КАЛЯ́НДРА (Coriandrum),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. 2 віды. Пашыраны ў Міжземнамор’і. На Беларусі вырошчваецца К. пасяўная (C. sativum), зрэдку трапляецца як пустазелле.

К. пасяўная — аднагадовая травяністая расліна выш. да 80 см з тонкім верацёнападобным коранем. Сцябло рабрыстае, прамастойнае. Прыкаранёвае лісце трохраздзельнае, сцябловае — перыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя ці ружовыя, у складаных парасоніках. Плады — шарападобныя 2-сямянкі з моцным пахам, змяшчаюць 0,7—1,5% эфірнага і 17—24% тлустага алею. Выкарыстоўваецца ў парфумерна-касметычнай прам-сці (эфірны алей), тэхніцы (тлусты алей), хлебна-кандытарскай і лікёра-гарэлачнай вытв-сці (зялёная расліна і плады), медыцыне (плады). Меданос.

У.П.Пярэднеў.

Каляндра.

т. 7, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)