ГІПЕРТАНІ́Я (ад гіпер... + грэч. tonos напружанне),
павышэнне напружанасці (тонусу) мышцаў і інш. тканак і органаў. Бывае пры парушэнні метабалізму і электралітнага абмену ў мышачных валокнах ці пры расстройствах нерв.-эндакрыннай рэгуляцыі тонусу. Тэрмін гіпертанія азначае таксама павышаны крывяны (артэрыяльны) ціск, сімптом гіпертанічнай хваробы і інш. сасудзістых хвароб. Адрозніваюць гіпертанію пры гіпертанічнай хваробе, сімптаматычную, якая з’яўляецца сімптомам асн. хваробы (нырачная, эндакрынная, цэрэбральная і інш.), і часовую (гіпертэнзію) ад псіхічных, тэмпературных, болевых уздзеянняў і фіз. працы. Часовая гіпертанія не выклікае гемадынамічных і марфалагічных змен.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ ГАРА́ЧКА, алкагольны дэлірый,
найбольш частая форма вострых алкагольных псіхозаў. Узнікае пасля чарговага запою або калі раптоўна спыняюць прыём алкаголю. Пачынаецца з таго, што хворы дрэнна спіць, бачыць пакутлівыя сны, палахлівы. Пазней з’яўляюцца бяссонніца, зрокавыя і слыхавыя галюцынацыі. Хворым бачацца пачвары, чэрці, насякомыя, пацукі, мышы. Парушаецца свядомасць. Такія хворыя небяспечныя для сябе і тых, хто іх акружае. Іншы раз павышаюцца т-ра і крывяны ціск, дрыжаць рукі. Стан пагаршаецца пад вечар. Хвароба цягнецца 3—9 дзён, пасля чаго хворы звычайна ачуньвае. Лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКА́ВА, шакаладнае дрэва (Theobroma cacao),
кветкавая расліна сям. стэркуліевых. Пашырана ў трапічных лясах Амерыкі. Насенне какавы завезена ў Еўропу ў 1520. Культывуецца ў вільготных тропіках як харч. расліна, ва ўмераным клімаце расце ў аранжарэях.
Вечназялёнае дрэва выш. 5—8 м. Лісце вял., бліскучае. Кветкі дробныя, жоўтыя або чырв. ў пучках. Плод — ягада чырв., жоўтага або аранжавага колеру, мае 25—60 міндалепадобных зярнят. Цвіце і пладаносіць увесь год. У зярнятах ёсць алкалоід тэабрамін (здымае спазмы сасудаў, паніжае крывяны ціск); тлушч (да 50%) ідзе на выраб какавы-алею. З зерня гатуюць шакалад і танізуючы напітак какаву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРСАНВАЛІЗА́ЦЫЯ,
метад лек. выкарыстання пераменнага імпульснага току высокай частаты (110—140 кГц), напружання (дзесяткі тысяч вольт) і малой сілы (100—200 мА); адзін з метадаў электралячэння. Прапанаваны франц. вучоным Ж.А.Д’Арсанвалем у 1891.
Адрозніваюць Д. мясцовую і агульную. Пры мясц. Д. ўздзейнічаюць на асобныя ўчасткі цела хворага пры неўралгіі, галаўных болях, вагінізме, гемароі, варыкозным расшырэнні вен галёнкі, незагойванні ран і язваў, абмаражэнні, скурным свербе, пачатку аблітэруючых захворванняў сасудаў і ў касметычных мэтах. Агульная Д. — уздзеянне на ўвесь арганізм хворага пры гіпертанічнай хваробе, неўрастэніі, парушэннях сну, некат. хваробах абмену рэчываў. Д. мае заспакаяльнае дзеянне, стымулюе абмен рэчываў, паніжае высокі артэрыяльны крывяны ціск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭР’Е́Р ЖЫВЁЛЫ,
сукупнасць унутр.марфал. (анатам. і гісталагічных), біяхім. і фізіял. уласцівасцей арганізма с.-г. жывёлы ў сувязі з яе прадукцыйнасцю і племяннымі якасцямі. Выкарыстоўваюць для ацэнкі канстытуцыі жывёлы і яе прадукцыйнасці. Першыя працы па І.ж. вядомы з канца 19 ст. Пры вызначэнні І.ж. даследуюць косці, мышцы, скуру, малочныя залозы, кроў, сэрца, лёгкія і інш. Паводле груп крыві і тыпаў індывід. бялкоў вызначаюць паходжанне жывёл, структуру парод, наяўнасць генет. узаемасувязі і інш. Паміж І.ж., будовай цела і прадукцыйнасцю існуе карэляцыйная сувязь. Напр., у малочнай жывёлы ў параўнанні з мясной лепш развіта малочная залоза, страваванне, кровазварот, шчытападобная залоза, гіпофіз, менш развіты падскурны тлушчавы слой, больш нізкі крывяны ціск, большае сэрца, больш частыя дыханне і пульс, больш інтэнсіўны абмен рэчываў. У верхавых і рысістых коней памеры сэрца і ёмістасць лёгкіх большыя, чым у цяжкавозаў (на 100 кг жывой масы). Гл. таксама Экстэр’ер жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ТУ АКСІ́ДЫ, азоту вокіслы,
злучэнні азоту з кіслародам. Адрозніваюць: геміяаксід N2O (аксід дыазоту) і монааксід NO — бясколерныя газы; сесквіяаксід N2O3 (дыазоту трыаксід) — пры звычайных умовах няўстойлівае злучэнне, пры ахаладжэнні светла-блакітная маса з tпл -102 °C; дыаксід азоту NO2 — буры газ (у вадкім і цвёрдым стане існуе яго дымер тэтрааксід дыазоту N2O4); аксід азоту N2O5 (пентаксід дыазоту) — бясколерныя лятучыя крышталі, няўстойлівыя і выбухованебяспечныя. Монааксід і дыаксід азоту парамагн. злучэнні. Аксід дыазоту і монааксід азоту — нясолеўтваральныя аксіды, сесквіяаксід утварае з вадой азоцістую кіслату, аксід азоту — азотную, тэтрааксід дыазоту — іх сумесь. Выкарыстоўваюцца пераважна NO2 як акісляльнік у вадкім ракетным паліве, пры ачыстцы нафтапрадуктаў, каталітычным акісленні арган. злучэнняў і NO — паўпрадукт у вытв-сці азотнай кіслаты. Азоту аксіды фізіялагічна актыўныя рэчывы: NO2 — «вяселячы газ» — выкарыстоўваецца для анестэзіі; NO дзейнічае на цэнтр.нерв. сістэму, у вял. канцэнтрацыях адмоўна ўплывае на формулу крыві (ГДК у паветры 0,0005 мг/л); NO2 выклікае ацёкі, зніжае крывяны ціск.