ГВІНЕ́Я ВЕ́РХНЯЯ,

прыродная вобласць Зах. Афрыкі, уздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. і Гвінейскага зал., паміж 10 — 12° паўн. ш. на Пн і 9—10° усх. д. на У. Большую ч. тэр. займае Паўночна-Гвінейскае ўзвышша, пераважныя выш. 500—1000 м, найб. — да 1948 м (г. Бінтымані). Уздоўж акіяна цягнецца нізінная раўніна шыр. 50—200 км. Клімат экватарыяльны і экватарыяльны мусонны. Сярэднямесячная т-ра 21 — 29 °C, ападкаў ад 1000—1500 мм на Пн да 3000—4000 мм на прыморскай нізіне. Шматлікія мнагаводныя рэкі, самыя вялікія — Нігер, Вольта. Ва ўнутр. раёнах Гвінеі Верхняй высакатраўныя саванны на чырвоных фералітных глебах, па далінах рэк галерэйныя лясы. Вільготныя трапічныя і лістападныя лясы прыбярэжнай раўніны значна зведзены; на забалочаных узбярэжжах мангравыя лясы і хмызнякі. У межах Гвінеі Верхняй поўнасцю або часткова размешчаны Гвінея-Бісау, Гвінея, Сьера-Леоне, Ліберыя, Кот-д’Івуар, Гана, Тога, Бенін, Нігерыя.

т. 5, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РАНЬ,

адзін з асн. вегетатыўных органаў лістасцябловых раслін, служыць для прымацоўвання да субстрату і ўсмоктвання з яго вады і пажыўных рэчываў. Сапраўдныя К. першапачаткова з’явіліся ў дзеразападобных і папарацепадобных, найб. складаная будова — у насенных раслін. Адрозніваюць гал. К. (развіваецца з зародкавага), бакавыя (узнікаюць на галоўным К.) і прыдаткавыя (утвараюцца на сцёблах або лісці). Сукупнасць К. складае каранёвую сістэму — стрыжнёвую (у двухдольных раслін) і валасніковістую (у аднадольных). Расце К. толькі верхавінкай, ахаванай чэхлікам; па-за зонай росту знаходзіцца зона ўсмоктвання з каранёвымі валаскамі. Пажыўныя рэчывы (вада, мінер. солі, арган. малекулы) перамяшчаюцца па сасудах К. да лістоў і сцёблаў у выніку дзеяння каранёвага ціску і транспірацыі. У К. сінтэзуюцца алкалоіды, гармоны росту і інш. фізіялагічна актыўныя злучэнні. К. выконвае шмат дадатковых функцый: назапашвае пажыўныя рэчывы, утварае прыдаткавыя пупышкі для надземных парасткаў, служыць для апоры (напр., хадульныя, дошкападобныя), ёсць К.-прычэпкі (ліяны), паветраныя (эпіфіты), зялёныя, здольныя да асіміляцыі (некат. архідэі), дыхальныя (мангравыя) і інш.

Да арт. Корань: а — віды каранёў: 1 — галоўны; 2 — бакавыя; 3 — прыдаткавыя; 4 — сцябло; б — каранёвыя сістэмы: 5 — стрыжнёвая; 6 — валасніковістая.

т. 8, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДАСТА́Н,

паўвостраў на Пд Азіі, пераважна ў Індыі. Пл. каля 2 млн. км². На З абмываецца Аравійскім м., на У — Бенгальскім зал. Індыйскага ак. Паўн. граніца ўмоўна праводзіцца ад дэльты р. Інд да дэльты рэк Ганг—Брахмапутра. Берагі нізкія, слаба парэзаныя. Асн. частку І. займае пласкагор’е Дэкан, зах. ўступ якога (Зах. Гаты) ступенямі абрываецца да пясчанай прыбярэжнай нізіны (Малабарскі бераг). На У Дэканскага пласкагор’я знаходзяцца Усх. Гаты — сістэма невысокіх горных ланцугоў і масіваў. На Пд паўвострава размяшчаецца масіў Анаймалай з найвыш. пунктам І. — г. Анаймуды (2698 м). І. — частка дакембрыйскай Індыйскай платформы. Радовішчы каменнага вугалю, жал. і марганцавых руд, баксітаў, мускавіту, цырконію, тытану і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны з вільготным летам і сухой зімой. Сярэднія т-ры студз. 20—29 °C, мая 35—40 °C. Ападкаў на зах. схілах гор выпадае больш за 3000 мм, ва ўнутр. раёнах 500—700 мм, на У ападкі пераважна зімовыя, да 1000 мм за год. Асн. рэкі Нармада, Тапты, Маханады, Гадавары, Крышна, Каверы маюць дажджавое жыўленне і разліваюцца летам. Выкарыстоўваюцца для арашэння. Мусонныя лістападныя лясы захаваліся пераважна ў горных раёнах на Пд па схілах Зах. і Усх. Гатаў. На ўнутр. плато, міжгорных паніжэннях — сухія рэдкалессі. У вусцях рэк — мангравыя зараснікі. Вял. плошчы пад ворывам (рыс, пшаніца, бабовыя, бавоўна, чай, кава, цукр. трыснёг і інш.). 60—80% агульнай пл. ворыва парушана ярамі. Багаты жывёльны свет: сланы, насарогі, тыгры, леапарды, ваўкі, дзікія быкі, алені, малпы і інш. Птушак больш за 1600 відаў. На п-ве І. размяшчаюцца часткова дзяржавы Індыя, Пакістан і Бангладэш.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 7, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІМАНТА́Н (Kalimantan),

