КРЭ́ЧАТ (Falko rusticolus, або F. gyrfalco),

птушка сям. сакаліных атр. драпежных. Пашыраны на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Селіцца на скалістых узбярэжжах мораў і ў лесатундры. Жыве парамі, устойлівымі многія гады. Усюды рэдкі, сусв. папуляцыя ацэньваецца ў некалькі тысяч пар. Падлягае ахове.

Самы буйны з сапр. сокалаў: даўж. да 60 см, маса самца да 1,5 кг, самкі да 2 кг. Апярэнне шэрае або белае з шэрымі меткамі, верх цямнейшы. Корміцца пераважна птушкамі, грызунамі. Гнёзды на скалах, абрывістых берагах ці высокіх дрэвах. Нясе 3—5 яец. Лоўчая птушка для сакалінага палявання.

Крэчат.

т. 8, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РАЎ (сапр. Штоклянд) Міхаіл Абрамавіч

(1903—28.7.1942),

бел. акцёр і рэжысёр. Засл. арт. БССР (1938). З 1926 акцёр, потым рэжысёр БДТ-1 (т-р імя Я.Купалы), у 1934—37 маст. кіраўнік Бел. трама ў Мінску. Выкананыя ім ролі герояў вызначаліся тонкім псіхалагізмам, інтэлектуальнай лагічнасцю ў спалучэнні з лірычнасцю і эмацыянальнасцю: Войшалак («Вір» Я.Рамановіча), Евель Цывін («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Платон Крэчат (аднайм. п’еса А.Карнейчука) і інш. Пастаноўкі: «Лён» Е.Міровіча (1931, з аўтарам), «Платон Крэчат» А.Карнейчука (1936), «Апошнія» М.Горкага (1937) і інш.

т. 7, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЧМА (Амвросій Максімілянавіч) (14.3.1891, г. Львоў — 6.1.1957),

украінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1944). Вучыўся ў Кіеўскім муз.-драм. ін-це (1918). На сцэне з 1905. Працаваў у т-ры «Беразіль» (1930—36). Адзін са стваральнікаў Кіеўскага ўкр. драм. т-ра імя І.Франко (1920), дзе працаваў у 1936—56. Праф. Кіеўскага ін-та тэатр. мастацтва (1940—57). Выдатны майстар пераўвасаблення, ствараў вострахарактарныя, камедыйныя і драм. вобразы: Мікола Задарожны («Украдзенае шчасце» Франко), Цярэнцій Пузыр («Гаспадар» І.Карпенкі-Карага), Гайдай, Платон Крэчат, Макар Дубрава («Гібель эскадры», «Платон Крэчат», «Макар Дубрава» А.Карнейчука), Іван Каламійцаў («Апошнія» М.Горкага) і інш. З 1924 здымаўся ў кіно: «Арсенал», «Тарас Шаўчэнка», «Начны рамізнік», «Іван Грозны», «Подзвіг разведчыка» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1949 (за тэатр. работы).

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭНЛА́НДСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК (Grønland),

на ПнУ в-ва Грэнландыя. Засн. ў 1974. Пл. каля 70 млн. га. Ландшафты арктычных пустынь, на схілах узгоркаў — травяная расліннасць. У фауне звычайныя аўцабык, белы мядзведзь, маржы, цюлені, пясцы, заяц, гарнастай, з птушак — белая курапатка, гага, белашчокая казарка, гусь Роса, белая сава, крэчат. Біясферны рэзерват.

т. 5, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ (Сямён Іосіфавіч) (24.5.1920, в. Засарыхіна Гарадзецкага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 16.12.1980),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Горкаўскае тэатр. вучылішча (1952). З 1959 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Выканаўца драм. і характарных роляў, спалучаў псіхал. і пластычны малюнак вобраза. Сярод роляў: Сенатар («Францыск Скарына» А.Петрашкевіча), Моцкін («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Бераст («Платон Крэчат» А.Карнейчука), Трыстан («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі).

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСАГЛЕ́БСКАЯ (сапр. Сідарэнка-Свідэрская) Ганна Іванаўна

(7.1.1868, г. Себеж Пскоўскай вобл., Расія — 26.9.1939),

украінская актрыса. Нар. арт. Украіны (1936). З 1888 працавала ў трупах М.Крапіўніцкага, П.Саксаганскага, І.Карпенкі-Карага. У 1925—39 ва ўкр. драм. т-ры імя І.Франко. Прадстаўніца рэаліст. нац. акцёрскай школы, вызначалася майстэрствам пераўвасаблення. Сярод роляў: Ганна («Абяздоленая» Карпенкі-Карага), Шкандыбіха («Лымярыўна» П.Мірнага), Хіўра («Сарочынскі кірмаш» М.Старыцкага), Марыя Тарасаўна, Варвара («Платон Крэчат», «Багдан Хмяльніцкі» А.Карнейчука).

