АРХАЛА́КСІС (ад грэч. archē пачатак + allaxis змена),
адзін са спосабаў эвалюцыі, пры якім змена першапачатковай закладкі органа адбываецца на ранняй стадыі эмбрыягенезу і мяняе ўвесь далейшы ход яго развіцця. Тэрмін увёў рус. вучоны А.М.Северцаў (1910) у сваёй тэорыі філэмбрыягенезу. Пры архалаксісе адбываецца адносна буйная скачкападобная змена будовы органаў і ўзнікаюць новыя органы, якіх не было ў продкаў. Па тыпе архалаксісу, напр., развіваецца закладка валасоў у зародкаў млекакормячых (інакш, чым плакоідная луска ў рыб або рагавая ў паўзуноў).
інфекцыйная хвароба карпавых рыб, радзей судака і вугра, якая выклікаецца бактэрыямі з роду Aeromonas. Суправаджаецца гемарагічным запаленнем скуры, унутр. органаў, асцытам і агульнай вадзянкай. Вострая форма хваробы адзначаецца вясной і характарызуецца парушэннем функцыі выдзялення. У хворых лускаватых рыб луска тапырыцца, у голых утвараюцца скурныя пухіры, вочы лупатыя. Хранічная форма адзначаецца летам і восенню, суправаджаецца ўтварэннем паверхневых язваў цёмна-чырвонага колеру з блакітна-шэрым абадком на хвасце і баках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЙВА (Mallotus villosus),
марская рыба сям. корушкавых. 2 падвіды: М. атлантычная (M.v. villosus), пашырана ў паўн.ч. Атлантычнага ак., Баранцавым, Белым і Карскім морах, М. ціхаакіянская, або уёк (M.v. socialis) — каля берагоў Канады, у Ахоцкім, Берынгавым, Чукоцкім, Японскім морах, м. Лапцевых. Чародная пелагічная рыба.
Даўж. да 22 см, маса да 17 г. Самцы буйнейшыя за самак; адзнака палавога дымарфізму — аснова анальнага плаўніка ў самцоў уздутая. Луска дробная. Ніжняя сківіца выдаецца наперад. Корміцца планктоннымі ракападобнымі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНАГАПЁРАПАДО́БНЫЯ (Polypteriformes),
атрад ганоідных рыб. Вядомы з эацэну (каля 40 млн.г. назад). 1 сям. (мнагапёравыя—Polypteridae), 2 роды (мнагапёры—Polypterus і каламаіхты—Calamoichthis), 11 відаў. Пашыраны ў прэсных стаячых вадаёмах трапічнай Афрыкі. Актыўныя ўначы.
Даўж. да 1,2 м. Цела падоўжанае, цыліндрападобнае. Луска ганоідная. Спінны плаўнік складаецца з асобных плаўнічкоў (да 18). Грудныя плаўнікі з мясістай лопасцю ў аснове. Плавальны пузыр вялікі, двухкамерны, часткова выконвае дыхальную функцыю. Кормяцца беспазваночнымі і рыбай. Лічынкі з вонкавымі шчэлепамі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ТКІ (Rutilus),
род рыб сям. карпавых. Каля 10 відаў, шмат падвідаў. Пашыраны ў прэсных і саланаватых водах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. Чародныя жылыя, паўпрахадныя і прахадныя формы, у т. л.вобла, таран. На Беларусі 1 від — П. звычайная (R. rutilus). Жыве ў азёрах, рэках, вадасховішчах.
Даўж. да 72 см, маса да 8 кг (у П. звычайнай да 32 см і 800 г). Луска буйная. Вочы жаўтавата-аранжавыя, з чырв. плямкай у верхняй частцы. Кормяцца планктонам, бентасам. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСОСЕПАДО́БНЫЯ (Salmoniformes),
атрад касцістых рыб. 8 падатр., 28 сямействаў. Вядомы з мелавога перыяду. Пашыраны ўсюды. Прэснаводныя, прахадныя, марскія прыбярэжныя і глыбакаводныя рыбы. На Беларусі 8 відаў: рапушка еўрапейская, стронга ручаёвая, харыус звычайны (занесены ў Чырв. кнігу Беларусі), пелядзь, сіг чудскі, стронга радужная (акліматызаваныя), кумжа, корушка азёрная.