Барнео, востраў у Малайскім архіпелагу, найбольшы з Вялікіх Зондскіх астравоў. Большая ч. вострава ўваходзіць у склад Інданезіі, на Пн частка тэр. Малайзіі (штаты Саравак і Сабах) і султанат Бруней. Абмываецца морамі Паўд.-Кітайскім, Сулу, Сулавесі, Яванскім, пралівамі Макасарскім і Карымата. Пл. 734 тыс. км², з прыбярэжнымі астравамі 746,5 тыс. км². Даўж. з ПдЗ на ПнУ каля 1100 км. Нас. 9,1 млн. чал. (1990). Берагі слаба расчлянёныя, нізінныя, забалочаныя. Бухтаў мала. Рэльеф пераважна горны. У цэнтр. ч. і на ПнУ глыбавыя нагор’і (г. Кінабалу 4101 м) і ўзгоркавыя плато. На ўзбярэжжах Пд і З нізіны. Геал. будову К. складаюць на ПнЗ стараж. дамезазойская Зондская платформа, на Пд і У кімерыйская і альпійская складкавасці. Горы складзены з гранітаў, гнейсаў і крышт. сланцаў, нізіны — з алювіяльных адкладаў. Радовішчы нафты, газу, каменнага вугалю, жал. і поліметал. руд. Клімат экватарыяльны. Т-ра на раўнінах 25—27 °C. Ападкаў 2000—3500 мм, у гарах да 5000 мм за год. Рэкі кароткія, паўнаводныя (найб. Капуас, Барыта, Махакам), у верхняй ч. парожыстыя, з вял. запасамі гідраэнергіі, у ніжняй — суднаходныя. Значная ч. вострава занята экватарыяльнымі лясамі (гілеямі) да выш. 1200—1500 м. Сярод лясной расліннасці пераважаюць дыптэракарпавыя, фікусы, пальмы, дрэвападобныя папараці, бамбук. Шмат ліян і эпіфітаў Вышэй 1500 м — субтрапічная і барэальная флора. Уздоўж узбярэжжаў мангравыя зараснікі. Сярод фауны трапляюцца чалавекападобныя (арангутангі) і інш. малпы, сланы, насарогі, тапіры, дзікі, птушкі, паўзуны і земнаводныя Вырошчваюць рыс, каўчуканосы, алейныя пальмы. Буйныя гарады: Пантыянак, Банджармасін (Інданезія), Кучынг (Малайзія), Бандар-Серы-Бегаван (Бруней).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 7, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДАКІТА́Й,

паўвостраў на ПдУ Азіі. Абмываецца на З Бенгальскім зал., Андаманскім м. і Малакскім пралівам; на УПаўд.-Кітайскім м. Паўн. граніца — ад дэльты рэк Ганг і Брахмапутра да дэльты р. Хангха. Пл. каля 2 млн. км². Берагі слаба парэзаныя, прыродных бухтаў мала. Рэльеф вельмі складаны, уяўляе сабой чаргаванне гор субмерыдыянальнага напрамку і шырокіх нізін і плато. На З Араканскія горы (г. Вікторыя 3053 м), на Пн Шанскае нагор’е, у цэнтр. частцы хр. Танентаўнджы, на У горы Чыянгшон (Анамскія). Найб. нізіны Іравадзійская, Менамская, Камбаджыйская; найб. плато Карат. Тэр. І. адносіцца да ўсх. геасінклінальнай вобласці Міжземнаморскага геасінклінальнага пояса, унутры якой вылучаюць Індасінійскі сярэдзінны масіў і познадакембрыйскія, палеазойскія, мезазойскія і кайназойскія складкавыя сістэмы, што акаймоўваюць яго. Ва ўсх. ч. масіву — дакембрыйскі фундамент. Б.ч. масіву перакрыта палеазойскімі і мезазойскімі кантынентальнымі і марскімі адкладамі чахла. Геасінклінальная стадыя развіцця рэгіёна завяршылася ў канцы трыясу — пач. юры падняццямі і гранітоідным магматызмам. З гэтага ж часу пачалося фарміраванне юрскіх і мелавых кантынентальных упадзін, грабенаў. Грабен Іравадзі запоўнены палеагенплейстацэнавымі кантынентальнымі (рачнымі і азёрнымі) і марскімі адкладамі магутнасцю да 11 км, змяшчае радовішчы нафты, газу і каменнага вугалю. У І. сканцэнтраваны буйнейшыя ў свеце радовішчы волава і вальфраму, а таксама медзі, цынку, жалеза і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны, на п-ве Малака экватарыяльны. На нізінах т-ра студз. больш за 20 °C, ліп. да 28 °C, крас. 29 °C. У гарах т-ры зніжаюцца да 15 °C у студз. і 25 °C у ліпені. Ападкі ў асноўным летнія: на З 2500—5000 мм, у цэнтр. ч. 1300—2000 мм, на У 2000 мм (пераважна зімой), на Пд (п-аў Малака) больш за 2000 мм за год. Буйнейшыя рэкі Меконг, Салуін, Іравадзі, Менам-Чао-Прая і воз. Танлесап. Вечназялёныя вільготныя лясы рознага відавога складу ў больш вільготных раёнах, мангравыя — на ўзбярэжжы, лістападныя, якія пераходзяць ў саванну на Пн і ва ўнутр. раёнах. На нізінах і ў перадгор’ях земляробства (рыс, цукр. трыснёг, бавоўна, чай, кава, бананы і інш.). Багаты жывёльны свет: арангутангі, макакі, сланы, насарогі, тыгры, мядзведзі, алені і інш. Птушкі: фазаны, дзікія куры, паўліны, папугаі і інш. Шматлікія паўзуны (у т. л. кракадзілы) і насякомыя. На тэр. І. дзяржавы Тайланд, Камбоджа, б.ч. М’янмы, Малайзіі, Лаоса, В’етнама і невял. ч. Бангладэш.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 7, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ГВІНЕ́Я (New Guinea; інданез. Ірыян),