т. 2, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСКАНДО́РАЎ (Адыль Рза аглы) (5.5.1910, г. Гянджа, Азербайджан — 18.9.1978),

азербайджанскі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1959). Праф. (з 1956). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1936). У 1937—60 гал. рэж. і дырэктар Азерб. акад. т-ра імя М.Азізбекава (Баку). Паставіў спектаклі: «Платон Крэчат» А.Карнейчука (1926), «Вагіф» (1938) і «Фархад і Шырын» (1941) С.Вургуна, «Гонар» А.Шырванзадэ (1940), «Раніца Усходу» Э.Мамедханлы (1948, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Айдын» Дж.Джабарлы (1940), «Атэла» У Шэкспіра (1959) і інш. Творчасці характэрны манум. героіка, урачыстасць, яркая відовішчнасць. З 1961 у кіно як акцёр і рэжысёр.

т. 7, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬКА (сапр. Міляеў) Васіль Сцяпанавіч

(7.4.1893, с. Бурты Чаркаскай вобл., Украіна — 18.3.1972),

украінскі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1944). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1912, рэжысёрскую — у 1920. У 1926—56 (з перапынкамі) узначальваў Адэскі ўкраінскі муз.-драм. т-р (у 1948—56 — гал. рэжысёр). Сярод роляў: Шпак і Шальменка («Шальменка-дзяншчык» Р.Квіткі-Аснаўяненкі), Бублік («Платон Крэчат» А.Карнейчука), Банка («Макбет» У.Шэкспіра), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля). Паставіў спектаклі: «За двума зайцамі» паводле М.Старыцкага (1925), «У нядзелю рана зелле капала...» паводле В.Кабылянскай (1955), «Гайдамакі» паводле Т.Шаўчэнкі (1961) і інш. Арганізатар шэрагу тэатр. студый, заснавальнік тэатр. музея ў Кіеве (1924).

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЦО́Ў (Валянцін Акімавіч) (14.6.1902, пас. Шырачанка Ейскага гарсавета Краснадарскага краю, Расія — 15.1.1963),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). З 1930 акцёр Бел. рабочага т-ра імя ЦСПСБ, з 1933 у т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца характарных, драм. роляў. Найб. значныя: Аркадзь, Колас, Сіманенка («Платон Крэчат», «Фронт», «Макар Дубрава» А.Карнейчука), Лешч («Апошнія» М.Горкага), Скіба, Шуфт («Партызаны», «З народам» К.Крапівы), Лук’ян Рабічка («Пагібель ваўка» Э.Самуйлёнка), Гамер («Канстапцін Заслонаў» А.Маўзона), Траўбэ («Цытадэль славы» К.Губарэвіча), Джонсан, Калібераў, Глуздакоў («На досвітку», «Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Капулеці («Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), Вішнеўскі («Даходнае месца» А.Астроўскага).

Б.І.Бур’ян.

т. 8, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЧА́ГІНА-АЛЕКСАНДРО́ЎСКАЯ (Кацярына Паўлаўна) (23.12.1874, г. Кастрама, Расія — 15.1.1951),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1936). Акцёрскую дзейнасць пачала ў 1887, выступала ў розных гарадах Рас. імперыі, у т. л. ў Магілёве. З 1904 у Пецярбургу: у т-рах В.Камісаржэўскай, Літ.-маст. т-ва, з 1915 у Александрыйскім (цяпер Тэатр драмы імя Пушкіна). На правінцыяльнай сцэне сыграла каля 400 роляў у п’есах А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Грыбаедава і інш. Выканаўца характарна-быт. роляў. Стварыла галерэю вобразаў рус. жанчын. Сярод лепшых: Уліта, Ефрасіння Патапаўна, Домна Панцялеўна («Лес», «Беспасажніца», «Таленты і паклоннікі» Астроўскага), Хрысціна Архіпаўна («Платон Крэчат» А.Карнейчука), Дзямідзеўна («Нашэсце» Л.Лявонава) і інш. Здымалася ў кіно: Уліта («Іудушка Галаўлёў» паводле «Паноў Галаўлёвых» М.Салтыкова-Шчадрына, 1934). У створаных ёй вобразах камедыйнасць спалучалася з глыбокім драматызмам. Аўтар кн. «Старонкі жыцця» (выд. 1955). Дзярж. прэмія СССР 1943.

т. 8, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)