ВЕГЕТАТЫ́ЎНАЕ РАЗМНАЖЭ́ННЕ,

утварэнне новага арганізма з часткі мацярынскага, адзін са спосабаў бясполага размнажэння. У жывёльных арганізмаў ажыццяўляецца пачкаваннем (губкі, кішачнаполасцевыя, некат. чэрві, імшанкі, абалоннікі) або дзяленнем (прасцейшыя, плоскія і кольчатыя чэрві), у ніжэйшых раслін (напр., у водарасцей) — часцей дзяленнем, радзей пачкаваннем (некат. сумчатыя грыбы, напр., дрожджы, некат. базідыяльныя грыбы), у ніжэйшых шматклетачных раслін — распаданнем цела на часткі, здольныя да рэгенерацыі. Вышэйшыя расліны могуць размнажацца карэнішчамі (шматгадовыя травы), чаранкамі (сцябловымі — агрэст, вярба, ружа, таполя; лісцевымі — бягонія, седум; каранёвымі — ажына, вішня, маліна, сліва), адводкамі (яблыня, груша, ягадныя культуры), цыбулінамі (цыбуля, часнок), клубнямі (бульба, тапінамбур) і інш. Вегетатыўнае размнажэнне мае шэраг пераваг перад палавым: лёгкасць размнажэння, хуткае развіццё і ранні пачатак плоданашэння, захаванне ў патомстве прыкмет і ўласцівасцей мацярынскай расліны. Выкарыстоўваецца ў пладаводстве, агародніцтве, лесаводстве.

т. 4, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕМЯНЕ́ННЕ,

працэс, які забяспечвае ў жывёл сустрэчу палавых клетак — яец і сперматазоідаў; папярэднічае апладненню. Поспех асемянення забяспечваецца адначасовым выспяваннем гамет абодвух палоў. Вонкавае асемяненне ўласціва большасці жывёл, якія жывуць або размнажаюцца ў вадзе (кольчатыя чэрві, двухстворкавыя малюскі, ігласкурыя, кішачнаполасцевыя, бясчэрапныя, кругларотыя, большасць рыб, бясхвостыя земнаводныя). Унутранае асемяненне ўласціва некаторым водным і пераважнай большасці наземных жывёл (плоскія і круглыя чэрві, многія членістаногія і малюскі, большасць пазваночных — акулападобныя, хімеравыя і некаторыя касцістыя рыбы, вышэйшыя пазваночныя). Прамежкавы тып асемянення — вонкава-ўнутранае, пры якім самец выдаляе сперму (у выглядзе кропелек семявай вадкасці ці сперматафораў) у знешняе асяроддзе, на субстрат, пасля чаго яе захоплівае самка; характэрны для многіх ніжэйшых членістаногіх, што жывуць у вадзе, і хвастатых земнаводных. Штучнае асемяненне шырока выкарыстоўваюць пры развядзенні рыб і с.-г. жывёл.

т. 2, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬМІ́НТЫ [ад грэч. helmins (helminthos) чарвяк, гліст],

глісты, паразітычныя чэрві, узбуджальнікі глісных хвароб (гельмінтозаў) чалавека, жывёл і раслін. Вядома каля 18 тыс. відаў. Паводле цыкла развіцця падзяляюцца на біягельмінты і геагельмінты. Да гельмінтаў адносяцца чэрві тыпаў плоскія чэрві: трэматоды, або смактуны, і стужачныя чэрві, або цэстоды; з трэматод у чалавека часцей трапляюцца апістархіды, з цэстод — шырокі стужачнік, бычыны*, свіны і карлікавы цэпні, лічынкі эхінакока і альвеакока; круглыя чэрві, або нематоды, — аскарыды, воласагаловы, вастрыцы, трыхінелы, анкіластаміды і інш.; скрэбні, або акантацэфалы; кольчатыя чэрві, або анеліды. Прадстаўнікі скрэбняў і кольчатых чарвей у чалавека паразітуюць рэдка. Гельмінты паразітуюць практычна ва ўсіх органах і тканках. Звычайна заражаюцца гельмінтамі праз ежу, ваду, скуру, плацэнту, пры паяданні прамежкавага гаспадара. Вывучае гельмінты і выкліканыя імі хваробы гельмінталогія.