в-аў на З Ціхага ак. (2-і па велічыні на Зямлі пасля Грэнландыі). Пл. 829 тыс. км² (паводле інш. даных — 771,9 тыс. км²). Нас. больш за 5 млн. ж. За 150 км на Пн ад Аўстраліі, аддзелены ад яе пралівам Торэса. Абмываецца на Пд Арафурскім і Каралавым морамі. Зах. ч.тэр. Інданезіі (Ірыян-Джая), усх.тэр. дзярж. Папуа—Новая Гвінея. Праз увесь востраў (2400 км) цягнуцца Цэнтральныя горы сярэдняй выш. 3500 м. Найвышэйшы пункт — г. Джая (5029 м). Горы складзены з крышт. і метамарфічных парод, на З пераважаюць пясчанікі. Уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа цягнуцца Берагавыя горы, аддзеленыя ад Цэнтральных гор падоўжнымі алювіяльнымі раўнінамі. На Пд вялізная нізінная раўніна, якая перасякаецца шматлікімі рэкамі. Клімат паўн. ч. Н.Г. экватарыяльны, паўд. ч. — субэкватарыяльны з сухім зімовым перыядам. На нізінах сярэдняя т-ра 25—28 °C. У гарах з вышынёй клімат зменьваецца ад горнага трапічнага да нівальнага. На схілах гор выпадае больш за 4000 мм ападкаў, якія прыносяць зімой паўд.-ўсх. пасат, а летам паўн.-зах. мусон. На ПдЗ, дзе адчуваецца ўплыў зімовага аўстрал. мусону, гадавая колькасць ападкаў 1100 мм. Рэкі (Флай, Мамберама, Дыгул, Сепік, Раму) мнагаводныя, у перыяд дажджоў бурныя паводкі. На нізінах і схілах. гор развіты латэрытныя глебы, на ПнУ чырвоныя, на ўзбярэжжы балотныя. У раслінным покрыве пераважаюць вільготна-экватарыяльныя лясы (гілеі). На выш. 1500—3000 м пояс горных гілей з дрэвападобнымі папарацямі, вечназялёнымі лаўровымі дрэвамі, міртамі, хвойнымі з роду падакарпус, вышэй за 3800 м — высакатраўныя лугі з хмызнякамі рададэндранаў. На высокіх вяршынях гор — снежнікі і невял. ледавікі. У больш сухой паўд. ч. вострава развіты саванны з купінамі цвёрдых злакаў аланг-алангу, барадачу і аўстрал. відамі дрэў — банксіямі, эўкаліптамі і акацыямі. У вусцях рэк і ўздоўж нізінных берагоў мангравыя лясы. У жывёльным свеце пераважаюць сумчатыя млекакормячыя: газель, кенгуру, сумчаты барсук, дрэвавы кускус, апосум. Шматлікія птушкі (500 відаў), паўзуны, насякомыя. Вырошчваюць ямс, кукурузу, батат, плантацыі какосавых пальм, кавы, какавы, каўчуканосаў. Здабыча нафты. Рыбалоўства. Асн. гарады: Порт-Морсбі, Маданг (Папуа—Новая Гвінея), Саронг, Джаяпура (Інданезія).

М.​В.​Лаўрыновіч.

Да арт. Новая Гвінея. Вёска Бонгу, у якой больш як сто гадоў назад жыў М.​М.​Міклуха-Маклай.

т. 11, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕС,

прыродны комплекс згуртаванняў лясных раслін і жывёл з пэўным геагр. асяроддзем; адзін з асн. тыпаў расліннага покрыва Зямлі. Узнаўляльны прыродны рэсурс, які забяспечвае ўстойлівасць біясферы. Важны кампанент геагр. ландшафтаў. Складаецца з сукупнасці дрэвавых, кустовых і травяністых раслін, дзе гал. роля належыць дрэвам. Пашыраны на ўсіх кантынентах (акрамя Антарктыды). Займае больш за 27% сушы. Біямаса Л. — 90% наземнай біямасы. Л. вывучае лесазнаўства, лесаводства і інш.

Структура Л. залежыць ад фіз.-геагр. умоў асяроддзя, відавога складу і біял. асаблівасцей раслін (гл. Біягеацэноз). Для Л. характэрна ярусная будова. Звычайна вылучаюць дрэвавыя ярусы (дрэвастой), ярус кустовага падлеску, кусцікавае, паўкусцікавае і травяністае покрыва, ярус імхоў і лішайнікаў, пазаярусныя расліны (ліяны, эпіфітныя расліны на ствалах і ў кронах дрэў). У залежнасці ад складу, умоў і асаблівасцей развіцця вылучаюць вечназялёныя лясы (вільготныя трапічныя, мангравыя, хвойныя; гл. адпаведныя арт.), лістападныя лясы (дробна- і шыракалістыя, мусонныя, саванныя і інш.). Паводле тыпу аднаўлення адрозніваюць насенныя і парасткавыя, паводле паходжання — натуральныя і штучнаствораныя, паводле гісторыі фарміравання — карэнныя і другасныя, па складзе парод — чыстыя і мяшаныя. Л. уздзейнічае на працэсы глебаўтварэння, клімат, кругаварот вільгаці, з’яўляецца адным з планетарных акумулятараў жывога рэчыва ў біясферы; актыўна ўзаемадзейнічае з трапасферай і вызначае ўзровень кіслароднага і вугляроднага абмену. Выконвае водаахоўную, глебаахоўную, рэкрэацыйную і інш. функцыі. Выключная роля Л. ў экалагічнай раўнавазе біясферы, захаванні генет. разнастайнасці раслін і жывёл, як крыніц рэсурсаў для розных галін прам-сці, сельскай гаспадаркі і інш. робяць неабходнымі мерапрыемствы па ахове лясоў, аднаўленні лясоў, лесаразеядзенні.

