1) пад’ёмны механізм бесперапыннага дзеяння для перамяшчэння грузаў у верт. або нахіленым напрамках.
Бываюць: каўшовыя — для пад’ёму па вертыкалі ці стромым (больш за 60°) нахіле насыпных грузаў (пылападобных, зярністых, кавалкавых); палічныя і калыскавыя — для верт. пад’ёму штучных грузаў (дэталей, мяшкоў, скрынь і інш.) з прамежкавай пагрузкай-разгрузкай.
2) У бурыльнай тэхніцы каваны або літы стальны хамут, які замацоўваюць на абсадных трубах і штангах для іх падхоплівання пры спуску ў нафтавыя свідравіны пры рамонтах.
3) Помпа для перамяшчэння па трубаправодах на невял. адлегласці вадкасцей і гідрасумесей (шлакаў, шламаў, пяску і інш.). Гл.Гідраэлеватар.
4) Апарат у сістэмах ацяплення для змешвання гарачай вады, якая паступае з цэнтр. цеплавой сеткі, са зваротнай вадой, што вяртаецца з мясц. сістэмы.
5) Э. збожжавы — збудаванне для захоўвання вял. колькасці збожжа і давядзення яго да неабходных кандыцый.
З’яўляецца высокамеханізаваным збожжасховішчам сіласнага тыпу, звычайна абсталяваны ўстройствамі для прыёму, узважвання, сушкі, ачысткі, адгрузкі збожжа. Бываюць нарыхтоўчыя — для прыёму збожжа ад с.-г. гаспадарак (ёмістасць 15—100 тыс.т), вытворчыя — на прадпрыемствах перапрацоўчай прам-сці (10—150 тыс.т), базісныя — для працяглага захоўвання збожжа (100—150 тыс.т і больш), перавалачныя і партовыя (50—150 тыс.т). Складаюцца са злучаных у карпусы ёмістасцей (сіласаў) з маналітнага або зборнага жалезабетону, зблакіраваных з рабочым будынкам, дзе размешчана асн.тэхнал. і трансп. абсталяванне. Першы збожжавы Э. пабудаваны ў 1845 у ЗША, у 1887 — у Расіі.
В.М.Кандрацьеў.
Схемы элеватараў: а — каўшовага з гравітацыйнай разгрузкай; б — палічнага; в — люлечнага; 1 — коўш; 2 — прывадныя зорачкі і барабаны; 3 — паліцы; 4 — цягавыя органы (ланцугі ці стужкі); 5 — нацяжныя зорачкі; 6 — люлькі.