МЯ́ТНЫ АЛЕ́Й,

эфірны алей, які атрымліваюць з кветак і зялёнай масы пераважна мяты перцавай. Бясколерная вадкасць з пахам мяты і гаркаватым смакам, шчыльн. 892—920 кг/м³. Асн. кампанент М.а. (каля 50%) — ментол. Выкарыстоўваюць у вытв-сці валідолу, зубных пастаў, кандытарскіх і лікёра-гарэлачных вырабаў.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНАГА СТАНКАБУДАВА́ННЯ І ВА́КУУМНАЙ ТЭ́ХНІКІ НДІ Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1987 у Мінску на базе Мінскага філіяла Усесаюзнага н.-д. тэхнал. ін-та аптычнага прыладабудавання (з 1972). Асн. кірунак даследаванняў — распрацоўка абсталявання і вакуумнай тэхнікі для вытв-сці аптычных дэталяў дыяметрам ад 1 да 1600 мм, мед. абсталявання, абсталявання для лікёра-гарэлачнай вытв-сці, апрацоўкі шкурак пушных звяроў.

т. 1, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ́АРК (Newark),

горад на ПнУ ЗША, у штаце Нью-Джэрсі, зах. прыгарад Нью-Йорка. Засн. ў 1666. 268,5 тыс. ж., з г. Элізабет і агульнымі прыгарадамі каля 2 млн. ж. (1998). Трансп. вузел. Марскі порт у бухце Ньюарк. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: хім., харчасмакавая, у т. л. лікёра-гарэлачная; эл.-тэхн., прыладабуд., металаапр., металургічная, гарбарна-абутковая, швейная. 5 ун-таў і каледжаў.

т. 11, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЯРА́Н (Majorana),

род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 6 відаў. Пашыраны пераважна ва Усх. Міжземнамор’і. Стараж. культура М. садовы (M. hortensis) вырошчваецца ў Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Паўд. Азіі, Еўропе, у т. л. на Беларусі.

М. садовы ў культуры аднагадовая расліна выш. 20—50 см. Сцёблы прамыя, галінастыя. Лісце дробнае, шараватае, падоўжана-авальнае са шматлікімі залозкамі. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя або чырванаватыя, у кароткіх коласападобных суквеццях. Плод — арэшак. Лісце і кветкі маюць 0,3—0,4% эфірнага алею, іх ужываюць як прыправу, у кансервавай і лікёра-гарэлачнай прам-сці. Лек., харч., меданосная расліна.

Маяран.

т. 10, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́С (Pimpinella anisum),

бядрынец анісавы, аднагадовая травяністая расліна сям. сельдэрэевых. Радзіма — М. Азія. Культывуецца ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі малапашыраная культура, вырошчваецца ў адкрытым грунце і цяпліцах.

Сцябло прамое, галінастае, выш. 25—50 см. Прыкаранёвае лісце круглавата-сэрцападобнае, з зубчастым краем, на доўгіх чаранках, сцябловае — складанаперыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, у складаных парасоніках. Плод — шэра-зялёная двухсямянка. Святло-, цяпло- і вільгацелюбівая расліна, патрабавальная да ўрадлівасці глебы. Размнажаюць насеннем. Плады маюць да 6% эфірнага і да 28% тлустага алею. Вострапрыпраўная расліна. Выкарыстоўваецца ў хлебапякарнай, кандытарскай, лікёра-гарэлачнай, парфумернай прам-сці, у медыцыне. Добры меданос.

Аніс звычайны.

т. 1, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯ́НДРА (Coriandrum),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. 2 віды. Пашыраны ў Міжземнамор’і. На Беларусі вырошчваецца К. пасяўная (C. sativum), зрэдку трапляецца як пустазелле.

К. пасяўная — аднагадовая травяністая расліна выш. да 80 см з тонкім верацёнападобным коранем. Сцябло рабрыстае, прамастойнае. Прыкаранёвае лісце трохраздзельнае, сцябловае — перыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя ці ружовыя, у складаных парасоніках. Плады — шарападобныя 2-сямянкі з моцным пахам, змяшчаюць 0,7—1,5% эфірнага і 17—24% тлустага алею. Выкарыстоўваецца ў парфумерна-касметычнай прам-сці (эфірны алей), тэхніцы (тлусты алей), хлебна-кандытарскай і лікёра-гарэлачнай вытв-сці (зялёная расліна і плады), медыцыне (плады). Меданос.