На Беларусі агульная пл. Л. 8,68 млн. га (1997), лесаўкрытая (без прагалін, высечак, гараў) 7 млн. га, або 35,4% тэр. краіны. Лясістасць асобных раёнаў ад 10 (Нясвіжскі) да 60% (Лельчыцкі). Найб. лясныя масівы на раўнінах (напр., Цэнтральнабярэзінскай) і нізінах (Полацкай, Верхнебярэзінскай, Верхнянёманскай), у Прыпяцкім і Мазырскім Палессі. Растуць 28 абарыгенных відаў дрэў і каля 80 відаў кустоў, паўкустоў і кусцікаў. Асн. лесаўтваральныя пароды — хвоя, елка, дуб чарэшчаты, бярозы павіслая і пушыстая, асіна, вольхі чорная і шэрая, ясень, граб, клён вастралісты і ліпа драбналістая. У поймах рэк і на забалочаных глебах участкі таполі белай і чорнай, зараснікі вярбы, бярозы нізкай. Тыповыя Л.: хвойныя (хваёвыя лясы, яловыя лясы), шыракалістыя (грабавыя лясы, дубовыя лясы, ясянёвыя лясы), драбналістыя вытворныя (асінавыя лясы, бярозавыя лясы, шэраальховыя лясы), карэнныя лісцевыя балотныя (пушыстабярозавыя лясы, чорнаальховыя лясы). Пераважаюць хваёвыя Л., яловых менш па Пд (на Палессі трапляюцца рэдка), дубовых — на Пн. У паўн. ч. рэспублікі ўсх.-еўрап. Л. паўднёватаежнага тыпу, у асн. яловыя цемнахвойныя, у паўд. ч. пашыраны шыракалістыя Л. зах.-еўрап. тыпу, у цэнтр. ч. — тыя і другія. Занальнае змяненне Л. пакладзена ў аснову геабатанічнага раянавання.

Літ.:

Юркевич И.Д., Гельтман В.С. География, типология и районирование лесной растительности Белоруссии. Мн., 1965;

Морозов Г.Ф. Избр. труды. Т. 1—2. М., 1970—71;

Мелехов И.С. Лесоведение. М., 1980;

Лесная энциклопедия. Т. 1—2. М., 1985—86.

А.​В.​Пугачэўскі.

т. 9, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНІ́КА (Martinique),

уладанне (заморскі дэпартамент) Францыі на аднайм. востраве з групы Малых Антыльскіх астравоў у Вест-Індыі. Пл. 1128 км². Нас. 407,3 тыс. чал. (1998). Афіц. мова — французская, пашырана таксама крэольская. Адм. ц.г. Фор-дэ-Франс. Падзяляецца на 2 акругі. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).

Дзяржаўны лад. М. — заморскі дэпартамент і рэгіён Францыі. Орган дзярж. выканаўчай улады Францыі — прэфектура на чале з рэгіянальным сакратаром, якога прызначае прэзідэнт Францыі. Органы мясц. самакіравання — Ген. савет (дэпартаменцкі орган — 45 членаў) і Рэгіянальны савет (рэгіянальны орган — 41 член); выбіраюцца на 6 гадоў прамым усеагульным галасаваннем. У франц. парламенце М. прадстаўлена 4 дэпутатамі і 2 сенатарамі.

Прырода. Востраў гарысты, складзены пераважна з вулканічных парод. На Пн вулканічныя масівы, у т. л. Мантань-Пеле (1397 м), вывяржэнне якога ў 1902 знішчыла г. Сен-П’ер (загінула 40 тыс. чал.). На Пд горы выш. да 504 м, узгорыстая раўніна. Клімат трапічны пасатны з высокай вільготнасцю. Сярэднія месячныя т-ры 24—27 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Дажджлівы сезон (з навальніцамі і ўраганамі) з ліп. да лістапада. Рэкі невял. горныя. Ёсць мінер. крыніцы. На схілах гор захаваліся невял. трапічныя лясы (пальмы, чырвонае, ружавае, кампешавае і хлебнае дрэвы). На раўніне — участкі саваннаў і балот. На ўзбярэжжах месцамі мангравыя зараснікі. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі. Некалькі рэзерватаў, у т. л. Мантань-Пеле.

Насельніцтва. Жывуць пераважна мулаты і негры (93,7%). Невял. групы французаў, дравідаў, кітайцаў, італьянцаў, іспанцаў, партугальцаў, сірыйцаў. Вернікі пераважна католікі (87,9%). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. каля 360 чал. на 1 км², на ўзбярэжжы — да 1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 80% насельніцтва. У г. Фор-дэ-Франс каля 100 тыс. ж.

Іншыя гарады невялікія. У прам-сці занята каля 15% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — каля 8%, астатнія — у абслуговых галінах. Характэрны вял. беспрацоўе і значная эміграцыя (больш за 6 тыс. чал. штогод, пераважна ў Францыю).

