ЛІСТРЫ́ЧНЫ РАЗЛО́М (ад грэч. listros лапата, коўш),

геалагічны разлом, які мае коўша- або лапатападобную крывалінейную паверхню зрушэння. Вылучыў Э.Зюс (1909) у разрэзах вугальнага басейна Бельгіі і Францыі. Для Л.р. характэрна больш стромкае падзенне ў верхняй ч. і пакатае ўнізе. Па глыбіні пранікнення падзяляюцца на прыпаверхневыя, унутрычахольныя, верхне- і ніжнекоравыя, корамантыйныя, надастэнасферна-мантыйныя і астэнасферныя. Характэрны для рыфтагенных структур. пашыраны таксама ў складкавых рухомых паясах і на платформах. На тэр. Беларусі Прыпяцкі прагін (палеарыфт) утвораны лістрычнымі корамантыйнымі і коравымі разломамі.

Р.​Г.​Гарэцкі.

т. 9, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЕЧАРПА́ЛЬНЫ СНАРА́Д,

плывучая землярыйная машына з чарпаковым прыстасаваннем для вымання грунту з-пад вады. Рабочы орган адначарпаковых З.с. — коўш ёмістасцю да 20 м³ (глыбіня чэрпання да 30 м) або грэйфер многачарпаковых — шэраг каўшоў ёмістасцю да 1,5 м³, злучаных у выглядзе замкнёнага ланцуга (глыбіня чэрпання да 18 м). Падняты каўшамі грунт выдаляецца ў адвалы (разам з вадой па латаках, трубаправодах) ці загружаецца на грунтаадвозную шаланду або баржу. Выкарыстоўваюцца для днопаглыбляльных работ, капання падводных катлаванаў, узвядзення дамбаў, насыпаў, здабычы карысных выкапняў і інш. Здабыўныя З.с. маюць абагачальную ўстаноўку і наз. драгамі.

М.​М.​Кунцэвіч.

Шматкаўшовы землечарпальны снарад.

т. 7, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Major),

незаходнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 галоўных, найб. яркіх, зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Усе яны 2-й зорнай велічыні, акрамя левай верхняй зоркі «каўша» (3-й велічыні). Каля сярэдняй зоркі «ручкі каўша» (Міцара) простым вокам відаць зорка Алькор. 125 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і ёсць яркія галактыкі. На тэр. Беларусі Вялікую Мядзведзіцу відаць круглы год. Гл. Зорнае неба.

Па «каўшы» Вялікай Мядзведзіцы знаходзяць Палярную зорку, праз 2 крайнія зоркі (ад β да α) мысленна праводзяць лінію і прадаўжаюць яе прыблізна на пяцікратную адлегласць паміж гэтымі зоркамі.

Сузор’і Вялікая Мядзведзіца і Малая Мядзведзіца.

т. 4, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́ ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫКІ.

Створана ў 1970 на царк. з’ездзе ў г. Саўт-Рывер (ЗША). Аб’ядноўвае правасл. прыходы ЗША і Канады, якія ўзніклі на пач. 1950-х г. Выступае як самаст. епархія ў складзе экзархата Канстанцінопальскай патрыярхіі ў Паўн. і Паўд. Амерыцы. Дзейнасць царквы рэгламентуецца статутам (1980). Усе прыходы афіцыйна прызнаны краінамі, дзе яна дзейнічае. На чале царквы ў ЗША і Канадзе М.​Лапіцкі (1970—76), С.​Коўш (з 1977). Вядзе дабрачынную, выхаваўчую, адукац., выдавецкую дзейнасць: з 1951 выдае час. «Царкоўны сьветач», штогодні бел. правасл. каляндар; падтрымлівае выданне час. «Беларуская думка»; адкрыты Бел. рэліг.-адпачынкавы цэнтр Бэлер-Менск (штат Нью-Йорк), Бел. рэліг.-грамадскі цэнтр у Саўт-Рыверы, працуюць суботнія і нядзельныя школы для дзяцей бел. эмігрантаў.

