І́МПУЛЬС, колькасць руху, вектарная велічыня, роўная для часціцы здабытку масы на скорасць яе руху; мера механічнага руху цела. І. часціцы p = m v , дзе m — маса і v — скорасць часціцы. Адзінка І. ў СІкілаграм-метр за секунду (кгм/с).

І. механічнай сістэмы p роўны вектарнай суме І. ўсіх часціц (матэрыяльных пунктаў) сістэмы: p = k p k = mk v k , дзе p k = mk v k І. k-тай часціцы. Змена І. сістэмы адбываецца пад дзеяннем знешніх сіл і вызначаецца асноўным законам дынамікі: dp / dt = F k (гл. Ньютана законы механікі). Пры адсутнасці знешніх уздзеянняў І. сістэмы застаецца пастаянным (закон захавання І.). І. разам з энергіяй і момантам імпульсу — фундаментальныя велічыні, якія характарызуюць фіз. сістэмы, у т. л. эл.-магн., гравітацыйныя і інш. палі.

т. 7, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮРКГЕ́ЙМ ((Durkheim) Эміль) (15.4.1858, г. Эпіналь, Францыя — 15.11.1917),

французскі філосаф і сацыёлаг, заснавальнік франц. сацыялагічнай школы. Праф. сацыялогіі і педагогікі ў Бардо (з 1896) і Сарбоне (з 1902). Грамадства разглядаў як асобую рэальнасць, аснову якой складаюць сац. факты, якія існуюць незалежна ад індывідаў і здольныя аказваць на іх прымусовы націск. Сац. факты Дз. падзяляў на марфалагічныя (складаюць матэрыяльны субстрат грамадства — шчыльнасць насельніцтва, развіццё шляхоў зносін і інш.) і духоўныя (утвараюць у сукупнасці калектыўную або агульную свядомасць). Кожнае грамадства мае розную ступень сац. салідарнасці, згуртаванасці. Грамадскае развіццё — пераход ад «механічнай» салідарнасці, заснаванай на падабенстве індывідаў і функцый, якія яны выконваюць, да «арганічнай», якая грунтуецца на падзеле працы. Антыпод сац. салідарнасці — анамія. Сацыялогія Дз. — першы разгорнуты варыянт структурна-функцыян. падыходу пры вывучэнні грамадства. які атрымаў класічнае адлюстраванне ў працах Т.​Парсанса і Р.​Мертана.

Тв.:

Рус. пер. — О разделении общественного труда: Метод социологии. М., 1990;

Самоубийство: Социол. этюд. М., 1994.

А.​У.​Рубанаў.

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІЦЫ́ЗМ,

метад пазнання і светапогляд, заснаваныя на прызнанні механічнай формы руху матэрыі адзіна аб’ектыўнай. Адмаўляе якасную разнастайнасць з’яў у прыродзе і грамадстве і лічыць іх суб’ектыўнай ілюзіяй. У больш шырокім сэнсе М. — метад звядзення складаных з’яў да больш простых, раскладання цэлага на часткі, неспецыфічныя для гэтага цэлага (напр., на біял. адносіны пры разглядзе сац. з’яў). Узнікненне і распаўсюджанне М. звязана з дасягненнямі класічнай механікі ў 16—18 ст. (Г.​Галілей, І.​Ньютан, П.​Лаплас, Т.​Гобс, Ж.​Ламетры, П.​Гольбах), хоць асобныя яго рысы сустракаюцца ў ант. атамізме і сярэдневяковым наміналізме. У 19 ст. метады механікі распаўсюджваліся на грамадскія працэсы, сферу цеплавых з’яў, электрычнасці і магнетызму (Л.​Бюхнер, К.​Фогт, Я.​Молешот, Я.​Дзюрынг). У 20 ст. М. час ад часу адраджаўся ў новых «энергетычных», «тэрмадынамічных» і інш. канцэпцыях (В.​Оствальд, А.​Барсело і інш.), аднак дасягненні навукі 19—20 ст. разбурылі механіст. карціну свету. М. крытыкавалі Б.​Спіноза, Г.​Лейбніц, Д.​Дзідро; як метад мыслення пераадолены Г.​Гегелем (яму належыць тэрмін М.). М. зрабіў значны ўклад у развіццё навукі і філасофіі, прапанаваў прыродазнаўчанавук. разуменне многіх з’яў прыроды, вызваліў іх ад міфалагічнага і рэліг.-стахаст. тлумачэння.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНТЫЛЯ́ЦЫЯ,

замена забруджанага паветра чыстым у памяшканнях, збудаваннях, апаратах і інш. Стварае спрыяльныя ўмовы для працы і адпачынку людзей, правядзення тэхнал. працэсаў, захоўвання абсталявання, канструкцый, матэрыялаў, прадуктаў, кніг, карцін і інш. Вентыляцыя бывае: натуральная і мех. (робіцца вентылятарамі); выцяжная, прытокавая, прытокава-выцяжная; агульнаабменная і мясцовая.

