СІГНАТУ́РА (позналац. signatura ад лац. signare абазначаць, указваць),

1) частка рэцэпта з указаннем спосабу прыёму лякарства; таксама копія рэцэпта ўрача, якая прыкладаецца да выдадзенага аптэкай лякарства.

2) Парадкавы нумар кожнага друкаванага аркуша ў кнізе, часопісе, які друкуецца на 1-й і 3-й яго старонках злева ўнізе з мэтай кантролю за правільнасцю фальцоўкі і брашуравання.

т. 14, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ПЛІКА (франц. réplique, італьян. replica ад лац. replico паўтараю, адказваю),

1) у тэатры — элемент сцэнічнага дыялогу: фраза ў адказ на словы партнёра, апошняя фраза (або яе частка) персанажа, за якой ідзе тэкст інш. дзейнай асобы.

2) У выяўленчым мастацтве — аўтарская копія маст. твора, якая адрозніваецца ад яго памерамі, часам дробнымі дэталямі. Можа быць выканана інш. мастаком пад наглядам аўтара.

т. 14, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПРАГРА́ФІЯ [ад рэпра(дукцыя) + ...графія],

абагульненая назва розных відаў капіравання тэкставых і ілюстрацыйных матэрыялаў, дакументаў і інш., не звязаных (у адрозненне ад паліграфіі) з выкарыстаннем друкарскіх форм. Да Р. адносяцца дыязакапіраванне, ксеракапіраванне (гл. Ксераграфія), мікрафільмаванне, святлокапіраванне, тэрмакапіраванне, фотакапіраванне, спосабы электраграфіі. Адрозніваецца дакладнасцю (факсімільнасцю) узнаўлення арыгінала, магчымасцю змены яго маштабу, кароткім тэхнал. цыклам (копія робіцца непасрэдна з арыгінала). У Р. выкарыстоўваецца разнастайная размнажальная тэхніка.

т. 14, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЭ́КПУЛ (Blackpool),

горад на З Вялікабрытаніі, на беразе Ірландскага м. 143 тыс. ж. (1989). Аэрапорт. Авіяц., аўтамаб., тэкст., харч. прам-сць. З 18 ст. вядомы як курорт. Вызначаецца мяккім кліматам, пясочны пляж даўж. больш за 10 км. Цэнтр адпачынку, марскіх купанняў і турызму (больш за 5 тыс. атэляў і пансіянатаў). Традыцыйнае месца правядзення канферэнцый брыт. партыі і прафсаюзаў. У 1895 у Блэкпуле пабудавана паменшаная (выш. 158 м) копія Эйфелевай вежы.

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КІЙ,

старажытнагрэчаскі жывапісец 4 ст. да н.э. Прадстаўнік афінскай школы. Выконваў паліхроміі мармуровых скульптур Праксіцеля. Аўтар насценных размалёвак, надмагільных стэл, карцін на дошках. Работы Н. не захаваліся, некат. вядомы паводле апісанняў у літ. крыніцах: «Іо і Аргус», «Персей і Андрамеда», «Каліпса», партрэт Аляксандра Вялікага. Мяркуецца, што копіямі яго прац з’яўляюцца некат. размалёўкі ў Пампеях.

Нікій. Персей і Андрамеда. Рымская копія з арыгінала. 2-я пал. 4 ст. да н.э.

т. 11, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЛЬГАМЕШ,

паўлегендарны правіцель шумерскага г. Урук (28 ст. да н.э.). У эпічных песнях 3-га тыс. да н.э., паэме канца 3-га — пач. 2-га тыс. да н.э. апісваюцца подзвігі Гільгамеша, яго дружба з дзікім чалавекам Энкіду, падарожжа ў пошуках сакрэту бессмяротнасці. Копія паэмы, напісаная клінапісам на 12 гліняных таблічках, знойдзена ў б-цы асірыйскага цара Ашурбаніпала.

Гільгамеш. Рэльеф на браме палаца Саргана II у г. Дур-Шарукін. 8 ст. да н.э.

т. 5, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТО́ГРАФ [ад грэч. pan (pantos) усё + ...граф],

прылада для перачэрчвання карт, планаў, рысункаў змененага, звычайна больш дробнага маштабу. Бываюць розных памераў і канструкцый, у т. л. падвесныя, на колцах і інш. Падвесны П. дае больш высокую дакладнасць копій. П. складаецца з 4 папарна паралельных лінеек, злучаных шарнірамі. Суадносіны маштабаў арыгінала і копій мяняюцца перамяшчэннем лінеек.

Пантограф: AB, CD, AE, BF — папарна паралельныя лінейкі; A — нерухомая кропка; у кропцы F — арыгінал схемы; у кропцы K — зменшаная копія.

т. 12, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІ́НА, Афіна Палада,

у стараж.-грэч. міфалогіі багіня вайны і перамогі, мудрасці, ведаў, мастацтваў і рамёстваў. Паводле міфа, Афіна ў шлеме і панцыры выйшла з галавы Зеўса. Культ Афіны быў распаўсюджаны па ўсёй Грэцыі, асабліва яе шанавалі ў Афінах. З Афінай грэкі звязвалі назву горада, лічылі багіню яго апякункай. У гонар Афіны штогод спраўлялі свята Панафінеі. Храм Афіны Парфенон — выдатны помнік стараж.-грэч. мастацтва. У рым. міфалогіі ёй адпавядае Мінерва.

Афіна. Скульптар Міран. Сярэдзіна 5 ст. да н.э. Рымская копія.

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНІМЕ́Д,

у грэчаскай міфалогіі сын траянскага цара Троса. За незвычайную прыгажосць яго выкраў Зеўс (паслаў за ім арла ці быў сам у абліччы арла). На Алімпе Ганімед стаў каханкам Зеўса і віначэрпам багоў. Паводле інш. міфаў, Ганімед узнесены на неба ў выглядзе задыякальнага сузор’я Вадалей. Міф пра Ганімеда — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. роспісы, малюнак Мікеланджэла, скульптуры Леахара, Б.​Торвальдсена, карціны Карэджа, П.​П.​Рубенса, Рэмбранта і інш.).

Ганімед з арлом. Рымская копія з грэчаскага арыгінала 3—2 ст. да н.э.

т. 5, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІГО́ЛЬД (англ. copyhold трыманне па копіі ад сору копія + hold трыманне),

асноўная форма феадальна-залежнага дробнага сял. землеўладання ў Англіі 15—17 ст. На права валодання зямельным надзелам селяніну выдавалі копію (адсюль назва) — выпіску з пратакола суда манара. Сяляне-капігольдэры не мелі прававой абароны ў судах, неслі шмат павіннасцей на карысць лорда. У большасці выпадкаў К. быў пажыццёвым, а не спадчынным. У пач. 16 ст. адбылося масавае абеззямельванне капігольдэраў. У выніку парламенцкіх агароджванняў К. фактычна ліквідаваны (юрыдычна адменены толькі ў 1925).

т. 8, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)