МАНАЭ́ДР (ад мана... + грэч. hedra грань),

простая форма (габітус) крышталёў, якая складаецца з непаўторных граней. Крышталі такой формы аб’яднаны ў 1-ы клас сіметрыі — монаэдрычны, які характарызуецца трыкліннай сінганіяй, адсутнасцю элементаў сіметрыі, няроўнасцю рэбраў і вуглоў паміж імі. М. прысутнічае ў форме крышталёў усіх сінганій, акрамя кубічнай, напр., мінералы бустаміт, клінаэдрыт, валастаніт і інш.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 10, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАПЛА́Н (ад мана... + лац. planum плоскасць),

самалёт або планёр з адной нясучай паверхняй (крылом), якая размешчана па абодва бакі фюзеляжа.

Адрозніваюць нізкаплан (з нізкім размяшчэннем крыла), сярэдне- і высакаплан. Крыло М. можа быць свабоднанясучым, падкосным ці расчалачным (замацаваным знізу і зверху падкосамі або расчалкамі). У параўнанні з біпланам М. мае лепшую абцякальнасць форм, меншае лабавое супраціўленне, большыя скорасці лёту. Свабоднанясучы М. — асн. тып сучасных самалётаў. Іл. гл. да арт. Авіяцыя.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАРЫ́ФМА (ад мана... + рыфма),

рыфма, якая спалучае ўсе радкі вершаванага твора:

Ці не бачылі вы фрыца,
Што ўсяго цяпер баіцца?
Ён баіцца ў лазні мыцца:
Вельмі лёгка абварыцца,
І ў цырульніка галіцца
Можа з горла кроў паліцца.
А падыдзе да крыніцы,
Не адважыцца напіцца,
Каб насмерць не атруціцца...
Трэба, хлопцы, згаварыцца,
З акупантам разлічыцца
І зрабіць яму капут.
(П.​Панчанка. «Чаго баіцца немец?»).

Верш, напісаны М., наз. манарым.

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНЬ ГУ, Бань Мэн-цзянь (32, г. Аньлінь, Кітай — 92),

старажытнакітайскі гісторык. Брат палкаводца Бань Чао. Займаў розныя пасады пры імператарскім двары. Як памочнік палкаводца Доу Сяня ў няўдалым паходзе ў 92 супраць гунаў быў разжалаваны і зняволены. Аўтар (разам з бацькам Бань Бяо і сястрой Бань Чжао) складзенай у 58—82 «Гісторыі Старэйшай дынастыі Хань», якая ахоплівае перыяд у 230 гадоў ад праўлення імператара Лю Бана да Ван Мана. Пісаў і літ. прозу.

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАМЕ́РЫ (ад мана... + грэч. meros частка),

нізкамалекулярныя рэчывы, малекулы якіх здольныя ўзаемадзейнічаць паміж сабой ці з малекуламі інш. рэчыва з утварэннем палімера. Адрозніваюць М. полімерызацыйныя і полікандэнсацыйныя. Пераважную большасць М. полімерызацыйнага тыпу складаюць злучэнні з кратнымі сувязямі (напр., алефіны, дыенавыя вуглевадароды, альдэгіды, нітрылы) ці з цыклічнымі групоўкамі (напр., аксіды алефінаў, лактамы, лактоны). Полікандэнсацыйныя М. — злучэнні, малекулы якіх маюць аднолькавыя (напр., дыаміны, дыкарбонавыя к-ты) ці розныя (напр., аксікіслоты, амінакіслоты) функцыян. групы. Гл. таксама Полімерызацыя, Полікандэнсацыя.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАЛІ́Т (ад мана... + ...літ),

1) геалагічны М. — суцэльная каменная глыба; узор горнай пароды, адабраны без парушэння будовы. Памеры ад некалькіх сантыметраў да некалькіх метраў. Выкарыстоўваецца для помнікаў, у будаўніцтве, лабараторных даследаваннях.

2) М. глебавы — узор глебавага профілю з непарушанай будовай. Уключае генетычныя гарызонты да мацярынскай пароды і выкарыстоўваецца ў вучэбных мэтах для дэманстрацыі ў музеях і ў лабараторных эксперыментах.

3) М. гляцыялагічны — буйны ўзор снегу (лёду), выпілаваны са снегавой (ледзяной) тоўшчы для лабараторных даследаванняў.