Л.​У.​Языковіч.

т. 2, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗАЗАХО́ПНЫЯ ПРЫСТАСАВА́ННІ,

механізмы і прыстасаванні да грузападымальных машын, прызначаныя захопліваць, перамяшчаць і разгружаць розныя грузы. Грузазахопныя прыстасаванні для штучных грузаў — чалачныя стропы, скобы, грузавыя траверсы, клешчавыя і эксцэнтрыкавыя захопы, крукі, клямары, гакі, сеткі; для насыпных — грэйферы, каўшы, кюбелі; для наліўных — бодні, спец. ёмістасці.

Бываюць аўтаматычныя (кіруюцца прыводам грузападымальнай машыны, напр. аўтастропы, грузавыя электрамагніты), паўаўтаматычныя (выпускаюць зашчэмлены груз пры апусканні яго на апорную паверхню, напр. абцуговыя захопы) і ручныя (замацоўваюцца і знімаюцца з грузаў уручную). Для падымання грузаў з плоскімі паверхнямі (лісты, буд. блокі, каробкі) выкарыстоўваюць вакуумныя грузазахопныя прыстасаванні, аснашчаныя захопамі, галоўкамі і гнуткімі прысосамі. Пашыраны спецыялізаваныя грузазахопныя прыстасаванні для пэўных грузаў — рулонаў і пакетаў ліставых матэрыялаў, кантэйнераў, бярвён і да т.п.

У.​М.​Сацута.

Грузазахопныя прыстасаванні: 1 — петлі з канатаў; 2 — строп; 3 — крук; 4 — гакі вяртлюжны і з карабінам, 5 — клямар; 6 — эксцэнтрыкавы захоп; 7 — бодня; 8 — кюбель (коўш); 9—11 — клешчавыя захопы; 12 — грузавая траверса; 13 — грэйфер, 14 — электрамагніт.

т. 5, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАЗАБО́РНАЕ ЗБУДАВА́ННЕ, водазабор,

гідратэхнічнае збудаванне, якое ажыццяўляе забор вады з адкрытага вадаёма (ракі, возера, вадасховішча) для мэт гідраэнергетыкі, водазабеспячэння, ірыгацыі і інш. Забяспечвае пропуск вады ў вадавод (канал, трубаправод, тунэль і інш.) у зададзеным аб’ёме, належнай якасці і ў адпаведнасці з графікам водаспажывання.

Бываюць: безнапорныя і напорныя; водазаборныя збудаванні ГЭС — берагавыя, вежавыя, на бетонных збудаваннях, плывучыя; водазаборныя збудаванні сістэм водазабеспячэння — водапрыёмнікі (збіраюць ваду ад асушальных сістэм і адводзяць яе); рачныя — берагавыя, рэчышчавыя, каўшовыя (з басейнам-каўшом у галаве канала); ірыгацыйныя — бесплацінныя (у т. л. берагавыя, каўшовыя і шпорныя са. шпорай-дамбай, якая выступае ў рэчышча) і плацінныя (будуюцца ў целе плаціны або на беразе, забіраюць ваду з верхняга б’ефа). Для забору падземных вод выкарыстоўваюць вертыкальныя (у выглядзе буравых свідравін і шахтавых калодзежаў) і гарызантальныя (траншэйныя, галерэйныя) водазаборныя збудаванні, а таксама каптажныя збудаванні (гл. Каптаж).

А.​Я.​Вакар.

Схемы водазаборных збудаванняў: а — галаўнога берагавога (1 — рашотка для затрымкі смецця, 2 — засаўка, 3 — рыбазагараджальнік, 4 — усмоктвальная труба); б — бесплаціннага паверхневага берагавога (1 — рэгулятар з засаўкамі, 2 — канал); в — бесплаціннага паверхневага каўшовага (1 — коўш, 2 — трубаправод).

