КАРЧА́ГІНА-АЛЕКСАНДРО́ЎСКАЯ (Кацярына Паўлаўна) (23.12.1874, г. Кастрама, Расія — 15.1.1951),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1936). Акцёрскую дзейнасць пачала ў 1887, выступала ў розных гарадах Рас. імперыі, у т. л. ў Магілёве. З 1904 у Пецярбургу: у т-рах В.​Камісаржэўскай, Літ.-маст. т-ва, з 1915 у Александрыйскім (цяпер Тэатр драмы імя Пушкіна). На правінцыяльнай сцэне сыграла каля 400 роляў у п’есах А.​Астроўскага, М.​Гогаля, А.​Грыбаедава і інш. Выканаўца характарна-быт. роляў. Стварыла галерэю вобразаў рус. жанчын. Сярод лепшых: Уліта, Ефрасіння Патапаўна, Домна Панцялеўна («Лес», «Беспасажніца», «Таленты і паклоннікі» Астроўскага), Хрысціна Архіпаўна («Платон Крэчат» А.​Карнейчука), Дзямідзеўна («Нашэсце» Л.​Лявонава) і інш. Здымалася ў кіно: Уліта («Іудушка Галаўлёў» паводле «Паноў Галаўлёвых» М.​Салтыкова-Шчадрына, 1934). У створаных ёй вобразах камедыйнасць спалучалася з глыбокім драматызмам. Аўтар кн. «Старонкі жыцця» (выд. 1955). Дзярж. прэмія СССР 1943.

т. 8, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНЯЙЧУ́К (Аляксандр Еўдакімавіч) (25.5.1905, г. Хрысцінаўка Чаркаскай вобл., Украіна — 14.5.1972),

украінскі драматург. Герой Сац. Працы (1967). Акад. АН Украіны (1939). Акад. АН СССР (1943). Скончыў Кіеўскі ін-т нар. асветы (1929). Друкаваўся з 1925. Аўтар шматлікіх п’ес гіст.-рэв., гераічнага і камедыйнага жанру, вытрыманых у строгіх рамках сацыяліст. рэалізму, адметных шматграннасцю адлюстравання жыцця. Сярод п’ес: «Каменны востраў» (1931), «Гібель эскадры» (1934), «Платон Крэчат» (1935), «Праўда» (1937), «Багдан Хмяльніцкі» (1939), «У стэпах Украіны» (1941), «Фронт» (1942), «Макар Дубрава» (1948), «Калінавы гай» (1950), «Чаму ўсміхаліся зоркі» (1957), «Старонка дзённіка» (1964), «Памяць сэрца» (1969) і інш. Выступаў як публіцыст, літ.-знавец. П’есы К. перакладаліся на бел. мову і ставіліся ў многіх тэатрах Беларусі. На бел. мову яго паасобныя творы пераклаў А.​Макаёнак. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1949, 1951. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Р.​Шаўчэнкі 1971.

Тв.:

Зібрання творів. Т. 1—5. Київ, 1986—88;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. Л., 1976—77.

Літ.:

Вакуленко Д. Олександр Корнійчук. Київ, 1985.

В.​А.​Чабаненка.

А.Е.Карняйчук.

т. 8, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (1.11.1895, в. Крыловічы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 23.10.1937),

бел. акцёр; адзін з заснавальнікаў бел. т-ра. Засл. арт. Беларусі (1931). Скончыў Мінскае гар. вучылішча (1914). З 1915 выступаў на аматарскай сцэне. З 1921 у БДТ-1 (цяпер Нац. акад. т-р імя Я.​Купалы). Акцёр шырокага творчага дыяпазону: выконваў ролі сац. і рамант. герояў, характарныя і камедыйныя. Валодаў яркімі сцэнічнымі данымі, высокай культурай мовы, дасканаласцю грыму, мімікі і жэстаў, майстэрствам поўнага пераўвасаблення, узбуйненай тыпізацыі характараў, імправізацыі пры тонкім адчуванні акцёрскага ансамбля. Яго ранняй творчасці ўласціва яскравая рамант. афарбоўка (Машэка, Кастусь Каліноўскі ў аднайм. п’есах Е.​Міровіча). Па-майстэрску непераўзыдзена ствараў вобразы нац. драматургіі: Сцяпан Крыніцкі («Паўлінка» Я.​Купалы), Кручкоў («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Ваявода, Граковіч і Вагін («Каваль-ваявода», «Перамога» і «Запяюць верацёны» Міровіча), Жрэц, Чужакоў («Вір» і «Мост» Я.​Рамановіча), Шчураў («Міжбур’е» Дз.​Курдзіна), Карнейчык («Канец дружбы» К.​Крапівы) і інш. Сярод інш. роляў: Мароз («Гута» Р.​Кобеца), Шагабутдзінаў («Мяцеж» паводле Дз.​Фурманава), Вяршынін («Браняпоезд 14—69» У.​Іванова), Малько («Далёкае» А.​Афінагенава), Бераст («Платон Крэчат» А.​Карнейчука), Чадаў («Жыццё кліча» У.​Біль-Белацаркоўскага). У характарных і камедыйных ролях вынаходзіў трапныя дэталі, непаўторныя нюансы: Тарквіній («Жрэц Тарквіній» С.​Паліванава), Муфці («Мешчанін у дваранах» Мальера), Крэспа («Вясковы суддзя» П.​Кальдэрона) і інш. Здымаўся ў кіно: «Двойчы народжаны», «Дняпро ў агні». На магіле К. на Вайсковых могілках у Мінску ўстаноўлены яго бюст.

Літ.:

Есакоў А. Уладзімір Крыловіч. Мн., 1956;

Рамановіч Я. Уладзімір Крыловіч // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985;

Сабалеўскі А. Ажыццёўленае і няздзейсненае // Тэатр. Беларусь. 1995. № 2.

У.​І.​Няфёд.

У.М.Крыловіч.
У.Крыловіч у ролі Кастуся Каліноўскага.

т. 8, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)