ГО́ЛУБЕВА (Маргарыта Генадзеўна) (н. 4.6.1964, Мінск),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1984). Працавала на Мінскай ф-цы маст. Вырабаў (1984 — 88). У тэхніцы батыку стварае арнаментальныя кампазіцыі, нацюрморты з кветкамі, экзатычнымі прадметамі і інш., у якіх спалучэнне лінейных узораў, колеравых плоскасцей і эфекту кракле дае прасторавую перспектыву, непаўторныя пераходы і дэкар. цэльнасць: «Лілеі», «Чырвоная ружа», «Тыгравая шкура», «Індыйскі матыў», «Хатняе цяпло» (усе 1990—96) і інш.

т. 5, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДА́Й (Зоя Міхайлаўна) (1.6.1902, г. Тамбоў, Расія — 21.4.1965),

украінская спявачка (сапрана). Нар. арт. СССР (1944). Скончыла Кіеўскі муз.-драм. ін-т імя М.Лысенкі (1927). У 1928—55 салістка Кіеўскага, у 1930—34 — Харкаўскага т-раў оперы і балета. У 1947 — 65 выкладала ў Кіеўскай кансерваторыі (з 1963 праф.). Сярод партый: Наталка («Наталка Палтаўка» Лысенкі), Аксана («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Ганна («Наймічка» М.Верыкоўскага), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Выступала як камерная спявачка. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1933, 1-я прэмія). Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 4, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЦІ́НСКАЯ (Настасся Аляксандраўна) (н. 19.12.1944, Масква),

руская актрыса. Нар. арт. Расіі (1988). Дачка А.М.Вярцінскага. Скончыла Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1968). З 1966 у т-ры «Сучаснік», у 1980—88 у МХАТ. Майстэрства актрысы адметнае вытанчанасцю пластычнага малюнка ролі, спалучэннем лірыкі з лёгкай іроніяй: Ніна Зарэчная, Алена Андрэеўна («Чайка», «Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Эльміна («Тарцюф» Мальера) і інш. З 1961 здымаецца ў кіно: «Пунсовыя ветразі», «Чалавек-амфібія», «Гамлет», «Вайна і мір», «Ганна Карэніна», «Майстар і Маргарыта», «Безыменная зорка» (тэлевізійны) і інш. Выкладае сцэн. майстэрства ў Вялікабрытаніі, Францыі, Швейцарыі.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НЕ ((Line) Велта) (н. 28.8.1923),

латышская актрыса. Нар. арт. Латвіі (1964). Нар. арт. СССР (1973). Вучылася ў драм. студыях Нар. т-ра і Т-ра драмы ў Рызе. З 1945 актрыса Латв. т-ра драмы імя Упіта. Лепшыя ролі: Кайва («Гліна і фарфор» А.Грыгуліса), Зента, Жанна д’Арк, Ліена («Сын рыбака», «Жанна д’Арк»; «Зямля зялёная» А.Упіта), Дэздэмона, Афелія («Атэла», «Гамлет» У.Шэкспіра), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» паводле А.Дзюма-сына), Ніна Зарэчная («Чайка» А.Чэхава), Таня («Таня» А.Арбузава) і інш. Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1951.

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСЦЯРО́НАК (Маргарыта Сяргееўна) (н. 26.9.1935, г.п. Суземка Бранскай вобл., Расія),

бел. геадэзіст. Канд. тэхн. н. (1972). Праф. (1988). Скончыла Маскоўскі ін-т інж. геадэзіі, аэрафотаздымкі і картаграфіі (1958). З 1959 у БПА (з 1977 заг. кафедры). Навук. працы па развіцці тэарэт. асноў выліч. апрацоўкі вынікаў геад. вымярэнняў на базе матэм. статыстыкі, выкарыстанні метадаў геад. вымярэнняў у вывучэнні дэфармацый інж. збудаванняў.

Тв.:

Геодезическое обеспечение строительно-монтажных работ: (Справ. пособие). Мн., 1984;

Инженерная геодезия. Мн., 1986;

Геодезия. Мн., 1993 (разам з В.Ф.Несцяронкам, А.С.Пазняком);

Геадэзічны слоўнік. Мн., 1994 (разам з В.Ф.Несцяронкам, У.М.Міхайлавым).

