род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмеранай зоне. На Беларусі 3 віды Л.: асенні, або млячай (L. autumnalis; нар. назва залатушная трава); шурпатаваласісты (L. hispidus); дунайскі (L. danubialis). Трапляецца на лугах, каля дарог і жылля.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, суцэльнае або перыстанадрэзанае. Кветкі жоўтыя ці аранжавыя, сабраныя ў кошыкі. Абгортка з апушаных ланцэтных лісцікаў. Плод — сямянка з чубком. Меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКО́ЎНІК (Anthriscus),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 2 віды М.; лясны (A. sylvestris, нар. назвы ствольны цвет, вадзяны кроп) і цьмянцовалісты, або кервель (A. cerefolium). Трапляюцца ў хмызняках, гаях, каля жылля.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы граністыя. Лісце складанарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя ў парасонавых суквеццях. Плод — падоўжаны віслаплоднік. Культывуюць М. цьмянцовалісты як вострапрыпраўную расліну. Лек., агароднінныя, вострапрыпраўныя, меданосныя, эфіраалейныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ТВІЦА (Lotus),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі 2 віды Р.: багнавая (L. uliginosus) і рагатая (L. corniculatns), нар. назвы заечая трава, рута польная, трызаўка. Трапляюцца на лугах, схілах, каля дарог, у вільготных лясах. Уведзены ў культуру.
Шматгадовыя, радзей адна- і двухгадовыя травы ці паўкусты. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі залаціста-жоўтыя, адзіночныя або ў парасонападобных суквеццях. Плод — струк. Кармавыя, лек., фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАКРО́ТКА, маргарытка (Bellis),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. 6—7 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Міжземнамор’і. На Беларусі 1 від — С. шматгадовая (B. perennis). Трапляецца на вільготных лугах, узлесках. Культывуецца, мае махрыстыя формы і сарты з розным колерам кветак.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя расліны выш. 3—25 см. Шматлікае лісце ў прыкаранёвай разетцы, суцэльнае, часта па краі зубчастае. Кветкі, сабраныя ў суквецце кошык на прамастойных бязлістых кветаносах, чырв., ружовыя, белыя. Меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНУ́ШКА (Nigella),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і і Пярэдняй Азіі. На Беларусі 1 від — Ч. палявая (N. arvensis); заносная, зрэдку трапляецца ў зах. і паўд. раёнах. Як дэкар. расліна культывуецца Ч. дамаская (N. damascena), як прыпраўная — Ч. пасяўная (N. sativa).
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. да 40 см. Сцябло простае або галінастае. Лісце вузкае, перыста- ці пальчата-рассечанае. Кветкі адзіночныя, жоўтыя ці блакітныя. Плод — шматлістоўка. Вострапрыпраўныя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧОРНАГАЛО́ВІК, чорнагалоў (Prunella),
род кветкавых расл ш сям. ясноткавых. 5—7 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 2 віды Ч.: буйнакветны (P. grandiflora) і звычайны, або гарлянка (P. vulgaris). Трапляюцца ў лясах, хмызняках, па берагах рэк, каля жылля.
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучымі карэнішчамі. Сцёблы прамастойныя або прыўзнятыя, часам галінастыя. Лісце супраціўнае, ад суцэльнага да перыстараздзельнага. Кветкі ў несапраўдных кальчаках, што ўтвараюць густое коласападобнае верхавінкавае суквецце. Плод — арэшак. Лек., меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ША́НДРА, шанта (Marrubium),
род кветкавых раслін сям. губакветных (ясноткавых). Больш за 30 відаў. Пашыраны ў субтропіках Міжземнамор’я і ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 1 від — Ш. звычайная (M. vulgare). Трапляецца ўздоўж дарог, каля жылля, на сметніках, у пасевах.
Пераважна шматгадовыя густаапушаныя травы. Сцёблы ўзыходныя выш. 15—75 см. Лісце суцэльнае, супраціўнае. Кветкі ружовыя, ліловыя, белыя, жаўтаватыя, сабраныя ў несапраўдныя кальчакі ў пазухах верхняга лісця. Плод — шматарэшак. Лек., фарбавальныя, таніданосныя, эфіраалейныя, меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЗМІ́Нсапраўдны
(Jasminum),
род кветкавых раслін сям. маслінавых. Каля 300 відаў. Пашыраны ў субтропіках і тропіках. На Беларусі ў аранжарэях і пакоях вырошчваюць Я. буйнакветны (J. grandiflorum) і вечназялёную ліяну — Я. індыйскі, ці самбак (J. sambac).
Вечназялёныя або лістападныя кусты і ліяны. Лісце непарнаперыстае ці трайчастае, радзей простае. Кветкі белыя, жоўтыя, чырванаватыя, пахучыя, адзіночныя, у шчытках або паўпарасоніках. Плод — ягадападобны. З кветак Я. буйнакветнага атрымліваюць эфірны алей, іх выкарыстоўваюць для араматызацыі чаю. Эфіраалейныя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРАКІ́ЛЬНІЦА (Lembotropis),
род кветкавых раслін сям. бабовых. 3 віды. Пашыраны ў Сярэдняй, Паўд. і Усх. Еўропе. На Беларусі на ПдЗ зрэдку трапляецца вастракільніца чарнеючая (Lembotropis nigricans). Расце на пясчаных мясцінах, у хваёвых барах, на высечках.
Куст выш. да 1,5 м, ад асновы моцнагалінасты, з прамымі прутападобнымі ўзыходнымі галінкамі. Лісце трайчастае, з непрыкметнымі прылісткамі. Кветкі залаціста-жоўтыя, з непрыемным пахам, у негустых коласападобных гронках. Кіль лодачкі на верхавінцы дзюбападобна адцягнуты (адсюль назва). Плод — падоўжна-лінейны боб. Дэкар., сідэратныя і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЛІ́ЦА (Berteroa),
род кветкавых раслін сям. капуставых. 8 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Міжземнамор’і. На Беларусі паўсюдна трапляецца гарліца шэрая (B. incana). Расце на палях, сухіх лугах, пустках, узгорках, каля дарог, на сметніках і пясчаных мясцінах.
Адна-, двух- і шматгадовыя шаравата-зялёныя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом. Лісце суцэльнае, чаргаванае, падоўжана-ланцэтнае. Кветкі дробныя, двухполыя, белыя, у галоўчатых гронках. Плод — авальны стручок; насенне пляскатае, акаймаванае. Лек. (мачагонны, патагонны, вяжучы, заспакаяльны і ранагаючы сродак) і меданосныя расліны; пустазелле.