т. 4, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМАЛЁЎКА дэкаратыўная, арнаментальныя ці сюжэтныя кампазіцыі, выкананыя фарбамі на розных частках арх. збудаванняў (манум.-дэкар. Р.), рэчах хатняга ўжытку (мэбля, посуд і інш.), ювелірных вырабах, творах маст. і сувенірнага прызначэння і інш.; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. З глыбокай старажытнасці ў многіх народаў свету вядома Р. па кераміцы, дрэве, метале, лаках і інш. (гл. Жостаўская размалёўка, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Растоўская фініфць, Фядоскінская мініяцюра, Хахламская размалёўка). На Беларусі манум.-дэкар. Р. вядома з 11 ст. (фрэскі на сценах храмаў), з 16 ст. адзін з найб. пашыраных відаў манументальнага жывапісу. З 15 ст. вядома Р. па шкле (гл. Шкло мастацкае), з 17 ст. — батык. У 18 ст. Р. дэкарыравалі вырабы Свержанскай фаянсавай мануфактуры і Целяханскай фаянсавай мануфактуры. Р. эмалямі па метале і фарфоры (фініфць) аздаблялі дэталі абкладаў кніг, крыжы, літургічны посуд і інш. Здаўна ў побыце беларусаў вядомы пісанкі. З канца 19 ст. Р. вылучылася ў самаст. від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў, ёю аздаблялі інтэр’еры жылля, хатняе начынне, мэблю. У 1-й пал. 20 ст. пашырылася Р. па дрэве, паперы, тканіне, шкле (гл. Агоўскія куфры, Агоўская размалёўка, Давыд-Гарадоцкія куфры, Лідскія куфры, Нарачанска-дзісенскія дываны). З 2-й пал. 20 ст. размаляваныя рэчы дэкар.-прыкладнога і сувенірна-маст. характару (насценныя пано, кухонныя наборы, куфэркі, цацкі і інш.) выпускаюць прадпрыемствы маст. прам-сці (гл. Мастацкіх вырабаў вытворчасць), ствараюць нар. майстры. Манум.-дэкар. Р. пашырана ў інтэр’ерах грамадскіх будынкаў.

Літ.:

Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986;

Сахута Е.М., Говор В.А. Художественные ремесла и промыслы Белоруссии. Мн., 1988;

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Размалёўка. Лекіф з выявай Афрадыты з лебедзем. Каля 490 да н.э.
Да арт. Размалёўка. П.​Пучкоў. Куфэрак «Від на храм Хрыста Збавіцеля, 1920 г.». Фядоскіна. Расія. 1994.
Да арт. Размалёўка. Коўш. Беларусь. 16 ст.
Да арт. Размалёўка. І.​Баранюк. Паляўнічы страляе ў аленя. Гуцульская кафля. Пач. 20 ст.
Да арт. Размалёўка. А.​Макоўчык. Размалёўка па шкле. Бярозаўскі раён Брэсцкай вобл. 1960-я г.
Да арт. Размалёўка. Дз.​Цубер. Куфэркі. Горад Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1987.
Да арт. Размалёўка. Я.​Драздовіч. Дыван 1930-я г.

т. 13, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны са спец. рабочымі органамі для выканання адной або некалькіх аперацый тэхнал. працэсу меліярац. работ. Выкарыстоўваюцца для буд-ва, рамонту і догляду арашальных сістэм, асушальных сістэм, выканання аграмеліярац. работ, паліву с.-г. культур. Бываюць: бесперапыннага і цыклічнага дзеяння; з актыўнымі (ратацыйнымі, шнэкавымі, каўшовымі, камбінаванымі), пасіўнымі (плужнымі, адвальнымі) ці актыўна-пасіўнымі (ротарна-плужнымі, скрабалкава-нажавымі) рабочымі органамі; навясныя, прычапныя, паўпрычапныя, самаходныя, гусенічныя, колавыя, на лыжах, плывучыя.