Арганізаваная натуральная вентыляцыя (аэрацыя) ажыццяўляецца праветрываннем праз фрамугі ў вокнах, сценах, вентыляцыйныя ліхтары, неарганізаваная — праз поры і няшчыльнасці агараджальных канструкцый будынка. У жылых памяшканнях выкарыстоўваецца выцяжная вентыляцыя, у цэхах і вытв. будынках — выцяжная і прытокава-выцяжная. Пры мясц. выцяжной вентыляцыі шкодныя рэчывы выдаляюцца з месца іх утварэння з дапамогай мясц. адсмоктвальнікаў (выцяжных шафаў, парасонаў і інш.). Мясц. прытокавая вентыляцыя робіцца паветр. душамі, заслонамі, аазісамі ў гарачых цэхах, каб стварыць спрыяльны мікраклімат у абмежаванай прасторы (на рабочым месцы). Прытокавая вентыляцыя забяспечвае награванне, ахаладжэнне і ўвільгатненне паветра, ачыстку яго ад пылу і газаў. Агульнаабменная вентыляцыя заснавана на разбаўленні шкодных рэчываў, што ёсць у памяшканні, а таксама цеплыні і пары чыстым паветрам да патрэбнай нормы. Яна стварае ў вытв. і грамадскіх будынках аднолькавыя паветр. ўмовы ва ўсіх памяшканнях. Для ачысткі прыточнага паветра ад пылу ўстанаўліваюць паветр. фільтры, а для ачысткі паветра, якое выдаляецца мясц. адсмоктвальнікамі, — пылаўлоўнікі, абсорберы і адсорберы. У прамысл. будынках вентыляцыя ажыццяўляецца праз вентыляцыйныя каналы і паветраводы.

Схема механічнай прытокава-выцяжной вентыляцыі: 1 — паветразаборная шахта; 2 — прытокавыя каналы; 3 — выцяжныя каналы; 4 — выцяжны вентылятар; 5 — вентылятар; 6 — каларыферы; 7 — фільтр.

т. 4, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧЫШЧА́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

комплекс інж. збудаванняў для ачысткі сцёкавых водаў і апрацоўкі асадкаў. Падзяляюцца на збудаванні механічнай, біялагічнай і фізіка-хімічнай ачысткі. Выбар схемы ачысткі залежыць ад складу і колькасці сцёкавых водаў, характарыстыкі вадаёма, куды яны адводзяцца, ці тэхнал. патрабаванняў да вады ў выпадку іх паўторнага выкарыстання.

Да збудаванняў мех. ачысткі адносяцца: прыстасаванні для працэджвання (рашоткі, драбілкі, сіты) і сепарацыі (пескаўлоўнікі, тлушчаўлоўнікі, маслааддзяляльнікі, нафтапасткі, адстойнікі, гідрацыклоны, цэнтрыфугі). Збудаванні біял. ачысткі ў прыродных умовах — палі фільтрацыі і арашэння, біял. сажалкі (бываюць з сістэмамі прымусовай аэрацыі). Біял. ачыстка ў штучных умовах ажыццяўляецца на біяфільтрах і ў аэратэнках. Збудаванні фіз.-хім. ачысткі: флататары, сарбцыйныя, экстракцыйныя і інш. калоны, нейтралізатары, іонаабменныя фільтры, гіперфільтрацыйныя ўстаноўкі, збудаванні эл.-хім. ачысткі і інш. Вузел апрацоўкі асадку ўключае збудаванні па стабілізацыі, кандыцыянаванні, абязводжванні асадку. На невялікіх ачышчальных збудаваннях асадак затрымліваюць і зброджваюць у септыках і адстойніках. На буйных станцыях стабілізацыя асадку робіцца ў анаэробных (метатэнкі) ці аэробных стабілізатарах. Пры выкарыстанні метатэнкаў для утылізацыі газу, што выдзяляецца, прадугледжваюцца газгольдэры. Для абязводжвання стабілізаваных асадкаў у прыродных умовах служаць глеістыя пляцоўкі. Механічнае абязводжванне робяць вакуум-фільтрамі, фільтрпрэсамі, цэнтрыфугамі. Абеззаражваюць ачышчаную ваду ў кантактных рэзервуарах з дапамогай хлору ці азону. Устаноўкі па абеззаражванні бактэрыцыднымі прамянямі ўключаюць выпрамяняльную лямпу, уманціраваную ў трубаправод, які транспартуе ваду, што апрацоўваецца. Лакальныя ачышчальныя збудаванні прадпрыемстваў камплектуюцца вузламі мех. і фіз.-хім. ачысткі. Гарадскія ачышчальныя збудаванні, якія прымаюць сумесь бытавых і вытв. сцёкаў, уключаюць мех. і біял. ачыстку, абеззаражванне ачышчаных сцёкавых водаў і апрацоўку асадку. Збудаванні ачысткі атм. сцёку складаюцца з адстойнікаў і фільтраў (біял. сажалак). Да ачышчальных збудаванняў адносяцца таксама збудаванні для ачысткі паветра.

