праваслаўя; зімовае свята нар. календара, якім завяршаюцца Каляды. Адзначаецца 6(19) студзеня. Хрысціянская рэлігія звязвае Вадохрышча з хрышчэннем Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем у рацэ Іардан і з’яўленнем усіх асоб Святой Тройцы. У царк. каляндар увайшло не раней як у 2-й пал. 2 ст. У гэты дзень у цэрквах адбываецца асвячэнне вады, у цудадзейную моц якой верылі яшчэ з дахрысціянскіх часоў. На Вадохрышча варажылі пра будучую гаспадарку.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́ДЫ РЭЛІГІ́ЙНЫЯ,

абрады, заснаваныя на эмацыянальна-вобразным ўвасабленні рэліг. ідэй і ўяўленняў; знешняя форма праяўлення рэлігійнасці. Кожная рэлігія мае сваю сістэму і рэгламентацыю абрадаў рэлігійных. Іх разнастайнасць абумоўлена асаблівасцямі веравучэння і нац.-этнічнымі традыцыямі, умовамі жыцця веруючых людзей. Напр., у хрысціянстве важнейшыя магічныя культавыя абрады, якія, паводле царк. веравучэння, надаюць людзям цудадзейную моц («боскае хараство») — таінствы: хрышчэнне, мірапамазанне, прычашчэнне, споведзь, царк. шлюб, ялееасвячэнне, пасвячэнне ў духоўны сан. У абрадах рэлігійных беларусаў цесна пераплятаюцца язычніцкія і хрысц. элементы.

Г.​П.​Караткевіч.

Да арт. Абрады рэлігійныя. Хрышчэнне.

т. 1, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАСАВЫ́ АПАРА́Т,

сукупнасць анатамічных структур, з дапамогай якіх у чалавека і жывёл з лёгачным дыханнем утвараюцца гукі. Складаецца з галасавых звязак — складкі са злучальнай тканкі на ўнутр. паверхні бакавых сценак гартані. Прамежак паміж імі — галасавая шчыліна. Ва ўтварэнні гукаў удзельнічаюць дыхальныя шляхі (трахея, бронхі), а таксама лёгкія. На адценні гукаў уплываюць глотка, насавая поласць з прыдаткавымі пазухамі, ротавая поласць. Паветра з лёгкіх выходзіць праз галасавую шчыліну, ад гэтага звязкі вібрыруюць і ўтвараюць гукавыя хвалі. Змена шырыні галасавой шчыліны і ступені нацягнутасці галасавых звязак уплывае на вышыню і моц гуку.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРНІДУ́Б, Дубавік, Дуб-Дубавік, Дубіна,

персанаж усх.-слав. чарадзейных казак, памочнік гал. героя-асілка (Кацігарошка, Івашкі — Мядзведжага Вушка, Ваські Папялышкі і інш.). Здольны выварочваць стогадовыя дубы і перакідваць іх на вял. адлегласць. Герой-асілак выпрабоўвае моц Вярнідуба, залічвае яго ў таварышы, і яны разам з інш. волатамі змагаюцца супраць магутных фантаст. істот (Змея, Кашчэя Бессмяротнага), у якіх увасоблены злыя сілы. Як і інш. волаты, Вярнідуб значна саступае па сіле гал. герою. У некаторых казках здраджвае асілку, які карае яго, а часам даруе яму. Сустракаецца ў рус. і ўкр. фальклоры.

Літ.:

Гл. пры арт. Вярнігара.

А.​С.​Фядосік.

т. 4, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЮБО́ЎНЫ СУД, кампрамісарскі суд,

часовы трацейскі суд у BKJI у 16—18 ст. Разглядаў усе справы, акрамя крымінальных, звязаных з інтарэсамі грамадскага скарбу, і спраў паміж трымальнікамі каралеўскіх маёнткаў. Дзейнасць суда рэгламентавалася Статутамі ВКЛ 1566 і 1588. Складаўся з некалькіх суддзяў-камісараў, якія выбіраліся бакамі з асоб аднолькавага з імі саслоўя і звання. Выракі П.с. мелі моц рашэнняў дзярж. судоў і апеляцыі не падлягалі, аднак у выпадку нязгоды паміж суддзямі пакрыўджаны бок мог падаць апеляцыю ў Трыбунал ВКЛ. Пры нязгодзе аднаго з бакоў выконваць рашэнне П.с. іншы бок прад’яўляў вырак земскаму суду, які забяспечваў яго выкананне. Скасаваны Мікалаем I 7.7.1840.

т. 12, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)