Сістэма М.м. складаецца з 8 груп тэхн. сродкаў, кожная група ўключае тэхнал. комплексы. Энергетычныя, транспартныя і пагрузачныя сродкі ўключаюць: дызельныя электрастанцыі і кампрэсарныя станцыі (устаноўкі); трактары гусенічныя і колавыя, самаходныя шасі — як база для бульдозераў, рыхліцеляў, для агрэгатавання з меліярац. і с.-г. прыладамі; аўтамабілі грузавыя, седлавыя цягачы, спец. — аўтамабілі-фургоны, -цыстэрны, -змяшальнікі, цэментна-, бетона-, труба- і лесавозы, механізаваныя агрэгаты для тэхн. догляду, прычэпы; аўтамаб. і гусенічныя краны, пагрузчыкі, трубаўкладчыкі. Агульнабудаўнічыя тэхнічныя сродкі для механізацыі меліярацыйных работ: аднакаўшовыя і траншэйныя экскаватары, бульдозеры, скрэперы, аўтагрэйдэры і грэйдэры, каткі, палівачныя машыны, рыхліцелі, земснарады, машыны для буд-ва, абслугоўвання і рамонту свідравін. Машыны для будаўніцтва арашальных і асушальных сістэм: каналакапальнікі, дрэнажныя машыны, планіроўшчыкі, баразнаробы, машыны для абліцоўкі каналаў, умацавання адхонаў і інш. Машыны для культуртэхнічных работ; карчавальныя машыны, кустарэзы, каменяўборачныя машыны, драбілкі камянёў, балотныя плугі, рыхліцелі, бароны, фрэзерныя машыны, каткі палявыя і дарожныя, машыны для аэрацыі, сяўбы і інш. Машыны для догляду і рамонту арашальных і асушальных сістэм: каналаачышчальныя машыны, касілкі, дрэнапрамывачныя машыны, агрэгаты для рамонту дрэн, для догляду гідратэхн. збудаванняў і інш. Тэхніка для арашэння: дажджавальныя машыны і ўстаноўкі, камплекты кропельнага арашэння, перасоўныя агрэгатныя палівальшчыкі, гідрападкормшчыкі, прыстасаванні для ўнясення пестыцыдаў і мінер. угнаенняў, помпавыя станцыі і інш. Абсталяванне для пошукавых работ: буравыя ўстаноўкі, прыстаўкі для статычнага зандзіравання, грунтапомпы для плывунных і воданасычаных грунтоў. Ветраэнергетычныя агрэгаты і ўстаноўкі: водападымальныя ўстаноўкі, ветраагрэгаты для ўстановак пашавага водазабеспячэння, ветраэлектрычныя агрэгаты.

Прадпрыемствы Беларусі (Мазырскі завод меліярацыйных машын, эксперыментальна-вытв. прадпрыемства меліярацыі і лугаводства Беларускага НДІ, рамонтныя прадпрыемствы Беларускага дзяржаўнага канцэрна па будаўніцтве і эксплуатацыі меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм) выраблялі або вырабляюць і цяпер многія М.м.: каналаачышчальнікі, каналакапальнікі, кротадрэнажныя машыны, кратавальнікі, шчылінарэзныя машыны, карчавальнікі. кустарэзы, гідрасеялкі, машыны для прамыўкі дрэн, касілкі, планіроўшчыкі і інш.

Літ.:

Машины для строительства и содержания осушительных дрен. М., 1973;

Машины и оборудование для планировки откосов мелиоративных каналов. М., 1978;

Мелиоративные машины. М., 1980;

Справочник механизатора-мелиоратора. Мн., 1982;

Кондратьев В.Н. Гидравлические сеялки для укрепления каналов. М., 1988.

В.​М.​Кандрацьеў.