4) М. будаўнічы, гл. ў арт. Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 10, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ФМАН ((Hoffmann) Курт) (н. 12.11.1910, г. Фрайбург-ім-Брайсгаў, Германія),

нямецкі кінарэжысёр. З 1931 ставіў забаўляльныя фільмы. У 1950-я г. набыў папулярнасць як пастаноўшчык лёгкіх камедый: «Фанфары кахання» (1951), «Выкраданне сабінянак» (1953), «Феерверк» (1954) і інш. Творча выкарыстоўваючы прыёмы паліт. кабарэ і мюзік-хольных рэвю, стварыў сатыр. муз. фільмы ў форме парадыйна-гратэскавага эстр. агляду («Мы — вундэркінды», 1958), феерычнай кінааперэты («Прывіды ў замку Шпесарт», 1961) і інш. Яго фільмы маюць антыфаш. накіраванасць. Сярод экранізацый: «Прызнанне авантурыста Фелікса Круля» (1957, паводле Т.​Мана), «Шлюб пана Місісіпі» (1961, паводле Ф.​Дзюрэнмата). З 1970-х г. працаваў на тэлебачанні.

т. 5, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАПСО́НІЯ (ад мана... + грэч. opsōnia закупка прадуктаў),

сітуацыя на рынку, калі аднаму пакупніку процістаіць вял. колькасць прадаўцоў. Ва ўмовах збалансаванага, насычанага таварамі рынку М. можа прыводзіць да негатыўных вынікаў: штучнае заніжэнне цэн буйнейшым спажыўцом на сыравіну, матэрыялы, паўфабрыкаты, якія ён купляе, навязванне контрагенту неспрыяльных умоў дагавораў і інш. Такія дзеянні прадпрыемстваў-манапсаністаў праследуюцца антыманапольным заканадаўствам. Найб. тыповае праяўленне М. — дзяржаўная М., калі адзіным пакупніком якой-н. прадукцыі (напр., узбраення) з’яўляецца дзяржава. Дзярж. М. часта выкарыстоўваецца як сродак падтрымкі некаторых галін (напр., сельскай гаспадаркі), прадукцыю якіх дзяржава купляе па цвёрдых цэнах. Гл. таксама Манаполія, Алігаполія, Алігапсонія.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́НДГЕНС ((Gründgens) Густаў) (22.12.1899, г. Дзюсельдорф, Германія — 7.10.1963),

нямецкі акцёр, рэжысёр. Скончыў школу пры Дзюсельдорфскім драм. т-ры (1920). Працаваў у т-рах Гамбурга, Берліна. У 1955—63 кіраўнік Ням. драм. т-ра ў Гамбургу. Вядомы як пастаноўшчык класічных спектакляў «Кароль Лір» (1934) і «Дванаццатая ноч» (1937, іграў ролю Мальволіо) У.​Шэкспіра, «Чайка» А.​Чэхава (1948; роля Трыгорына) і інш. Сярод роляў: Гамлет («Гамлет» Шэкспіра), Фауст («Фауст» І.​В.​Гётэ), Франц Моар, Валенштайн («Разбойнікі», «Смерць Валенштайна» Ф.​Шылера). Паставіў некалькі оперных спектакляў. Здымаўся ў кіно, ставіў фільмы. Жыццё і творчасць Грундгенса ляглі ў аснову рамана К.​Мана «Мефістофель» (экранізаваны ў 1981).

т. 5, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАФТО́НГ (ад мана... + грэч. phthongos гук),

галосны, які характарызуецца артыкуляцыйнай і акустычнай аднароднасцю, г.зн. стацыянарным становішчам органаў, што артыкулююць гук, і стацыянарнымі частотамі фармант, чым адрозніваецца ад дыфтонга і трыфтонга. Аднароднасць М. адносная: артыкуляцыйны ўклад і фармантна-часавая структура галоснага залежаць ад акаляючых яго зычных. Так, уплыў мяккіх зычных на суседнія галосныя выражаецца ў тым, што пасля мяккіх зычных пераходны ўчастак любога галоснага мае частотныя характарыстыкі фармант, блізкія да характарыстык галоснага [і]. Бел. М. [а] паміж мяккіх зычных набывае асабліва неаднароднае (дыфтангічнае) гучанне. У сістэме галосных розных моў М. сустракаюцца часцей за дыфтонгі.

Літ.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.

Л.​Ц.​Выгонная.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)