Гісторыя. Тэр. М. са старажытнасці насялялі індзейцы-аравакі, потым карыбы. У 1502 востраў першым з еўрапейцаў адкрыў Х.​Калумб. З 1635 пачалася каланізацыя М. французамі (з 1674 калонія Францыі), якія паступова знішчылі мясц. карыбаў. У 17—18 ст. тут засн. плантацыйная гаспадарка па вырошчванні бавоўніку, тытуню, цукр. трыснягу, кавы; для працы на плантацыях прывозілі рабоў з Афрыкі. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 на М. часова скасавана рабства (1794, адноўлена ў пач. 19 ст.). У 17 — пач. 19 ст. за валоданне востравам з Францыяй сапернічалі Нідэрланды і Вялікабрытанія (у 1794 М. акупіравалі брыт. войскі, паводле Ам’енскага мірнага дагавора 1802 вярнулі Францыі, у 1809—14 зноў акупіравана англічанамі). З 1816 канчаткова ўладанне Францыі. У 1848 адменена рабства. У 1854 Францыя надала М. частковую ўнутр., у 1900 — і фін. аўтаномію. У пач. 20 ст. ўзніклі марцініканскія паліт. партыі і прафсаюзы. На пач. 2-й сусв. вайны востраў знаходзіўся пад уладай франц. калабарацыянісцкага ўрада «Вішы», з ліп. 1943 марцініканцы падтрымлівалі Франц. к-т нац. вызвалення.

З 1946 М. — заморскі дэпартамент Францыі. У 1982—83 пашырана самакіраванне М. На выбарах 1992 у Ген. і Рэгіянальны саветы большасць атрымалі левыя партыі (у т. л. Марцініканская прагрэс. партыя), якія патрабуюць большай аўтаноміі для М.

На востраве дзейнічаюць аддзяленні 3 паліт. партый Францыі і 12 мясц. партый і рухаў (1999); найбуйнейшае прафс. аб’яднанне — Усеагульная канфедэрацыя працы М.

Гаспадарка. М. — параўнальна развітая краіна Вест-Індыі. У 1995 валавы нац. прадукт на 1 чал. склаў 10 тыс. дол. ЗША. Асновай эканомікі з’яўляюцца сельская гаспадарка і абслугоўванне замежных турыстаў. Вядучыя пазіцыі ў эканоміцы займаюць замежныя, у асн. франц. і амер. кампаніі. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 34 тыс. га зямлі. Традыцыйна асновай сельскай гаспадаркі М. быў цукр. трыснёг, аднак яго вытв-сць пастаянна зніжаецца ў выніку палітыкі Францыі па абароне айч. вытворцаў цукру. Збор цукр. трыснягу 200 тыс. т, бананаў 230 тыс. т. Вырошчваюць таксама ананасы, манга, цытрусы, батат, маніёк, гародніну, бавоўну і тытунь. Жывёлагадоўля развіта менш. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 35, свіней — 26, авечак — 40, коз — 20. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 5 тыс. т рыбы штогод). Эксплуатацыя лясоў. У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы харч. галіны — цукровыя, хлебапякарныя, піваварныя, маргарынавыя, па вытв-сці рому, ананасных і рыбных кансерваў. Працуе нафтаперапр. з-д (Ламантэн, перапрацоўвае штогод каля 1 млн. т нафты), 2 нафтахім. прадпрыемствы (выпускаюць поліэтылен), цэм. з-д (260 тыс. т цэменту штогод). Ёсць прадпрыемствы металаапр., паліграф., керамічнай і швейнай прам-сці. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд. кВтгадз штогод. Пераважаюць цеплавыя электрастанцыі на імпартнай нафце, ёсць некалькі невялікіх ГЭС. Развіты рамёствы, у т. л. пляценне кошыкаў, ручное ткацтва, разьбярства па дрэве. Дэфіцыт знешнегандл. балансу часткова пакрываецца за кошт даходаў ад турызму. Штогод М. наведваюць да 1 млн. турыстаў, пераважна з ЗША, Канады, Францыі. Турыстаў вабяць на М. маляўнічыя горы і вадаспады, руіны Сен-П’ера і старадаўнія крэпасці, старафранц. архітэктура, музеі, пясчаныя пляжы, добра арганізаваная «індустрыя турызму». Дадатковая крыніца сродкаў — грашовыя пераводы эмігрантаў. Транспарт пераважна аўтамаб. і марскі. На востраве 1690 км асфальтаваных аўтадарог. Гал. марскі порт — г. Фор-дэ-Франс. За 8 км ад яго міжнар. аэрапорт. Штогадовы экспарт складае 200—300 млн. дол., імпарт — 1500—1700 млн. дол. Экспартуюцца бананы, ром, цукар, ананасы, нафтапрадукты; імпартуюцца машыны, нафта, харч. прадукты, буд. матэрыялы. Асн. гандл. партнёры: Францыя (у асобныя гады да 80% знешнегандл. абароту), Германія, Італія, Японія, Вялікабрытанія. Фін. дапамога Францыі складае 4,5 млрд. франкаў штогод. Грашовая адзінка — франц. франк.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

т. 10, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІНЕ́Я-БІСА́У (Guiné-Bissau),

Рэспубліка Гвінея-Бісау (Républica de Guiné-Bissau), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Складаецца з мацерыковай ч. і а-воў Біжагош. На Пн мяжуе з Сенегалам, на У і Пд — з Гвінеяй. Падзяляецца на 9 раёнаў. Пл. 36,2 тыс. км². Нас. 1072 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Бісау. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).