Меліярацыйныя машыны: а — каналаачышчальнік КМ-82; б — дрэнаачышчальнік МДВ-10 (1 — усмоктвальны рукаў, 2 — ёмістасць, 3 — барабан з прамывачным шлангам, 4 — асвятляльнік, 5 — помпы, 6 — пульт кіравання).
Рабочыя органы меліярацыйных машын: 1—3 — каўшы пашыраны, рашотчаты, самаачышчальны; 4 — коўш-касілка; 5 — землясос; 6 — ротар-кідальнік; 7 — падборшчык; 8—9 — касілкі ротарныя (більная і дыскавая).

т. 10, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЬБА́ ПА ДРЭ́ВЕ,

спосаб апрацоўкі драўніны з дапамогай спец. інструментаў (нажа, разца, сякеры, свердла, пілы і інш.); від разьбы мастацкай. Выкарыстоўваецца пры вырабе прадметаў побыту, посуду, трансп. сродкаў, прылад працы, для ўпрыгожвання будынкаў, стварэння скульптур (гл. Скульптура драўляная), маст. вырабаў і інш. Вядома са старажытнасці многім народам свету. Шырока вядомы гуцульская (Украіна), багародская разьба, абрамцава-кудрынская разьба (Расія), драўляная скульптура Літвы, Польшчы, народаў Афрыкі і інш. На Беларусі пашырана контурная, выемчатая (пераважна трохгранна-выемчатая), рэльефная, скразная, аб’ёмная Р. па д., сродкамі якой ствараюць скульптуру. Схематычна, умоўна трактаваныя драўляныя фігуркі чалавека і жывёл вядомы з часоў каменнага веку. У 9—13 ст. геам. («вочкавым») арнаментам аздаблялі грабяні, лыжкі, чарпакі, прылады працы, зброю. У 14—16 ст. нізкарэльефнай разьбой аздаблялі інтэр’еры культавых збудаванняў, палацаў, сядзіб, мэблю. Напр., пінскім разьбяром Ананіем створаны двухбаковы абраз «Премудрость созда себе храм. Праздники» (1499—1525). У 17—18 ст. гэты від разьбы развіўся ў аб’ёмна-ажурную (гл. Беларуская рэзь). Тагачасная разьба характарызуецца цеснай сувяззю з архітэктурай, у ёй адбіліся пануючыя маст. стылі — рэнесанс, барока, ракако, з канца 18 ст. — класіцызм. Разьбой упрыгожвалі іканастасы, алтары, амбоны, арганы, сцены палацаў і храмаў: іканастас Мікалаеўскай царквы ў Магілёве (1669—72), алтары Будслаўскага касцёла бернардзінцаў, Воўпаўскага касцёла Іаана Хрысціцеля, Навамышскага Праабражэнскага касцёла, Порплішчанскай Спаса-Праабражэнскай царквы (усе 17 ст.), касцёла Гродзенскага кляштара езуітаў, Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў (18 ст.) і інш. У нар. побыце найб. пашырэнне мела трохгранна-выемчатая разьба геам. характару, якой аздаблялі прылады працы (гл. Камянецкія прасніцы), хатняе начынне, посуд, трансп. сродкі. З канца 19 ст. у нар. драўляным дойлідстве пашырылася прапілоўка, якой аздаблялі ліштвы, карнізы, ганкі (гл. Разьба архітэктурная), а таксама мэблю. Р. па д. займаюцца многія нар. майстры, прафес. і самадзейныя мастакі (М.​Няхай, М.​Свірачкоў, М.​Рышкевіч і інш.). Пашыраны ўсе яе віды. Асаблівую папулярнасць набыла драўляная скульптура (І.​Супрунчык, А.​Маголін, І.​Лізура, А.​Лавор, Ф.​Максімаў, М.​Тарасюк і інш.). Утылітарна-дэкар. вырабы і сувеніры ў тэхніцы Р. па д. выпускаюць многія прадпрыемствы маст. прам-сці (гл. Мастацкіх вырабаў вытворчасць). У 1999 праведзена 1-е Рэсп. свята-конкурс разьбярства «Дрэва жыцця». Іл. гл. таксама да арт. Разьба мастацкая, Скульптура драўляная.

