МЕ́НДЭЛЬ ((Mendel) Грэгар Іаган) (22.7.1822, г. Гінчыцы, Чэхія — 6.1.1884),
аўстрыйскі прыродазнавец, заснавальнік вучэння аб спадчыннасці (гл.Мендэлізм). Скончыў філас. класы пры ун-це ў Ольмюцы (1843). Вучыўся ў Венскім ун-це (1851—53). З 1843 манах аўгусцінскага манастыра, адначасова з 1848 выкладаў у школе. У 1856—63 правёў доследы па гібрыдызацыі розных сартоў гароху, на падставе якіх сфармуляваў асн. законы спадчыннасці — Мендэля законы. Гл. таксама Генетыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПІ́НІ ((Carpini) Джавані дэ Плана) (1182, г. Перуджа, Італія — 1252),
італьянскі падарожнік, манах-францысканец. У 1245 па даручэнні папы Інакенція IV здзейсніў падарожжа з г. Ліён (Францыя) у Манголію з мэтай устанаўлення з ёй дыпламат. зносін. Яго шлях прайшоў праз Чэхію, Кракаўскае ваяв., Кіеў, нізоўі Волгі, узбярэжжа Аральскага м., Сямірэчча, пустыні і горы Цэнтр. Азіі. У творы «Гісторыя манголаў» апісаў прыроду, гаспадарку, гісторыю і дзярж. лад краін, якія наведаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КАН (?—1088),
царкоўна-паліт. дзеяч Кіеўскай Русі, летапісец. Манах кіеўскага Пячэрскага манастыра (гл.Кіева-Пячэрская лаўра). Магчыма, пад гэтым імем быў пастрыжаны мітрапаліт Іларыён. У 1061 з-за варожых адносін вял.кн.Ізяслава Яраславіча пакінуў Кіеў і заснаваў манастыр у Тмутараканскім княстве. Пасля вяртання ў Кіеў з 1074 ігумен Пячэрскага манастыра. Выступаў супраць княжацкіх міжусобіц. На думку многіх гісторыкаў, Н. — аўтар летапіснага збору 1073 — адной з крыніц «Аповесці мінулых гадоў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬМАЛЬД (Helmold; каля 1125 — пасля 1177),
нямецкі сярэдневяковы храніст. З 1156 свяшчэннік у г. Босаў (каля сучаснага г. Ольдэнбург), місіянер. У 1162—72 склаў на лац. мове «Славянскую хроніку», у якой апісаў заваяванне, каланізацыю зямель палабскіх славян (бодрычаў, ваграў) і іх хрысціянізацыю герм. феадаламі ў час праўлення Генрыха Льва. Для часткі хронікі (9—11 ст.) выкарыстаў пераважна творы Адама Брэменскага, але падзеі 12 ст. (да 1171) апісаў на падставе ўласных назіранняў і звестак відавочцаў. Пазней «Хроніку» прадоўжыў (да 1209) манах Арнольд Любекскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́КАН ((Bacon) Роджэр) (каля 1214, Ілчэстэр, графства Сомерсет, Вялікабрытанія — 11.6.1294),
англійскі філосаф, прыродазнавец. Манах-францысканец. Праф. Оксфардскага ун-та. Выступаў супраць схаластыкі і сляпога пакланення перад царк. аўтарытэтамі. У 1257 адхілены ад выкладання, у 1278 асуджаны і зняволены на 14 гадоў у манастырскую турму. Абстрактным і неправераным тэарэт. меркаванням супрацьпастаўляў прынцып канкрэтных доследных ведаў. Матэматыку лічыў «дзвярыма і ключом» да інш.навук. У тэорыі пазнання быў прыхільнікам наміналізму. Займаўся оптыкай і астраноміяй, прадбачыў многія пазнейшыя адкрыцці (тэлескоп, лятальныя апараты і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТАЛАМЕ́О (Bartolommeo) Фра [сапр. Барталамео
(або Бача) дэла Порта; della Porta; 28.3.1472 або 1475, Фларэнцыя — 31.10.1517),
італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння. Прадстаўнік фларэнційскай школы. З 1501 манах, з 1504 кіраваў маст. майстэрняй у кляштары св. Марка ў Фларэнцыі. Зазнаў уплыў Леанарда да Вінчы і Мікеланджэла. Барталамео — майстар велічна яснай кампазіцыі, выразнік гарманічнага ідэалу эпохі, адзін са стваральнікаў тыпу манум. алтарнай карціны: «З’яўленне Марыі св. Бернарду» (1504—07), «Заручыны св. Кацярыны» (1511), «Зняцце з крыжа», «Уваскрэслы Хрыстос і евангелісты» (абедзве 1516) і інш.