т. 5, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРО́КУ О́РГАНЫ,

органы чалавека і жывёлы, якія ўспрымаюць светлавыя раздражненні. Асн. іх элемент — святлоадчувальныя клеткі (фотарэцэптары), размешчаныя пераважна ў галаўной ч. цела. Найб. простыя З.о. — ізаляваныя святлоадчувальныя без зрокавых пігментаў клеткі па ўсёй паверхні цела (напр., у дажджавога чарвяка), здольныя адрозніваць святло ад цемры. Канцэнтрацыя фотарэцэптараў са зрокавымі пігментамі (храмафорамі) прыводзіць да ўтварэння вочных плям (медузы, плоскія чэрві). Некат. кішачнаполасцевыя, кольчатыя чэрві маюць З.о. накшталт пухіра і адрозніваюць форму прадмета. У членістаногіх — фасетачныя вочы; яны ўспрымаюць велічыню і форму прадметаў на блізкай адлегласці. Найб. дасканалыя З.о. ў чалавека (гл. Вока), пазваночных і ў некат. беспазваночных (галаваногія малюскі). У чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл зрокавы аналізатар складаецца з трох асн. аддзелаў: перыферычнага (вока), праводных (зрокавых і падкоркавых) шляхоў і цэнтр. аддзела (патылічнай долі кары вял. паўшар’я галаўнога мозга). Святлоадчувальная абалонка вока (сятчатка) мае рэцэптарныя клеткі: колбачкі і палачкі. Пра функцыі З.о. гл. ў арт. Зрок.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСО́Ў ХВАРО́БЫ,

агульныя або мясцовыя парушэнні росту і развіцця валасоў, выкліканыя паталагічным уздзеяннем вонкавых ці ўнутр. фактараў. Выяўляюцца заўчасным выпадзеннем (гл. Аблысенне) або празмерным развіццём валасянога покрыва (гл. Гіпертрыхоз), зменамі структуры і ўласцівасцяў валасоў (ломкасць, сухасць, расшчапляльнасць і інш.). Узнікаюць ад парушэння абмену рэчываў, функцый нерв. і эндакрыннай сістэм, уздзеяння фіз. фактараў (мех., тэмпературных, хім.), інфекц. і грыбковых скурных хвароб (мікраспарыя, себарэя, трыхафітыя, фавус і інш.), няправільнага догляду і інш.

Да анамалій росту і развіцця валасоў адносяцца абмежаваная сіметрычная алатрыхія валасяной ч. галавы (ачагі стончаных, бясколерных, спіральна закручаных валасоў пасярод нармальных), прыроджаная алапецыя (поўная адсутнасць валасоў у дзяцінстве), урослыя, кольчатыя, перакручаныя, плоскія, раздвоеныя, пучкаватыя валасы, манілетрыкс (спадчынная дыстрафія валасоў), трыхіяз (анамалія росту вейкаў — яны загінаюцца да рагавіцы вока і траўміруюць яе) і інш. Сярод інш. валасоў хвароб нярэдкія алапецыі заўчасная, ачаговая і сімптаматычная з характэрнымі для кожнай варыянтамі выпадзення валасоў, заўчаснае пасівенне (парушаны абмен пігментаў валасоў), розныя віды трыхаклазіі (дыстрафічныя змены валасоў, якія выяўляюцца іх павышанай ломкасцю) і інш. Дыягназ валасоў хвароб ставяць на падставе клінічных прыкмет і мікраскапіі пашкоджаных валасоў. Лячэнне залежыць ад прычыны захворвання, спалучаецца з пэўнай схемай гігіенічнага догляду валасоў.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАШЧАЦІ́НКАВЫЯ ЧЭ́РВІ, алігахеты (Oligochaeta),

клас беспазваночных жывёл тыпу кольчатых чарвей. Каля 27 сям., больш за 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, жывуць у глебе, прэсных вадаёмах, каля 200 відаў марскія. На Беларусі 8 сям., больш за 60 відаў. Найб. трапляюцца дэндрабена васьмігранная (Dendrobaena octaedra), малы чырв. чарвяк (Lumbricus rubellus), наіда зменлівая, або змейка вадзяная зменлівая (Nais variabilis), стылярыя азёрная (Stylaria lacustris), трубачнік звычайны (Tubifex tubifex), шчацінкабрух празрысты (Chaetogaster diaphanus), эаласома гемпрыхава (Aeolosoma hemprichi), энхітрэус белы (Enchytraeus albus). Удзельнічаюць у мулаўтварэнні і мінералізацыі асадкаў у прэсных вадаёмах, уплываюць на структуру глеб, садзейнічаюць самаачышчэнню вадаёмаў. Некаторыя — прамежкавыя і рэзервуарныя гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў дзікіх і свойскіх жывёл; корм для рыб, птушак, землярыек, кратоў і інш.

