ГІПЕРСТЭ́Н

(ад гіпер... + грэч. sthenos сіла, моц),

мінерал з групы піраксенаў, сілікат магнію і двухвалентнага жалеза (Mg, Fe)2[Si2O6]. Прамежкавы член ізаморфнага рада энстатыт — гіперстэн. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі прызматычныя, падоўжаныя. Агрэгаты зярністыя, суцэльныя масы. Колер цёмна-зялёны, карычневы, шэры, жаўтаваты. Бляск перламутравы. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Пародаўтваральны мінерал ультраасноўных і асноўных магматычных парод. Знойдзены таксама ў каменных метэарытах.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)