Дзяржаўны лад. Гвінея-Бісау — рэспубліка. У яе складзе 8 раёнаў і аўт. сектар Бісау. Дзейнічае канстытуцыя 1984. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. народны сход (асамблея, 150 дэпутатаў, выбіраецца на 5 гадоў). Ён выбірае дзярж. савет (15 чл.). Выканаўчы орган — Савет Міністраў.

Прырода. Узбярэжжа парэзана эстуарыямі рэк, шмат астравоў. Большая ч. паверхні нізінная, на З забалочаная. На У адгор’і плато Фута-Джалон (выш. да 200 м). Радовішчы нафты, баксітаў, фасфатаў (не эксплуатуюцца), золата, алмазаў. Клімат экватарыяльны мусонны. Вільготны сезон у чэрв.ліст., сухі ў снеж.—маі. Т-ра паветра круглы год каля 25 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы больш за 2000 мм, на У каля 1000 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі, далей на ПнУ трапічныя лясы (каля 30% пл. краіны) і саванны (каля 40%). Створаны 3 рэзерваты.

Насельніцтва. Жывуць народы балантэ (30%), фульбе (20%), манджак (14%), мандынга (13%), папель (7%) і інш. Еўрапейцаў і метысаў каля 1%. Мясцовых традыц. культаў прытрымліваецца 65%, ісламу — 30, хрысціянства (каталіцызм) — 5%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 29,7 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населена ўзбярэжжа. У гарадах жыве каля 25% насельніцтва. У сельскай гаспадарцы занята 90% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці, абслуговых галінах і гандлі — 5%, кіраванні — 5%.

Гісторыя. Тэр. Гвінеі-Бісау была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана (9—13 ст.), Малі (13—15 ст.), Сангаі (пач. 15 ст.). Першымі з еўрапейцаў тут з’явіліся партугальцы (1446), якія назвалі краіну Гвінеяй. Да пач. 1460-х г. партугальцы базіраваліся на а-вах Зялёнага Мыса. У 1466 яны атрымалі ад караля права захопліваць на ўзбярэжжы Гвінеі і прадаваць рабоў. У 16—17 ст. гандляры рабамі заснавалі тут некалькі паселішчаў; адначасова франц., англ. і галандскія піраты пабудавалі тут свае апорныя пункты (Фарым, Кашэу, Бісау і інш.). Неграў-рабоў вывозілі ў асн. на цукр. і тытунёвыя плантацыі Бразіліі. Да 1870-х г. тэр. Гвінеі-Бісау кіраваў губернатар а-воў Зялёнага Мыса. У 1879 Гвінея-Бісау аддзелена ад астравоў і абвешчана асобнай партуг. калоніяй на чале з губернатарам. На пач. 20 ст. партугальцы захапілі а-вы Біжагош, на землях манджакаў стварылі ўмацаваныя форты, вакол якіх заснаваны гарады Бісора, Мансоа, Фулакунда і інш., і кантралявалі ўсю тэр. Гвінеі-Бісау. Пасля 2-й сусв. вайны ў Гвінеі-Бісау узмацніўся нац.-вызв. рух. У 1951 краіна атрымала статус «заморскай правінцыі» і прадстаўніцтва (1 месца) у партуг. парламенце. У 1953 засн. тайная арг-цыя Рух за незалежнасць Гвінеі, у 1956 на яе аснове створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і Каба-Вердэ (ПАІГК, ген. сакратар А.Кабрал), якая ў 1963 распачала партыз. барацьбу за незалежнасць Гвінеі-Бісау (у 1965 створа на рэгулярная армія — Нар. рэв. сілы). У 1972 Спец. к-т па дэкаланізацыі ААН прызнаў ПАІГК адзіным і правадзейным прадстаўніком народа Гвінеі-Бісау. Да пач. 1973 паўстанцы кантралявалі ⅔ тэр. краіны. 29.9.1973 абвешчана незалежнасць Гвінеі-Бісау. Партугалія прызнала незалежнасць 10.9.1974 і вывела свае войскі Прэзідэнтам Гвінеі-Бісау стаў Л.​Кабрал (брат забітага А.​Кабрала). Ва ўмовах аднапартыйнага праўлення ПАІГК эканам. становішча дзяржавы пагоршылася, абвастрыліся ўнутрыпарт. супярэчнасці. У выніку перавароту 14.11.1980 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Ж.Б.Віейрам. У маі 1984 Нац. нар. сход распусціў гэты орган, выбраў Дзярж. савет, прыняў новую канстытуцыю.

У канцы 1980-х г. кіраўніцтва краіны ўзяло курс на дэмакратызацыю грамадства і лібералізацыю эканомікі, з 1991 дазволена дзейнасць апазіц. партый. На першых шматпарт. выбарах 1994 перамагла ПАІГК. Прэзідэнтам стаў Віейра. Гвінея-Бісау — член ААН з 1974, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. З паліт. партый і рухаў дзейнічаюць ПАІГК, Дэмакр. фронт, Гвінейскі рух супраціўлення, Рух Бафата, Сац.-дэмакр. фронт, Партыя дэмакр. згоды і інш.