Літ.:

Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;

Сахута ЯМ. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;

Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;

Канцедикас А.С. Литовская народная скульптура. М., 1974;

Дерево в архитектуре и скульптуре славян: Пер. с фр. М., 1987.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Разьба па дрэве. Фрагмент царскіх варот з царквы Грыгорыя Неакесарыйскага ў Маскве. 17 ст.
Да арт. Разьба па дрэве. Коўш. Беларусь. Пач. 20 ст.
Да арт. Разьба па дрэве. Пудраніца, біклага, талерка. Івана-Франкоўская вобл. Украіна. 1970-я г.
Да арт. Разьба па дрэве. Маска народа макондэ. Мазамбік.

т. 13, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ РАБО́ТНІК ТРА́НСПАРТУ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца высокапрафесійным работнікам чыг., паветр., воднага, аўтамаб., трубаправоднага і інш. відаў транспарту, якія працуюць у галіне транспарту 15 і больш гадоў, за заслугі ў павышэнні эфектыўнасці вытворчасці і паляпшэнні выкарыстання трансп. сродкаў, зніжэнні сабекошту перавозак, павышэнні якасці трансп. паслуг, эканоміі матэрыяльных і паліўных рэсурсаў, забеспячэнні бяспекі руху, аховы навакольнага асяроддзя. Устаноўлена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 29.10.1971 існавала званне засл. работнік транспарту Беларускай ССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР.

Заслужаныя работнікі транспарту Рэспублікі Беларусь

1971. А.​В.​Анфімаў, А.​М.​Арлоў, А.​С.​Арлоўскі, М.​М.​Белабровік, С.​М.​Бліннікаў, М.​Ф.​Букаў, У.​І.​Верамейчук, К.​С.​Жук, Г.​Г.​Іваноў, У.​Р.​Івановіч, К.​С.​Каваль, Ф.​Ф.​Каляка, М.​К.​Караулаў, А.​В.​Касай, В.​С.​Качарскі, А.​В.​Куценка, М.​Н.​Леўчык, А.​В.​Лук’янаў, Ф.​А.​Мацюшын, Я.​Ц.​Наталевіч, А.​С.​Пазняк. У.​С.​Палякоў, І.​Я.​Рабаконь, А.​П.​Трафімаў, М.​Ф.​Трафімаў, С.​В.​Тачылін, К.​А.​Філонаў, М.​І.​Хартава, С.​А.​Цітоў, А.​Ф.​Цюрыкава, І.​М.​Шавейка, М.​А.​Шалякін, Ф.​М.​Шарай, М.​В.​Швейкус, М.​А.​Якуш, К.​М.​Янкоўскі.

1972. І.​А.​Дударчык, Ф.​П.​Клачок, І.​А.​Махвіц.

1973. В.​В.​Анановіч, В.​М.​Залеская, Р.​А.​Карначоў, В.​П.​Філатаў.

1975. М.​З.​Акаліта, У.​А.​Арэхаў, М.​І.​Асмалоўскі, Д.​Ф.​Байдах, Дз.​С.​Баранаў, А.​С.​Бачыла, Б.​С.​Белашкурка, В.​В.​Бондараў, Р.​А.​Буракоў, А.​Р.​Бут-Гусаім, Р.​А.​Вальчук, А.​К.​Варабей, М.​І.​Васілёнак, Я.​М.​Венядзіктаў, М.​Р.​Верамееў, У.​Ф.​Галісевіч, К.​М.​Гараўцоў, І.​М.​Гуркоў, І.​Н.​Даўжэнка, М.​М.​Жук, А.​М.​Зінкевіч, А.​К.​Зызнік, В.​Я.​Ільюшонак, У.​С.​Казлоў, В.​У.​Калядзін, П.​Я.​Канапацкі, М.​І.​Краснабаеў, М.​М.​Кучынскі, В.​М.​Лічман, С.​І.​Луцэвіч, М.​П.​Лявоненка, М.​Н.​Мазалеўскі, М.​С.​Мяленцьеў, М.​М.​Пархоменка, Дз.​М.​Рудзін, М.​С.​Рэзнікаў, Г.​М.​Сарокін, А.​Ц.​Собалеў, І.​С.​Цімашэнка, А.​А.​Шпакаў, І.​М.​Шуваеў, П.​Ф.​Юрчанка, Я.​П.​Юшкевіч.