Даўж. ад 2,5 см да 1,5 м, маса да 60 кг. Некат. віды (корушкавыя) захоўваюць рэшткі хорды ў асявым шкілеце і храсток у чарапной каробцы. Плавальны пузыр, калі ёсць, злучаны са страваводам. Луска дробная, цыклоідная. У час нерасту цела некат. ласосяў набывае яркую «шлюбную» афарбоўку. Аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРП,
рыба сям. карпавых, культурная форма сазана (Cyprinus carpio). Расселены ўсюды ў прэсных вадаёмах. Карпаводства ўзнікла ў Стараж. Кітаі. У Еўропе селекцыя вядзецца з часоў Стараж. Рыма. Зыходная форма свойскага К. — дунайскі К. Сярод парод свойскага К. адрозніваюцца К. лускаваты, люстраны, рамчаты, голы і інш.
Даўж. да 1 м, маса да 16, зрэдку да 30 кг. Колер спіны звычайна чарнавата-зялёны, бакі жоўтыя з зеленаватым адлівам, бруха белаватае. Вочы залацістыя. Спінны плаўнік доўгі. Луска буйная, авальная. Рог з тоўстымі губамі. Нераст вясной. Корміцца планктонам, бентасам, воднымі раслінамі. Асн. аб’ект сажалкавага і басейнавага рыбаводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯВЫ́Я РЫ́БЫ (Osteichthyes),
клас водных пазваночных. 2 падкл.: прамянёвапёрыя (Actinopterygii) і лопасцевапёрыя (Sarcopteiygii), 11 надатр., 38 атр., каля 20 тыс. відаў. З’явіліся ў канцы сілуру (каля 410 млн. гадоў назад). У сучаснай іхтыяфауне прэсных і марскіх вадаёмаў складаюць больш за 96% відаў. На Беларусі 58 відаў; рэшткі выкапнёвых К. р. трапляюцца ў адкладах позняга сілуру, дэвону і карбону (каля 400—300 млн.г. назад).
Даўж. ад 7 мм (некат. бычкі) да 7 м (бялуга), маса да 1,5 т. Маюць унутр. касцявы шкілет і акасцяненні ў вонкавым шкілеце; луска пласціністая, касцявая. Дыханне шчэлепнае, зрэдку лёгачнае (у дваякадыхальных). Апладненне вонкавае, зрэдку ўнутранае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЛЮШКАПАДО́БНЫЯ (Gasterosteiformes),
атрад касцістых рыб. 9 сям., каля 55 родаў, больш за 200 відаў. Вядомы з эацэну. Пашыраны пераважна ў тропіках, у прыбярэжных марскіх водах, некат. віды — у прэснай вадзе. На Беларусі 2 роды, 2 віды: колюшка трохіголкавая (Gasterosteus aculeatus) і колюшка дзевяцііголкавая (Pungitius pungitius).
Даўж. ад 3 см да 1,8 м, маса ад некалькіх грамаў да 3,4 кг. Спінных плаўнікоў 1—2, першы ў выглядзе асобных калючак. Брушныя плаўнікі з 1—7 прамянёў, у некаторых адсутнічаюць. Луска ктэноідная, у многіх К. цела ўкрыта касцявымі пласцінкамі. Рыла звычайна трубкападобнае. Некат. К. ў перыяд размнажэння робяць гнёзды. Планктафагі, але могуць знішчаць ікру і лічынак інш. рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВО́ЧКА, сапа (Abramis sapa),
рыба роду ляшчоў сям. карпавых. Водзіцца ў рэках бас. Чорнага, Азоўскага, Каспійскага мораў, у р. Волхаў бас. Балтыйскага м. На Беларусі — у Дняпры (да Оршы) і вял. яго прытоках. Мясц. назвы кляпец, глазач, лупар.
Даўж. да 35 см, маса да 1 кг. Вонкава падобная да ляшча, але мае больш выцягнутае цела, вял. вочы і доўгі анальны плаўнік. Афарбоўка цела серабрыстая, спіна цёмная, плаўнікі шэрыя, некаторыя з больш цьмянымі краямі. Радужына вока бела-серабрыстая (адсюль назва). Луска вялікая, шчыльная. Існуюць 2 формы: жылая і паўпрахадная. Нерастуе ў рэчышчах рэк у сак.—маі ва ўзросце 4—5 гадоў. Корміцца лічынкамі насякомых, малюскамі, расліннасцю. Мае прамысл. значэнне.