МІ́НСКІ МЕДЫЦЫ́НСКІ ІНСТЫТУ́Т.

Засн. ў 1921 як ф-т БДУ, з 1930 самастойны ін-т. У 1999/2000 навуч. г. ф-ты: лячэбны, педыятрычны, медыка-прафілактычны, ваенна-мед., стаматалагічны, мед. ф-т замежных студэнтаў, падрыхтоўчае аддзяленне. Навучанне дзённае. Аспірантура з 1926. Дактарантура з 1998. Мае Цэнтр. н.-д. лабараторыю, у якую ўваходзяць праблемныя лабараторыі: імунахім. і радыеізатопных метадаў даследаванняў; эксперым. медыцыны, фармакалогіі і таксікалогіі; біяхім. метадаў даследаванняў; інфармацыйна-камп’ютэрных тэхналогій; псіханейрахірургіі; гема- і лімфасорбцыі; калагенозаў; унутрыбальнічных інфекцый; па праблемах дэрматалогіі і венералогіі; па вывучэнні псіхічных расстройстваў у насельніцтва Беларусі, якое пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Б-ка (каля 1 млн. экз.).

С.​Дз.​Дзянісаў.

т. 10, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛУМБІ́ЙСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т Засн. ў 1754 у Нью-Йорку як Каралеўскі каледж, з 1784 — Калумбійскі каледж. З 1912 мае статус ун-та. Прыватная навуч. ўстанова. Мае 2 аддзяленні: Калумбійскі каледж і Школу тэхн. і прыкладных навук; у іх склад уваходзяць асобныя каледжы і школы. У 1996/97 навуч. г. каля 20 тыс. студэнтаў. У К.у. уваходзяць каледжы: лячэбны і хірург.; бізнесу; агульных дысцыплін; калумбійскі (у праграме вывучэнне старажытнасцей, гісторыі мастацтва, астрафізікі, біяхіміі, класічных моў, камп’ютэрных дысцыплін, эканомікі, філасофіі, псіхалогіі і інш.); школы: тэхнікі і прыкладных навук; планавання і архітэктуры; мастацтва і навукі; міжнар. адносін; журналістыкі; права; медыцыны і інш. Выпускнікі ун-та атрымліваюць дыплом бакалаўра мастацтваў, навук, магістра навук (4 гады навучання), доктара (дадаткова 1—2 гады навучання).

В.​М.​Навумчык.

т. 7, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯТРО́ЎНІК (Filipendula),

род кветкавых раслін сям. ружавых. 12 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным і субарктычным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца 4 віды: вятроўнік вязалісты (Filipendula ulmaria), аголены (Filipendula denudata), звычайны, або земляныя арэшкі (Filipendula vulgaris), і стэпавы (Filipendula stepposa) — рэдкі від, адзначаны ў паўд. раёнах. У Цэнтр, бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны вятроўнік далонепадобны (Filipendula palmata).

Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным ці ўзыходным бязлістым сцяблом выш. 2—20 см і моцным карэнішчам. Лісце перарывіста-перыстае, перыстарассечанае, пальчатае або суцэльнае. Кветкі двухполыя, дробныя, белыя (часта з жаўтаватым ці ружаватым адценнем), ружовыя, чырв., духмяныя, у густых шматкветных шчытападобна-мяцёлчатых або мяцёлчатых суквеццях. Плод — шматарэшак ці шматлістоўка. Лек., меданосныя, перганосныя, кармавыя, фарбавальныя і дэкар. расліны. Каранёвыя клубянькі, маладое лісце і сцёблы ядомыя, з кветак і лісця вырабляюць духмяны лячэбны чай.

Вятроўнікі: вязалісты (злева) і звычайны (з коранем).

т. 4, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМ АДПАЧЫ́НКУ,

прафілактычная аздараўленчая ўстанова для адпачынку і аднаўлення сіл людзей у найб. спрыяльных і здаровых умовах. Д.а. ствараюць прафес. саюзы, мін-вы, ведамствы, асобныя прадпрыемствы і калгасы.

Бываюць Д.а. круглагадовыя, сезонныя і спец. (для бацькоў з дзецьмі, моладзі, цяжарных і інш.), з 12- і 24-дзённым адпачынкам і для адпачынку ў выхадныя дні. Усе Д.а. маюць мед. пункты, на якіх працуюць мед сёстры, у значных (350 і больш месцаў) ёсць урач, у невялікіх (200—350 месцаў) — фельчар. Некаторыя Д.а. маюць зубаўрачэбны і фізіяпрацэдурны кабінеты, лячэбны масаж. Першыя Д.а. на Беларусі (з 1920): «Ждановічы» (з 1970 санаторый) пад Мінскам, «Чонкі» пад Гомелем. У 1980 на Беларусі было 16 Д.а. на 5452 месцы, у 1996—11 на 2549 месцаў: 5 з іх ведамасныя, 6 Д.а. («Алеся», «Лагойскі», «Лясныя азёры», «Нарач», «Пухавічы», «Свіцязь») належаць аб’яднанню «Белпрафсаюзкурорт». У 1960-я г. з’явіліся ўстановы на ўзор Д.а. — пансіянаты адпачынку (у 1995—4 на 784 месцы) і пансіянаты з лячэннем (1 на 178 месцаў).

Э.​А.​Вальчук.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАГЕНЕ́З (ад грэч. pathos пакута, хвароба + ...генез),

працэс пашкоджання клетак, тканак і органаў; неспецыфічныя рэакцыі арганізма ў адказ на ўздзеянні на яго і развіццё тыповых паталагічных працэсаў (напр., запаленне); раздзел паталогіі, які вывучае механізмы ўзнікнення і развіцця хваробы. Складаецца з многіх этапаў ці звенняў, якія злучаны паміж сабой прычынна-выніковымі адносінамі. Уключае фізіял., біяхім., марфал., імуналагічныя і інш. змены ў арганізме пры хваробе.

Механізмы развіцця П. вызначаюцца сукупнасцю асаблівасцей арганізма (агульны стан, бар’ерная функцыя, рэакцыі імунітэту, рэгенерацыя і інш.) і этыялогіяй. Звязана з дзейнасцю нерв. і эндакрыннай сістэм і ахопліваюць усе ўзроўні рэгуляцыі арганізма — сістэмныя, клетачныя, субклетачныя і малекулярныя. Этыялагічны фактар з’яўляецца пускавым момантам хваробы. П. пачынаецца з пашкоджання, з паталаг. рэакцый, якія выклікаюць уключэнне і фарміраванне кампенсаторна-прыстасавальных рэакцый паводле прынцыпу рэфлексу або гарманальных уздзеянняў. Даследаванне П. — аснова мэтанакіраванага лячэння. Пры дыягностыцы найб. важна вызначыць вядучае звяно ў ланцугу парушэнняў, што узнікаюць у ходзе хваробы. Уздзеянне на гал. звяно дазваляе атрымаць лячэбны эфект.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)