адзін з асн. вегетатыўных органаў лістасцябловых раслін, служыць для прымацоўвання да субстрату і ўсмоктвання з яго вады і пажыўных рэчываў. Сапраўдныя К. першапачаткова з’явіліся ў дзеразападобных і папарацепадобных, найб. складаная будова — у насенных раслін. Адрозніваюць гал. К. (развіваецца з зародкавага), бакавыя (узнікаюць на галоўным К.) і прыдаткавыя (утвараюцца на сцёблах або лісці). Сукупнасць К. складае каранёвую сістэму — стрыжнёвую (у двухдольных раслін) і валасніковістую (у аднадольных). Расце К. толькі верхавінкай, ахаванай чэхлікам; па-за зонай росту знаходзіцца зона ўсмоктвання з каранёвымі валаскамі. Пажыўныя рэчывы (вада, мінер. солі, арган. малекулы) перамяшчаюцца па сасудах К. да лістоў і сцёблаў у выніку дзеяння каранёвага ціску і транспірацыі. У К. сінтэзуюцца алкалоіды, гармоны росту і інш. фізіялагічна актыўныя злучэнні. К. выконвае шмат дадатковых функцый: назапашвае пажыўныя рэчывы, утварае прыдаткавыя пупышкі для надземных парасткаў, служыць для апоры (напр., хадульныя, дошкападобныя), ёсць К.-прычэпкі (ліяны), паветраныя (эпіфіты), зялёныя, здольныя да асіміляцыі (некат. архідэі), дыхальныя (мангравыя) і інш.
Да арт.Корань: а — віды каранёў: 1 — галоўны; 2 — бакавыя; 3 — прыдаткавыя; 4 — сцябло; б — каранёвыя сістэмы: 5 — стрыжнёвая; 6 — валасніковістая.