Гаспадарка. Гвінея-Бісау — адна з самых адсталых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт складае каля 180 дол. ЗША на 1 чал. за год. Доля сельскай гаспадаркі ў ім — 50%, прам-сці — 10%. З галін сельскай гаспадаркі найб. развіта земляробства. Апрацоўваецца 11% плошчы краіны. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі. Пануюць аблогавая і падсечна-агнявая сістэмы земляробства. Часта бываюць засухі (асабліва на У). Гал. харч. культура — рыс (штогадовы збор 100—150 тыс. т), вырошчваюць пераважна на арашальных землях. На У гал. раён вырошчвання кукурузы, сорга, проса, арахісу. Усюды вырошчваюць бабовыя, маніёк, батат, гародніну, а таксама какосавыя і алейныя пальмы, дрэва кэш’ю (плады ядомыя), цукр. трыснёг, каўчуканосы, бавоўнік і інш. Распаўсюджаны збор пладоў дзікарослай алейнай і какосавай пальмаў. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, малапрадукцыйная. Гадуюць (1994, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — каля 250, коз і авечак — каля 300, свіней — каля 120. Марское рыбалоўства: улоў рыбы і морапрадуктаў 150—200 тыс. т штогод. Асн. галіна апрацоўчай прам-сці — харчасмакавая (ачыстка рысу і арахісу, драбленне пальмавых ядраў, вытв-сць алею, кармоў, мыла); працуюць ф-кі: фруктовых сокаў (Балама), бавоўнаачышчальная (Бафата), мэблевыя. У г. Бісау і яго наваколлі — 60% прамысл. прадпрыемстваў краіны, у т. л. домабуд. камбінат, цагельны і цэм. з-ды, суднарамонтныя майстэрні, рыбахаладзільнікі, прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці і па вырабе паркету. Вытв-сць электраэнергіі 30 млн. кВтгадз (1991). Невял. здабыча золата і алмазаў. Нарыхтоўка драўніны. Транспарт аўтамаб. і ўнутр. водны. Даўж. аўтадарог 3,2 тыс. км, у т. л. 2,7 тыс. км палепшаных, даўж. суднаходных участкаў рэк 1,8 тыс. км. Асн. марскі порт Бісау (90% знешнегандл. перавозак). 32 аэрадромы і міжнар. аэрапорт каля г. Бісау. Гвінея-Бісау экспартуе арахіс, ядры алейнай і какосавай пальмаў, алей (71% па кошце), рыбу і морапрадукты, драўніну і лесаматэрыялы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Імпарт (каля 60 млн. дол. ЗША штогод) у 3 разы перавышае экспарт (каля 20 млн. дол. ЗША штогод). Асн. гандлёвы партнёр — Партугалія. Грашовая адзінка — пеза.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Гвінеі-Бісау.
Да арт. Гвінея-Бісау. Гай какосавых пальмаў на захадзе краіны.
Да арт. Гвінея-Бісау. Порт Бісау.

т. 5, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАБО́Н (Gabon),

Габонская Рэспубліка (République Gabonaise), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца Атлантычным ак., на Пн мяжуе з Экватарыяльнай Гвінеяй і Камерунам, на У і Пд — з Конга. Падзяляецца на 9 правінцый. Пл. 267,7 тыс. км², нас. 1123 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Лібрэвіль. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жн.).

Дзяржаўны лад. Габона — рэспубліка. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1990.

Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход са 120 дэпутатаў, 111 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 9 прызначаюцца прэзідэнтам — усе на 5 гадоў. Выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.

Прырода. Большую ч. тэр. Габона займае Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Яно складзена з пясчанікаў і ўзнімаецца на 300—800 м над узр. мора. На З горы Шаю (з найвышэйшым пунктам краіны г. Ібунджы, 1580 м), Хрустальныя і Маюмба, складзены з дакембрыйскіх парод. На ўзбярэжжы забалочаная раўніна з мелавых, палеагенавых і неагенавых марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, марганцавыя, уранавыя, жал. руды, золата, калійныя солі, буд. матэрыялы. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны на Пн, з пераходам да субэкватарыяльнага на З і Пд. Т-ра паветра 24—28 °C у крас., 20—24 °C у ліпені Ападкаў 1600—2000 мм, на ўзбярэжжы да 4000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй, найб. Агаве. 80% тэр. пад вільготнымі экватарыяльнымі лясамі на чырвона-жоўтых латэрытных глебах. Шмат парод дрэў з кашт. драўнінай (акуме, чырвонае, жоўтае, эбенавае, сандалавае, лімба і інш.). На Пд і У лясы часткова замешчаныя другаснымі высакатраўнымі саваннамі. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, лясныя антылопы, гіены і інш., у рэках гіпапатамы, кракадзілы. Шмат птушак, змей, насякомых (у т. л. муха цэцэ). Нац. паркі Бонга-Бонг, Аканда; некалькі запаведнікаў і заказнікаў.

Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва належыць да моўнай групы паўн.-зах. банту, народы фанг (каля 35%), бакеле (30%), мпонгве, бакота і інш.; ёсць банту Конга, пігмеі, якія гавораць на мовах банту; невял. групы эмігрантаў з суседніх краін і еўрапейцаў (пераважна французаў). Большасць вернікаў католікі (55—75%), мусульман 1%, астатнія прытрымліваюцца мясц. традыц. культаў (анімісты). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 4,2 чал. на 1 км², у асобных раёнах узбярэжжа да 10—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1993): Лібрэвіль — 300, Порт-Жантыль — 164, Франсвіль — 75. У сельскай гаспадарцы занята 65% насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 30, у абслуговых галінах і кіраванні — па 2,5%.

