ІНФА́УНА (ад лац. in у, унутры + фауна),

жывёлы, якія жывуць у донных грунтах вадаёмаў. Да І. адносяцца многія малюскі, ігласкурыя, кольчатыя і круглыя чэрві, лічынкі насякомых, некат. рыбы, а таксама камняточцы (некат. губкі, малюскі, марскія вожыкі) і шашалі (малюск Teredo, некат. ракападобныя). Паводле прымеркавання да тыпу грунтоў вылучаюць І. пелафільную (у мулах), псамафільную (у пяску), літафільную (у камянях), аргілафільную (у гліне). Большасць відаў І. корміцца дробнымі арган. ці мінералізаванымі завіслымі часцінкамі (дэтрытам). Для некат. прадстаўнікоў уласцівы сутачныя і сезонныя верт. міграцыі. І. мае важнае значэнне як кармавая база для рыб, якія кормяцца доннымі жывёламі (бентасам).

т. 7, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)