1976. І.​І.​Анкуда, П.​М.​Архіпаў, С.​Ц.​Архіпаў, І.​А.​Беластоцкі, Я.​Г.​Белякоў, П.​М.​Блізнюк, М.​С.​Ганецкі, І.​В.​Гаражанцаў, М.​А.​Гарбаценка. У.​І.​Гаўрылюк, Д.​Р.​Глушаненка, В.​І.​Грэсь, М.​Р.​Дзмітрыенка, Л.​С.​Дзямешка, Я.​Ф.​Зайцаў, В.​К.​Ількевіч, Н.​І.​Кавальчук, А.​Р.​Косікаў, У.​С.​Крамянецкі, А.​А.​Кузняцоў, Л.​П.​Кузняцоў, Я.​П.​Макарэвіч, С.​Е.​Мардачоў, А.​А.​Маруцік, М.​В.​Машчук, С.​П.​Медзін, І.​М.​Мельнікаў, Л.​П.​Пазнякоў, І.​В.​Патапаў, Я.​Ф.​Паўлоўскі, А.​М.​Півавараў, А.​І.​Пустаход, А.​Д.​Пятроўскі, І.​А.​Рыбакоў, С.​Я.​Сачкоўскі, І.​І.​Сегенчук, А.​Т.​Сідараў, І.​І.​Сляпец, Р.​І.​Такуноў, А.​А.​Тарасевіч, К.​І.​Ткачэнка, В.​А.​Туркоў, Ц.​У.​Хахлоў, С.​Д.​Шабуневіч, І.​В.​Шыпіца, І.​П.​Яромін, Я.​Ф.​Яўсеенка.

1997. Ю.​П.​Марозава, К.​Р.​Крывашчокі, Р.​У.​Пятроўскі, Ф.​П.​Шабалін.

1978. Ю.​Л.​Афанасьеў, С.​Е.​Бераснёў, С.​В.​Валіцкі, В.​І.​Вільчынскі, В.​К.​Ельскі, П.​Е.​Каранчук, М.​П.​Кулік, А.​Ф.​Кушнер, І.​А.​Маркоўскі, В.​Г.​Мешчарук, М.​В.​Наканечны, М.​Н.​Платонаў, С.​Я.​Плотнікаў, А.​Н.​Рудзеня, Ю.​А.​Савельеў, С.​В.​Сіманенка, П.​Д.​Смялянскі, В.​М.​Сямёнаў, А.​У.​Храноўскі.

1979. Г.​І.​Аўсянкін, В.​Я.​Баранаў, М.​Л.​Барздоў, Л.​М.​Белянкоў, М.​І.​Вайцюк, С.​В.​Ждановіч, І.​С.​Жывуцкі, А.​А.​Жылко, А.​М.​Каляга, І.​М.​Кахценка, Б.​Я.​Класоўскі, Н.​Г.​Козел, І.​Л.​Мароз, В.​С.​Мікалуцкі, Г.​І.​Новікаў, Р.​С.​Падгайскі, Ф.​А.​Пятроў, І.​І.​Радчанка, Ф.​І.​Сабалеўскі, Т.​Т.​Сіпаты, В.​М.​Фёдараў, М.​І.​Чэрнак, Т.​П.​Шадура.

