РУ́ТВІЦА (Lotus),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі 2 віды Р.: багнавая (L. uliginosus) і рагатая (L. corniculatns), нар. назвы заечая трава, рута польная, трызаўка. Трапляюцца на лугах, схілах, каля дарог, у вільготных лясах. Уведзены ў культуру.

Шматгадовыя, радзей адна- і двухгадовыя травы ці паўкусты. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі залаціста-жоўтыя, адзіночныя або ў парасонападобных суквеццях. Плод — струк. Кармавыя, лек., фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рутвіца рагатая.

т. 13, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)