МА́НГРАВЫЯ ЛЯСЫ́, мангры (ад англ. mangrove),

зараснікі вечназялёных дрэў і хмызнякоў на прыліўна-адліўнай паласе глеістых узбярэжжаў вільготных тропікаў, якія ахаваны ад прыбою. Фларыстычны састаў бедны: рызафоравыя, вербенавыя і інш. расліны-галафіты. Многія расліны жывародзячыя. Трапляюцца эпіфіты. Хадульныя карані забяспечваюць умацаванне ў субстраце. Маюць надземныя дыхальныя карані (пнеўматафоры), якія забяспечваюць дрэвы кіслародам. Лісты часта мясістыя, з вадзянымі вусцейкамі. Плады маюць паветраносную тканку і могуць плаваць у вадзе. З боку мора М.л. маюць выгляд высокіх густых хмызнякоў, па меры аддалення ад зоны прыліву — невысокіх лясоў (5—10 м). Сканцэнтраваны па плоскіх берагах усх. і зах. ўзбярэжжаў Афрыкі, на в-ве Мадагаскар, Сейшэльскіх і Маскарэнскіх а-вах, па берагах Паўд. Азіі і Паўн. Аўстраліі, Цэнтр. і Паўд. Амерыкі.

т. 10, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЦАВЫ БЕ́РАГ, Малагета,

участак узбярэжжа Атлантычнага ак. ў Афрыцы, у Ліберыі, паміж мысамі Мезурада і Пальмас. Нізінны, плоскі, лагуннага тыпу. Пераважаюць вільготныя экватарыяльныя лясы і мангравыя зараснікі. Назва ад гвінейскага перцу (малагеты), які вывозіўся адсюль у мінулым.

т. 12, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЖАГО́Ш, Бісагуш (партуг. Ilhas dos Bijagós),

архіпелаг нізінных астравоў (каля 60) у Атлантычным ак., каля зах. ўзбярэжжа Афрыкі, у складзе Гвінеі-Бісау. Пл. 1600 км². Трапічныя мангравыя лясы. Збіранне пладоў дзікарослых какосавай і алейнай пальмаў, пасевы рысу. Порт Балама.

т. 3, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́У,

паўвостраў на Пд Індакітая, паміж Паўднёва-Кітайскім м. і Сіямскім зал., на ПдЗ ад дэльты р. Меконг. Тэр. В’етнама. Выступае ў мора на 180—200 км. Балоты, часткова асушаныя. Акультураная поймавая расліннасць. Месцамі на берагах мангравыя лясы. Рысаводства.

т. 7, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

М’ЕЙ, Мергуі,

астравы ў Андаманскім м., паблізу берагоў М’янмы, каля зах. ўзбярэжжа п-ва Малака. Больш за 800 астравоў і гранітных скал агульнай пл. каля 3,5 тыс. км². Выш. да 767 м. Узгоркі і нізкагор’і, укрытыя густымі трапічнымі лясамі, уздоўж узбярэжжаў — мангравыя лясы. Рыбалоўства. Здабыча жэмчугу.

т. 10, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯВО́ЛЬНІЦКІ БЕ́РАГ,

устарэлая назва нізіннага ўзбярэжжа Гвінейскага зал. (зал. Бенін) у Афрыцы, паміж вусцямі рэк Нігер і Вольта. Бераг нізінны, забалочаны, з лагунамі і пратокамі. У вусцях рэк і па берагах лагун — мангравыя зараснікі, за імі паўторныя саванны (на 3) і вечназялёныя лясы (на У). У 16—18 ст. Н.б. — адзін з гал. раёнаў гандлю рабамі (адсюль назва).

т. 11, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМСІ́Р, Дэштэстан,

паласа прыбярэжных пустынных раўнін уздоўж берагоў Аманскага заліва і Армузскага праліва, у Іране і Пакістане. Агульная даўж. больш за 1000 км, шыр. да 80 км. У рэльефе — нахіленая раўніна з пясчанымі ўзвышшамі, якая пераходзіць у прыморскую нізіну, месцамі забалочаную. Клімат трапічны. Сярэдняя т-ра студз. (г. Джаск) 19,4 °C, ліп. 32,5 °C, ападкаў каля 120 мм за год. Пераважаюць глебы пустынь, месцамі — саланчакі. Пустынная хмызнякова-эфемерная расліннасць, месцамі каля берагоў — мангравыя зараснікі. Пашавая жывёлагадоўля.

т. 5, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІЯ́НСКАЯ НІЗІ́НА,

прыбярэжная нізіна на ПнУ Паўд. Амерыкі, у Гаяне, Сурынаме і Франц. Гвіяне. Размешчана ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак., паміж дэльтай р. Арынока і 4° паўн. шыраты. Шыр. да 200 км. Складзена з марскіх і алювіяльных адкладаў; месцамі ўзнімаюцца стараж. крышт. пароды, якія ў рэльефе ўтвараюць астраўныя ўзвышшы. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэдняя т-ра ад 26 да 28 °C, ападкаў да 3300 мм за год. На Пн і Пд пераважаюць вечназялёныя лясы, у цэнтр. ч. — саванны, уздоўж узбярэжжа — мангравыя зараснікі, балоты. Плантацыі рысу, цукр. трыснягу; вырошчваюць каву, какаву, трапічную садавіну.

т. 5, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНА́МСКАЯ НІЗІ́НА У басейне р. Менам-Чао-Прая, у Тайландзе. Абмываецца Сіямскім зал. Паўд.-Кітайскага м. Даўж. каля 500 км. Пл. каля 100 тыс. км². Размешчана на месцы тэктанічнай упадзіны, паміж гарамі цэнтр. ч. Індакітая на З і плато Карат на У. Запоўнена алювіяльнымі адкладамі р. Менам-Чао-Прая і яе прытокаў. Пераважаюць раўніны, на Пн з градамі астанцовых узгоркаў, складзеных пераважна з вапнякоў. На Пд — берагавыя валы ўздоўж узбярэжжа Сіямскага зал. Густая сетка рэк і арашальных каналаў, шмат балот. Клімат субэкватарыяльны мусонны, ападкаў больш за 1000 мм за год. Лістападныя мусонныя лясы і хмызнякі, у дэльце — мангравыя лясы, зараснікі пальмы ніпа. Значныя тэрыторыі разараны пад пасевы рысу (жытніца краіны). На М.н. — г. Бангкок.

т. 10, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРАВАДЗІ́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА,

у цэнтр і паўд. раёнах М’янмы, у бас. р. Іравадзі, на п-ве Індакітай. Даўж. каля 800 км. Выш. каля 100 м. Паверхня пераважна плоская, паніжаецца на Пд да Андаманскага м., на Пн — узгоркі, участкі бедленда. Размешчана паміж Араканскімі гарамі на З і Шанскім нагор’ем на У, у міжгорным прагіне, запоўненым марскімі і алювіяльнымі адкладамі. Радовішчы нафты, газу, каменнага вугалю. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. 20—23 °C, мая — больш за 30 °C. Ападкі 600—1000 мм на Пн, больш за 2000 мм на Пд (каля 90% ападкаў з чэрв. да кастр. ў перыяд паўд.-зах. мусону). Сухія саванны, мусонныя лістападныя лясы, у дэльце мангравыя лясы. Гал. с.-г. раён, каля ​2/3 тэрыторыі ўзарана (рыс, проса, пшаніца, бавоўнік). Густа населена. Найб. гарады Янгон і Мандалай.

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)