В.​Г.​Аўсянікаў.

т. 2, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛО́ГІЯ (ад грэч. anālōgia адпаведнасць, падабенства),

1) прыём (метад) выяўлення падабенства паміж прадметамі, іх уласцівасцямі і якасцямі. Усе прадметы прыроды (ад элементарных часціц і да касм. аб’ектаў) распадаюцца на пэўныя групы і класы, якія маюць агульныя ўласцівасці і прыкметы — аналогіі. Прыём аналогіі скарачае тэрміны даследаванняў і часам прыводзіць да навук. адкрыццяў, разам з тым ён можа быць крыніцай памылак, калі выкарыстаны некрытычна ці будуецца на выпадковых падабенствах і прыкметах (атаясамленне грамадства і арганізма, арганізма і механічнай сістэмы, сумлення і камп’ютэра, некаторых аналогій у гіст., сацыялагічным, паліталагічным і эканам. даследаваннях). Прыёмы аналогіі, маючы значныя пазнавальныя магчымасці, павінны дапаўняцца іншымі метадамі даследавання. Аналогія шырока выкарыстоўваецца ў фізіцы, матэматыцы, псіхалогіі і інш. (напр., падабенства ў паводзінах святла і гуку прывяло да вываду, што святло мае хвалепадобную прыроду).

2) У біялогіі — марфалагічнае падабенства органаў або іх частак розных па паходжанні, але аднолькавых па функцыях. Аналогія развіваецца ў выніку канвергенцыі. Органы, якія выконваюць аднолькавыя або блізка падобныя функцыі, наз. аналагічнымі (напр., крылы птушак і насякомых, шчэлепы рыб і ракаў). Развіццё іх сведчыць толькі аб прыстасаванасці органаў да аднолькавых умоў існавання, а не аб эвалюцыйным падабенстве (гл. Гамалогія).

3) У мовазнаўстве — утварэнне моўнай адзінкі шляхам прыпадабнення да адзінак і адносін, якія ўжо існуюць у мове. Так, форма «яблыняў» замест «яблынь» ужываецца па аналогіі з формамі «лічбаў», «вербаў» (канчатак «-аў» абумоўлены збегам зычных), што таксама ўтварыліся на ўзор стараж. формаў «сыноў», «дамоў». Найб. характэрна аналогія ў граматыцы, дзе яна выраўноўвае формы слоў, што вылучаюцца з агульнага рада, і вядзе да уніфікацыі (напр., «ядзім» як «глядзім» замест больш архаічнага «ямо»). Аналогія ўзнікае ў жывым маўленні, з цягам часу можа быць замацавана ў нармаванай моўнай сістэме.

4) У праве — прыём вырашэння дзярж., гаспадарчымі, грамадскімі і інш. органамі, службовымі асобамі і грамадзянамі юрыд. пытанняў, не ўрэгуляваных нормамі права. Адрозніваюць аналогію закону — дастасаванне ў вырашэнні пэўных пытанняў прававых нормаў, якія рэгулююць падобныя грамадскія адносіны, і аналогія права — прымяненне агульных асноў і прынцыпаў прававога рэгулявання адпаведнай галіны права ці прававога інстытута. На Беларусі аналогія выкарыстоўвалася на розных этапах развіцця дзяржаўнасці і права. Сучаснае заканадаўства Рэспублікі Беларусь поўнасцю забараняе аналогію ў крымін. праве, але дазваляе ў цывільных праваадносінах, у адм., прац., гасп. і інш. галінах права. Аналогія выкарыстоўваецца ў некат. замежных краінах. Напр., у краінах англа-саксонскай сістэмы права (ЗША, Вялікабрытанія) дапускаецца аналогія крымін. закону пры дапамозе т.зв. прэцэдэнту.

А.​М.​Елсукоў, А.​А.​Кожынава, В.​А.​Кадаўбовіч.

т. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́МЯЦЬ,

здольнасць арганізма захоўваць і ўзнаўляць інфармацыю, атрыманую ў мінулым; адна з асн. уласцівасцей нервовай сістэмы, якая забяспечвае непарыўнасць існавання чалавечага «Я» і выступае ў якасці важнай і неабходнай перадумовы фарміравання індывідуальнасці і асобы.