У.​П.​Пярэднеў.

Каляндра.

т. 7, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КМЕН (Carum),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў субтрапічным і ўмераным паясах Еўразіі. На Беларусі К. звычайны (C. carvi) трапляецца на лугах, лясных палянах, каля дарог. Культывуецца як эфіраалейная культура. Пашыраны сорт Хмяльніцкі.

К. звычайны — двухгадовая расліна выш. 30—80 см. Сцябло простае, разгалінаванае. Лісце двойчы- або тройчыперыстарассечанае.

Кветкі ў складаных парасоніках, белыя, ружаватыя. Плод — сямянка. У 1-ы год утварае разетку лісця і тоўсты корань, на 2-і — сцябло, кветкі, плады. У пладах 2,7—7,2% эфірнага алею. Выкарыстоўваецца ў хлебапякарнай, лікёра-гарэлачнай, парфумернай, фармацэўтычнай прам-сці, медыцыне.

У.​П.​Пярэднеў.

Кмен.

т. 8, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЯРДУ́ШКА (Origanum),

род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі М. звычайная (O. vulgare, нар. назвы душанка, пчалалюб, бабіна душыца). Трапляецца на сухіх лугах, палянах, у светлых лясах.

Шматгадовыя травы выш. да 80 см. Сцёблы прамастойныя, густаваласістыя. Лісце чаранковае, супраціўнае, яйцападобнае. Кветкі дробныя, ружаватыя ці ружавата-пурпуровыя ў шчыткападобна-мяцёлчатых суквеццях. Плод — 4-арэшак. М. звычайная мае эфірны алей, дубільныя рэчывы, аскарбінавую к-ту. Зялёныя парасткі і кветкі ўжываюцца ў ежу, пры засолцы і кансерваванні, выкарыстоўваюцца ў лікёра-гарэлачнай прам-сці, эфірны алей («хмелевы») — для араматызацыі мыла, памады, пасты. Эфіраалейная, лек., меданосная, тэхн. (фарбавальнік) расліна.

Мацярдушка звычайная.

т. 10, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ЖМА (Tanacetum),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 50 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і.

У Забайкаллі і Манголіі ўтвараюць піжмавыя стэпы. На Беларусі 1 дзікарослы від — П. звычайная, або дзікая рабінка (T. vulgare), стараж. лек. расліна. Трапляецца на палях, у хмызняках, каля дарог і жылля. Інтрадукавана П. паўночная (T. boreale).

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы прамастойныя або ўзыходныя. Лісце перыстарассечанае ці чаргаванае з кропкавымі паглыбленнямі, апушанае. Кветкі жоўтыя, трубчастыя, у кошыках, сабраных у шчыткападобныя суквецці, радзей адзіночныя. Плод — сямянка. Траву П. выкарыстоўваюць у харч. і лікёра-гарэлачнай прам-сці (заменнік карыцы, мускатнага арэху). Харч., лек., інсектыцыдныя расліны.

Піжма звычайная.

т. 12, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМАРЫ́Н (Rosmarinus),

род кветкавых раслін сям. губакветных. 1 від (паводле інш. звестак 3—5 блізкароднасных відаў). Пашыраны ў Міжземнамор’і, стварае характэрны элемент мясцовай расліннасці (маквіс). Са стараж. часу як эфіраалейную расліну культывуюць Р. лекавы (R.officinalis). На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях.

Вечназялёныя кусты выш. 0,5—2 м. Каранёвая сістэма дасягае глыб. 4 м. Старыя галіны дравяністыя, разгалінаваныя, маладыя парасткі густаапушаныя. Лісце лінейнае, падоўжанае (да 4 см), скурыстае, знізу белалямцавае. Кветкі блакітнаватыя, у гронкападобных пазушных суквеццях. Плод — арэшак. З лісця і парасткаў атрымліваюць эфірны алей, які выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі, лікёра-гарэлачнай і кандытарскай прам-сці. Эфіраалейныя, лекавыя і дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Размарын лекавы.

т. 13, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)