1980. М.​І.​Аксёнчык, І.​А.​Артамонаў, І.​І.​Астапенка, А.​А.​Бохан, М.​П.​Брэнч, В.​І.​Бусел, М.​Я.​Гардзейчык, А.​А.​Грамовіч, А.​Л.​Дружылоўскі, Дз.​Р.​Зубовіч, П.​П.​Зялінскі, Р.​П.​Кандрацюк, Б.​А.​Квіткоўскі, А.​К.​Кішчынскі, А.​П.​Кот, М.​А.​Кузьміцкі, Э.​С.​Лапцэвіч, А.​С.​Лях, А.​С.​Ляшчынскі, М.​А.​Маліноўскі, М.​Ф.​Махначоў, М.​А.​Мініч, В.​І.​Місан, М.​П.​Молчан, В.​У.​Нарэйка, Р.​А.​Праскоў, І.​М.​Сапранкоў, А.​І.​Скармаховіч, А.​В.​Сцепічаў, М.​А.​Цыёлта, Л.​Р.​Шакуй, Я.​М.​Штэфан.

1981. М.​Р.​Барысаў, А.​І.​Заікін, П.​Ф.​Кавалеўскі, Р.​Р.​Казека, С.​І.​Камар, М.​Г.​Кучмін, В.​П.​Максімчук, Ю.​І.​Марынкевіч, А.​П.​Пархоменка, В.​С.​Пянькоўскі, А.​В.​Ступінскі.

1982. В.​С.​Багдановіч, Т.​К.​Вяленчыц, А.​І.​Жданаў, А.​М.​Крэль, Дз.​С.​Сверкуноў.

1983. А.​Ф.​Акімаў, М.​П.​Аўраменка, А.​А.​Дрозд, У.​А.​Казючыц, В.​М.​Сердзюкоў, М.​А.​Сямкоў, А.​І.​Харашылаў.

1984. М.​С.​Каліта, П.​В.​Мітасаў, К.​А.​Хвайніцкі, І.​С.​Шчарбакоў.

1985. М.​І.​Мінін, С.​А.​Плаксін, У.​Т.​Рабчанка, М.​І.​Шашкоў.

1986. Л.​Л.​Бачыла, А.​В.​Бульба, У.​І.​Гапееў, В.​П.​Дзмітрыеў, В.​А.​Драздоў, У.​К.​Емяльянчык, І.​П.​Еўтуховіч, М.​С.​Заблоцкі, Г.​А.​Коктыш, М.​А.​Лобаў, М.​М.​Марчук, У.​І.​Піліпенка, В.​А.​Турчанка, М.​Н.​Юшкевіч.

1987. К.​М.​Калеснік, В.​В.​Клачко, В.​Д.​Максімішын, Г.​С.​Мархутаў, У.​І.​Мацюнін, У.​І.​Шыдлоўскі.

1988. У.​К.​Аўдашкаў, В.​А.​Бяневіч, А.​Б.​Дабжынецкі, А.​А.​Дземічаў, Э.​А.​Каспяровіч, С.​Г.​Сталярчук.

1989. Г.​Л.​Альтшуль, Я.​В.​Башын, У.​М.​Вырабка, І.​С.​Гаргун, Я.​Р.​Грышукевіч, П.​П.​Кліменка, Л.​М.​Перхуноў, М.​І.​Салавей, С.​І.​Цярэшка, В.​С.​Штайда.

1990. М.​Т.​Грыбоўскі, Л.​Ц.​Драчынская, І.​І.​Коўш.

1991. Г.​С.​Барашка, М.​А.​Грынюк, Г.​Г.​Драбышэўскі, У.​У.​Малаш, Б.​У.​Мурашкевіч, Г.​П.​Панкратаў, А.​І.​Сарока.

1992. Л.​І.​Бовін, Ю.​М.​Папоў, Ф.​С.​Ратковіч, А.​М.​Сяргееў.

1994. В.​П.​Апарын, У.​С.​Грыб, З.​І.​Лучко.

1996. В.​І.​Бураў, Я.​І.​Валадзько, М.​Х.​Крылоў, Г.​І.​Невяроўскі, У.​К.​Нікановіч, С.​Р.​Шылаў.

1997. Л.​Д.​Юркевіч.

т. 6, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)