Я.Ф.Шунейка.
Ф.Барталамео. Уваскрэслы Хрыстос і евангелісты. 1516.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУЦЫ́НЫ (Cebus),
род учэпістахвостых малпаў падатр. вышэйшых прыматаў. 4 віды, 33 падвіды. Пашыраны ў Паўд. Амерыцы, ад Гандураса да Бразіліі. Жывуць у вільготных лясах групамі да 30 асобін, у якіх пераважаюць самкі, але кіруе самец-важак; рухавыя, могуць плаваць.
Даўж. цела да 57 см, хваста да 56 см, маса да 3,3 кг. Афарбоўка карычневая або шэрая. У самцоў вял. іклы. На галаве валасы накшталт манаскага клабука (адсюль назва, якая азначае «манах з капюшонам»), Усёедныя. Нараджаюць 1 дзіцяня. Развіты гукавая камунікацыя, эмоцыі, пачуцці (напр., згода, задавальненне, плач).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ ДЫЯ́КАН (Paulus Diaconus; каля 720—13.4.799),
гісторык лангабардаў. У маладосці — на службе ў каралёў Лангабардскага каралеўства (існавала з 2-й пал. 6 ст. на тэр. Італіі), пасля яго заваявання Карлам Вялікім (774) манах манастыра Монтэ-Касіна (Італія), дзе пісаў свае гіст. працы. У 782—786 пры двары Карла Вялікага, чл. яго «Акадэміі». Гал. яго твор — «Гісторыя лангабардаў» (у 6 кнігах) — асн. крыніца па іх гісторыі з найстараж. часоў да 744. Аўтар «Гісторыі епіскапства Меца», «Рымскай гісторыі» і інш. твораў, у т. л. вершаваных і эпісталярных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСРО́П МАШТО́Ц (каля 362, с. Хацэкац, правінцыя Тарон, Арменія — 17.2.440),
армянскі вучоны, манах-асветнік; стваральнік арм. алфавіта (405—406), пачынальнік пісьменнасці, асветніцкага руху ў Арменіі. Адукацыю атрымаў у мясц. грэчаскамоўных школах. Валодаў некалькімі мовамі, у т. л. сірыйскай, перс., грэч. Займаўся прапаведніцкай і перакладчыцкай дзейнасцю. Разам з вучнямі пераклаў з сірыйскай мовы на арм. Біблію (часткова), філас. і рэліг. творы. Аўтар кнігі хрысц. павучанняў, духоўных песень («шараканаў-пакаянняў», усяго каля 130). Арм. царквой прылічаны да святых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕ́НІЙ (Старац; ? — 1681),
разьбяр па дрэве; майстар беларускай рэзі. Манах Куцеінскага Богаяўленскага манастыра (пад Оршай). Пасля 1655 працаваў у майстэрні Іверскага манастыра на Валдаі; магчыма, удзельнічаў у стварэнні разных дзвярэй сабора гэтага манастыра. Пазней выконваў работы для Васкрасенскага сабора Новаіерусалімскага манастыра (г. Істра Маскоўскай вобл.). У 1667 узначальваў майстэрню разьбяроў у Аружэйнай палаце Крамля. Кіраваў работай па аздабленні драўлянай разьбой палаца ў Каломенскім (зараз у межах Масквы). Стварыў «іарданскую сень» на 4 калонах для Суздаля (1668, цяпер — у саборы Раства Багародзіцы ў Суздалі).
Літ.:
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в.: Из истории рус.-бел. связей. Мн., 1957.