Гісторыя. Стараж. і сярэдневяковая гісторыя Габона мала даследавана. Першымі яго насельнікамі, верагодна, былі пігмеі. У пач. н.э. тут пасяліліся плямёны банту. З 13 ст. ўзбярэжжа заселена народамі мпонгве. У канцы 18 ст. з Пн праніклі плямёны фанг, якія да 1875 засялілі даліну р.Агаве. Да з’яўлення еўрапейцаў (першымі былі партуг. мараплаўцы ў 1472) народы Габона знаходзіліся на стадыі разлажэння родаплемяннога ладу. Краіна стала адным з гал. раёнаў захопу рабоў. У 1839 французы заснавалі апорны пункт на левым беразе бухты Габон і прымусілі караля мпонгве прыняць французскі пратэктарат. Пазней яны замацаваліся і на правым беразе і заснавалі г. Лібрэвіль. Да канца 19 ст. Францыя пашырыла свой кантроль на ўсю тэр. краіны. З 1886 Габон — асобная калонія Францыі. У 1910—58 у складзе Франц. Экватарыяльнай Афрыкі. Насельніцтва цярпела ад жорсткай эксплуатацыі і прымусовых работ. У 2-ю сусв. вайну Габон прызнаваў «Змагарную Францыю».

З 1946 Габон — заморская тэр. Францыі. Тут узніклі паліт. партыі, найбуйнейшыя з іх — Габонскі дэмакр. і сац. саюз (ГДСС; выражаў інтарэсы народа фанг) і Габонскі дэмакр. блок (ГДБ; аб’ядноўваў прадстаўнікоў усіх народаў краіны). 28.9.1958 Габон атрымаў самакіраванне ў складзе Франц. Супольнасці. 17.8.1960 абвешчана незалежнасць у рамках Супольнасці. 17.2.1961 прынята новая канстытуцыя (перагледжана ў 1975). Прэзідэнтам стаў лідэр ГДБ Л.​Мба. У ліст. 1967 яго змяніў віцэ-прэзідэнт А.​Бонга. У сак. 1968 ГДБ і ГДСС зліліся ў Габонскую дэмакр партыю (ГДП), іншыя партыі былі забаронены. Паводле часовай канстытуцыі 1990 адноўлена шматпартыйнасць. На выбарах 1990 перамагла ГДП і стварыла кааліцыйны ўрад з прадстаўнікамі апазіцыі. Габон — чл. ААН з 1960. Паліт. партыі — Габонская дэмакр. партыя, Габонская партыя прагрэсу, Рух за нац. адраджэнне і інш. — усяго 70 партый. Адзіны прафс. цэнтр — Габонская канфедэрацыя прафсаюзаў.

Гаспадарка. Габон — адна з самых багатых краін Афрыкі (2-е месца на кантыненце па сярэднестат. узроўні жыцця). Гал. месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці, у якой вылучаюцца здабыча нафты і марганцу, нарыхтоўка дзелавой драўніны. Нафтавы сектар дае 30% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і забяспечвае 80% экспартнай выручкі. Нафту і прыродны газ здабываюць пераважна на марскім шэльфе. Гадавая здабыча нафты каля 16 млн. т (1994), амаль уся яна экспартуецца. Здабываецца марганцавая руда (3-е месца ў свеце, каля 1,5 млн. т, 1994), золата і жал. руды. У 1994 вытв-сць уранавага канцэнтрату складала каля 600 т, нарыхтавана драўніны каштоўных парод каля 3 млн. м³, выпрацавана электраэнергіі каля 1 млрд. кВтгадз. У Габоне самы буйны ў Афрыцы з-д клеенай фанеры (у Порт-Жантылі), 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць каля 2 млн. т за год), прадпрыемствы па вытв-сці цэменту, цэлюлозы, тэкстыльных і швейных вырабаў, невял. рачных і марскіх суднаў, пальмавага алею, піва, мыла, па абагачэнні урану, ачыстцы і сартаванні кавы, металарамонтныя майстэрні; традыцыйныя мясц. рамёствы — ганчарнае, ткацкае, кавальскае. Сельская гаспадарка дае каля 3% ВУП краіны, хоць з’яўляецца крыніцай даходаў для большасці насельніцтва. Пераважаюць прымітыўнае матычнае земляробства, дробныя паўнатуральныя гаспадаркі. На сельгасугоддзі прыпадае каля 0,5% пл. краіны. З харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, кукуруза, ямс, бананы, гародніна. Гал. экспартныя прадукты — кава, какава, цукр. трыснёг, пальмавы алей, арахіс. Жывёлагадоўля амаль не развіта з-за абмежаванасці кармавой базы і распаўсюджанасці ў большасці раёнаў мухі цэцэ. Дапаможнае значэнне маюць акіянскае і рачное рыбалоўства, паляванне, збор дзікарослых пладоў алейнай пальмы, бананаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 7,5 тыс. км, з іх 560 км асфальтаваных. З 1987 дзейнічае трансгабонская чыгунка Лібрэвіль—Бове (даўж. 649 км). Даўж. суднаходных участкаў рэк 1600 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Гал. парты: Авенда, Порт-Жантыль, Лібрэвіль. У краіне 68 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л. міжнар. аэрапорт каля г. Лібрэвіль. Габон экспартуе нафту, марганец, драўніну, уран, імпартуе машыны, хім. і нафтавыя прадукты, тавары лёгкай і харч. прам-сці. Больш за палову гандл. абароту прыпадае на Францыю, інш. гандл. партнёры — ЗША, ФРГ, Японія, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фінансавага супольніцтва.

У.​М.​Зайцаў (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Габона.
Да арт. Габон. Прыморская частка сталіцы г. Лібрэвіль.

т. 4, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)