ПА́МЯЦЬ,
здольнасць арганізма захоўваць і ўзнаўляць інфармацыю, атрыманую ў мінулым; адна з асн. уласцівасцей нервовай сістэмы, якая забяспечвае непарыўнасць існавання чалавечага «Я» і выступае ў якасці важнай і неабходнай перадумовы фарміравання індывідуальнасці і асобы.
Разгорнутую канцэпцыю П. даў Арыстоцель у трактаце «Пра памяць і ўспамін»: уласна П. уласцівая і чалавеку, і жывёле, успамін жа — толькі чалавеку. Арыстоцель сфармуляваў правілы для паспяховага ўспаміну, пазней зноў «адкрытыя» ў якасці асн. законаў асацыяцый: па сумежнасці, падабенстве і кантрасце. Праблема П. развіта ў філасофіі англ. эмпірызму (Т.Гобс, Дж.Лок), амер. біхевіярызму (Э.Торндайк, Дж.Уотсан), у вучэнні франц. прадстаўніка інтуітывізму А.Бергсона, які даказваў існаванне асаблівай «вобразнай» П., «П. духу» і звязваў яе з псіхічнымі працэсамі бессвядомага, распазнавання, увагі. Прадстаўнікі гештальтпсіхалогіі зыходзілі з цэласнага і структурнага характару П. і лічылі, што яе элементы павінны разглядацца як своеасаблівыя дынамічныя сістэмы. У франц. сацыялагічнай школе (П.Жанэ, М.Хальбвакс) акцэнтавалі ўвагу на гіст. прыроду і сац. абумоўленасць П. чалавека. Эксперым. даследаванне П. праведзена ў рэчышчы асацыянізму ням. псіхолагам Г.Эбінгаўзам (1885).
Адрозніваюць асн. працэсы П.: запамінанне, распазнаванне, забыванне і ўзнаўленне. Гал. з іх — запамінанне, якое вызначае трываласць і працягласць захавання інфармацыі, яе паўнату і дакладнасць пры ўзнаўленні. Прадуктыўнасць запамінання залежыць ад таго, у якой форме яно адбываецца (у адвольнай, неадвольнай, механічнай, сэнсавай). Пры распазнаванні ў П. ўзнаўляецца вобраз аб’екта пры паўторным яго ўспрыманні. Пры ўзнаўленні аб’екты мінулага вопыту не ўспрымаюцца непасрэдна, а ўзнаўляюцца ў вобразах (думкі, пачуцці, жаданні, вобразы фантазій, асобных дзеянняў, складаных рухаў і інш.). Уласцівасць забывання азначае поўную або частковую страту здольнасці ўзнаўлення матэрыялаў, што запомніліся раней; яно бывае ўстойлівым, доўгім, часовым, пасіўным, актыўным, звязаным з наўмысным выцясненнем з П. непрыемных з’яў. Сярод падсістэм П. вылучаюць доўгачасовую, кароткачасовую і сенсорную. Доўгачасовая П. забяспечвае ўтрыманне ведаў і захаванне ўменняў і навыкаў на працягу дзесяцігоддзяў пры вял. аб’ёме інфармацыі. П. кароткачасовая забяспечвае аператыўнае ўтрыманне звестак, атрыманых ад органаў пачуццяў і з доўгачасовай П., на працягу ад некалькіх секунд да мінут пры аб’ёме інфармацыі каля 7—8 адзінак (слоў, лічбаў і г.д.). У сенсорнай П. сігналы, што паступаюць з органаў пачуццяў у выглядзе адчуванняў і ўспрыманняў, утрымліваюцца звычайна менш 1—2 с. У залежнасці ад характару матэрыялу, што трэба запомніць, адрозніваюць: П. рухальную (маторную), эмацыянальную, вобразную і слоўна-лагічную (вербальную). Вобразная падзяляецца на зрокавую, слыхавую, нюхальную, датыкальную, смакавую.
Паняцце «П.» шырока выкарыстоўваецца ў кібернетыцы пераважна ў адносінах да складаных тэхн. сістэм, напр. ЭВМ, і па аналогіі таксама да біял. і сац. сістэм. У біялогіі вылучаюць генетычную П., змешчаную ў храмасомах клетачных ядраў (у малекулах ДНК), і П., набытую арганізмам. У сацыялогіі ўводзіцца паняцце сац. П., зместам якой з’яўляецца калект. вопыт чалавецтва, які фіксуецца ў мове, інш. знакавых сістэмах, у прыладах працы, традыцыях, нормах маралі і права, ва ўсіх элементах матэрыяльнай і духоўнай культуры. Сац. П. адыграла вырашальную ролю ў фарміраванні індывід. П. кожнага канкрэтнага чалавека.
Літ.:
Соколов Е.Н. Механизмы памяти. М., 1969;
Крайзмер Л.П., Матюхин С.А., Майоркин С.Г. Память кибернетических систем. М., 1971;
Вейн А.М., Каменецкая Б.И. Память человека. М., 1973;
Пугач Ю.К. Развитие памяти: Система приемов. Ч. 1. Образная память. Мн., 1995;
Психология памяти. М., 1998;
Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;
Андреев О.А., Хромов Л.Н. Тренировка памяти. Мн., 1999.
В.Дз.Марозаў.
т. 12, с. 37