Разгорнутую канцэпцыю П. даў Арыстоцель у трактаце «Пра памяць і ўспамін»: уласна П. уласцівая і чалавеку, і жывёле, успамін жа — толькі чалавеку. Арыстоцель сфармуляваў правілы для паспяховага ўспаміну, пазней зноў «адкрытыя» ў якасці асн. законаў асацыяцый: па сумежнасці, падабенстве і кантрасце. Праблема П. развіта ў філасофіі англ. эмпірызму (Т.​Гобс, Дж.​Лок), амер. біхевіярызму (Э.​Торндайк, Дж.​Уотсан), у вучэнні франц. прадстаўніка інтуітывізму А.​Бергсона, які даказваў існаванне асаблівай «вобразнай» П., «П. духу» і звязваў яе з псіхічнымі працэсамі бессвядомага, распазнавання, увагі. Прадстаўнікі гештальтпсіхалогіі зыходзілі з цэласнага і структурнага характару П. і лічылі, што яе элементы павінны разглядацца як своеасаблівыя дынамічныя сістэмы. У франц. сацыялагічнай школе (П.​Жанэ, М.​Хальбвакс) акцэнтавалі ўвагу на гіст. прыроду і сац. абумоўленасць П. чалавека. Эксперым. даследаванне П. праведзена ў рэчышчы асацыянізму ням. псіхолагам Г.​Эбінгаўзам (1885).

Адрозніваюць асн. працэсы П.: запамінанне, распазнаванне, забыванне і ўзнаўленне. Гал. з іх — запамінанне, якое вызначае трываласць і працягласць захавання інфармацыі, яе паўнату і дакладнасць пры ўзнаўленні. Прадуктыўнасць запамінання залежыць ад таго, у якой форме яно адбываецца (у адвольнай, неадвольнай, механічнай, сэнсавай). Пры распазнаванні ў П. ўзнаўляецца вобраз аб’екта пры паўторным яго ўспрыманні. Пры ўзнаўленні аб’екты мінулага вопыту не ўспрымаюцца непасрэдна, а ўзнаўляюцца ў вобразах (думкі, пачуцці, жаданні, вобразы фантазій, асобных дзеянняў, складаных рухаў і інш.). Уласцівасць забывання азначае поўную або частковую страту здольнасці ўзнаўлення матэрыялаў, што запомніліся раней; яно бывае ўстойлівым, доўгім, часовым, пасіўным, актыўным, звязаным з наўмысным выцясненнем з П. непрыемных з’яў. Сярод падсістэм П. вылучаюць доўгачасовую, кароткачасовую і сенсорную. Доўгачасовая П. забяспечвае ўтрыманне ведаў і захаванне ўменняў і навыкаў на працягу дзесяцігоддзяў пры вял. аб’ёме інфармацыі. П. кароткачасовая забяспечвае аператыўнае ўтрыманне звестак, атрыманых ад органаў пачуццяў і з доўгачасовай П., на працягу ад некалькіх секунд да мінут пры аб’ёме інфармацыі каля 7—8 адзінак (слоў, лічбаў і г.д.). У сенсорнай П. сігналы, што паступаюць з органаў пачуццяў у выглядзе адчуванняў і ўспрыманняў, утрымліваюцца звычайна менш 1—2 с. У залежнасці ад характару матэрыялу, што трэба запомніць, адрозніваюць: П. рухальную (маторную), эмацыянальную, вобразную і слоўна-лагічную (вербальную). Вобразная падзяляецца на зрокавую, слыхавую, нюхальную, датыкальную, смакавую.

Паняцце «П.» шырока выкарыстоўваецца ў кібернетыцы пераважна ў адносінах да складаных тэхн. сістэм, напр. ЭВМ, і па аналогіі таксама да біял. і сац. сістэм. У біялогіі вылучаюць генетычную П., змешчаную ў храмасомах клетачных ядраў (у малекулах ДНК), і П., набытую арганізмам. У сацыялогіі ўводзіцца паняцце сац. П., зместам якой з’яўляецца калект. вопыт чалавецтва, які фіксуецца ў мове, інш. знакавых сістэмах, у прыладах працы, традыцыях, нормах маралі і права, ва ўсіх элементах матэрыяльнай і духоўнай культуры. Сац. П. адыграла вырашальную ролю ў фарміраванні індывід. П. кожнага канкрэтнага чалавека.

Літ.:

Соколов Е.Н. Механизмы памяти. М., 1969;

Крайзмер Л.П., Матюхин С.А., Майоркин С.Г. Память кибернетических систем. М., 1971;

Вейн А.М., Каменецкая Б.И. Память человека. М., 1973;

Пугач Ю.К. Развитие памяти: Система приемов. Ч. 1. Образная память. Мн., 1995;

Психология памяти. М., 1998;

Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;

Андреев О.А., Хромов Л.Н. Тренировка памяти. Мн., 1999.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 12, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)