т. 11, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКАНАБО́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1566,

антыкаталіцкае паўстанне ў Нідэрландах, першы этап Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. Праходзіла пад сцягам кальвінізму. Пачалося 11 жн. ў гарадах Хондсхарт, Арманцьер і Касель, хутка ахапіла амаль усе правінцыі Нідэрландаў. Паўстанцы разграмілі каля 5,5 тыс. цэркваў і манастыроў. 23.8.1566 ісп. намесніца ў Нідэрландах Маргарыта Пармская выдала маніфест, у якім абяцала змякчыць дзейнасць інквізіцыі, дазволіць кальвінісцкія пропаведзі, амнісціраваць членаў антыісп. «Саюза дваран». Маніфест паспрыяў расколу ў лагеры паўстанцаў, частка іх пайшла на пагадненне з намесніцай. Да вясны 1567 паўстанне задушана, а маніфест абвешчаны несапраўдным.

Дз.М.Чаркасаў.

т. 7, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЭЛЯ́Н (Айкануш Багдасараўна) (15.12.1893, Тбілісі — 19.4.1958),

грузінская і армянская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1939). Скончыла Петраградскую кансерваторыю (1920). З 1922 салістка Грузінскага, у 1933—48 Армянскага т-раў оперы і балета. У 1943—51 выкладала ў Ерэванскай кансерваторыі (праф. з 1949). У рэпертуары вылучаліся партыі з опер арм. кампазітараў — Ануш («Ануш» А.Тыграняна), Алімпія («Аршак II» Т.Чухаджана), а таксама класічных — Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Антаніда («Іван Сусанін» М.Глінкі), Маргарыта Валуа («Гугеноты» Дж.Меербера), Джыльда, Віялета, Дэздэмона («Рыгалета», «Травіята», «Атэла» Дж.Вердзі). Дзярж. прэмія СССР 1946.

т. 6, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІ́ЕВА (Мая) (Мамаджан; н. 1920, аул Безмеін Ашгабацкага р-на, Туркменістан),

туркменская спявачка (лірычнае сапрана). Нар. арт. СССР (1955). У 1938—41 вучылася на туркм. аддзяленні Маскоўскай кансерваторыі. З 1941 салістка Туркменскага т-ра оперы і балета. Першая выканала на туркм. сцэне шэраг партый еўрап. опернага рэпертуару: Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Чыо-Чыо-сан (аднайм. опера Дж.Пучыні). Сярод партый нац. рэпертуару: Айна, Шасенем («Айна», «Шасенем і Гарыб» А.Шапашнікава і Д.Авезава), Лейлі («Лейлі і Меджнун» Ю.Мейтуса і Авезава).

т. 9, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАМА́НАВА (Роза Умбетаўна) (н. 16.4.1928, г. Акцюбінск, Казахстан),

казахская спявачка (сапрана). Нар. арт. СССР (1959). Скончыла Алма-Ацінскую кансерваторыю (1954), з 1977 выкладае ў ёй (праф. з 1987). У 1962—78 старшыня Казахскага тэатр. т-ва. З 1953 салістка Казах. т-ра оперы і балета. Сярод партый у нац. операх — Кыз Жыбек («Кыз Жыбек» Я.Брусілоўскага), Сара («Біржан і Сара» М.Тулебаева), Ажар («Абай» А.Жубанава і Л.Хамідзі), у класічных — Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан, Мімі («Чыо-Чыо-сан», «Багема» Дж.Пучыні), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Амелія («Баль-маскарад» Дж.Вердзі). Дзярж. прэмія Казахстана 1972.

т. 6, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГЕ́Р (Маргарыта Іосіфаўна) (7.10.1915, г. Адэса — 1.8.1992),

рус. паэтэса. Вучылася ў Літ. ін-це імя Горкага (1934—37). Першы зб. «Год нараджэння» (1938). Вершы і паэмы часоў Вял. Айч. вайны склалі кнігі «Памяці храбрых» (1942), «Лірыка» (1943), «Вершы і паэмы» (1944); за паэму «Зоя» Дзярж. прэмія СССР 1943. Аўтар зб-каў «Ленінскія горы» (1953), «Сіні час» (1970), «Чвэрць стагоддзя» (1981), кніг нарысаў «Вяртанне ў Чылі» (1966); успамінаў «Сцяжынка ў жыце. Пра паэзію і паэтаў» (1980). Асаблівасці паэзіі Алігер: строгасць верша і думкі, увага да духоўнага свету чалавека, жывыя размоўныя інтанацыі. Выдала кн. перакладаў «Вялізны свет» (1968).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1984—85.

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)