АРСЕ́НІЙ

(Старац; ? — 1681),

разьбяр па дрэве; майстар беларускай рэзі. Манах Куцеінскага Богаяўленскага манастыра (пад Оршай). Пасля 1655 працаваў у майстэрні Іверскага манастыра на Валдаі; магчыма, удзельнічаў у стварэнні разных дзвярэй сабора гэтага манастыра. Пазней выконваў работы для Васкрасенскага сабора Новаіерусалімскага манастыра (г. Істра Маскоўскай вобл.). У 1667 узначальваў майстэрню разьбяроў у Аружэйнай палаце Крамля. Кіраваў работай па аздабленні драўлянай разьбой палаца ў Каломенскім (зараз у межах Масквы). Стварыў «іарданскую сень» на 4 калонах для Суздаля (1668, цяпер — у саборы Раства Багародзіцы ў Суздалі).

Літ.:

Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в.: Из истории рус.-бел. связей. Мн., 1957.

т. 1, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)