І́МПУЛЬС, колькасць руху, вектарная велічыня, роўная для часціцы здабытку масы на скорасць яе руху; мера механічнага руху цела. І. часціцы p→ = m v→ , дзе m — маса і v→ — скорасць часціцы. Адзінка І. ў СІ — кілаграм-метр за секунду (кг∙м/с).

І. механічнай сістэмы p→ роўны вектарнай суме І. ўсіх часціц (матэрыяльных пунктаў) сістэмы: p→ = ∑ k p→ k = ∑ mk v→ k , дзе p→ k = mk v→ k І. k-тай часціцы. Змена І. сістэмы адбываецца пад дзеяннем знешніх сіл і вызначаецца асноўным законам дынамікі: dp→ / dt = ∑ F→ k (гл. Ньютана законы механікі). Пры адсутнасці знешніх уздзеянняў І. сістэмы застаецца пастаянным (закон захавання І.). І. разам з энергіяй і момантам імпульсу — фундаментальныя велічыні, якія характарызуюць фіз. сістэмы, у т. л. эл.-магн., гравітацыйныя і інш. палі.

т. 7, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)