Даўж. ад 0,5 мм да 3 м. Цела цыліндрычнае, злёгку сплошчанае або чатырохграннае, складаецца з 5—600 членікаў (сегментаў), на кожным з іх (акрамя ротавага) 4 пучкі шчацінак рознай формы. Кормяцца пераважна расліннымі рэшткамі, ёсць драпежнікі і эктапаразіты. Пераважна гермафрадыты, некаторым уласціва бясполае і вегетацыйнае размнажэнне. Яйцы развіваюцца ў кокане. Развіццё прамое. Здольныя да рэгенерацыі. Гл. таксама Дажджавыя чэрві, Кольчатыя чэрві.

Малашчацінкавыя чэрві; 1 — энхітрэус белы; 2 — трубачнік звычайны; 3 — стылярыя азёрная.

т. 10, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,

морфафункцыянальная сукупнасць асобных нейронаў і інш. структур нервовай тканкі жывёл і чалавека, якая аб’ядноўвае дзейнасць усіх органаў і сістэм арганізма ў яго пастаянным узаемадзеянні з навакольным асяроддзем. Успрымае знешнія і ўнутр. раздражняльнікі, аналізуе і перапрацоўвае атрыманую інфармацыю, захоўвае сляды былой актыўнасці (памяць) і адпаведна рэгулюе і каардынуе функцыі арганізма. Аснова дзейнасці — рэфлекс, звязаны з распаўсюджваннем узбуджэння і тармажэння па рэфлекторных дугах. У ходзе эвалюцыі жывёл паступовае ўскладненне Н.с. адбывалася з адначасовым ускладненнем іх паводзін.

У прасцейшых жывёл Н.с. адсутнічае. Сеткападобная, або дыфузная, Н.с. паявілася ў кішачнаполасцевых. Яна хутка праводзіць узбуджэнне з месца раздражнення па ўсіх напрамках, але не дыферэнцыруе рэакцыі. Далейшае ўскладненне Н.с. ішло паралельна з развіццём органаў руху і выяўлялася ў адасабленні нейронаў і паглыбленні іх у цела. Напр., у кішачнаполасцевых, якія жывуць свабодна (медузы), нейроны аб’яднаны ў гангліі і ўтвараюць дыфузна-вузлавую Н.с. Паявіліся спецыялізаваныя рэцэптары, двухполюсныя нейроны (маюць аксоны і дэндрыты), тыпічныя сінапсы, нейраглія. Цэнтралізацыя Н.с. прывяла да вузлавога тыпу арганізацыі (ігласкурыя, малюскі, сучасныя кольчатыя чэрві, членістаногія). У актыўных форм пярэдні канец цела пры перамяшчэнні першым сустракаецца з рознымі раздражняльнікамі, таму на ім развіліся дыстантныя рэцэптары, якія ўспрымаюць святло, гук, пах (паяўленне пачуццяў органаў). Адпаведныя гангліі ў галаўной ч. тулава развіліся больш, падпарадкавалі сабе астатнія і ўтварылі галаўны мозг. Дыферэнцыяцыя крывяноснай, палавой, стрававальнай і інш. сістэм суправаджалася ўскладненнем узаемадзеяння паміж імі і Н.с.

Найб. развіцця Н.с. дасягнула ў млекакормячых, асабліва ў чалавека, пераважна за кошт ускладнення будовы паўшар’яў і кары гал. мозга. Развіццё і дыферэнцыяцыя структур Н.с. ў высокаарганізаваных жывёл абумовілі яе падзел на цэнтральную нервовую сістэму і перыферычную нерв. сістэму.

Літ.:

Никитенко М.Ф. Эволюция и мозг. Мн., 1969;

Сепп Е.К. История развития нервной системы позвоночных. 2 изд. М., 1959;

Куффлер С.В., Николс Дж. От нейрона к мозгу: Пер. с англ. М., 1979.

А.​С.​Леанцюк.

Нервовая сістэма: 1 — галаўны мозг; 2 — спінны мозг; 3 — вегетатыўныя гангліі; 4 — перыферычныя нервы.

т. 11, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)